БЕЛФАКСВЫДАТГРУ́П,

недзяржаўнае выдавецтва. Засн. ў 1990 у Мінску. Выдавала календары-альбомы, тэматычныя календары, маст., мед., тэхн. л-ру. З 1993 у супрацоўніцтве з выд-вамі Еўропы і Амерыкі выдае замежную л-ру для дзяцей у перакладзе на рус. мову (у т. л. серыі «Энцыклапедыя залатых казак», «Міфалогія», «Свет жывёл», «Як стаць дарослым» і інш.).

т. 3, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́К (Самуіл Мендэлевіч) (1872, г. Марыупаль, Украіна — 12.3.1938),

бел. сав. отарыналарынголаг. Д-р медыцыны (1902). Скончыў Харкаўскі ун-т (1897). У 1906—16 заг. ЛОР-лячэбніцы Харкаўскага шпіталя, з 1925 заг. кафедры ЛОР-хвароб Мінскага мед. ін-та. Навук. працы па вывучэнні склеромы.

Тв.:

Склерома верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў. Мн., 1933.

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ДЗІС (Тэадор Казіміравіч) (24.1.1861, г. Рамігала Панявежскага р-на, Літва — 22.7.1917),

вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1903). Скончыў Страсбурскі ун-т (1889). У 1892—1901 ва ун-тах г. Чыкага і г. Сент-Луіс (ЗША). У 1904—17 хірург Мінскай губ. бальніцы. Навук. працы па пытаннях пераахаладжэння жывёльнага арганізма.

А.​П.​Малчанаў.

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЫ ((Murray) Джозеф Эдвард) (н. 1919),

амерыканскі хірург. У 1964—84 працаваў у шпіталях г. Бостан. З 1970 праф. Гарвардскай мед. школы ў г. Кембрыдж. Навук. працы па трансплантацыі органаў. Распрацаваў методыку прадухілення рэакцыі адарвання тканак. У 1954 ажыццявіў першую перасадку ныркі, узятую ад брата-блізнюка. Нобелеўская прэмія 1990 (разам з Э.Д.Томасам).

Дж.Мары.

т. 10, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЭ́Л ((Machel) Самора) (29.9.1933, Кілембене, Мазамбік — 19.10.1986),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Мазамбіка. Меў пачатковую мед. адукацыю. З 1963 у Танзаніі, дзе далучыўся да Фронту вызвалення Мазамбіка (ФРЭЛІМО). З 1966 камандуючы ўзбр. сіламі, з 1970 старшыня ФРЭЛІМО. З 1975 прэзідэнт і кіраўнік урада Нар. Рэспублікі Мазамбік. Пэўны час быў прыхільнікам сацыяліст. арыентацыі краіны. Загінуў у авіякатастрофе.

т. 10, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МРАНГО́ВІУС (Вільям Юльевіч) (10.9. 1874, г.Сувалкі, Польшча — ?),

вучоны ў галіне венералогіі і дэрматалогіі. Скончыў Пецярбургскую Ваенна-мед. акадэмію (1900). У 1923—30 праф., заснавальнік кафедры скурна-венерычных хвароб БДУ. Навук. працы па дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы дэрматозаў, туберкулёзу скуры і венерычных хвароб.

Тв.:

Лячэнне ваўчанкі на сяле. Мн., 1929;

Скурныя і венерычныя хваробы. Мн., 1930.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАЭМА́ЛІ, нітрафарбы,

эмалевыя фарбы на аснове нітралакаў. Утвараюць дэкар. пакрыцці (напр., «малатковыя», з люстраным бляскам). Наносяць на слой алкіднай ці фенола-алейнай грунтоўкі (гл. Лакафарбавыя пакрыцці), пры пнеўматычным распыленні высыхаюць за 15—30 мін (пры пакаёвай т-ры). Выкарыстоўваюць для афарбоўкі металу (аўтамабілі, прыборы, станкі), дрэва (кухонная і мед. мэбля), тканіны і скуры.

т. 11, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ХЦЕРАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (1.2.1857, в. Бехцерава Кіраўскай вобл., Расія — 24.12.1927),

расійскі неўрапатолаг, псіхіятр, псіхолаг і нейрафізіёлаг; заснавальнік навук. школы па рэфлексалогіі. Праф. (1893). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1878). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1881. У 1884 працаваў за мяжой у Э.Дзюбуа-Рэймона. З 1885 у Казанскім ун-це, з 1893 у Ваенна-мед. акадэміі, з 1897 у Жаночым мед. ін-це ў Пецярбургу. З 1908 заснавальнік і дырэктар Псіханеўралагічнага ін-та, з 1918 — Ін-та мозга і псіхічнай дзейнасці (цяпер Ін-т мозга імя У.​М.​Бехцерава). Фундаментальныя працы па анатоміі, фізіялогіі і паталогіі нерв. сістэмы. Залажыў асновы вучэння пра рэтыкулярную фармацыю галаўнога і спіннога мозга, стварыў вучэнне пра кампенсаторныя ўласцівасці мозга, упершыню вылучыў шэраг характэрных рэфлексаў, важных для дыягностыкі нерв. хвароб, апісаў шэраг хвароб і метады іх лячэння. Даследаваў лячэбнае выкарыстанне гіпнозу, у т. л. пры алкагалізме.

Літ.:

Мясищев В.Н. В.​М.​Бехтерев — замечательный ученый, врач, педагог, общественный деятель. Киров, 1956.

У.М.Бехцераў.

т. 3, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЕ́ЎСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (24.5.1906, г. Казань, Расія — 19.11.1975),

савецкі хірург. Акад. АМН СССР (1957), ген.-палк. мед. службы (1963). Герой Сац. Працы (1966). Сын і вучань А.В.Вішнеўскага. Скончыў Казанскі ун-т (1929). Працаваў у ім, з 1931 у Ваенна-мед. акадэміі (Ленінград), з 1933 ва Усесаюзным ін-це эксперым. медыцыны. З 1948 дырэктар Ін-та хірургіі імя А.​В.​Вішнеўскага АМН СССР і адначасова (з 1956) гал. хірург Сав. Арміі. Навук. працы па мясц. анестэзіі, абязбольванні, гіпатэрміі і штучным кровазвароце пры аперацыях на сэрцы і лёгкіх, праблемах нерв. трофікі ў хірургіі, выкарыстанні палімераў у хірургіі. Упершыню ў свеце выканаў пад мясц. анестэзіяй аперацыю на сэрцы (1953), першую ў СССР аперацыю на «адкрытым сэрцы» ва ўмовах штучнага кровазвароту (1957). Ленінская прэмія 1960. Дзярж. прэмія СССР 1970.

Тв.:

Дневник хирурга. Великая Отечественная война 1941—1945 гг. М., 1967;

Избранные работы по хирургии и пограничным областям. Т. 1—2. М., 1970.

А.А.Вішнеўскі.

т. 4, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ АДПАЧЫ́НКУ,

прафілактычная аздараўленчая ўстанова для адпачынку і аднаўлення сіл людзей у найб. спрыяльных і здаровых умовах. Д.а. ствараюць прафес. саюзы, мін-вы, ведамствы, асобныя прадпрыемствы і калгасы.

Бываюць Д.а. круглагадовыя, сезонныя і спец. (для бацькоў з дзецьмі, моладзі, цяжарных і інш.), з 12- і 24-дзённым адпачынкам і для адпачынку ў выхадныя дні. Усе Д.а. маюць мед. пункты, на якіх працуюць мед сёстры, у значных (350 і больш месцаў) ёсць урач, у невялікіх (200—350 месцаў) — фельчар. Некаторыя Д.а. маюць зубаўрачэбны і фізіяпрацэдурны кабінеты, лячэбны масаж. Першыя Д.а. на Беларусі (з 1920): «Ждановічы» (з 1970 санаторый) пад Мінскам, «Чонкі» пад Гомелем. У 1980 на Беларусі было 16 Д.а. на 5452 месцы, у 1996—11 на 2549 месцаў: 5 з іх ведамасныя, 6 Д.а. («Алеся», «Лагойскі», «Лясныя азёры», «Нарач», «Пухавічы», «Свіцязь») належаць аб’яднанню «Белпрафсаюзкурорт». У 1960-я г. з’явіліся ўстановы на ўзор Д.а. — пансіянаты адпачынку (у 1995—4 на 784 месцы) і пансіянаты з лячэннем (1 на 178 месцаў).

Э.​А.​Вальчук.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)