АЛЕ́ЙНІК (Сцяпан Іванавіч) (3.4.1908, с. Пасыцэлы Балцкага р-на Адэскай вобл. — 11.1.1982),
украінскі паэт-гумарыст і сатырык. Скончыў Адэскі пед.ін-т (1934). Друкаваўся з 1926. Аўтар кн. вершаў «Нашы знаёмыя» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1950), зб-каў гумарыст. вершаў і фельетонаў «Ходзіць Перац па агародзе» (1952), «Які Сава — такая і слава» (1955), «Здаравенькі былі!» (1958), «П’яныя ваўкі» (1962), «Дазасядаўся!..» (1968) і інш., біягр. апавяданняў («З кнігі жыцця», 1964), успамінаў пра дзеячаў л-ры і мастацтва. Пераклаў на ўкр. мову творы У.Корбана (у зб. «Тона попелу», 1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬША́НІЦКАЯ БІ́ТВА 1527.
Адбылася паміж войскамі ВКЛ і крымскіх татараў каля р. Альшаніца (прыток Дняпра), за 30 км на ПдУ ад Кіева 27 студз. Са снеж. 1526 татары шматлікімі набегамі на польскія, паўд.-бел. і літ. землі прычынялі вял. страты. 7 тыс. коннікаў ВКЛ на чале з вял. Гетманам К.Астрожскім і палявым гетманам Я.Радзівілам, а таксама войскі князёў Юрыя Сямёнавіча Слуцкага, Андрэя Неміровіча, Івана і Аляксандра Вішнявецкіх і інш. дагналі татараў (24 тыс.чал. на чале з царэвічам Малаем) на р. Альшаніца, разбілі іх і вызвалілі 80 тыс. палонных, вярнулі нарабаваную маёмасць, Малай узяты ў палон, а потым забіты. Крымскае ханства спыніла значныя набегі на землі ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́ЕЎ (Леанід Васілевіч) (н. 15.1.1921, г. Растоў-на-Доне),
расійскі і бел. археолаг, гісторык. Д-ргіст.н. (1982). Скончыў Маскоўскі ун-т (1948). З 1948 у Гродзенскім гісторыка-археал. музеі, Ін-це гісторыі АН Беларусі. З 1953 у Ін-це археалогіі Рас.АН. У 1962—66 выкладаў археалогію ў Магілёўскім пед. ін-це. Вёў раскопкі Браслава, Друцка, Мсціслава, Рослаўля, вывучаў гісторыю археалогіі, архітэктуры, мастацтва і краязнаўства гэтых рэгіёнаў. Даследаваў гісторыю Смаленскай і Полацкай зямель.
Тв.:
Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
По Западной Двине и Днепру в Белоруссии. М., 1974;
Смоленская земля в IX—XIII вв.: Очерки истории Смоленщины и Восточной Белоруссии. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАЛІ́ЧНАСЦЬ,
даданы член сказа, які паясняе словы са значэннем дзеяння або прыкметы, паказваючы на час, месца, прычыну, умову, мэту, спосаб дзеяння, характар выяўлення, інтэнсіўнасць прыкметы. У бел. мове акалічнасці сінтаксічна звязваюцца з гал. словамі пры дапамозе прымыкання і кіравання. Ролю акалічнасці выконваюць прыслоўе («вельмі здольны»), дзеепрыслоўе («разглядаць не спяшаючыся»), інфінітыў («зайсці развітацца»), назоўнік з прыназоўнікам ці без яго («ехаць лесам», «зрабіць насуперак жаданню»), лічэбнік («уваходзіць па аднаму»), а таксама свабодныя словазлучэнні розных тыпаў («важыць тры тоны», «чытаць з ранку да вечара», «апрацаваны з дапамогай новага прыстасавання») і фразеалагізмы («жыць абы дзень да вечара»). У залежнасці ад сінтаксічнага значэння падзяляюцца на разрады — акалічнасці часу, прычыны, умовы, мэты, спосабу дзеяння і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ЗАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (25.6.1915, Масква — 20.5.1980),
бел. і рускі спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1954). У 1938—49 саліст Ансамбля песні і танца Сав. Арміі імя А.В.Аляксандрава. У 1951—61 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У 1962—75 саліст Москанцэрта. Валодаў голасам прыемнага тэмбру, шырокага дыяпазону, пачуццём стылю. Стварыў разнапланавыя вобразы ў нац. операх: Змітрок і фон Шолен («Міхась Падгорны» і «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Лявон («Калючая ружа» Ю.Семянякі); у класічных — Мечнік («Страшны двор» С.Манюшкі), Мазепа, Томскі і Ялецкі, Анегін («Мазепа», «Пікавая дама», «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Жэрмон, граф ды Луна, Рэната («Травіята», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́БАЎ (Глебаў) Леанід Іванавіч
(5.3.1827, с. Вясёлы Падол Палтаўскай вобл., Украіна — 10.11.1893),
украінскі паэт. Майстар баечнага жанру. Скончыў Нежынскі ліцэй (1855). У 1861—63 выдавец і рэдактар штотыднёвіка «Черниговский листок». Пісаў на ўкр. і рус. мовах. Першы зб. «Вершы» (1847, на рус. мове). Аўтар паэмы «Перакаці-поле» (пач. 1850-х г.), камедыі «Да міравога» (1862), твораў для дзяцей і інш. У байках (больш за 100, зб-кі 1863, 1872 і 1882 і інш.) асуджаў прыгонніцтва, бюракратызм, хабарніцтва, падхалімства і інш. Асобныя лірычныя вершы Глібава пакладзены на музыку, сталі папулярнымі песнямі. На бел. мову паасобныя творы Глібава пераклалі Э.Валасевіч, К.Камейша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІ́ДАШ, Гнедаш Кузьма Савельевіч (30.11.1914, в. Салагубаўка Сумскай вобл., Украіна — 19.6.1944), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае ваен.танк. вучылішча (1940). У Чырв. Арміі з 1936. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну камандзір аператыўна-дыверсійнага цэнтра разведаддзела штаба 1-га Бел. фронту. Групы пад яго камандаваннем у тыле ворага ў 1943—44 вялі разведку і дыверсійную работу ў раёне Слуцка, Баранавіч, Кобрына, Мінска, Асіповіч, Пінска, Лунінца, Брэста, на тэр. Кіеўскай і Чарнігаўскай абл. Каля Слоніма частка групы была акружана карным атрадам, цяжка паранены маёр Гнідаш і радыстка К.Т.Давідзюк, каб не трапіць у палон, падарвалі сябе гранатай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛУБ (Юрка) (Юрый Уладзіміравіч; н. 20.10.1947, в. Горны Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1970). З 1970 на Гродзенскай абл. студыі тэлебачання, з 1979 заг. аддзела маст. вяшчання Гродзенскага аблтэлерадыё. Вядзе на абл. студыі тэлебачання штомесячную перадачу «Гродзеншчына літаратурная». Друкуецца з 1963. Першы зб. вершаў «Гром на зялёнае голле» (1969). У вершах Голуба — свет маладога сучасніка, які абвострана адчувае праявы жыцця. Шчодрасць лірычнага самавыяўлення, лаканічнасць выказвання, яркая метафарычнасць вобразаў, багатая інструментоўка радка — асаблівасці яго творчай манеры. Для дзяцей зб. «У бары грыбы бяры» (1986). Выступае як празаік, перакладчык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МЕЛЬСКАЯ ПРА́ЎДА»,
абласная газета. Выдаецца з 30.10(12.11).1917 у Гомелі на бел. мове. У 1917—29 выходзіла на рус. мове, пад рознымі назвамі. Спачатку наз. «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». У час акупацыі Гомеля герм. войскамі (люты 1918 — студз. 1919) не выходзіла. З 1930 наз. «Палеская праўда», з 1938 сучасная назва. У Вял.Айч. вайну орган Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б (выходзіла з 1.5 да 20.11.1943). Пасля вайны — орган Гомельскіх абл. і гар. к-таў КПБ, абл. і гар. Саветаў нар. дэпутатаў. З вер. 1991 — абл. газета. Інфармуе аб падзеях грамадска-паліт., эканам., гісторыка-краязнаўчага і культ. жыцця Гомельшчыны, усёй Беларусі. Асвятляе міжнар. падзеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ДАЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 26.6.1934, г. Чарапавец, Расія),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1979). Скончыў Маскоўскі арх.Ін-т (1958). З 1960 у ін-це «Мінскпраект». Работы ў Мінску: рэканструкцыя цэнтра горада (праект 1974, кіраўнік аўтарскага калектыву), праекты дэталёвай планіроўкі і забудовы Машэрава праспекта, рэканструкцыі і добраўпарадкавання Траецкага прадмесця, павільён Рэсп. выставачнага цэнтра, будынак Мін-ва ўнутраных спраў (1979), станцыя метрапалітэна «Плошча Незалежнасці» (1984, усе ў сааўт.). Працуе таксама ў галіне манум. Мастацтва: арх.-скульпт. мемар. комплексы «Хатынь» (Ленінская прэмія 1970), «Прарыў», «Кацюша», «Праклён фашызму»; помнікі М.Ф.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы (1976), у Мінску — Я.Купалу і Я.Коласу (абодва 1972; усе ў сааўт.).