ГРЭЙ, Грэй оф Фаладан (Grey of Fallodon) Эдуард (25.4.1862, каля г. Эмблтан, Вялікабрытанія — 7.9.1933), англійскі дыпламат і дзярж. дзеяч, віконт. З 1885 чл. парламента ад Ліберальнай партыі. У 1892—95 нам. міністра, у 1905—16 міністр замежных спраў. Заключыў пагадненне з Расіяй, якое садзейнічала афармленню Антанты. Палітыка Грэя зрабіла ўплыў на падрыхтоўку і развязванне 1-й сусв. вайны.

т. 5, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНСК,

археалагічная стаянка ранняга мезаліту (10—8 тыс. г. назад) ва ўрочышчы Грэнск, каля в. Ворнаўка Кармянскага р-на Гомельскай вобл. Выяўлены рэшткі агнішчаў, вял. колькасць крамянёвага інвентару, у т. л. тронкавыя наканечнікі стрэл (грэнскі тып), вастрыі, праколкі, разцы, скрабкі і інш. Знаходка вял. колькасці нуклеусаў сведчыць пра існаванне тут крэменеапрацоўчай майстэрні. Ад стаянкі атрымала назву грэнская культура.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУКТЫ́ЛЬСКАЕ РАДО́ВІШЧА газакандэнсатнае,

у Рэспубліцы Комі Расійскай Федэрацыі, за 160 км на У ад г. Ухта. Уваходзіць у Цімана-Пячорскі нафтагазаносны басейн. Адкрыты ў 1964, распрацоўваецца з 1968. Пачатковыя запасы газу 388,1 млрд. м³. Паклады на глыб. 2,2—3,5 км. Колькасць метану да 85%, кандэнсату 352 г/см³. Цэнтр здабычы г. Вуктыл. Магістральны газаправод Вуктыл—Ухта—Таржок.

т. 4, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ЛЬКАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Ясельда, за 39 км на ПдУ ад г. Івацэвічы. Пл. 0,51 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 24,5 м. Схілы катлавіны выш. да 5 м, пясчаныя; паўн. — тарфяністыя, пад лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Вакол возера прыродаахоўная зона. Праз возера працякае Агінскі канал.

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́РВІНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 34 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 1,63 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 1,6 км, найб. глыб. 22 м, даўж. берагавой лініі 9,45 км. Пл. вадазбору 5,5 км². Размешчана сярод невял. пясчаных узгоркаў, парослых рэдкім хмызняком і хвоямі. Берагі стромкія, месцамі спадзістыя. 2 невял. астравы.

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЮ́РМСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ, вюрм,

апошняе плейстацэнавае зледзяненне ў Альпах. Адбылося ад 70—80 да 11 тыс. гадоў назад. Вылучаюцца 3 стадыі (вюрм I—III), з якіх сярэдняя характарызуецца значным пацяпленнем і скарачэннем плошчы зледзянення. Вюрмскае зледзяненне адпавядае паазерскаму зледзяненню ў Беларусі, валдайскаму зледзяненню ў еўрап. ч. Расіі, віслінскаму (вейхзельскаму) у Зах. Еўропе, віскансінскаму зледзяненню ў Паўн. Амерыцы.

т. 4, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ,

рака ў Пскоўскай вобл. Расіі. Даўж. 430 км, пл. бас. 25,2 тыс. км².

Пачынаецца на Бежаніцкім узв., упадае ў Чудска-Пскоўскае возера, утвараючы дэльту. Гал. прытокі: Іса, Сіняя, Утрая (злева), Сораць, Чарэха, Пскава (справа). Сярэдні расход вады каля с. Пятонава 127 км³/с. Суднаходная на 40 км ад вусця. Сплаўная. На Вялікай гарады Апочка, Востраў, Пскоў.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ БЕЛЯНО́К,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Быстрыца, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,2 км², даўж. 880 м, найб. шыр. 270 м. Пл. вадазбору 2 км². Схілы катлавіны выш. да 11 м, заходнія пад лесам і хмызняком, усходнія разараныя. Ручаямі злучаецца з азёрамі М. Белянок і Нявіда.

т. 4, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЧАСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ (1112? — пасля 1127),

клечаскі (клецкі) князь. Сын Яраслава Святаполчыча. Клечаскі ўдзел атрымаў, верагодна, ад кіеўскага кн. Мсціслава Уладзіміравіча. У 1127 паводле загаду Мсціслава ў кааліцыйным паходзе на Полацкую зямлю ўдзельнічалі войскі Вячаслава з Турава, Андрэя з Уладзіміра, Усевалада з Гародна, Вячаслава Яраславіча з Клечаска, якія былі накіраваны на Ізяслаўль (Заслаўе), горад быў імі захоплены і разрабаваны.

т. 4, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГА́Т (ад грэч. gagatēs чорны бурштын),

разнавіднасць каменнага вугалю, якая мае глыбокі чорны колер, яркі смалісты бляск, вязкасць і ракавісты злом. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 1,3—1,4 г/см³. Утварэнне гагату звязваюць з метамарфізмам драўніны, пахаванай у марскіх мулах мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. Трапляецца ў выглядзе скопішчаў у пясчаніках, мергелях, пластах вугалю. Добра паліруецца. Вырабны камень.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)