ВУЛКАНАКЛАСТЫ́ЧНЫ МАТЭРЫЯ́Л, эксплазіўны матэрыял,
абломкавы матэрыял, які ў вадкім ці цвёрдым стане выкінуты выбухам пры вывяржэнні вулкана. Памеры ад самых дробных (вулканічны попел) да глыб (вулканічныя бомбы). Утвараецца з лаў, што вывяргаюцца, старых лаў і горных парод, што складаюць сценкі жарала вулкана і бакавых трэшчын. Гл. таксама Эксплазія.
т. 4, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЮ́ЗЯ,
у бел. нар. міфалогіі бажаство — увасабленне холаду. З. ўяўлялі ў выглядзе лысага барадатага дзеда ў расхлістаным кажусе, які босы хадзіў па снезе. Паводле павер’яў, ён узнімаў завіруху, мяцеліцу, выклікаў сцюжу. Прымхлівыя людзі лічылі, што ў моцны мароз З. біў доўбняй па дрэвах і бярвенні, якія ад гэтага трашчалі.
т. 7, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МІДЖ (англ. image літар. вобраз),
1) знешні вобраз, які ствараецца суб’ектам з мэтай выклікаць пэўнае ўражанне, меркаванне, адносіны ў іншых.
2) Сукупнасць уласцівасцей, што прыпісваюцца суб’екту прапагандай, рэкламай, прымхамі, традыцыямі і да т.п. з мэтай выклікаць да яго пэўныя адносіны. І. ўсё больш становіцца першаступеннай праблемай паліт. практыкі.
т. 7, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРЭСА́РЫО (італьян. impresario ад imprendere пачынаць),
у некаторых краінах прыватны прадпрымальнік, арганізатар відовішчных прадпрыемстваў, канцэртаў або агент, які дзейнічае ад імя вядомага артыста, заключае для яго кантракты, арганізуе гастролі і інш. У Італіі ў 16—18 ст. І. наз. арганізатараў, уладальнікаў прыватных труп, дырэктараў тэатраў. Гл. таксама Антрэпрэнёр.
т. 7, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕРАНСЬЕ́ (ад франц. conférencier дакладчык),
артыст эстрады, які вядзе канцэрт. Выступае з самастойнымі, часцей камедыйнымі нумарамі. Упершыню з’явіліся ў 1860-я г. ў парыжскіх кафэшантанах і кабарэ. У канцы 19 — пач. 20 ст. выступалі пераважна ў т-рах вар’етэ, мініяцюр, з сярэдзіны 20 ст. таксама на муз. і кінафестывалях.
т. 8, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНЫ ПАДА́ТАК,
абавязковы падатак на карысць дзяржавы, феадала або царквы, які сяляне плацілі натураю (збожжам, сенам, мёдам, воскам, футрам, птушкаю, яйкамі, рыбай, пражай і інш). На Беларусі да 16 ст. быў асн. формаю павіннасцей (гл. Аброк, Даніна, Дзякла, Дзесяціна, Стацыя). З развіццём таварнай вытв-сці Н.п. заменьваўся грашовым.
т. 11, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЛАНДЦЭМЕ́НТ [ад назвы п-ва Портленд (Вялікабрытанія)],
найбольш пашыраны ў буд-ве від цэменту, які складаецца ў асн. з гідрасілікатаў кальцыю. Атрымліваецца сумесным тонкім здрабненнем клінкеру, невял. колькасці (1—3%) гіпсу і мінер. дабавак (да 10%). Акрамя звычайнага, П. бывае хуткацвярдзеючы, пластыфікаваны. гідрафобны, сульфатаўстойлівы, белы, каляровы і інш. Выкарыстоўваецца для прыгатавання бетону, буд. раствораў.
т. 12, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРШРУ́Т (ням. Marschrute ад франц. marche ход, рух наперад + route дарога, шлях),
1) шлях праходжання або напрамак руху. М., як правіла, пазначаецца загадзя на карце з паказаннем асн. пунктаў, цераз якія ён пралягае, або азімутаў.
2) Таварны поезд, які ідзе да месца прызначэння без змены саставу і масы грузу.
т. 10, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫХУА́НА,
наркотык, які атрымліваюць з лісця і суквеццяў індыйскіх канапель. Належыць да групы галюцынагенаў. Экстракт канапель мае альдэгід канабінол, ад канцэнтрацыі якога залежыць адурманьванне. М. кураць, жуюць. М. выклікае інтаксікацыю арганізма, зрокавыя і слыхавыя галюцынацыі, парушэнні псіхікі і інш. Працяглае ўжыванне вядзе да дэградацыі асобы. Гл. таксама Наркаманія.
т. 10, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі,
кірунак палітэканоміі, які надае матэм. метадам вырашальную ролю ў вывучэнні эканам. з’яў. Узнікла ў 2-й пал. 19 ст. [М.Э.Л.Вальрас (Швейцарыя), В.Парэта (Італія), У.Джэванс, Ф.І.Эджуарт (Вялікабрытанія), І.Фішэр (ЗША), Г.Касель і К.Віксель (Швецыя)]. Разглядае эканоміку як узаемадзеянне індывід. гаспадарак. Асн. задача М.ш. — вызначэнне колькасных паказчыкаў, якія характарызуюць паводзіны асобных вытворцаў і спажыўцоў. Тэарэтычныя пабудовы М.ш. арыентуюцца на маржыналізм.
т. 10, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)