НЕЗАЛЕ́ЖНЫ ПРАФСАЮ́З БЕЛАРУ́СІ, Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў,
хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і інш. работнікаў. Створаны 6.11.1991 на базе арг-цыі «Рабочы саюз» і стачкома г. Салігорска. Аб’ядноўвае больш за 10 тыс.чл. Складаецца з пярвічных і рэгіянальных арг-цый, кіруючы орган — Савет прадстаўнікоў. Арг-цыі Н.п.Б. існуюць ў Салігорску, Мінску, Наваполацку, Гродне, Мазыры, Слуцку і інш.Асн. мэты прафсаюза: павышэнне жыццёвага ўзроўню і сац. абароненасці чл. прафсаюза, абарона іх працоўных, сац.-эканам., грамадз., маёмасных і інш. правоў і законных інтарэсаў. Асн. задачы — прадстаўляць і адстойваць інтарэсы чл. прафсаюза ў органах дзярж. улады і кіравання, заключаць пагадненні і калект. дагаворы, ажыццяўляць нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, дабівацца прывядзення законаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з міжнар. нормамі права і інш. Выдае штотыднёвую газ. «Салідарнасць» (1991). З’яўляецца чл.Міжнар. федэрацыі прафсаюзаў работнікаў хім., горназдабыўной прам-сці, энергетыкі і рознарабочых (ІСЕМ), заснавальнікам Бел. кангрэса дэмакр. прафсаюзаў (БКДП).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІ ЗЕ́МСКІ СУД, земскі суд,
калегіяльны выбарны адм.-паліцэйскі орган на тэр. павета ў Рас. імперыі ў 1775—1863. Створаны на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Расійскай імперыі» 1775. Павінен быў забяспечваць у павеце «добрапрыстойнасць, добрыя паводзіны і парадак», выкананне законаў, пастаноў губернатара і губ. устаноў, сачыць за гандлем і станам цэн, займацца вышукам збеглых сялян, сачыць за станам дарог і мастоў і інш. Праводзіў папярэдняе расследаванне па пэўнай катэгорыі крымін. спраў і выконваў рашэнні, вынесеныя суд. органамі. На Беларусі такія суды ўводзіліся ў 1775—96. Напачатку ў іх уваходзілі земскі спраўнік і 2—4 засядацелі ад дваранства, якіх выбіралі на дваранскіх выбарах на 3 гады і зацвярджаў губернатар. З 1832 земскіх спраўнікаў выбіралі на 6 гадоў. Прадугледжвалася і выбранне 2 засядацеляў ад сялян (фактычна іх выбіралі толькі ў Віцебскай і Магілёўскай губ.). Скасаваны ў 1863 на падставе «Часовых правіл аб арганізацыі паліцыі ў гарадах і паветах губерняў» (1862) і заменены павятовымі паліцэйскімі ўпраўленнямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́СТЛАНД», рэйхскамісарыят Остланд,
адм.-тэр. адзінка, устаноўленая ў 1941 ням. фашыстамі на акупіраванай імі тэр.СССР. Адм. цэнтр «О.» — Каўнас (да жн. 1941), Рыга (да восені 1944), Берлін (да мая 1945). Узначальваў «О.» да восені 1944 Г.Лозе, пазней Э.Кох. Складаўся з 4 ген. акруг: Беларусь, Латвія, Літва, Эстонія. Межы акруг не заўсёды супадалі з межамі сав. рэспублік: да акругі Літва акупанты далучылі паўн.-зах. раёны Вілейскай вобл., генеральная акруга Беларусь (узначальваў гаўляйтэр В.Кубэ, потым К. фон Готберг, з 1.4.1944 падпарадкавана міністру ўсх. зямель А.Розенбергу) складала толькі 1/3тэр.БССР. Апарат кіравання «О.» будаваўся на ўзор Рэйхсміністэрства акупіраваных усх. тэрыторый з некалькіх гал. аддзелаў, у т. л. палітыкі, культуры. Гал. друкаваны орган — «Deutsche Zeitung im Ostland» («Нямецкая газета ў Остландзе»; выдавалася штодзень у Рызе, змяшчала матэрыялы пра Беларусь).
Літ.:
Handrack H.-D. Das Reichskommissariat Ostland: Die Kulturpolitik der deutschen Verwaltung zwischen Autonomie und Gleichschaltung 1941—1944. Hannover;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫ РЭЖЫ́М,
спосаб функцыянавання палітычнай сістэмы грамадства і паліт. працэсаў; тып дзярж.кіравання са спецыфічнымі прынцыпамі і структурамі, якія рэгулююць грамадскія адносіны. Асн. пытаннем П.р. з’яўляецца праблема ўлады, якая ўздзейнічае на ўсе сферы грамадства, на эканам., сац., культ. і інш. структуры, паліт. паводзіны і дзейнасць людзей. Існуе мноства крытэрыяў, паводле якіх класіфікуюцца П.р. Можа быць ліберальны, аўтарытарны, дэмакр., аўтакратычны, монакратычны (дыктатарскі), дырэкторыя (калект. кіраванне), камбінаваны; гл. Аўтарытарызм, Дыктатура, Дэмакратыя, Лібералізм, Таталітарызм. Класіфікуюцца таксама па сац. складзе кіруючых эліт, ступені адкрытасці і закрытасці, характары абароны і падтрымкі рэжыму, формах і метадах паліт. ўзаемадзеяння паміж кіруючай элітай і грамадствам. Вызначае тып арганізацыі ўлады, паліт. адносіны, сукупнасць элементаў ідэалаг., інстытуцыянальнага і сац. парадку, якія садзейнічаюць фарміраванню паліт. культуры. Тып П.р. вызначаецца ўзроўнем развіцця і інтэнсіўнасцю паліт. працэсаў, структурай кіруючай эліты, механізмам яго фарміравання, станам правоў і свабод чалавека ў грамадстве, пануючым тыпам легітымнасці, развітасцю грамадска-паліт. традыцый, дамінуючай паліт. свядомасцю і паводзінамі. Паводле марксісцкай тэорыі існуюць П.р. сацыяліст. і капіталістычныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ЦЫЯ (ням. Polizei ад грэч. politeia кіраванне дзяржавай),
сістэма асобных органаў дзярж.кіравання, якія займаюцца аховай грамадскага парадку і барацьбой са злачыннасцю. П. праводзіць папярэдняе расследаванне і дазнанне па некаторых відах правапарушэнняў. Існуюць 2 формы арганізацыі нац. паліцэйскіх сістэм: цэнтралізаваная (Аўстрыя, Францыя, Фінляндыя і інш.) і дэцэнтралізаваная (Вялікабрытанія, Германія і інш.). У Францыі, напр., паліцэйскія ўстановы падпарадкаваны Ген. дырэкцыі нац. П., якая ўваходзіць у склад МУС. У Вялікабрытаніі П. ўваходзіць у сістэму МУС, яе аператыўны штаб — лонданскае ўпраўленне крымін. расследавання; у гарадах і графствах функцыянуе мясц. П. У ЗША федэральная П. складаецца з федэральнага бюро расследавання і шэрагу інш. паліцэйскіх устаноў, якія ўваходзяць у склад розных мін-ваў; П. штатаў падпарадкоўваецца звычайна губернатару штата, мясц. (найб. шматлікая) — муніцыпалітэтам. У Рас. імперыі П. як самаст.арг-цыя ўстаноўлена Пятром I і існавала да Лют. рэвалюцыі 1917. У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах функцыі П. выконваюць міліцыя і інш. праваахоўныя органы. У Расійскай Федэрацыі ў 1993 створана падатковая П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШКО́ВАЙ МЕТАЛУРГІ́І З ДО́СЛЕДНАЙ ВЫТВО́РЧАСЦЮ НДІБеларускага дзяржаўнага навукова-вытворчага канцэрна парашковай металургіі.
Засн. ў 1972 у Мінску на базе праблемнай лабараторыі Бел.політэхн. ін-та. У 1980 на базе НДІ створана навукова-вытв. аб’яднанне, у 1996 — Бел.дзярж. навукова-вытворчы канцэрн парашковай металургіі. Асн. кірункі навукова-тэхн. дзейнасці: распрацоўка навук. прынцыпаў кіравання структурай і ўласцівасцямі матэрыялаў, стварэнне новых матэрыялаў (канструкцыйных, порыстых, трыбатэхн., алмазазмяшчальных, магнітных, керамічных і інш.) для работы ў экстрэмальных умовах; распрацоўка высокаэфектыўных тэхналогій атрымання гэтых матэрыялаў метадамі парашковай металургіі, сінтэзу, уздзеяннем імпульснымі нагрузкамі, нанясеннем ахоўных пакрыццяў і інш. і выраб з іх дэталяў, вузлоў і камплектуючых для прадпрыемстваў аўтатрактарнага і с.-г. машынабудавання, энергетыкі, прыборабудавання, чыг. транспарту, вытв-сці хім. і харч. прадуктаў, будматэрыялаў, вырабаў мед. тэхнікі і інш. З 1977 выдае штогоднік «Парашковая металургія». У ін-це працаваў чл.-кар.Нац.АН Беларусі Г.Дз.Карпенка, працуюць акад.Нац.АН Беларусі П.А.Віцязь і А.У.Роман.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ТНІКАЎ (Браніслаў Аляксандравіч) (н. 15.12.1940, г. Быхаў Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1981), праф. (1982). Скончыў БДУ (1969). З 1971 у БДУ (у 1992—93 заг. кафедры, у 1996 дэкан філал. ф-та), з 1998 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Асн. працы па агульным, слав. і бел. мовазнаўстве. Аўтар кніг: «Дыстрыбутыўнастатыстычны аналіз лексічных значэнняў» (1979), «Асновы семасіялогіі» (1984), «Аб форме і змесце ў мове» (1989), «Семіётыка тэксту» (1992), «Беларуская мова ў сістэме славянскіх моў» (1999), «Фанетыка і марфалогія беларускай мовы» (2000), сааўтар прац «Чэшская мова» (з Н.В.Івашынай), «Руска-чэшскі і чэшска-рускі слоўнік агульнагеаграфічных тэрмінаў» (абедзве 1985), «Дыхатамічная лексікалогія» (1989, з В.П.Трайкоўскай) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Общее языкознание: Сущность и история языка. 2 изд. Мн., 1993 (разам з Н.Б.Мячкоўскай, А.Я.Супруном);
Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;
Общее языкознание: Структура языка. Типология языка и лингвистика универсалий. 2 изд. Мн., 1995 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁМНІКІ АПТЫ́ЧНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
прылады, у якіх змены стану адчувальных элементаў пад уплывам аптычнага выпрамянення (святла) служаць для выяўлення і вымярэння гэтага выпрамянення. Пераўтвараюць энергію выпрамянення ў інш. віды энергіі (цеплавую, эл., мех. і інш.), больш зручныя для непасрэдных вымярэнняў.
Асн. параметры: парогавая адчувальнасць (найменшы паток выпрамянення, які можна зарэгістраваць на фоне ўласных шумаў), каэфіцыент пераўтварэння (звязвае зыходны паток з выхадным сігналам), спектральная характарыстыка (залежнасць адчувальнасці прылады ад даўжыні хвалі выпрамянення) і інш. Бываюць неселектыўныя (адчувальнасць слаба залежыць ад даўжыні хвалі ў шырокім дыяпазоне) і селектыўныя (спектральная характарыстыка мае адметныя максімумы ці мінімумы). Паводле механізму пераўтварэння адрозніваюць цеплавыя (паглынанне энергіі вядзе да павышэння т-ры адчувальнага элемента, у выніку чаго змяняюцца інш. яго параметры), фотаэлектрычныя (непасрэдна пераўтвараюць эл.-магн. энергію ў электрычную), фотахімічныя (гл.Святлоадчувальнасць фатаграфічная) і пандэраматорныя (гл.Пандэраматорнае дзеянне святла). П.а.в. выкарыстоўваюцца ў асн. вузлах аўтам. сістэм кіравання, радыё- і оптаэлектронных апаратаў, таксама ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, астраноміі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФУЦЫЯ́НСТВА,
маральна-паліт., рэліг.-філас. і светапогляднае вучэнне, якое сфарміравалася ў Стараж. Кітаі і на працягу больш як 2 тыс. гадоў было яго афіц. ідэалогіяй і дзярж. рэлігіяй. Асновы К. закладзены ў 6 ст. да н. э. Канфуцыем і развіты яго вучнямі і паслядоўнікамі Мэн-цзы, Сюнь-цзы і інш. Узнікла ў перыяд распаду Кітая на шматлікія дзяржавы, разрыву раннефеад. і патрыярхальных грамадскіх сувязей, заняпаду традыц.рэліг. вераванняў. Напачатку было спробай выпрацаваць этычныя, грамадскія і паліт. нормы, а таксама спосабы кіравання, якія павінны забяспечыць аднаўленне стабільнага грамадскага ладу і царскай улады ва ўсім Кітаі. Канфуцый прапанаваў праграму вяртання 5 класічных «грамадскіх залежнасцей»: сына ад бацькі, жонкі ад мужа, малодшага брата ад старэйшага, падуладнага ад пануючага, сябра ад сябра і стварэння на аснове прынцыпаў жэнь («гуманнасць, справядлівасць») і лі («рытуал, этыкет») дакладна акрэсленай патрыярхальна-феад. грамадскай іерархіі, дзе кожны чалавек займаў бы прадвызначанае яму месца і выконваў бы адпаведныя абавязкі. Гэта праграма, на думку Канфуцыя, павінна была прывесці да стварэння «грамадства супрацоўніцтва» (узор і яго асн. ячэйка — сям’я) і выхавання «высакародных людзей» (цзюнь-цзы) — інтэлектуалаў, якія павінны дапамагаць уладарам кіраваць «простым людам». Філас. асновай К. з’яўляецца палажэнне аб тым, што ўсё, што адбываецца, павінна быць згодна з «ладам неба» (дао); веданне гэтага «ладу» і заснаваных на ім правіл паводзін у міжчалавечых адносінах — цэнтральны пункт у К. Пасля смерці Канфуцыя яго вучэнне развівалі і дапаўнялі шматлікія школы яго паслядоўнікаў. Пасля няўдалага перыяду праследаванняў пры імператару Цынь Шыхуандзі, які ў 211 да н. э. загадаў спаліць усе канфуцыянскія кнігі, у часы дынастыі Хань адбылося адраджэнне К. Адным з гал. інтэрпрэтатараў і рэфарматараў К. быў Дун Чжуншу (2 ст. да н. э.), які распрацаваў метафізічныя асновы К. і аб’яднаў яго з тэістычнай тэлеалогіяй. Новы этап развіцця К. звязаны з імем Чжу Сі (1130—1200), стваральніка неаканфуцыянства, якое дамінавала ў кіт.філас. думцы і культуры да 20 ст., выконвала інтэграцыйныя функцыі і аказвала вялізны ўплыў на ўсе галіны грамадскага жыцця Кітая, асабліва на сістэмы кіравання, выхавання і культуры.
Літ.:
Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;
Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Проблемы идеологии. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,
устаноўка для пераўтварэння энергіі ветру ў эл. энергію. Складаецца з быстраходнага ветрарухавіка, электрычнага генератара, аўтам. прылад кіравання імі, збудаванняў для іх устаноўкі і абслугоўвання. На некаторых ветраэлектрычных станцыях ёсць рэзервовы цеплавы рухавік, які выкарыстоўваецца ў перыяд бязветранасці.
Магутнасць ветраэлектрычнай станцыі да некалькіх мегават, ккдз ветрарухавікоў, якія выкарыстоўваюцца ў ветраэлектрычнай станцыі, да 48%. Маламагутныя ветраэлектрычныя станцыі (да 3 кВт) прызначаны пераважна для зарадкі акумулятараў, больш магутныя — для сілкавання электрарухавікоў і асвятлення памяшканняў. Ветраэлектрычныя станцыі выкарыстоўваюцца ў мясцовасцях, дзе сярэднегадавая скорасць ветру перавышае 5 м/с і якія аддалены ад сетак цэнтралізаванага энергазабеспячэння (у сельскіх і горных раёнах, у стэпавых, паўпустынных, арктычных і да т.п. зонах). Перспектыўныя і як нетрадыцыйныя крыніцы энергіі ў вял. энергетыцы — для энергазабеспячэння (гл.Ветраэнергетыка). Праблему электразабеспячэння за кошт энергіі ветру распрацоўвалі У.П.Вятчынкін, А.Г.Уфімцаў і інш. На аснове іх работ пабудаваны першыя ў б.СССР ветраэлектрычныя станцыі магутнасцю 8 кВт (1930, каля Курска) і 100 кВт (1931, каля Севастопаля).
Паўаўтаматычная ветраэлектрычная станцыя з цеплавым рэзервовым рухавіком.