«КЛА́СІК-АВАНГА́РД»,

бел. ансамбль салістаў. Створаны ў Мінску ў 1991, канцэртную дзейнасць вядзе з 1988. Кіраўнік У.​Байдаў. У рэпертуары малавядомыя муз. творы розных часоў і стылявых кірункаў, ад стараж. музыкі да сучасных эксперыментаў. Зрабіў значны ўклад у развіццё сучаснай бел. камернай музыкі, аднавіў складаныя творы бел. аўтараў. Для ансамбля пішуць многія кампазітары, у т. л. замежныя. Па ініцыятыве калектыву і пры яго ўдзеле ў Віцебску з 1989 штогод праводзіцца фестываль камернай музыкі памяці І.​Салярцінскага. Адзін з асн. выканаўцаў 1-га Міжнар. фестывалю сучаснай камернай музыкі (Мінск, 1991), фестываляў «Адраджэнне Беларускай капэлы» (з 1991).

Н.​Я.​Бунцэвіч.

Ансамбль салістаў «Класік-Авангард».

т. 8, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОЛЬ (Міхаіл Барысавіч) (2.3.1879, Мінск — 6.8.1939),

бел. вучоны-неўрапатолаг. Акад. АН Беларусі (1931). Чл.-кар. АН СССР (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1901). У 1906—24 у 2-м Маскоўскім ун-це. Адзін з арганізатараў мед. ф-та ў БДУ (1921), з 1924 яго дэкан, заг. кафедры, потым дырэктар Бел. ін-та фізіятэрапіі. З 1932 у Маскве (з 1933 дырэктар клінікі нерв. хвароб). Асн. працы па лакалізацыі функцый мозга, афазіі, апраксіі, танічных рэфлексах, рэперкусіі, электрафізіял. даследаваннях, вірусных нейраінфекцыях.

Тв.:

Невропатологические синдромы, 2 изд. М.; Л.. 1936;

Учебник нервных болезней. 3 изд. М.; Л., 1939 (разам з М.​С.​Маргулісам, М.​І.​Пропер-Грашчанкавым).

М.Б.Кроль.

т. 8, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІ́ЦКІ Арон Маркавіч [парт. псеўд. Бампі; 14.12.1896, Мінск — 21.2.1971], удзельнік камуніст. падполля ў гады грамадз. вайны ў Мінску. Скончыў БДУ (1925), Ін-т чырв. прафесуры (1931). У час ням. акупацыі Беларусі (1918) адказны сакратар Мінскага падп. парт. к-та, адзін з арганізатараў партыз. руху, чл Краявога к-та камуніст. арг-цый Беларусі і Літвы. Пасля вызвалення Мінска нам. старшыні Мінскага Савета, чл. Мінскага рэўкома, чл. ЦВК БССР. У 1920 нач. аддзела РВС Зах. фронту, удзельнічаў у падпісанні Дэкларацыі пра абвяшчэнне незалежнасці Беларускай ССР. У 1921—24 у Мінскім гарсавеце. З 1931 у Наркамасветы РСФСР, з 1933 на выкладчыцкай рабоце ў Маскве.

П.​А.​Селіванаў.

А.І.Крыніцкі.

т. 8, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Фёдар Спірыдонавіч) (н. 15.9.1913, ст. Чарназём Цвярской вобл., Расія),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падп. арг-цыі і партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. З 1940 нач. паравознага дэпо ст. Мінск. У ліп. 1941 арганізаваў і ўзначаліў падп. арг-цыю ў паравозным дэпо, якая ўваходзіла ў Мінскае патрыятычнае падполле. З крас. 1942 у партызанах: нам. камандзіра роты, камісар атрада «Мсцівец», у кастр. 1943 — лют. 1944 камісар брыгады «Народныя мсціўцы» імя В.​Т.​Варанянскага. Пасля вайны на адм. рабоце на Бел. чыгунцы. Аўтар успамінаў «Чыгуначнікі Мінска ў барацьбе супраць фашысцкіх акупантаў» у зб. «З гісторыі партызанскага руху ў Беларусі (1941—1944 гг.)» (1961).

т. 8, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМА́КА (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 6.5. 1929, Мінск),

бел. вучоны ў галіне фтызіятрыі і пульманалогіі. Д-р мед. н., праф. (1969). Засл. дз. нав. Беларусі (1975). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). У 1958—91 дырэктар Бел. НДІ фтызіятрыі і пульманалогіі, з 1971 адначасова ў Мінскім мед. ін-це (у 1991—98 заг. кафедры). Навук. працы па функцыянаванні ўнутр. органаў і сістэм пры паталогіі органаў дыхання, удасканаленні дыягностыкі і лячэння захворванняў органаў дыхання, барацьбе з туберкулёзам.

Тв.:

Туберкулез органов дыхания и отягощающие его факторы. Мн., 1985 (у сааўт.);

Руководство по фтизиатрии. 2 изд. Мн., 1991 (разам з С.І. Суднікам, С.А Собалем).

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎКО́Ў (Эрнст Аркадзевіч) (30.1.1935, Мінск — 13.9.1996),

бел. вучоны ў галіне геалогіі, краязнавец. Д-р геолага-мінер. н. (1981), праф. (1988). Чл.-кар. Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (1994, С.-Пецярбург). Скончыў БДУ (1958). З 1977 у Ін-це геал. навук АН Беларусі. Распрацаваў тэорыю гляцыятэктонікі. Даследаваў рэгіянальную геалогію, рэльеф і карысныя выкапні Беларусі, геал. будову і фарміраванне плошчы пашырэння дагістарычных крэменездабыўных шахтаў і майстэрняў па апрацоўцы крэменю ў Ваўкавыскім і Мастоўскім р-нах Гродзенскай вобл., культавыя камяні, вызначыў ролю тапанімікі пры рэканструкцыі гіст. мінулага. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Геология антропогена Белоруссии. Мн., 1973 (у сааўт.);

Гляциотектоника. Мн., 1980;

Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мн., 1992.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́З (Леў Рыгоравіч) (н. 26.1.1933, Мінск),

бел. фізік-тэарэтык. Канд. фіз.-матэм. н. (1961). Скончыў БДУ (1955). З 1955 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па квантавай электрадынаміцы нуклонаў і класічнай тэорыі поля. Распрацаваў новы падыход да апісання палярызавальнасці элементарных часціц і ўвёў паняцце гірацыі. Адзін з ініцыятараў правядзення даследаванняў па эксперым. фізіцы высокіх энергій на Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Введение в теорию классических полей. Мн., 1968 (разам з А.​А.​Богушам);

Поляризуемость и гирация элементарных частиц (разам з М.​В.​Максіменкам) // Вопр. атомной науки и техники. Сер. Общая и ядерная физика. 1979. Вып. 4 (10).

т. 10, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Ігар Вячаслававіч) (н. 18.5. 1954, Мінск),

бел. архітэктар, педагог. Сын В.М.Марозава. Д-р культуралогіі (1998). Скончыў БПІ (1976). Працаваў у ін-це «Белдзіпрадор», з 1987 выкладае ў БПА. Працуе ў галіне манум. мастацтва: помнікі Рагнедзе і Ізяславу ў г. Заслаўе Мінскага р-на (1993, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998), М.​Танку ў в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на Мінскай вобл. (1997). Аўтар прац у галіне тэорыі і філасофіі дойлідства: «Планета дарог» (1992), «Таямнічым шляхам Гермеса» (1994). Прэміі міжнар. арх. конкурсаў у Францыі (1984), Балгарыі (1985), Югаславіі (1987).

Тв.:

Ты откуда и куда? Мн., 1998 (разам з В.​М.​Марозавым);

Архитектурная герменевтика. Мн., 1999.

С.​А.​Сергачоў.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЭ́ (Альфрэд Львовіч) (н. 8.9.1933, Мінск),

бел. вучоны ў галіне цепла- і масаабмену. Д-р тэхн. н. (1984), праф. (1992). Засл. вынаходнік СССР (1978). Скончыў Вышэйшае ваенна-марское інж. вучылішча (Ленінград, 1956). З 1959 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» Нац. АН Беларусі (з 1990 заг. лабараторыі). Навук. працы па плазменным абсталяванні і плазменных тэхналогіях. Распрацаваў плазменны рэактар з шматструменнай камерай змешвання і тэхналогію перапрацоўкі таксічных, радыеактыўных і быт. адходаў.

Тв.:

Применение низкотемпературной плазмы в технологии неорганических веществ. Мн., 1973 (разам з У.​В.​Пячкоўскім);

Обработка дисперсных материалов в плазменных реакторах. Мн., 1980 (разам з І.​С.​Буравым).

т. 10, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ (Аляксей Васілевіч) (н. 23.5.1938, Мінск),

бел. геолаг. Акад. Нац. АН Беларусі (1994, чл.-кар. з 1991), д-р геолага-мінералаг. н. (1977), праф. (1990). Скончыў БДУ (1960). З 1978 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (у 1993—98 дырэктар). Навук. працы па літалагічных асаблівасцях антрапагенавых адкладаў, геамарфалогіі і неатэктоніцы абласцей пашырэння ледавіковага покрыва, праблемах рацыянальнага прыродакарыстання і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Ледниковая формация антропогена Белоруссии. Мн., 1976;

Неотектоника территории Припятского прогиба. Мн., 1980 (у сааўт.);

Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982 (у сааўт.);

Рельеф Белоруссии. Мн., 1988 (разам з Б.​М.​Гурскім, Р.​І.​Лявіцкай).

А.В.Мацвееў.

т. 10, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)