МАР Мікалай Якаўлевіч (6.1.1865, г. Кутаісі, Грузія — 20.12.1934),
расійскі філолаг і археолаг. Акад. Пецярбургскай АН (1912), АН СССР (1925), АН Беларусі (1928). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1890), з 1900 праф. у ім. Даследаваў каўк. мовы [«Граматыка чанскай (лазскай) мовы з хрэстаматыяй і слоўнікам», 1910; «Граматыка старажытналітаратурнай грузінскай мовы», 1925], гісторыю, археалогію і этнаграфію Каўказа. Вывучыў і апублікаваў тэксты шэрагу стараж.-груз. і стараж.-арм. помнікаў. У 1920—30-я г. стварыў навукова неабгрунтаваную «яфетычную тэорыю» («новае вучэнне пра мову»), якая тым не менш дала імпульс распрацоўцы праблем сувязі развіцця навукі і грамадства.
Тв.:
Избр. работы. Т. 1—5. М.; Л., 1933—37.
т. 10, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫЎЛЕ́ННЕ ПАЗВАНО́ЧНІКА, скаліёз,
бакавое скрыўленне пазваночніка (у франтальнай плоскасці). Бывае прыроджанае і набытае. Развіваецца ў выніку парушэнняў структуры пазваночніка, змяшчэння цэнтра цяжару цела ў бок ад падоўжнай восі. Бывае пры рахіце, траўмах, пухлінах, запаленнях пазваночніка і інш. У 90% выпадкаў назіраецца ідыяпатычнае С.п. (парушэнне абмену ў злучальнай тканцы, што вядзе да аслаблення сувязі міжпазванковых дыскаў з пазванкамі). Пры С.п. адзначаецца дэфармацыя грудной клеткі, змяншэнне яе аб’ёму і ўтварэнне рэбернага гарба, парушэнне функцый лёгкіх і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Лячэнне: лячэбная фізкультура, масаж, хірургічнае.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНТА́СТЫКА (грэч. phantastikē здольнасць уяўляць),
форма адлюстравання рэчаіснасці, пры якой на аснове рэальных уяўленняў ствараецца звышнатуральная, ірэальная, незвычайная карціна свету. Распаўсюджана ў фальклоры (напр., чарадзейныя казкі, казкі пра жывёл), мастацтве, сац. утопіі. У маст. л-ры, выяўл. мастацтве фантаст. вобразнасць умоўная, парушаны рэальныя сувязі і формы. Аднак у гратэсках або ідэальных вобразах, сімвалах, неверагодных сюжэтах яна можа выяўляць светаўспрыманне аўтара, характэрнае эпосе («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле, «Уладар кольцаў» Дж.Р.Толкіна). З 19 ст. развіваецца навук. Ф. Гл. таксама Фантастычная літаратура, Навукова-фантастычны фільм.
т. 16, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕМАСО́РБЦЫЯ (ад хема... + сорбцыя),
паглынанне рэчыва паверхняй цвёрдага цела (хемасарбента). Адбываецца ў выніку ўтварэння хім. сувязі паміж іх малекуламі. Можа спалучацца з абарачальным працэсам — дэсорбцыяй.
Суправаджаецца вылучэннем значнай колькасці цеплаты, што замаруджвае дэсорбцыю і робіць Х. практычна неабарачальнай. Характэрная асаблівасць Х. — адчувальнасць да хім. паходжання паглынальніка (хемасарбента) і чысціні паверхні. Цвердафазную і вадкасную Х. ажыццяўляюць у калонных апаратах, на эфектыўнасць працэсу ўплываюць іх тып, канструкцыя і гідрадынамічныя ўмовы работы. Выкарыстоўваюць для раздзялення газавых сумесей, пры ачыстцы газаў ад вышэйшых вуглевадародаў, сярністых злучэнняў і інш., у электравакуумнай тэхніцы.
т. 17, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ УТВАРЭ́ННІ СССР 1922,
дзяржаўны акт, які юрыдычна аформіў аб’яднанне 4 сав. сацыяліст. рэспублік (РСФСР, УССР, БССР, ЗСФСР) у дзяржаву — Саюз Сав. Сацыяліст. Рэспублік. Зацверджаны 30.12.1922 (разам з Дэкларацыяй аб утварэнні СССР) на I з’ездзе Саветаў СССР; пазней уключаны ў Канстытуцыю СССР 1924. Прадугледжваў адзінае саюзнае грамадзянства для ўсіх грамадзян сав. рэспублік, стварэнне саюзных органаў улады (ЦВК, 10 наркаматаў, Вярх. суда, Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення і інш.), права свабоднага выхаду з Саюза кожнай з рэспублік. Перастаў дзейнічаць у снежні 1991 у сувязі з абвяшчэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД; гл. Белавежскія пагадненні 1991). 10.12.1991 Вярх. Савет Беларусі прыняў пастанову аб дэнансацыі дагавора 1922 у адносінах да Рэспублікі Беларусь.
т. 5, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЫ́НІЧЫ,
вёска ў Полацкім раёне Віцебскай вобл., паміж азёрамі Бабынічы, Бабына і Нясета. Цэнтр сельсавета і калектыўнага с.-г. прадпрыемства. За 45 км на ПдЗ ад Полацка, 150 км ад Віцебска, 17 км ад чыг. ст. Загацце. 271 ж., 98 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. Належалі Корсакам. У 17—18 ст. прыватнаўласніцкае мястэчка. На пач. 20 ст. комплекс паселішчаў у Бабынічах складаўся з мястэчка (70 дамоў, 326 ж.), фальварка Бабынічы-Вовель, маёнткаў Бабынічы-Юраўшчына і Вуглы-Бабынічы. З 1922 у Полацкім пав. У 1924—31, 1935—60 Бабынічы — цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1960 — Полацкага р-наў.
т. 2, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАМЫ́СЛІ,
вёска ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., на р. Чарніца. Цэнтр сельсавета. За 15 км на ПдЗ ад г.п. і чыг. ст. Лёзна, 55 км ад Віцебска. 1236 ж., 466 двароў (1997).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1749. З 1772 цэнтр воласці ў Аршанскім пав. Магілёўскай губ. З пач. 1830-х г. мястэчка. У 1860 у Дабрамыслях 350 ж., у 1910 — 646 ж., 215 двароў, нар. вучылішча, царква, яўр. малітоўны дом, 5 хлебных крам, млын. З 1924 цэнтр сельсавета ў Лёзненскім р-не. У 1971 у Д. 425 ж., 146 дамоў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
т. 5, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАМА́Н,
1) кіраўнік нерэгулярнага, незалежнага ад дзярж. улады вайск. атрада (часам шайкі разбойнікаў).
2) Вышэйшы начальнік казацкага войска — камандзір (вайсковы, наказны, паходны, кашавы атаман), начальнік казацкай адм.-тэр. адзінкі (аддзела, акружны, станічны, хутарскі атаман) або камандзір падраздзялення (куранны атаман). У Запарожскім казацкім войску існавалі кашавыя і куранныя атаманы, у Данскім — вайсковыя. На пач. 18 ст. атаман у Данскім войску назначаўся ўрадам, з 1723 ён наз. вайсковым наказным атаманам, з 1866 меў правы ген.-губернатара і камандуючага вайсковай акругай. Званне атамана адменена пасля Кастр. рэв. 1917. Адноўлена ў Расіі на пач. 1990-х г. у сувязі з адраджэннем казацкага руху.
3) У грамадз. вайну 1918—20 камандзір у часцях белай гвардыі.
т. 2, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЦЕ́НАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Капачоўскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Кашанка. Цэнтр калгаса. За 25 км на З ад Мсціслава, 92 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Ходасы. 365 ж., 141 двор (1995). Клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік драўлянага дойлідства (канец 19 — пач. 20 ст.) — царква.
Вядомы з пач. 18 ст. У 1816 было 166 ж., 33 двары, у 1897 — 408 ж., 57 двароў, у 1909 — 347 ж., 66 двароў, школа, карчма. Уваходзіла ў Доўгавіцкую вол. Чэрыкаўскага пав. У 1926 — 626 ж., 87 двароў. З ліп. 1941 да 29.9.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі У 1970 — 370 ж., 133 двары.
т. 2, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ АКРУ́ГА 1) адм.-тэр. адзінка ў БССР у ліп. 1924—ліп. 1930. Цэнтр — г. Полацк. Пл. 9366 км², пасля ўзбуйнення ў 1927—10 807 км², нас. 374,2 тыс. чал. (1926). У 1924—27 уключала Асвейскі, Валынецкі (з сак. 1929 Боркавіцкі), Ветрынскі, Дрэтунскі (пазней Краснапольскі, скасаваны ў 1927), Дрысенскі, Полацкі, Расонскі, Ульскі, Ушацкі р-ны. У 1927 са скасаванай Барысаўскай акругі ў П.а. ўвайшоў Лепельскі р-н. Акр. газ. «Полоцкий пахарь», з 1926 «Чырвоная Полаччына».
2) Адм.-тэр. адзінка (пагранічная) у БССР у чэрв. 1935 — лют. 1938. Уключала Асвейскі, Ветрынскі, Дрысенскі, Полацкі, Расонскі р-ны. Акр. газ. «Бальшавік Полаччыны». Скасавана ў сувязі з увядзеннем у БССР абл. падзелу. Усе раёны перададзены ў Віцебскую вобласць.
т. 12, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)