ЭКСПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. expositio выкладанне, паказ),

1) у літаратуры — паказ жыцця, якое папярэднічае асн. дзеянню, з’яўляецца яго перадгісторыяй. Знаёміць з героямі, іх узаемаадносінамі, абставінамі жыцця, фактарамі, якія прадвызначаюць прычыны дзеяння, яго характар і кірунак, падрыхтоўваюць канфлікт. Бывае прамая (разгортваецца як подступ да твора і даецца ў яго пачатку), затрыманая (пасля завязкі) і зваротная (у канцы твора). Уласціва творам, дзе раскрываецца працяглы адрэзак жыцця; не характэрная для лірычнага верша, апавядання-абразка.

2) У выяўленчым мастацтве — размяшчэнне музейных і выставачных экспанатаў у пэўнай сістэме (храналагічнай, тыпалагічнай і інш.).

Мае сістэм. класіфікацыю, паслядоўнасць прадстаўлення экспанатаў, іх даступнасць для агляду і вывучэння, аптымальнае асвятленне, ахову, прытрымліванне норм кансервацыі. Існуюць таксама маст. нормы Э., метады музейнага і выставачнага дызайну, размяшчэння карцін, размеркавання экспанатаў у вітрынах. Музейныя Э. патрабуюць навук. абгрунтавання размяшчэння экспанатаў, чым адрозніваюцца ад выставачных, якія дапускаюць большую свабоду, часам незвычайнасць прадстаўлення экспанатаў, выбар ракурсаў іх успрымання.

3) У музыцы — першапачатковае выкладанне асн. муз. матэрыялу (у частцы ці раздзеле) у адрозненне ад яго наступнага развіцця. Экспазіцыйны тып выкладання характарызуецца танальным адзінствам і гарманічнай устойлівасцю, структурнай цэласнасцю.

У некат. муз. формах (куплетная, простыя двух- і трохчасткавыя) экспазіцыйнасць абсалютна пераважае. У санатнай форме — першы з яе асн. раздзелаў, у якіх выкладаюцца гал. тэмы твора, згрупаваныя звычайна ў гал. і пабочнай партыях, якія, у адрозненне ад рэпрызы, выкладаюцца ў розных танальнасцях. Танальна-тэматычная апазіцыя, што ўзнікае пры гэтым, служыць імпульсам для далейшага разгортвання санатнай формы. У простай фузе Э. — першы раздзел, дзе тэма праводзіцца паслядоўна ва ўсіх галасах. Шматтэмныя фугі могуць мець адну агульную Э. для ўсіх тэм ці асобныя Э. для кожнай тэмы.

Літ.:

Гл. арт. Санатная форма, Форма музычная, Фуга.

4) У фатаграфіі — колькасць (доза) асвятлення, якая надаецца фотаслою святлоадчувальнага матэрыялу ў выніку ўздзеяння святла.

Абазначаецца H. Роўная здабытку асветленасці E на час экспанавання (вытрымку) t: H = E∙t. Пры звычайнай здымцы выражаецца ў лк∙с, пры здымцы з монахраматычным асвятленнем — у Дж/м². Вызначаецца экспанометрам.

А.​М.​Пяткевіч (у літаратуры), Ю.​Дз.​Златкоўскі (у музыцы).

т. 18, кн. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ РЭГІЁН, гісторыка-этнаграфічны рэгіён,

частка этн. тэрыторыі, што вылучаецца комплексам этнакультурных прыкмет: прыродна-экалагічнымі ўмовамі, асаблівасцямі этн. гісторыі, характарам рассялення, гасп. заняткамі, нар. архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам, традыц. адзеннем, фальклорам, мясц. дыялектамі і інш. Этнагеаграфічнае вывучэнне і картаграфаванне розных этнакультурных рэалій дазваляюць вылучыць на тэрыторыі Беларусі 18—19 ст. 6 Э.р.: Падзвінне (Паазер’е), Падняпроўе, Цэнтральная Беларусь, Панямонне, Усходняе Палессе, Заходняе Палессе (гл. Дадатак). Унутры кожнага з іх па мясц. асаблівасцях нар. культуры і побыту вылучаюцца больш дробныя адзінкі — лакальныя раёны: у Падзвінні — паўн.-ўсх. і паўд.-зах. раёны, у Падняпроўі — Бярэзінскі, левабярэжжа, правабярэжжа і Пасожжа, у Цэнтр. Беларусі — Слуцка-Нясвіжскі і Мінскі, у Панямонні — левабярэжжа, правабярэжжа і Павілейскі, ва Усх. Палессі — Ніжняпрыпяцкае і Прыпяцкае Палессе, Мазырскі, Тураўскі, у Зах. Палессі—Пінскае Палессе, Загароддзе і Падляшша. Э.р. лакалізаваліся ў масівах з блізкімі гіст. і экалагічнымі ўмовамі, пераважна ў басейнах вял. рачных сістэм. Па меры засялення і гасп. асваення тэрыторыі ў працэсе адаптацыі да мясц. экалагічных умоў адбывалася акумуляцыя культ. здабыткаў, складваліся генетычна блізкія этн. традыцыі, узмацнялася адзінства ў эканам. і духоўным жыцці, фарміраваўся рэгіянальны тып культуры. Мясц. прырода з яе разнастайнымі рэсурсамі і адпаведнымі ўмовамі ўваходзіла ў штодзённае жыццё і ўплывала на спецыялізацыю гасп. заняткаў, страву, нар. жыллё, адзенне, сродкі зносін і г.д. Сац.-эканам. працэсы мелі свае асаблівасці і накладвалі адбітак на сістэму земляробства, гасп. побыт. Арэалы рэгіёнаў, іх межы і культ. ландшафт мяняліся ў выніку міграцыі, ваен. дзеянняў, разбурэння гаспадаркі, змены культурна-эканам. сувязей. Межы некат. Э.р. акрэслены невыразна, што тлумачыцца складаным характарам пашырэння асобных этнагр. рэалій, іх зменамі ў прасторы і часе. таму на памежжы суседніх рэгіёнаў этнакультурны комплекс мае пераходныя рысы. Гл. таксама Этнаграфічная група.

Літ.:

Титов В.С. Историко-этнографические регионы в экспозиции Белорусского государственного музея народной архитектуры и быта. Мн., 1982;

Яго ж. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX в. Мн., 1983;

Яго ж. Народная спадчына: Матэр. культура ў лакальна-тыпал. разнастайнасці. Мн., 1994.

В.​С.​Цітоў.

т. 18, кн. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТЫМАЛАГІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

тып лінгвістычнага слоўніка, у якім даюцца звесткі пра паходжанне слоў адной мовы або некалькіх роднасных моў адначасова. Упершыню была пададзена бел. лексіка на шырокім слав. фоне ў «Этымалагічным слоўніку славянскіх моў» Ф.​Міклашыча (1886). Яна займае значнае месца і ў інш. слоўніках слав. моў: «Славянскі этымалагічны слоўнік» Э.​Бернекера (1908—13); а таксама фундамент. слоўніках, работа над якімі вядзецца ў Маскве («Этымалагічны слоўнік славянскіх моў: праславянскі лексічны фонд», 1974—2002, вып. 1—29, выд. працягваецца), Кракаве («Слоўнік праславянскі», т. 1—8, 1974—84, 2001, выд. працягваецца), у Брне («Этымалагічны слоўнік славянскіх моў», сш. 1—2, 1973—80). Значны лексічны матэрыял бел. гаворак упершыню ўведзены ў этымалагічныя даследаванні ў працы «Караняслоў рускай мовы, параўнанні з усімі найгалоўнейшымі славянскімі гаворкамі і з дваццаццю чатырма замежнымі мовамі» (1842) беларуса па паходжанні Ф.​С.​Шымкевіча. Спробы этымалагізацыі бел. лексікі ёсць у «Слоўніку беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870). Шырэй пададзена бел. лексіка ў «Этымалагічным слоўніку рускай мовы» М.​Фасмера (т. 1—3, 1950—58; рус. пер. з дадаткамі т. 1—4, 1964—73, перавыд. 1986—87, 1996) і ў «Этымалагічным слоўніку польскай мовы» Ф.​Слаўскага (т. 1—5, 1952—82, выд. працягваецца), «Этымалагічным слоўніку ўкраінскай мовы» (т. 1—4, 1982—2002, выд. працягваецца). Шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» ствараецца ў Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі (т. 1—8, 1978—93, выд. працягваецца). Выданне мае на мэце выявіць словаўтваральныя і семантычныя архаізмы і інавацыі, у т. л. тэрытарыяльна абмежаваныя запазычанні і калькі з інш. моў, мясц. наватворы, асаблівае значэнне надаецца арэальнай характарыстыцы слоў. У кожным з тамоў каля 3 тыс. слоўнікавых артыкулаў з навук. бібліяграфіяй па прыведзеных словах, у якой улічана манаграфічная і часопісная айч. і замежная л-ра. Аб’ектам разгляду ў Э.с. могуць быць і фразеалагізмы. Напр., у «Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў» І.​Я.​Лепешава (1981) растлумачана паходжанне каля 450 устойлівых словазлучэнняў сучаснай бел. мовы.

Г.​А.​Цыхун, І.​К.​Германовіч.

т. 18, кн. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАЛОГІЯ

Антрапалагічны склад беларусаў у канцы 19 — пач. 20 ст. даследавалі Дз.​М.​Анучын, М.​Я.​Янчук, К.​М.​Ікаў, А.​Н.​Раждзественскі, А.​Л.​Здраеўскі, А.​А.​Піянткоўскі, Я.​Мыдлярскі, Ю.​Д.​Талька-Грынцэвіч. Вынікі іх даследаванняў абагульнялі А.​А.​Іваноўскі (1905), Я.​М.​Чапуркоўскі (1918). У 1920—30-я г. В.​В.​Бунак вывучаў фізічны тып і размеркаванне груп крыві ў беларусаў, даследаваў краніялагічныя калекцыі сярэдневяковага насельніцтва Беларусі. Па ініцыятыве А.​К.​Ленца ў 1926 пры Інбелкульце створана антрапал. камісія (пазней рэарганізавана ў кафедру антрапалогіі БелАН), дзе Ю.​М.​Верамецкая, А.​Я.​Вішнеўская, А.​А.​Смірноў, Д.​Н.​Эйнгорн планамерна даследавалі насельніцтва Слуцкага, Мазырскага, Магілёўскага, Аршанскага р-наў. Рэарганізацыя кафедры антрапалогіі ў НДІ псіханеўралогіі перапыніла антрапал. даследаванні ў БССР. У 1930—40-я г. антрапал. склад насельніцтва пач. 2-га тыс. н.э. вывучалі супрацоўнікі Ін-та этнаграфіі АН СССР Г.​Ф.​Дэбец, Т.​А.​Трафімава, пазней Т.​І.​Аляксеева, В.​В.​Сядоў. Антрапал. асаблівасці сучасных жыхароў Беларусі ў 1950-я г. вывучалі Бунак, В.​У.​Вітоў, Р.​Я.​Дзянісава, У.​Дз.​Дзячэнка. У 1965 пры Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі створана група антрапалогіі (у 1990 пераўтворана ў аддзел антрапалогіі і экалогіі). Пачаліся планамерныя комплексныя антрапал. даследаванні фізічнага тыпу старажытнага (І.​І.​Салівон, А.​І.​Кушнір) і сучаснага (Салівон) насельніцтва Беларусі, заканамернасцей росту і развіцця вучняў у розных экалагічных рэгіёнах рэспублікі (В.​У.​Марфіна, Салівон, Н.​І.​Поліна), дэрматагліфічных і аданталагічных асаблівасцей (Л.​І.​Цягака), размеркавання груп крыві і інш. фенатыпаў, генетычна абумоўленых прыкмет у сельскага насельніцтва (А.​І.​Мікуліч), генадэмаграфічных — у гарадах Беларусі (Марфіна). Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 даследаванні накіраваны на вывучэнне заканамернасцей адаптыўных працэсаў сярод насельніцтва, якое жыве ў зоне радыеактыўнага забруджвання.

У 1989 Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору заключыў дагавор аб супрацоўніцтве з Ін-там гісторыі матэрыяльнай культуры (цяпер Ін-т археалогіі і этналогіі) Польскай АН, пачалі праводзіцца сумесныя даследаванні антрапалагічных асаблівасцей стараж. насельніцтва польска-бел. памежжа.

Літ.:

Тегако Л.И. Антропологические исследования в Белоруссии. Мн., 1979;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.

І.​І.​Салівон.

т. 18, кн. 2, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́Ц,

манументальны парадны будынак з вял. колькасцю разнастайных памяшканняў. У першапачатковым значэнні — жыллё знаці, месца афіц. прыёмаў.

У стараж.-ўсх., антычных, феад. дзяржавах П. складалі цэлыя комплексы з жылых, культавых і дапаможных памяшканняў (Рамесеум у Стараж. Егіпце, 13 ст. да н.э.; П. Дыяклетыяна ў Спліце, Харватыя, канец 3 — пач. 4 ст.; Альгамбра каля Гранады ў Іспаніі; П.​Тайхэдзянь у Пекіне, 1697). У сярэдневяковай Еўропе П. феадалаў былі замкі. У эпоху Адраджэння ў Італіі сфарміраваўся новы тып П.-асабняка — палацца. У 16—18 ст., у эпоху абсалютызму, ствараліся вял. П. (Луўр у Парыжы, Эскарыял каля Мадрыда, П. Келуш каля Лісабона) і палацава-паркавыя ансамблі (Версаль каля Парыжа). У 17—18 ст. каля Масквы пабудаваны Каломенскі П., П. ў Архангельскім, Астанкіне, Кускове, у 18—19 ст. шэраг выдатных П. у Пецярбургу (Зімні палац, Таўрычаскі палац) і яго прыгарадах (Петрадварэц, Паўлаўск).

У 14—16 ст. на Беларусі мураваныя П. будавалі ўнутры замкаў, іх архітэктура мела рысы готыкі і рэнесансу (Гродзенскі Стары замак, Мірскі замкава-паркавы комплекс). Палацава-паркавым пабудовам 16—17 ст. характэрна спалучэнне рыс абарончага і грамадз. дойлідства (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 18 ст. склаўся тып развітага барочнага палацава-паркавага ансамбля, якому ўласцівы маштабнасць, паўадкрытыя парадныя двары, рэгулярныя паркі з вадаёмамі і малымі арх. формамі, шэраг службова-гасп. пабудоў (Гродзенскі палац Тызенгаўза, П. у в. Ганута Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.). У іх буд-ве ўдзельнічалі арх. І.​К.​Глаўбіц, М.​Д.​Пёпельман, Дж.​Сака, К.​Спампані і інш. П. канца 18 ст. маюць рысы стылю ракако (П. Дзятлаўскай сядзібы, Чацвярцінскіх у Гродне) ці пераходныя да стылю класіцызму (Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Дзярэчынскі палац). У дэкоры выкарыстоўвалі ордэрную пластыку, арнаментальную і геральдычную лепку. Пераважала сім. восевая анфіладная планіроўка, у якой вылучаліся парадныя памяшканні — вестыбюль з лесвіцай, цэнтрычная зала (круглая ці квадратная, часта перакрытая купалам). У канцы 18—1-й пал. 19 ст. маст.-стылявое вырашэнне П. грунтавалася на прынцыпах стылю класіцызму (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль). У планіроўцы пераважала калідорная сістэма з цэнтр. групай парадных памяшканняў. Палацава-паркавыя ансамблі найчасцей мелі пейзажную арг-цыю навакольнага асяроддзя (гл. Садова-паркавае мастацтва). У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. стылявое адзінства ў палацавым буд-ве парушана. Пашырыліся П. накшталт сярэдневяковых замкаў (Косаўскі палац, П. у б. маёнтку Дзевяткавічы пад Слонімам, Гродзенская вобл.), рэнесансавыя (Лынтупская сядзіба), у стылі неакласіцызму (П. у Жамыслаўскай сядзібе, у б. маёнтку Обрын, Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.), несапраўднай готыкі (у б. фальварку Над-Нёман каля в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобл.) і інш.

У 16 — пач. 20 ст. на Беларусі П. будавалі пераважна з дрэва. Драўляныя звычайна 1- ці 2-павярховыя П. канца 16—1-й пал. 17 ст. мелі рысы стылю рэнесансу. Фасады аздаблялі аркаднымі галерэямі, дахі з вежамі, купаламі, каванымі метал. пазалочанымі флюгерамі мелі складаную форму (П. ў вёсках Лоск Валожынскага р-на Мінскай вобл., Беліца Лідскага і Дзяляцічы Навагрудскага р-наў Гродзенскай вобл.). Замкавыя П. (у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. і інш.) мелі абарончыя прыстасаванні ў выглядзе абломаў. Пакоі аздаблялі скуранымі або палатнянымі размаляванымі шпалерамі, грубкі і каміны — узорыстай кафляй. Дзверы ўпрыгожвалі разьбой, часам інтарсіяй. У 2-й пал. 17—18 ст. драўляныя барочныя П. з флігелямі-крыламі нярэдка ўтваралі замкнёны парадны двор — курданёр (П. у в. Дудзічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.). Многія П. былі значнымі па памерах манум. збудаваннямі з мезанінамі, складанымі яруснымі або ламанымі дахамі. У канцы 18—19 ст. некат. буйныя П. будаваліся пад уплывам класіцызму (у в. Лунін Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл., у г. Паставы Віцебскай вобл., Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс), у пач. 20 ст. — стыляў мадэрн, неабарока.

Пасля 1917 былыя П. магнатаў прыстасоўваліся пад грамадскія ўстановы. Узніклі новыя тыпы П. — агульнадаступныя будынкі грамадскага прызначэння: П. культуры, спорту (гл. ў арт. Спартыўныя збудаванні), мастацтва, шлюбу і інш. Да сярэдзіны 1950-х г. аблічча П. фарміравалася на аснове класічнай спадчыны (П. культуры Белсаўпрофа, цяпер Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў), пазней пашырылася тыпавое палацавае буд-ва. Асаблівасць сучасных П. — сінтэз архітэктуры і выяўл. мастацтва. Яны маюць адну ці некалькі залаў, фае, кулуары, майстэрні і пакоі для заняткаў гурткоў, чытальні і інш. (П. дзяцей і моладзі на беразе Камсамольскага возера ў парку Перамогі ў Мінску, 1986, арх. В.​Бялянкін, Т.​Розава, І.​Селівончык і інш.).

Літ.:

Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.

А.​М.​Кулагін, Ю.​А.​Якімовіч.

Палац Келуш каля Лісабона. Арх. М.В. ды Алівейра. 1747—52.
Палац у вёсцы Ганута Смаргонскага раёна Гродзенскай вобл. З малюнка Н.​Орды. 1870-я г.
Палац каля г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл. Сярэдзіна 19 ст.
Палац дзяцей і моладзі ў Мінску. 1986.

т. 11, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛОТЫ.

На тэр. Беларусі 1,7 млн. га балот, захаваных у натуральным стане. У склад тарфянога фонду ўключаны 2481,5 тыс. га балот, якія маюць прамысловую глыбіню тарфянога пакладу; частка іх асушана, распрацоўваецца ці выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Запасы торфу складаюць 5,2 млрд. т. Да пачатку асушэння і здабычы торфу на тэр. Беларусі было 9192 балоты памерам больш за 1 га з агульнай плошчай 2939 тыс. га (14,2% тэр. краіны) і геалагічнымі запасамі торфу 30,4 млрд. м³ (5,7 млрд. т).

Балоты на тэр. краіны размеркаваны нераўнамерна. Найменш забалочаныя рэгіёны Беларускай, Балтыйскай і інш. град, левабярэжная частка басейна р. Дняпро. Найбольш забалочанай часткай тэрыторыі Беларусі з’яўляецца Палеская нізіна, асабліва яе цэнтр. частка — Прыпяцкае Палессе. Комплекс некліматычных фактараў (плоскі рэльеф, нязначныя перавышэнні водападзелаў над мясцовымі базісамі эрозіі, значныя тоўшчы водапранікальных пясчаных парод і інш.) забяспечыў тут высокае стаянне грунтавых вод, што нават і пры недахопе атмасферных ападкаў у вегетацыйны перыяд вяло да пашырэння балотаўтваральных працэсаў. Да забалочаных належаць таксама Нарачана-Вілейская, Верхнебярэзінская, Чашніцкая, Полацкая нізіны.

Найбольшыя плошчы балот у Брэсцкай і Мінскай абл. У Брагінскім р-не балоты займаюць 37,5% тэр. раёна, у Любанскім — 39,1%, Пінскім — 41,3%. Найменш забалочаныя Нараўлянскі — 9%, Навагрудскі — 1,8% і Ваўкавыскі —1,2% раёны.

Найбольш буйныя балоты на Беларусі: Паддубічы ў Столінскім р-не (48 тыс. га), Выганашчанскае ў Івацэвіцкім, Ганцавіцкім і Ляхавіцкім р-нах (43 тыс. га), Вялікі Лес у Кобрынскім і Драгічынскім р-нах (40 тыс. га), Грычын у Салігорскім і Лунінецкім р-нах (32,9 тыс. га), Аброўскае ў Бярозаўскім і Івацэвіцкім р-нах (32,1 тыс. га), Хольча ў Лунінецкім р-не (25,6 тыс. га), Ельня ў Міёрскім р-не (20,2 тыс. га). Найб. глыбіня тарфянога пакладу (10,5 м) выяўлена на балоце Арэхаўскі Мох Пухавіцкага р-на.

Паводле прыродных умоў, асаблівасцей фарміравання і развіцця балот, запасаў торфу на Беларусі вылучаюць 5 тарфяна-балотных абласцей.

Вобласць вярховых балот на ўзгорыста-азёрных ландшафтах з вялікай колькасцю азёр. Тарфяныя паклады падасланы азёрнымі адкладамі. Плошча тарфянікаў 10,6%, сярэдняя глыбіня трафяных пакладаў 2 м. Нізінны тып торфу складае 54,5%, пераходны — 7,3%, вярховы — 38,2%.

Вобласць нізінных балот заходніх канцова-марэнных ландшафтаў з малой колькасцю азёр. Плошча тарфянікаў 7,7%, сярэдняя глыбіня тарфяных пакладаў 1,96 м. Запасы нізіннага торфу — 94,3%, пераходнага — 3,7%, вярховага — 2%.

Вобласць буйных вярховых і нізінных балот спадзіста хвалістай абляцыйнай раўніны. Пераважаюць згладжаныя формы рэльефу. Плошча тарфянікаў 15,6%, сярэдняя глыбіня тарфяных пакладаў 1,93 м. Нізінны торф — 70,3%, пераходны — 6,2%, вярховы — 23,5%.

Вобласць невялікіх вярховых і нізінных балот ва ўмовах пашырэння лёсападобных парод. Рэльеф згладжаны, азёр няшмат. Плошча тарфянікаў 5,5%, сярэдняя глыбіня тарфяных пакладаў 1,59 м. Нізінны торф складае 85,5%, пераходны — 3,6%, вярховы — 10,9%.

Вобласць буйных нізінных балот Палесся. Раўнінны рэльеф з перавагай пяскоў і супескаў у покрыўных адкладах. Плошча тарфянікаў 18,3%, сярэдняя глыбіня тарфяных пакладаў 1,55 м. Нізінны торф складае 86,4%, пераходны — 7,3%, вярховы — 6,3%.

Паводле ўмоў водна-мінеральнага жыўлення вылучаюць тыпы балот: нізінны (эўтрофны), пераходны (мезатрофны) і вярховы (алігатрофны). Балоты нізіннага тыпу фарміруюцца ва ўмовах багатага жыўлення (60—400 мг/л мінеральных солей) грунтавымі ці рачнымі водамі і атмасфернымі ападкамі. Балоты пераходнага тыпу фарміруюцца ва ўмовах змешанага жыўлення (40—80 мг/л мінеральных солей) атмасфернымі, паверхнева-сцёкавымі і часткова грунтавымі водамі. Балоты вярховага тыпу фарміруюцца ва ўмовах жыўлення галоўным чынам атмасфернымі ападкамі; змяшчаюць менш за 50 мг/л мінеральных солей.

Паводле складу расліннага покрыва і ўвільгатнення кораненаселенага слоя кожны тып балот мае падтыпы: лясны (вільготнасць 84—89%), леса-багністы (вільготнасць 89—91%), багністы (вільготнасць 91—94%). Падтыпы балот уключаюць групы: лясны падтып — дрэвавую групу, леса-багністы — дрэвава-травяную і дрэвава-мохавую, багністы — травяную, травяніста-мохавую і мохавую. Найменшая таксанамічная адзінка класіфікацыі балотнай расліннасці — фітацэноз. На Беларусі вылучаюць каля 40 відаў балотных фітацэнозаў.

Расліннасць балот мае багаты фларыстычны склад, які ўключае 267 кветкавых і вышэйшых споравых раслін, у т. л. 37 відаў дрэвавых і куставых парод, 167 — траў, 31 від сфагнавых і 32 — зялёных імхоў. Больш за 50 відаў каштоўных лек. раслін. Больш за 200 балот (318 тыс. га) уключана ў склад запаведнікаў і заказнікаў.

Літ.:

Пидопличко Л.П. Торфяные месторождения Белорусской ССР. Мн., 1961;

Бамбалов Н.Н., Дубовец А.Г., Беленький С.Г. Болотообразовательные процессы на территории Белоруссии // Проблемы Полесья. 1990. Вып. 13;

Болота Беларуси: генезис, современное состояние и роль в сохранении биоразнообразия // Природопользование. Мн., 2000.

М.​М.​Бамбалаў.


Табліца
Размеркаванне плошчаў балот і тарфяных радовішчаў па фондах
Фонды Плошча, тыс. га
Прыродаахоўны 317,2
Зямельны 1085,1
Распрацоўваемы 101
Запасны 30,8
Неразмеркаваныя балоты і радовішчы 793,8
Выпрацаваныя радовішчы, 209,5
Балоты і радовішчы, якія не ўключаны ў тарфяны фонд 523,8
Усяго 2939
Тыповае вярховае балота ў леса-балотным комплексе «Галубіцкая пушча».

т. 18, кн. 2, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТА (італьян. valuta літар. кошт, вартасць),

1) грашовая адзінка краіны і яе тып (залатая, сярэбраная, папяровая, крэдытная).

2) Грашовыя знакі замежных краін (крэдытныя білеты, манеты і інш.).

3) Крэдытныя сродкі абарачэння і плацяжу, выражаныя ў замежных грашовых адзінках (вэксалі, чэкі, сертыфікаты і інш.).

4) Міжнар. і еўрап. разліковыя адзінкі СДР, ЭКЮ — калектыўная валюта. Па сваёй сутнасці валюта — гэта грошы ў міжнар. разліках. Да 19 ст. існавалі сярэбраны монаметалізм і біметалізм (адначасовае абарачэнне сярэбраных і залатых манет), у 19 ст. ў абарачэнні была залатая валюта, на сучасным этапе — папяровая (неразменныя на золата і серабро банкаўскія білеты і папяровыя грошы). У залежнасці ад рэжыму выкарыстання валюта бывае: свабодна канверсаваная, ці поўнасцю абарачальная (абменьваецца на любую замежную валюту і не мае абмежаванняў у валютных аперацыях), часткова канверсаваная (мае абмежаванні ў валютных аперацыях) і неканверсаваная (замкнутая, неабарачальная). Да свабодна канверсаваных валют адносяцца долары ЗША і Канады, ням. марка, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі, яп. іена, франц. і швейцарскі франкі і некаторыя інш., якія без абмежаванняў выкарыстоўваюцца ў міжнар. эканам. аперацыях і для стварэння валютных рэзерваў (рэзервовая, ключавая валюта). Часткова канверсаваная валюта краін, дзе існуюць валютныя абмежаванні, як правіла, для рэзідэнтаў (фіз. і юрыд. асоб гэтай краіны), а таксама на пэўныя валютныя аперацыі (напр., на рух капіталаў і крэдытаў). Неканверсаваная валюта ў краінах, дзе няма эканам. стабільнасці і існуюць абмежаванні і забароны на ўвоз і вываз валюты, яе абмен, куплю-продаж, а таксама інш. меры валютнага рэгулявання з мэтай стрымаць выкарыстанне дэфіцытнай замежнай валютай. Да неканверсаванай адносіцца і валюта Беларусі (1996). Свабодна абарачальная нац. валюта і трывалы валютны рэзерв — паказчык эканам. стабільнасці краіны. Для выкарыстання валюты ўстаноўлены пэўныя формы і правілы (гл. Валютная біржа, Валютны курс, Валютны парытэт, Валютныя аперацыі і інш.).

Існуюць таксама паняцці валюты цаны, ці валюты здзелкі (грашовая адзінка, у якой вызначаецца цана тавару ў кантракце па знешнегандл. аперацыі ці выражаецца сума міжнар. крэдыту), валюты плацяжу, ці валюты разлікаў (грашовая адзінка, у якой у кантракце вызначаецца аплата на знешнеэканам. аперацыі ці пагашэнне міжнар. крэдыту), валюты вэксаля (грашовая адзінка, у якой прад’яўлены вэксаль), валюты клірынгу (грашовая адзінка, на аснове якой адкрываюцца ўзаемныя рахункі краін для безнаяўных узаемных міжнар. разлікаў) і інш.

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЁЛ (ад лац. castellum невял. крэпасць),

1) польск. і бел. назва рымска-каталіцкага храма. Паводле царк. дагматыкі К. з’яўляецца домам Бога і месцам малітвы. Паводле прызначэння бываюць: базілікі (К. са спец. папскімі прывілеямі, асноўныя ў Рыме); кафедральныя (К., дзе ёсць кафедра епіскапа і знаходзяцца кафедральны капітул); калегіяты (К., якім нададзены спец. ганаровы статус, ёсць свой калегіяцкі капітул); кляштарныя; парафіяльныя (прыходскія, фарныя); філіяльныя (у складзе прыхода); капліцы. На Беларусі К. пачалі сістэматычна будаваць пасля Крэўскай уніі 1385, найб. шырока — пасля Брэсцкай уніі 1596.

Унутраная прастора К. падзяляецца на 3 традыц. для хрысц. храма часткі: бабінец (прытвор, нартэкс), цэнтр. частку і прэсбітэрый (алтарную частку). У адрозненне ад правасл. храма (царквы) у К. алтаром наз. не частка прасторы, а ўзвышанае ахвярнае месца з распяццем, абразом або статуяй святога. Гал., часта шматфігурны, алтар размяшчаецца ў прэсбітэрыі (звычайна аддзелены ад цэнтр. часткі невысокай агароджай). У К. можа быць некалькі дадатковых бакавых алтароў у цэнтр. частцы, там таксама знаходзяцца кафедра для ксяндза, спавядальня, лаўкі для вернікаў. На сценах жывапісныя або скульпт. сцэны з крыжовага шляху Ісуса Хрыста (стацыі), дадатковыя абразы, эпітафіі і помнікі фундатарам (іх тут часта хавалі), месца для хароў, арган і інш. Пры прэсбітэрыі размяшчаюцца сакрысція і часам касцельная б-ха. Інтэр’ер К. звычайна багата ўпрыгожаны. Вял. К. будавалі з крыптай.

Першыя мураваныя К. (15 ст.) мелі рысы готыкі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл, Уселюбскі касцёл). У 16 ст. будавалі К. трохчасткавай кампазіцыі з адной магутнай вежай пры ўваходзе (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла архангела). Першы К. у стылі барока — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Найб. пашыраны тып К. ў 17—18 ст. — базіліка з 2-вежавым фасадам (Міхалішскі касцёл аўгусцінцаў, Княжыцкі касцёл і кляштар дамініканцаў). Шматлікія каталіцкія ордэны манаскія ў Гродне, Слоніме, Пінску, Оршы, Мінску, Полацку, Віцебску і інш. стваралі ансамблі будынкаў кляштара і К. з выразнай барочнай пластыкай гал. фасадаў. Архітэктура драўляных К. імітавала формы мураваных храмаў. З пач. 19 ст. К. будавалі ў стылях класіцызму і несапраўднай готыкі (Мінскі Чырвоны касцёл, Сар’ёўскі касцёл, Відзаўскі Троіцкі касцёл і інш.).

2) Тэрмін для абазначэння рымска-каталіцкай царквы як рэліг. арг-цыі ў Польшчы.

Т.​В.​Габрусь (архітэктура).

Касцёл у г. Ліманова (Польшча). 1918.
Касцёл Сымона і Алены (Чырвоны) у Мінску.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р. Іпуць на У (тэр. Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.

Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.

Літ.:

Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;

Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;

Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;

Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРК (ад позналац. parricus абгароджанае месца),

зямельны ўчастак з натуральнай або спец. пасаджанай расліннасцю, з дарогамі, алеямі, вадаёмамі, прызначаны для адпачынку, прагулак, гульняў. П., як і сады, ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры і з’яўляюцца асн. элементамі азелянення і садова-паркавага мастацтва. Могуць размяшчацца ў масавай гар. забудове, у буйных лесапаркавых зонах або водна-зялёных дыяметрах, якія аб’ядноўваюць унутрыгарадскую і прыгарадную сістэмы азелянення. Бываюць малыя (да 10 га), сярэднія (10—30 га) і вял. (больш за 30 га). Паркавую кампазіцыю ствараюць масівы дрэў, алеі, адзіночныя пасадкі, жывыя агароджы, газоны, баскеты, дэкар. расліны, кветнікі і інш. Вял. значэнне мае выкарыстанне архітэктуры малых формаў. Парадным месцам П. з’яўляецца партэр.

П. былі вядомы ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме і інш. Дэкаратыўнасцю вызначаліся П. феад. эпохі ў Японіі, Кітаі, Індыі і інш. Перыяду класіцызму характэрны рэгулярны парк франц. тыпу з дакладнай геам. планіроўкай (П. у Версалі, Францыя, 17 ст.). Уплыў рамантызму выявіўся ў пейзажных парках англ. тыпу, якім уласціва свабодная планіроўка тэрыторыі і маляўнічая кампазіцыя аб’ектаў (П. Стоу у Англіі, 18 ст.). У 18 ст. ствараліся палацава-паркавыя ансамблі Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія), Пецяргофа, Летні сад у Пецярбургу (рэгулярныя П.), пейзажныя П. ў Паўлаўску (Ленінградская вобл.), Уманскі дэндрапарк «Сафіеўка» (Украіна).

На Беларусі найб. старадаўнія П., што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Узоры рэгулярных П. — Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, П. у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя П. (гл. Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і інш.). У 19 ст. з’явіўся новы тып П. — грамадскі «гарадскі сад» (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). З 1920-х г. ствараюцца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя (імя М.​Горкага ў Мінску) і спартыўныя (у Баранавічах Брэсцкай вобл.), паркі мемарыяльныя, заалагічныя (у Гродне). Гл. таксама Садова-паркавае мастацтва.

Літ.:

Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;

Косаревский И.А. Искусство паркового пейзажа. М., 1977;

Горохов В.А., Лунц Л.Б. Парки мира. М., 1985;

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989.

В.​Р.​Анціпаў, Г.​С.​Ларкін.

Дзіцячы парк імя М.​Горкага ў Мінску.
Парк Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія). 18 ст.

т. 12, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)