ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПАРА́ДКУ КІРАВА́ННЯ,
злачынствы, якія пасягаюць на дзейнасць органаў дзярж. кіравання, супраць прадстаўнікоў улады, невыкананні спец. правіл або ў інш. дзеяннях, якія парушаюць работу дзярж. устаноў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да такіх злачынстваў належаць: здзекаванне над дзярж. сімваламі, арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак, прымус да ўдзелу ў забастоўках, супраціўленне работнікам міліцыі, нар. дружыннікам пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку, інш. супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да гэтых асоб, а таксама ваеннаслужачых і інш. службоўцаў пры выкананні імі сваіх абавязкаў; замах на іх жыццё ці жыццё іх блізкіх сваякоў; самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы, парушэнне парадку арганізацый і правядзення вулічных шэсцяў, дэманстрацый і інш. За парушэнні, якія не ўяўляюць вял. грамадскай небяспекі, у шэрагу выпадкаў ужываецца адм. адказнасць.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 7, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕНТАРЫЗА́ЦЫЯ,
перыядычная праверка адпаведнасці фактычнай наяўнасці гасп. сродкаў (матэрыяльных і інш. каштоўнасцей) даным бухгалтарскага ўліку; адзін са сродкаў кантролю за захаваннем уласнасці, фінансава-разліковай дысцыпліны. Праводзіцца ва ўстаноўленыя тэрміны (планавая І.), раптоўна (рэвізія), пры змене матэрыяльна-адказных асоб, пасля стыхійных бедстваў, па патрабаванні следчых органаў, у інш. выпадках. Вылучаюць бягучую (праводзіцца ў любы час на працягу года) і гадавую (пры складанні гадавой справаздачы), поўную (ахоплівае ўсе віды сродкаў прадпрыемства, фірмы, арганізацыі) і частковую. І. прыродных рэсурсаў, улік колькасці, якасці, дынамікі запасаў і ступені эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. Ажыццяўляецца самастойна і ў працэсе складання кадастраў. Выкарыстоўваецца ў якасці асновы для распрацоўкі праектаў рацыянальнага прыродакарыстання, экалагічных прагнозаў, планавання прыродаахоўнай дзейнасці, вырашэння навук. праблем. На падставе фактаграфічных даных І. прыродных рэсурсаў складзены водны, зямельны, лясны кадастры Беларусі.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВІТА́ЦЫЯ (ад лац. cavitas пустата),
з’ява ўтварэння ў кропельнай вадкасці поласцей, запоўненых газам, парай ці іх сумессю; парушэнне суцэльнасці ўнутры вадкасці. Ўзнікае пры мясцовым паніжэнні ціску ніжэй за крытычнае значэнне (для рэальных вадкасцей яно прыбл. роўнае ціску яе насычанай пары пры дадзенай т-ры). Калі паніжэнне ціску адбываецца з-за павелічэння скорасці ў патоку вадкасці, К. наз. гідрадынамічнай; калі пры праходжанні акустычных хваль — акустычнай. Знікненне поласцей суправаджаецца мех. імпульсам, падобным да гідраўлічнага ўдару, што неспрыяльна адбіваецца на рабоце гідратурбін, грабных вінтоў, помпаў і інш. (вібрацыя, змяншэнне ккдз, разбурэнне рабочых органаў). Акустычная К. ляжыць у аснове большасці выпадкаў практычнага выкарыстання ультрагуку. У біял. аб’ектах імпульсы ціску ў кавернах абумоўліваюць імгненныя разрывы мікраарганізмаў і прасцейшых. Гэтай з’явай карыстаюцца для выдзялення з жывёльных і раслінных клетак гармонаў, ферментаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў.
т. 7, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́СІЯ ПА СПРА́ВАХ НЕПАЎНАЛЕ́ТНІХ,
у Рэспубліцы Беларусь орган, які каардынуе дзейнасць дзярж. органаў і грамадскіх аб’яднанняў па папярэджанні безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, уладкаванні дзяцей і падлеткаў, ахове іх правоў. Разглядае справы аб правапарушэннях дзяцей і падлеткаў, кантралюе правядзенне выхаваўчай і прафілактычнай работы з непаўналетнімі ў навуч. установах (у т. л. ў спец. установах закрытага тыпу), у прыёмніках-размеркавальніках для непаўналетніх і выхаваўча-працоўных калоніях. Камісіі ўтвараюцца пры гар., раённых, абл. выканкомах, а Камісія па справах непаўналетніх пры СМ Рэспублікі Беларусь — СМ Рэспублікі Беларусь. Склад камісій, іх правы і парадак дзейнасці рэгламентуюцца заканадаўствам. Пастановы, прынятыя камісіямі, абавязковыя для выканання прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі незалежна ад форм уласнасці, службовымі асобамі і грамадзянамі. Дзейнасць камісій ажыццяўляецца пры шырокім удзеле грамадскасці і ва ўзаемадзеянні з пастаяннымі камісіямі Саветаў дэпутатаў.
Г.А.Маслыка.
т. 7, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ НАГЛЯ́Д,
асобы від праваахоўнай дзейнасці ў дзяржаве па праверцы адпаведнасці законаў і інш. нарматыўных актаў канстытуцыі дадзенай дзяржавы. К.н. можа ажыццяўляцца ўсімі судамі агульнай юрысдыкцыі (ЗША, Аргенціна, Данія, Мексіка, Нарвегія, Японія), вярх. судом, які з’яўляецца вышэйшай суд. інстанцыяй (Аўстралія, Балівія, Індыя, Ірландыя, Канада, Філіпіны, Швейцарыя), спец. канстытуцыйнымі судамі, для якіх К.н. — гал. функцыя (Аўстрыя, Беларусь, ФРГ, Італія, Кіпр, Расія, Турцыя), асобым органам несуд. характару (Канстытуцыйны савет у Францыі). Аб’ектамі К.н. могуць быць звычайныя законы, папраўкі да канстытуцыі, міжнар. дагаворы, нарматыўныя акты выканаўчых органаў улады. У федэратыўных дзяржавах аб’ектам К.н. з’яўляюцца таксама пытанні размежавання кампетэнцыі паміж саюзам і суб’ектамі федэрацыі. Орган, які ажыццяўляе К.н., можа прызнаць супярэчным канстытуцыі ўвесь закон або яго частку; гэтыя нормы трацяць сваю юрыд. сілу і перастаюць ужывацца судамі і інш. дзярж. органамі.
т. 7, с. 597
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕРЭ́НЦЫЯ ААН ПА ГА́НДЛІ І РАЗВІЦЦІ́,
(United Nations Conference on Trade and Development; ЮНКТАД), адзін з пастаянных органаў Генеральнай Асамблеі ААН. Засн. ў 1964. Асн. мэты: спрыянне развіццю міжнар. гандлю, каардынацыя дзейнасці інш. устаноў сістэмы ААН у галіне гандлю і эканам. развіцця, распрацоўка юрыд. базы міжнар. гандлю. У склад ЮНКТАД уваходзяць усе дзяржавы — чл. ААН, яе спец. устаноў і Міжнар. агенцтва па атамнай энергетыцы. Вышэйшы орган — сесія (праходзіць не радзей як раз у 4 гады), паміж сесіямі працуюць Савет па гандлі і развіцці (збіраецца 2 разы на год, пры ім існуе 7 асн. к-таў), і сакратарыят на чале з ген. сакратаром. У межах канферэнцыі дзейнічаюць к-ты па сыравіннай прадукцыі, спец. па прэферэнцыях, па прамысл. гандлі. Штаб-кватэра ў Жэневе.
В.В.Варановіч.
т. 8, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛО́ГІІ, КРЫМІНАЛІ́СТЫКІ І СУДО́ВАЙ ЭКСПЕРТЫ́ЗЫ ПРАБЛЕ́М НДІ Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь
(НДІПКК і СЭ),
навуковы цэнтр, які праводзіць даследаванні ў галіне крыміналогіі, крыміналістыкі і суд. экспертызы, ажыццяўляе метадычнае забеспячэнне работы следчых і суд. органаў, а таксама экспертныя даследаванні пры суд. разглядзе крымін. і цывільных спраў, матэрыялаў аб адм. правапарушэннях. Створаны ў адпаведнасці з пастановай СМ Рэспублікі Беларусь ад 20.3.1990. Упершыню ўстанова для навук. даследаванняў і забеспячэння работы экспертаў была заснавана пры Нар. камісарыяце БССР у 1929; неаднаразова мянялася назва (лабараторыя, ін-т). У складзе НДІ лабараторыі: суд.-почырказнаўчых даследаванняў, суд.-тэхн. даследавання дакументаў, суд. фанетыкі, суд.-балістычных і трасалагічных даследаванняў, крыміналістычных даследаванняў матэрыялаў, рэчываў і вырабаў, суд. аўтатэхн. даследаванняў, суд.-эканам., таваразнаўчых экспертыз і інш.; аддзелы: крыміналогіі, крыміналістыкі, навук.-тэхн. інфармацыі і інш.
Л.А.Шукан.
т. 8, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАГРАНУЛАМАТО́З, хвароба Ходжкіна,
злаякаснае новаўтварэнне лімфоіднай тканкі. Апісаны англ. урачом Т.Ходжкіным (1832). Паходжанне невядома. Часцей хварэюць дзеці і маладыя людзі. Адрозніваюць 4 стадыі Л.: лакалізаваная — пашкоджанне аднаго (некалькіх) сумежных груп лімфавузлоў; рэгіянарная — розных груп несумежных лімфавузлоў з аднаго боку дыяфрагмы (ў грудной або брушной поласцях); генералізаваная — толькі лімфатычнай сістэмы (лімфатычныя вузлы, селязёнка, міндаліны і г.д.); дысемінаваная — усёй лімфатычнай сістэмы і ўнутр. органаў (лёгкіх, печані, нырак, касцей, мяккіх тканак, скуры і г.д.). Л. можа працякаць з мясц. сімптомамі (павелічэнне лімфавузлоў) і з прыкметамі агульнай інтаксікацыі (павышэнне т-ры цела, хвалепадобная ліхаманка, адсутнасць апетыту, зніжэнне масы цела, сверб скуры, падскурныя кровазліцці, жаўтуха і інш.). Лячэнне — комплексная хіміяпрамянёвая тэрапія.
Літ.:
Переслегин И.А., Филькова Е.М. Лимфогранулематоз. М., 1980;
Лимфогранулематоз. М., 1985.
В.Я.Рэбека, І.В.Рэбека.
т. 9, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАФАГІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА манацытарна-фагацытарная сістэма, рэтыкула-эндатэліяльная сістэма,
сукупнасць клетак-фагацытаў тканак і органаў, якія маюць агульнае паходжанне ад манацытаў крыві. Мае 3 звяны: клеткі-папярэднікі (манабласты і праманацыты) чырв. касцявога мозгу; транспартная форма — манацыты крыві (6—8% у лейкацытарнай формуле); клеткі-эфектары — мікрафагі ў тканках і органах, нашчадкі манацытаў, што пакінулі крывяное рэчышча. Клеткі М.с. выконваюць функцыі: выпрацоўкі біялагічна актыўных рэчываў, якія рэгулююць утварэнне імунакампетэнтных лімфоідных клетак; аховы арганізма ад чужародных мікраарганізмаў, таксінаў, інш. часцінак; удзелу ў рэакцыях запалення, рэарганізацыі тканак, загойванні ран, рэгуляцыі кроваўтварэння і інш. Рэгуляцыя функцыянавання М.с. ажыццяўляецца пры дапамозе пасрэднікаў, якія ўтвараюцца макрафагамі, лімфоіднымі і інш. імунакампетэнтнымі клеткамі. Макрафагі ўзбуджаюцца антыгеннымі сігналамі праз комплекс антыген-антыцела, кааперацыя з лімфацытамі ажыццяўляецца пры дапамозе розных рэцэптараў і антыгенаў.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖБА́НКАЎСКІ РЫ́НАК,
частка фін. рынку дзяржавы, куды прыцягваюцца і дзе размяркоўваюцца паміж банкамі часова свабодныя грашовыя рэсурсы крэдытных устаноў. Ажыццяўляюцца аперацыі пераважна ў форме міжбанкаўскіх дэпазітаў на кароткі тэрмін (найчасцей на 1, 3 і 6 месяцаў, гранічныя — ад 1 да 2, часам да 5 гадоў). Сродкі М.р. выкарыстоўваюцца банкамі і для сярэдне- і доўгатэрміновых актыўных аперацый, рэгулявання балансаў, выканання патрабаванняў рэгулюючых органаў. М.р. побач з уліковым рынкам, дзе абарачаецца значная маса кароткатэрміновых каштоўных папер, гал. характарыстыка якіх — высокая ліквіднасць і мабільнасць, і валютным, дзе на аснове попыту і прапановы адбываецца купля-продаж валют, складаюць аснову грашовага рынку як часткі рынку пазыковых капіталаў. Банкі ж з’яўляюцца пасрэднікамі паміж пазыковымі і функцыянуючымі пазычальнікамі, накопліваюць вял. свабодныя грашовыя сродкі і даюць крэдыты прадпрымальнікам, дзяржаве, інш. юрыд. і фіз. асобам.
У.Р.Залатагораў.
т. 10, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)