пасада (урад) у Польскім каралеўстве і ВКЛ. 1) М. вялікі — найвышэйшы ураднік Польшчы ў 14—18 ст. і ВКЛ у 15—18 ст. (у 15 ст.наз.земскі, у 16 ст. — найвышэйшы). Лічыўся 1-м міністрам. Кіраваў дваром манарха, прымаў замежных паслоў, вышэйшых ураднікаў дзяржавы, назіраў за этыкетам, загадваў прыдворнай стражай і каралеўскай гвардыяй, сачыў за бяспекаю манарха, прызначаў дваран. Разглядаў здарэнні і злачынствы, здзейсненыя пры двары і ў месцы знаходжання манарха. Склікаў і вёў пасяджэнні сената, а калі сейм быў вальным — кіраваў ім. Гэтыя абавязкі выконваў вял. М. ВКЛ, калі сейм адбываўся ў ВКЛ.
2) М. гаспадарскі — ураднік пры двары манарха ў 13 — пач. 17 ст. Выконваў яго спец. даручэнні, кіраваў прыдворнымі службамі. Часам колькасць М. гаспадарскіх перавышала 10 чал. 3) М. павятовы — мясцовы ўрад у ВКЛ, які ўзнік у час правядзення адм.-тэр. рэформы 1565—66 пры трансфармацыі ўрада М. гаспадарскага. Кіраваў шляхтай у павеце, склікаў і вёў павятовы сеймік. Такога ўрада не было ў гал. павеце ваяводства, дзе функцыі М. выконваў кашталян.
4) М. дворны (надворны) — ураднік у Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. Загадваў гасп. справамі манаршага двара, кіраваў М. гаспадарскімі. Быў намеснікам М. вялікага, уваходзіў у склад сената.
5) М. сеймавы — ураднік, які выбіраўся пасламі Пасольскай Ізбы (ніжэйшай палаты сейма) для вядзення пасяджэнняў. Рабіў справаздачу перад манархам, зачытваў ухвалы Пасольскай Ізбы.
6) М. трыбунальскі — ураднік, які выбіраўся суддзямі трыбуналаў, у т. л.Трыбунала Вялікага княства Літоўскага, для кіравання пасяджэннямі і судаводства.
7) М. дворскі — гасп. ўраднік пры дварах членаў манаршай сям’і, біскупаў, магнатаў, кіраўнік прыдворных служак. 8) М. губернскі, павятовы — назва кіраўніка шляхецкай карпарацыі губерні або павета ў зах. губернях Рас. імперыі з 1785; тое, што і прадвадзіцель дваранства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАЯ КУЛЬТУ́РА,
паняцце, якое характарызуе найб. тыповыя спосабы бытавання культуры ў сучасным грамадстве; у шырокім сэнсе — вытв-сцькульт. каштоўнасцей, разлічаная на масавы і падпарадкаваны масам ужытак. Узнікла ў 2-й пал. 20 ст.; з’яўляецца прадуктам трансфармацыі сучаснага грамадства, яго пераходу ад індустр. да постіндустр. (інфармацыйнага) тыпу тэхнал. развіцця і звязана з развіццём сродкаў масавай камунікацыі, павышэннем узроўню адукаванасці мас і дэмакратызацыяй культуры, павелічэннем вольнага часу і інш.
Ахоплівае ўсе віды культуры і субкультуры («субкультуру дзяцінства», сродкі масавай інфармацыі, сістэму дзярж. ідэалогіі і прапаганды, індустрыю вольнага часу і інш.). Вытв-сць, распаўсюджанне і выкарыстанне прадуктаў М.к. маюць індустрыяльна-камерцыйны характар. Сэнсавы дыяпазон М.к. шырокі — ад прымітыўнага кіча да больш складаных і змястоўна насычаных форм (некаторыя віды рок-музыкі, «інтэлектуальны» дэтэктыў і інш.). Яна адпавядае патрэбам масавай аўдыторыі ў эмацыянальнай кампенсацыі і разрадцы, адпачынку, гульнях; адначасова садзейнічае ўкараненню ў свядомасць людзей стандартызаваных норм асабістай культуры, ідэалагічна арыентаванага светаўяўлення, нівеліроўцы поглядаў і густаў. Пашырэнне М.к. адбываецца праз «мас-медыя» — паліграфію, радыё, тэлебачанне, аўдыё- і відэатэхніку і інш., якія забяспечваюць шырокае развіццё і моцнае псіхал. ўздзеянне на масавага спажыўца. Праяўленне М.к. характэрна для ўсіх краін незалежна ад форм дзярж. ладу. Супрацьстаіць М.к. элітарная культура. Адны філосафы і сацыёлагі разглядалі М.к. ў сувязі з канцэпцыяй масавага грамадства і прадказвалі крах «вышэйшай» культуры ў яе сутыкненні з масай, «натоўпам» (Х.Артэга-і-Гасет, Іспанія; Т.Адорна, Германія), другія — як гранічнае выяўленне духоўнай несвабоды і сродак адчужэння і прыгнёту асобы (Э.Фром, Д.Рысмен, Г.Маркузе, Я.Марэна, ЗША), як страшыдла, што пажырае ў чалавеку ўсё чалавечае (Дж.Оруэл, О.Хакслі, Вялікабрытанія), як сродак задавальнення запатрабаванняў масавага спажыўца (Т.Парсанс, ЗША).
Літ.:
Ортега-и-Гассет Х. Эстетика. Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Дар или проклятие?: Мозаика массовой культуры. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,
матэматычная дысцыпліна, якая распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і некаторых штучных моў. Развіваецца ў цесным узаемадзеянні з мовазнаўствам. Узнікла ў 1950-я г. ў сувязі з унутр. патрэбамі лінгвістыкі і развіццём аўтам. перакладу (гл.Машынны пераклад). Мае 2 лінгвістычныя аспекты: інфарматыка для лінгвістыкі — выкарыстанне статыстыкі, тэорыі кадзіравання, розных галін матэматыкі (напр., фактарнага аналізу) пры вырашэнні ўласна лінгвістычных задач (апрацоўка тэкстаў натуральнай мовы пры дапамозе камп’ютэрнай тэхнікі); лінгвістыка для інфарматыкі — цыкл даследаванняў у рамках інтэлекту штучнага, накіраваны на аўтам. або аўтаматызаванае рашэнне задач, якія да гэтага часу рашаліся выключна чалавекам. Апошняя развіваецца пераважна бел. лінгвістычнай школай. Да матэм. метадаў у лінгвістыцы адносяць тэорыю фармальных граматык, лінгвастатыстыку, семантычнае кадзіраванне. Яны дапамагаюць фармалізацыі семантыкі і сінтаксісу натуральных моў і іх статыстычнай апрацоўцы, у выніку чаго атрымліваюць дакладныя фармулёўкі найб. агульных правіл функцыянавання мовы, т.зв. універсаліі. Статыстычная апрацоўка тэкстаў рэалізуецца ў канкардансах (паказальніках слоў у выглядзе прамога, зваротнага, частотнага, камбінаторнага спісаў слоў і іх тэкставых прадстаўленняў). Семантычнае кадзіраванне дазваляе фармалізаваць інфармацыйны пошук у разнастайных тэкстах, атрымаць магчымасць фармальнага вырашэння задач. Ва ўсіх даследаваннях з выкарыстаннем матэм. метадаў у мовазнаўстве ўжываецца новая камп’ютэрная тэхніка, якая дапамагае аналізаваць вял. тэкставыя масівы ў аўтам. рэжыме. Ствараюцца таксама розныя варыянты кананізаванай мовы для прамых зносін камп’ютэра і чалавека, іх інтэрфейс. Кананізацыя мовы павінна адпавядаць моўным заканамернасцям, якія дапамагаюць забяспечыць адпаведнае разуменне тэкстаў. Семантычнае кадзіраванне абапіраецца на некаторыя тыпы алгебры, што дазваляе фармалізаваць адпаведнасць тэкстаў натуральнай мове. Агульная тэндэнцыя ідзе ў кірунку стварэння сістэм штучнага інтэлекту.
Літ.:
Гладкий А.В., Мельчук И.А. Элементы математической лингвистики. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАКО́СМАС І МІКРАКО́СМАС,
адна з найб. старажытных філас. канцэпцый пра існаванне прыроднай сувязі паміж космасам, навакольным асяроддзем і чалавекам. У аснове М. і м. як вучэння ляжыць палажэнне аб паралельным існаванні і зменах у Сусвеце і чалавеку. Першай вядомай формай выражэння гэтай канцэпцыі з’яўляецца міфалагема аб прачалавеку, якая знайшла адлюстраванне ў літ. і рэліг. творах стараж. Індыі, Егіпта, Кітая, Грэцыі і інш.Напр., паводле адной з стараж.грэч. міфалагем, стварэнне свету пачалося з пэўнага хаатычнага стану, у якім з’явілася багіня Гея і нарадзіла Урана (неба), Понта (мора), горы; потым з’явіліся інш. багі і людзі. Адносіны паміж багамі капіравалі адносіны ў грамадстве людзей; калі ж багі пераносіліся на неба, то забіралі з сабою і зямныя ўяўленні аб свеце. Адсутнасць яснага размежавання паміж М. і м. мае адным з сваіх важных наступстваў і частыя шматлікія пераходы аднаго пачатку ў другі, і іх пэўную палярызацыю: вялікі свет — космас — або паглынае ў сабе малы свет — чалавека, або чалавек становіцца рухаючай сілай, душой космасу. Філас. тлумачэнне М. і м. дасягнула высокага ўзроўню ў ант. цывілізацыях (Анаксімен, Геракліт, Дэмакрыт, Платон, Сенека). Напр., Геракліт лічыў, што пазнанне свету і божаства ёсць самапазнанне чалавека. У наступныя гіст. перыяды асэнсаванне М. і м. адбывалася ў розных кірунках — ад класічнага да містычнага. Свой росквіт ідэя М. і м. перажывала ў эпоху Адраджэння (Т.Кампанела і Дж.Бруна, Мікалай Кузанскі, Я.Бёме і інш.). У перыяд панавання механіцызму ідэя М. і м. ўступіла ў канфлікт з рацыяналістычнымі ідэямі пабудовы Сусвету і апынулася па-за межамі навукі. З канца 18 і да пач. 20 ст. назіралася ажыўленне цікавасці да ідэі М. і м., якая знайшла свой адбітак у ням. неагуманізме (І.Гердэр, І.В.Гётэ), рамантызме, філас. поглядах А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, а таксама ў тэасофскіх канцэпцыях свету і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́О ЦЗЭДУ́Н (26.12.1893, в. Шаашань, правінцыя Хунань, Кітай — 9.9.1976),
кітайскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў пед. вучылішча ў г. Чанша (1918). У 1920 далучыўся да камуніст. руху, заснаваў у г. Чанша т-ва па вывучэнні марксізму. Адзін з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Кітая (КПК, 1921). З 1921 сакратар Хунаньскага к-таКПК. Чл.ЦККПК (1923—25, з 1928), Палітбюро ЦК (з 1933). У час Кітайскай рэвалюцыі 1924—27 узначальваў Камісію ЦККПК па сял. руху; выказаў тэзіс, што рухаючай сілай рэвалюцыі ў Кітаі з’яўляецца сялянства, а не пралетарыят. Пасля перавароту Чан Кайшы ўзначаліў у 1927 паўстанне «восеньскага ўраджаю» ў Хунані. У 1928 сумесна з Чжу Дэ стварыў у гарах Цзінганшань 4-ы корпус кіт. Рабоча-сял. чырвонай арміі, яго паліткамісар. Старшыня ЦВК і Савета нар. камісараў Кіт.Сав. Рэспублікі (1931). У 1934—35 кіраваў паходам Чырв. Арміі на Паўн. Захад Кітая. Сакратар ЦККПК (1935), старшыня ЦККПК (з 1943). На 7-м з’ездзе КПК (1945) «ідэі Мао Цзэдуна» былі абвешчаны асновай ідэалогіі КПК. Пасля абвяшчэння 1.10.1949 Кіт.Нар. Рэспублікі (КНР) старшыня Цэнтр.нар. ўрадавага савета КНР і Нар.-рэв.ваен. савета КНР. З 1954 старшыня КНР і Дзярж.к-та абароны КНР. З 2-й пал. 1950-х г. абвінаваціў кіраўніцтва СССР у «рэвізіянізме», і пагоршыў адносіны з СССР. У 1958 абвясціў курс «трох чырвоных сцягоў» і палітыку «вял. скачка». Пасля правалу «вял. скачка» пакінуў пасаду старшыні КНР (1959). У 1966 пачаў «культурную рэвалюцыю», у ходзе якой пазбавіўся ад сваіх паліт. апанентаў у КПК і ўрадзе. На 9-м з’ездзе КПК абвешчаны яе пажыццёвым старшынёй (1969).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв.Т. 1—4. М., 1952—53.
Літ.:
Бурлацкий Ф.М. Мао Цзе-дун: «Наш коронный номер — это война, диктатура...». М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКО́НГ,
рака ў Кітаі, М’янме, Лаосе, Тайландзе, Камбоджы, В’етнаме (часткова ўтварае мяжу Лаоса з М’янмай і Тайландам), самая вялікая на п-ве Індакітай. Даўж. каля 4500 км, пл. басейна 810 тыс.км². Пачынаецца (пад назвай Дза-Чу) на Тыбецкім нагор’і (каля хр. Тангла, на выш. больш за 3000 м). Цячэ ў глыбокіх цяснінах Сіна-Тыбецкіх гор, цераз Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е (дзе наз. Ланьцанцзян), у зах. адгор’ях гор Чыангшон, па Камбаджыйскай раўніне (пры выхадзе на раўніну вадаспад Кон). Упадае ў Паўд.-Кітайскае м. Ніжэй г. Пнампень пачынаецца дэльта (пл. каля 70 тыс.км²), дзе вылучаюцца 2 гал. рукавы. Дэльта забалочаная, месцамі пакрытая мангравымі зараснікамі. Гал. прытокі: Мун, Танлесап (справа), У, Кадынг, Сан (злева). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Летне-асенняе разводдзе з пад’ёмам узроўню да 10—15 м. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Пнампень 13,2 тыс.м³/с (у разводдзе да 30 тыс.м³/с, у межань да 1,5 тыс.м³/с). Замярзае ў верхнім цячэнні на 1—2 месяцы. Натуральны рэгулятар сцёку М. ў ніжнім цячэнні — воз. Танлесап, якое злучана з М. аднайм. прытокам. У вільготны сезон (чэрв.—ліст.) возера папаўняецца водамі М., у сухі (ліст.—чэрв.) — узровень вады ў М. ніжэйшы, чым у возеры, і адбываецца скід азёрнай вады ў рэчышча ракі. Цвёрды сцёк каля 1,5 км³ за год, што абумоўлівае рост дэльты на 80—100 м штогод. Выкарыстоўваецца для арашэння (пераважна рысавых палёў). ГЭС Нам Нгум (Лаос) на р. Нгум (левы прыток М.). Рэкі і азёры бас. М. багатыя рыбай, шмат вадаплаўных птушак, ёсць кракадзілы. Суднаходства на 700 км ад вусця, у разводдзе на 1600 км (да г. В’енцьян). Марскія судны падымаюцца на 350 км (да г. Пнампень). На М. — гарады Луангпрабанг, В’енцьян, Саванакхет (Лаос), Пнампень (Камбоджа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛАГРА́ФІЯ (ад металы + ...графія),
раздзел металазнаўства, які вывучае структуру металаў і сплаваў з дапамогай аптычнай і электроннай мікраскапіі, дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Даследуе заканамернасці ўтварэння структуры, яе змен пад уплывам знешніх уздзеянняў.
Вывучэнне паверхні металу няўзброеным вокам, праз лупу або мікраскоп з павелічэннем да 10 разоў дазваляе выявіць макраструктуру (крышталічную, хім. або мех. неаднастайнасць у выглядзе буйных зярнят, дэфектаў і дамешкаў). Даследаванне паліраванай і траўленай паверхні пры дапамозе мікраскопа з павелічэннем у 50—1500 разоў дазваляе выявіць мікраструктуру (памеры і формы зярнят, размеркаванне структурных фаз, уключэнняў і дэфармацый). Металаграфскае траўленне (уздзеянне кіслотным і інш. актыўным рэагентам) дае магчымасць устанавіць унутр, структурную будову сплаву. З дапамогай трансмісійнага мікраскопа вядуць электронна-мікраскапічнае даследаванне (выяўляюць фрагменты структуры памерам у некалькі нанаметраў, назіраюць скопішчы дыслакацый і скажэнняў крышт. рашоткі); электроннага сканіруючага мікраскопа — атрымліваюць відарысы дэфектаў структуры з вял. глыбінёй рэзкасці пры павелічэнні да 20 тыс. разоў (вывучаюць паверхні разбурэння, аб’ёмныя ўключэнні і інш.); рэнтгенаўскага дыфрактометра — атрымліваюць інфармацыю аб крышталеграфічных параметрах асобных фаз, унутр. напружаннях, раствораных у металах атамах. Адначасова з металаграфскімі даследаваннямі будовы металаў і сплаваў вывучаюць умовы, што выклікаюць змену іх унутр. структуры (уздзеянне награвання і ахаладжэння, пластычнай дэфармацыі, адпачыну, рэкрышталізацыі, спякання, насычэння хім. элементамі і інш.), а таксама даследуюць фіз. (мех.) уласцівасці. Даныя выкарыстоўваюць для вывучэння працэсаў атрымання метал. матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі. М. выкарыстоўваецца як адзін з метадаў кантролю якасці пры ліцці, тэрмаапрацоўцы, апрацоўцы ціскам, зварцы і інш. Першыя даследаванні структуры з выкарыстаннем аптычнага мікраскопа праведзены ў 1931 П.А.Аносавым.
На Беларусі М. выкарыстоўваюць пры распрацоўцы новых матэрыялаў у Фізіка-тэхн. ін-це Нац.АН Беларусі, Бел. навукова-вытв. канцэрне парашковай металургіі, БПА, у металургічнай і металаапрацоўчай прам-сці.
Літ.:
Смолмен Р., Ашби К. Современная металлография: Пер. с англ.М., 1970;
Лившиц Б.Г. Металлография. 3 изд. М., 1990;
Приборы и методы физического металловедения: Пер. с англ.Вып. 1—2. М., 1973—74.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАТЭМА́ТЫКА (ад мета... + матэматыка),
раздзел матэматычнай логікі, у якім вывучаюцца асновы матэматыкі, структура і заканамернасці матэм. доказаў з дапамогай фармальных метадаў. Тэрмін «М.» ўвёў Д.Гільберт для абазначэння тэорыі, якая аналізуе структуру і ўласцівасці фармальных сістэм. У шырокім сэнсе — метатэорыя матэматыкі.
Паводле Гільберта, фармалізаваная сістэма, што атрымліваецца ў выніку фармалізацыінавук. тэорыі, даследуецца (на прадмет высвятлення яе несупярэчлівасці, паўнаты, вырашальнасці і ўзаемасувязі з інш. тэорыямі, незалежнасці яе аксіём і інш.) змястоўнымі метадамі, якія не апелююць да сэнсу яе аб’ектаў (формул). Гэта канцэпцыя (наз. фінітызм) прадугледжвае выкарыстанне канечных канструкцый («наглядных» матэм. прадметаў, эфектыўна здзяйсняльных працэсаў) і адмаўляе абстракцыю актуальнай бесканечнасці (гл.Абстракцыя). К.Гёдэль паказаў абмежаванасць фінітных (простых) метадаў для даследавання фармалізаваных тэорый; у 1931 ён даказаў тэарэму аб непаўнаце дастаткова багатых фармальных сістэм (у т. л. аксіяматычнай мностваў тэорыі і арыфметыкі натуральных лікаў) і аб немагчымасці доказу несупярэчлівасці сістэмы з дапамогай сродкаў, якія фармалізуюцца ў гэтай сістэме. Для доказу несупярэчлівасці фундаментальных матэм. тэорый сучасная М. выкарыстоўвае больш складаныя, нефінітныя метады.
Састаўная частка прадмета М. — даследаванне фармалізаваных матэм. тэорый, выкладзеных у выглядзе сімвалічных моў, і вывучэнне саміх гэтых моў. Мноства канечных паслядоўнасцей з аперацыямі над імі таксама могуць быць аб’ектамі матэм. даследавання. Гэта абумоўлівае выкарыстанне ў М. метадаў алгебры (гл.Булева алгебра), тэорыі мностваў і тапалогіі. Шырока выкарыстоўваецца ў М. гёдэлеўскі метад арыфметызацыі метатэорыі і тэорыя рэкурсіўных функцый. У больш вузкім сэнсе да М. (у адрозненне ад металогікі) адносяць пытанні сінтаксісу, прадметнай матэм. тэорыі (гл.Сінтаксіс у логіцы); семантыку вылучаюць у якасці самаст. галіны даследавання (гл.Семантыка лагічная).
Літ.:
Клини С.К. Введение в метаматематику: Пер. с англ.М., 1957;
Расёва Е., Сикорский Р. Математика метаматематики: Пер. с англ.М., 1972;
Гильберт Д., Бернайс П. Основания математики: Теория доказательств: Пер. с нем. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭО́РЫ (ад грэч. meteōra атмасферныя з’явы),
з’явы, што ўзнікаюць у зямной атмасферы пры пранікненні ў яе часцінак касм. рэчыва — метэорных цел. Бел. народная назва М. — знічкі.
Метэорныя целы ўваходзяць у атмасферу Зямлі з адноснымі скорасцямі ад 11 да 73 км/с. Пры ўзаемадзеянні з паветрам кінетычная энергія метэорных цел ідзе на награванне і выпарэнне цел, узбуджэнне і іанізацыю малекул паветра і пары метэорнага рэчыва. Некалькі працэнтаў энергіі пераходзіць у светлавую. Даўжыня шляху М. у атмасферы — каля 100 км, большасць метэорных цел згарае ў атмасферы на вышыні больш за 80 км. Вельмі яркія М. наз.балідамі, часам яны заканчваюцца выпадзеннем на паверхню Зямлі метэарытаў. Маса М. — ад 0,001 г да некалькіх грамаў. На ясным начным небе простым вокам можна бачыць звычайна каля 10 М. за гадзіну. За суткі ў атмасферу Зямлі пранікае некалькі мільярдаў метэорных цел, агульнай масай каля 100 т. Большасць метэорных цел — камяністыя прадукты распаду каметных ядраў, зрэдку — астэроідаў. У міжпланетнай прасторы метэорныя целы каметнага паходжання рухаюцца раямі, расцягнутымі ўздоўж арбіты каметы. Трапляючы ў зямную атмасферу, яны ўтвараюць метэорныя патокі.
Літ.:
Кащеев Б.Л., Лебединец В.Н., Лагутин М.Ф. Метеорные явления в атмосфере Земли. М., 1967;
Цесевич В.П. Что и как наблюдать на небе. 6 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́Т (Milētos),
старажытнагрэчаскі горад у Іоніі, каля вусця р. Меандр у М. Азіі. Першыя тут паселішчы грэкаў вядомы з 16 ст. да н.э. У 14 ст. да н.э. буйны ахейскі горад-крэпасць. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. ў М. перасялілася новая хваля грэкаў — іанійцы (жыхары Атыкі, паводле інш. звестак — выхадцы з Піласа пасля ўварвання на Пелапанес дарыйцаў). У 8—6 ст. да н.э. буйны горад-дзяржава, гандл. (пасрэднік паміж еўрап. Грэцыяй і дзяржавамі Усходу), рамесніцкі (апрацоўка воўны, чаканка манет) і культ. цэнтр; адыгрываў вядучую ролю ў грэч. каланізацыі (засн. больш за 80 калоній, у т. л.Абідас, Кардыя, Сінопа, Ольвія, Пантыкапей і інш.). Росквіту дасягнуў у час тыраніі Фрасібула (каля 610—600 да н.э.). Тут была засн.Мілецкая школа. У сярэдзіне 6 ст. да н.э. пад уладай персаў, у 500 да н.э. ўзначаліў антыперс. паўстанне іанійскіх гарадоў, пасля задушэння якога (494 да н.э.) разбураны персамі, з 479 адбудоўваўся. У 478 увайшоў у Дэлоскі саюз. Пасля Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. зноў залежаў ад персаў, у 334 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім, з 129 да н.э. пад уладай Рыма.
У канцы 5 ст. да н.э. М. набыў рэгулярную планіроўку паводле т. зв. сістэмы Гіпадама, якая ўяўляла сабой адзін з лепшых узораў ант. горадабудаўніцтва. Археал. раскопкі выявілі, што ў эліністычна-рым. час цэнтр горада складалі 3 плошчы-агоры (рынкі): паўночная (забудоўвалася з канца 4 ст. да н.э.; каля яе дом для сходаў — булеўтэрый, свяцілішча Апалона Дэльфінія, будынак гімнасіі, тэрмы Фаўсціны і інш.), паўднёвая (забудоўвалася з 3 ст. да н.э.; манум. вароты), заходняя (позні элінізм; каля яе храм Афіны, тэатр на 45 тыс.чал.). У М. — візант. сабор 5—6 ст. н.Э., гал. помнік мусульм. перыяду — мячэць Ільясбея (1403).