АРЦЫБА́ШАЎ (Міхаіл Пятровіч) (5.11.1878, Ахтырскі р-н Сумскай вобл., Украіна — 3.3.1927),
рускі пісьменнік. Раннія творы («Бунт», «Канакрад», «Смех»; усе 1901) прасякнуты духам лібералізму. У творах перыяду рэвалюцыі 1905—07 спроба развянчаць ідэю сац. і маральнай адказнасці мастацтва (апавяданні «Крывавая пляма», «На белым снезе», аповесці «Чалавечая хваля» і інш.). Рэчаіснасць у іх спалучалася з натуралістычным апісаннем жахаў і самазабойстваў. У гады рэакцыі прымкнуў да ўпадніцкага кірунку ў л-ры. У аповесцях «Мільёны» (1908), «Рабочы Шавыроў» (1909), раманах «Санін» (1907), «Ля апошняй рысы» (1910—11) амаралізм, сексуальная разбэшчанасць, сац. песімізм, адмаўленне грамадскіх ідэалаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі эмігрыраваў за мяжу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
бел. рукапісны помнік канца 12 — пач. 13 ст. Выяўлена ў Оршы ў 1812. Верагодна, створана на Полаччыне. Зберагліся 142 аркушы (без пачатку і канца), пісаныя ўставам на высакаякасным пергаменце. У Аршанскім евангеллі змешчаны 2 мініяцюры з выявамі евангелістаў Лукі і Мацвея (найб. раннія ва ўсх.-слав. рукапісах), 2 застаўкі і 310 ініцыялаў з варыяцыямі старавізантыйскіх і першапачатковых тэраталагічных формаў (у асобных ініцыялах — выявы чалавека). Зарэліг. абалонкай праглядаецца жывая нар. аснова, што збліжае іх з размалёўкамі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Зберагаецца ў Цэнтр.навук. бібліятэцы АН Украіны.
Да арт.Аршанскае евангелле. Евангеліст Лука. Мініяцюра. 13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́Н-КАЛА́,
гарадзішча старажытнага горада Байлакана (за 15 км ад горада Байлаган) у Азербайджане. Горад пабудаваны на мяжы 5—6 стагоддзяў недалёка ад сутокаў Куры і Аракса як апорны пункт дзяржавы Сасанідаў на гандл. шляху з Закаўказзя на Блізкі Усход. Раскопкамі выяўлены рэшткі першапачатковай прамавугольнай крэпасці. Яе сцены даўжынёй 2,5 км змураваны з буйной сырцовай цэглы (пазней абкладзены абпаленай цэглай), у 11—13 стагоддзях захаваліся толькі ў паўднёва-ўсходняй частцы крэпасці (даўжынёй 1,5 км). Раскапаны рэшткі больш як 30 крапасных вежаў, багатых гарадскіх жытлаў, жылыя і рамесніцкія кварталы. У 1221 крэпасць разбурана мангольскім войскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Вялікае Арэхаўскае,
у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Аршыца, за 20 км на Поўнач ад Оршы. Плошча 2,11 км², даўжыня 3,93 км, найбольшая шырыня 1,08 км, найбольшая глыбіня 3,4 м, даўжыня берагавой лініі 10,8 км. Плошча вадазбору 33,4 км².
Схілы вышынёй 2—5 м, пад лесам, на ПнЗ вышынёй да 10—15 м. Берагі нізкія, параслі хмызняком, на У і ПнУ высокія, стромкія. Востраў плошчай 2,4 га. Берагавая водмель пясчаная, дно выслана глеем і сапрапелем. Зарастае слаба. Упадае рака Чорная, выцякае рака Аршыца. Возера — вадаём-ахаладжальнік БелДРЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯ́ЦЫЯ МАСТАКО́Ў РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЙ РАСІ́І (АМРР),
творчае аб’яднанне сав. мастакоў у 1922—32 (з 1928 наз. Асацыяцыя мастакоў рэвалюцыі). Мастакі асацыяцыі (І.Бродскі, А.Герасімаў, М.Грэкаў, Б.Іагансон, Г.Ражскі і інш.) выступілі за стварэнне тэматычных карцін, якія б праўдзіва адлюстроўвалі рэчаіснасць на аснове традыцый рус.Рэаліст. жывапісу. Падобныя арг-цыі мастакоў існавалі і ў інш. рэспубліках, у т. л. на Беларусі — аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (арганізатары
А.Арлоў, П.Гаўрыленка, А.Глебаў і інш).
Літ.:
Золотой век художественных объединений в России и СССР: (1820—1932): Справ. Спб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ЦКІ ((Ossietzky) Карл фон) (3.10.1889, Гамбург — 4.5.1938),
нямецкі публіцыст, сатырык. Удзельнік 1-й сусв. вайны, ініцыятар пацыфісцкага руху. З 1919 сакратар берлінскага «Нямецкага таварыства міру», супрацоўнік левай прэсы. З 1927 гал. рэдактар час. «Die Weltbühne» («Сусветная трыбуна»). У вострасатыр. артыкулах і надзённых памфлетах выкрываў палітыку веймарскага ўрада, ням. мілітарызм і фашызм, за што не раз прыцягнуты да суд. адказнасці. Яго стылю ўласціва з’едлівая іронія. У 1933 кінуты ў канцлагер, творы Асецкага забаронены, кнігі спалены. Памёр у турэмнай бальніцы. Нобелеўская прэмія 1936.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НАЎКА,
возера ў Беларусі, у Мёрскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Мёрыца, за 1 км на ПдЗ ад г. Мёры. Пл. 1,16 км², даўж. 3,85 км, найб.шыр. 0,52 км, найб.глыб. 7,5 м, даўж. берагавой лініі 9,7 км. Пл. вадазбору 31,1 км².
Схілы спадзістыя, на ПдУ і ПдЗ стромкія. Берагі нізкія, парослыя хмызняком, на ПнУ сплавінныя. Дно карытападобнае з упадзінамі і падняццямі. У паўн. частцы возера востраў пл. 0,8 га. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — глей і сапрапель. Расліннасць утварае паласу шыр. да 25 м. Злучана пратокамі з азёрамі Ворань і Мёрскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БЫ БЕЛАРУ́СКІ ЗБОР,
спецыяльныя курсы для падрыхтоўкі арганізатараў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Дзейнічалі ў крас.—ліст. 1942 каля г. Мурам Уладзімірскай вобласці. Створаны паводле рашэння ЦККП(б)Б. З 1-га выпуску ў чэрв. 1942 сфарміраваны 12 партыз. атрадаў, якія ў пач.ліп. праз Віцебскія «вароты» перапраўлены на тэр. акупіраванай Беларусі. За час існавання Асобага беларускага збору падрыхтавана 2865 чал. З іх сфарміраваны і накіраваны ў тыл ворага 15 атрадаў і 100 арганізатарскіх груп, 60 інструктараў мінна-падрыўной справы і 2318 падрыўнікоў. Многія атрады выраслі ў партыз. брыгады, групы — у атрады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АТЭНЭ́УМ»
(«Athenaeum»),
часопіс на польск. мове, які ў 1841—51 выдаваў у Вільні пісьменнік Ю.Крашэўскі. Асвятляў праблемы гісторыі, культуры, грамадска-паліт. жыцця пераважна зямель ВКЛ — Беларусі, Літвы, а таксама Украіны і Польшчы. Найб. грамадскі рэзананс меў у 1842—48, калі змяшчаў матэрыялы супраць феад. парадкаў, за вызваленне сялян ад прыгону і інш. У часопісе дамінавала гіст. тэматыка: арт. Крашэўскага, Я.Тышкевіча, У.Сыракомлі, В.Краеўскага і інш., гіст. дакументы, а таксама краязнаўчыя, этнагр. і фалькл. матэрыялы, маст. творы пераважна мясц. пісьменнікаў (Крашэўскага, Е.Фялінскай, Сыракомлі Р.Падбярэскага, Т.Лады-Заблоцкага, Плуга і інш.), пераклады іншамоўных твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АУ́Н САН (13.2.1915, г. Намаў, М’янма — 19.7.1947),
палітычны дзеяч, нац. герой М’янмы (б. Бірмы). Генерал. Скончыў Рангунскі ун-т. З 1938 адзін з кіраўнікоў антыкаланіяльнай паліт. арг-цыі «Наша Бірма». У 2-ю сусв. вайну гал. арганізатар Арміі незалежнасці Бірмы (1942), міністр абароны ва ўрадзе, створаным яп.акупац. ўладамі (з 1943). Нелегальна наладзіў кантакты з антыяп. Рухам Супраціўлення і ўзначаліў Антыфашысцкую лігу народнай свабоды. Кіраваў антыяп. паўстаннем у 1945, барацьбой за вызваленне краіны ад брыт. панавання (1945—47). У 1946—47 віцэ-старшыня Выканаўчага савета пры брыт. губернатару. Заключыў з брыт. урадам дагавор аб незалежнасці Бірмы (1947). Забіты тэрарыстамі.