ПІГМЕ́НТ (ад лац. pigmentum фарба) у выяўленчым мастацтве, каляровы парашок, што ўваходзіць як састаўная частка ва ўсе віды фарбаў і вызначае іх колеравыя якасці. Бываюць П. арганічныя і неарганічныя, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на натуральныя (вохра, мел, сурык і інш.) і штучныя (сажа, ультрамарын, бялілы і інш.). Да П. адносяць таксама арган. лакі. Дамешкі да П. сувязнога рэчыва вызначаюць тэхн. якасці фарбаў (напр. Акварэль, Пастэль і інш.).

т. 12, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭА́МБУЛА (франц. préambule ад лац. praeambulus той, які наперадзе, папярэдні),

уводная або ўступная частка заканад. або інш. прававога акта, а таксама дэкларацыі ці міжнар. дагавора, у якіх звычайна выкладаюцца прынцыповыя палажэнні, пабуджальныя матывы, мэты выдання адпаведнага акта. Змяшчае т.зв. «нормы-мэты» і «нормы-прынцыпы», якія не валодаюць непасрэднай юрыд. сілай, але могуць прымацца пад увагу пры тлумачэнні інш. палажэнняў акта, а таксама пры неабходнасці высвятлення іх агульнага кантэксту.

т. 13, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІГНА́Л ГЕАДЭЗІ́ЧНЫ,

наземная частка геадэзічнага знака — вышка. Робіцца ў выглядзе двайной піраміды на пунктах трыянгуляцыі, радзей — паліганаметрыі. Прызначаны для ўстаноўкі геадэз. інструментаў на пунктах дзярж. геадэз. сеткі высокай дакладнасці на вышыні, якая забяспечвае прамую бачнасць на сумежныя знакі. У залежнасці ад класа трыянгуляцыі знакі размяшчаюцца на адлегласці ад 5—10 км да 30—50 км. С.г. падзяляюцца на простыя (выш. 6—15 м) і складаныя (выш. 16—55 м).

т. 14, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІФО́Н (ад грэч. siphōn трубка, помпа),

1) выгнутая трубка з каленамі рознай даўжыні, па якой пераліваецца вадкасць з пасудзіны з больш высокім узроўнем у пасудзіну з больш нізкім узроўнем. Верхняя частка трубкі размешчана вышэй за ўзровень вадкасці ў верхняй пасудзіне. Трубку папярэдне запаўняюць вадкасцю. Выкарыстоўваецца ў гідраўлічных збудаваннях і прыстасаваннях.

2) Пасудзіна з трубкай, якая дасягае дна і мае кран. Выкарыстоўваецца для пералівання пеністых вадкасцей пад ціскам.

Сіфон.

т. 14, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́ТЫ (позналац. Scotti, Scoti),

група кельцкіх плямён. Упершыню згадваюцца ў познарым. пісьменнікаў у сувязі з нападамі С. і піктаў на рым. правінцыю Брытанія. Першапачаткова жылі ў Ірландыі (адсюль адна з назваў Ірландыі ў рым. крыніцах — Скотыя). Пазней, магчыма ў сярэдзіне 1-га тыс. н.э., частка С. перасялілася на Пн Брытаніі, дзе падпарадкавала піктаў і ў сярэдзіне 9 ст. заснавала каралеўства, якое атрымала назву Шатландыя (Scotland, літар. краіна С.).

т. 14, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРЫ́ЧНІНА, апрышніна,

1) у 14—15 ст. асобнае ўдзельнае ўладанне жанчын з велікакняжацкай сям’і.

2) Назва ўласнага ўдзелу Івана IV у 1565—72 з асобнай тэрыторыяй, войскам і дзярж. Апаратам.

3) Сістэма надзвычайных ваенна-адм., сац.-эканам. мерапрыемстваў Івана IV у 1565—72 для ўмацавання самадзярж. улады, ліквідацыі феад. раздробленасці, барацьбы з непакорнымі феадаламі. Мэтай апрычніны абвяшчалася выкараненне «крамолы». Ажыццяўлялася апрычнікамі, якія мелі неабмежаваныя правы і ўладу, былі непадсудныя органам улады і суда. Суправаджалася жорсткімі расправамі з баярска-княжацкай апазіцыяй, масавымі смяротнымі пакараннямі часта невінаватых людзей, зямельнымі канфіскацыямі і інш. Асабліва жорсткія рэпрэсіі чынілі А.​Д.​Басманаў, А.​І.​Вяземскі, Р.​Л.​Скуратаў-Бельскі і інш. У выніку апрычніны выкаранены феад. сепаратызм, умацаваны самадзярж. дэспатызм і яго сац. апора — служылыя людзі, дваране і сярэднія землеўладальнікі; узмоцнена прыгонніцтва, збяднела значная частка насельніцтва, асабліва пасадскія людзі. У 1572 апрычніна адменена, частка канфіскаваных земляў вернута іх б. уладальнікам.

Літ.:

Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985. С. 136—160;

Ключевский В.О. Русская история: Полн. курс лекций. М., 1993. Кн. 1. С. 483—495;

Соловьев С.М. Соч. М., 1989. Кн. 3, т. 5—6. С. 506—547.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́КА (Malacca),

паўвостраў на ПдУ Азіі, паўд. частка п-ва Індакітай. Паўн. частка М. належыць Тайланду, паўд. — Малайзіі (Зах. Малайзія). Пл. каля 190 тыс. км², даўж. (на Пд ад перашыйка Кра) 1300 км. Абмываецца на З Андаманскім м. і Малакскім прал., на У — Паўд.-Кітайскім м. і яго Сіямскім зал. У цэнтр. частцы М. нізкія і сярэдневышынныя горы выш. да 2190 м (г. Тахан), расчлянёныя на асобныя масівы з пакатымі вяршынямі і стромкімі схіламі. На ўзбярэжжы забалочаныя нізіны. Складзены з палеазойскай тэрыгенна-карбанатнай тоўшчы з праслоямі вулканітаў. Горы ўтвораны з мезазойскіх тэрыгенных адкладаў з гарызонтамі кіслых вулканітаў. Кайназойскія адклады запоўнілі ўпадзіны. Радовішчы волава, вальфраму, баксітаў, золата, каменнага вугалю і інш. Клімат на Пн субэкватарыяльны, мусонны, на Пд — экватарыяльны. На раўнінах сярэднямесячныя т-ры круглы год 25—27 °C, ападкаў 1500—2000 мм, у гарах больш за 4000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі кароткія, мнагаводныя. Каля 70% тэрыторыі ўкрыта густым трапічным лесам, пераважна вільготным, вечназялёным, з багатай флорай і фаунай; на ўзбярэжжах — участкі мангравых лясоў. Плантацыі рысу, каўчуканосаў, какосавай пальмы. На М. сталіца Малайзіі — г. Куала-Лумпур.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 10, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРА́ЦЫЯ (ад лац. operatio дзеянне),

1) закончанае дзеянне або шэраг дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнай мэты (напр., аперацыя ваенная), асобная закончаная частка тэхнал. працэсу, якая выконваецца на адным рабочым месцы (напр., аперацыя вытворчая).

2) Асобнае дзеянне сярод многіх іншых; выкананне якой-н. фін., крэдытнай, прамысл., гандл., страхавой або інш. задач, напр., банкаўская аперацыя, паштовая аперацыя.

3) У выліч. тэхніцы выкананне лічбавай выліч. машынай якога-н. дзеяння з зыходнымі велічынямі, напр., арыфм. аперацыя.

т. 1, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ, атмасферная радыяцыя,

цеплавое электрамагнітнае выпрамяненне атмасферы (інфрачырвоныя прамяні з даўж. хваляў 4—120 мкм); частка радыяцыйнага балансу атмасферы. Каля 70% яго падае на зямную паверхню (процівыпрамяненне атмасферы), каля 30% ідзе ў космас. Інтэнсіўнасць атмасфернага выпрамянення павялічваецца з павышэннем т-ры паветра, воблачнасці і забруджанасці атмасферы. Сярэднія значэнні процівыпрамянення атмасферы ў Мінску ад 627 ў лютым да 971 Мдж на 1 м² у ліп., інтэнсіўнасць — адпаведна ад 0,26 да 0,34 кВт на 1 м².

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСЕ́ЙН РАЧНЫ́,

частка зямной паверхні, з якой вада сцякае ў раку (рачную сістэму). Сцёк адбываецца па зямной паверхні, у тоўшчы глебаў і рыхлых покрыўных адкладаў, а таксама па шчылінах у крышт. горных пародах, праз разгрузку артэзіянскіх водаў. Адрозніваюць падземны і паверхневы рачныя басейны, межы якіх часта не супадаюць (асабліва ў карставых раёнах). Басейны асобных рэк падзяляюцца водападзеламі. Найб. рачны басейн у свеце ў Амазонкі (7,2 млн. км²), у Беларусі — Дняпра (63,7 тыс. км², без Прыпяці).

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)