галіна ведаў аб хім. уласцівасцях драўніны і хім. вытв-сцях па перапрацоўцы драўніны і інш. расліннай сыравіны. Вылучаюць цэлюлозна-папяровую, гідролізную, дубільна-экстрактавую, каніфольна-шкіпінарную і піролізную вытв-сці.
Цэлюлозна-папяровая вытворчасць выпускае цэлюлозу, паперу, кардон і вырабы з іх, драўнянавалакністыя пліты, а таксама паўцэлюлозу і хім. драўняную масу — паўпрадукты, якія разам з цэлюлозай маюць геміцэлюлозы і лігнін. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць балансавую драўніну, пераважна хвойную, пашыраецца выкарыстанне драўніны лісцевых парод (асіна, бяроза), адходаў лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, некат. раслінных матэрыялаў (салома, трыснёг), макулатуры (у вытв-сці паперы і кардону). Гідролізная вытворчасць перапрацоўвае адходы лесапілавання і с.-г. раслінаводства (напр., кукурузныя храпкі, сланечнікавае шалупінне), з якіх атрымліваюць этылавы спірт, фурфурол, бялкова-вітамінныя канцэнтраты і інш. (гл.Гідролізная прамысловасць). Дубільна-экстрактавая вытворчасць выпускае дубільныя экстракты (гл.Дубільныя рэчывы), якія атрымліваюць з водных выцяжак кары елкі, вярбы, бадану, лістоўніцы ці драўніны дубу, каштану і інш.Каніфольна-шкіпінарная вытворчасць — перапрацоўка жывіцы і асмолу, значную колькасць каніфолі і шкіпінару атрымліваюць таксама з сульфатнага мыла (пабочны прадукт цэлюлознай вытв-сці). Піролізная вытворчасць вырабляе ў асн.драўняны вугаль. Гл. таксама Лесахімічная прамысловасць.
На Беларусі даследаванні ў галіне Л. пачаліся з канца 1920-х г. у Ін-це хіміі АН Беларусі, вядуцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац.АН Беларусі і Бел.тэхнал. ун-це. Распрацаваны прамысл. спосабы атрымання палімераў тэрпенаў, каніфолі з высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, каніфольных кляёў і інш.
Літ.:
Богомолов Б.Д. Химия древесины и основы химии высокомолекулярных соединений. М., 1973;
Гордон Л.В., Скворцов С.О., Лисов В.И. Технология и оборудование лесохимических производств. 5 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАПО́ЛІЯ (ад мана... + грэч. pōleō прадаю),
выключнае (манапольнае) права вытв-сці, гандлю, промыслу, кіравання (улады), якое належыць адной асобе, групе або дзяржаве; буйная галіна, у якой невял. колькасць фірм кантралюе ўсю ці большую частку яе вытв-сці або буйныя аб’яднанні (канцэрны, кансорцыумы і г.д.), якія ўзнікаюць на базе канцэнтрацыі вытв-сці і капіталу і трымаюць большую частку выпуску або продажу якога-н. тавару; рынак, на якім колькасць прадаўцоў настолькі нязначная, што кожны з іх можа паўплываць на агульны аб’ём прапанавання і цану тавару (паслуг). У нац. эканоміцы аб’ектам інтарэсу з’яўляецца манапалізм — тып эканам. адносін, калі гасп. суб’ект прапануе контрагентам (іншаму боку) прымаць рашэнні на выгадных для сябе ўмовах, выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах рыначны попыт. Формы праяўлення М.: узніманне цэн, скарачэнне вытв-сці, інфляцыя, рост аплаты працы, недаацэнка маркетынгу, рэкламы, якасці прадукцыі і інш. М. могуць мець значныя рэзервы (матэрыяльныя, фінансавыя) для ўкаранення вынікаў навук.-тэхн. прагрэсу, павелічэння прыбытку, паніжэння выдаткаў вытв-сці за кошт буйных аб’ёмаў выпуску прадукцыі, выкарыстанне больш дасканалых сродкаў працы, кваліфікаванай рабочай сілы і г.д.; аднак манапалізм можа прывесці да застою. Асн. прычыны М.: эфект маштабу (эканомія, абумоўленая пашырэннем вытв-сці); заканад. перашкоды для арг-цыі новых фірм (прадпрыемстваў), якія ўваходзяць у галіну, ліцэнзійныя, патэнтныя і інш. абмежаванні; несумленныя паводзіны ўдзельнікаў рынку, імкненне атрымаць звышпрыбытак і інш. Выдаткі і рыначны попыт з’яўляюцца асн. абмежавальнікамі М.; яны не дазваляюць манапалісту адвольна ўстанаўліваць высокую цану на сваю прадукцыю (гл.Манапольная цана). Узнікненню і ўмацаванню ўлады М. перашкаджае антыманапольнае заканадаўства. У галінах натуральнай М. (напр., у электра-, газа- і водазабеспячэнні) многія прадпрыемствы з’яўляюцца дзярж. ўласнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст. з г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. У 15—16 ст.мясц. майстры выраблялі гаршковую кафлю з круглым, квадратным вусцямі або ў выглядзе чатырохпялёсткавай разеткі. З канца 16 ст. пашырана плоская тэракотавая, паліваная аднатонная (пераважна зялёная) і паліхромная кафля з рэльефным геам., расл., геральдычным, сюжэтнымі і інш. малюнкамі. Паводле тыпаў М.к. канца 16—17 ст. падзяляецца на сценную, вуглавую, паясную, карнізную, «каронкі», «дахоўкі», «гарадкі», медальёны. Кожнаму тыпу адпавядаў пэўны характар дэкору, які ў залежнасці ад месца размяшчэння кафлі на грубцы меў адпаведны сюжэт. Найб. пашыраны сценныя квадратныя кафлі памерамі 20 × 20 і 19 × 19 см з румпай даўж. 7—8 см, аздобленыя расл. і геральдычным арнаментам: выявы стылізаваных лістоў і кветак белага і жоўтага колераў на цёмна-сінім фоне, герб Радзівілаў (на жоўтым фоне аднагаловы цёмна-карычневы арол з распасцёртымі крыламі і шырока расстаўленымі лапамі; вядома каля 10 варыянтаў арла). Паясныя кафлі ўпрыгожвалі рэльефнымі выявамі міфалагічных істот, карнізныя — выявамі на міфалагічныя, расл., рэліг. сюжэты. Кафлі-«каронкі» і «гарадкі» аздабляліся выявамі букетаў, гірляндаў кветак, дубовых лістоў; «дахоўкі» — малюнкам «рыбіна луска». Пашырана выкарыстанне белага, сіняга, цёмна-карычневага, жоўтага, светла-зялёнага колераў. У 18 ст. выраблялі сценную гладкую непаліваную і пакрытую зялёнай (радзей белай) палівай кафлю, У 19 — пач. 20 ст. пашырана аднатонная, пакрытая карычневай або белай палівай кафля, гладкая і з рэльефным малюнкам, у стылі мадэрн.
Я.М.Сахута.
Да арт.Мірская кафля. Паліхромная кафля з раслінным арнаментам. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст.Да арт.Мірская кафля. Паліхромная кафля з выявай герба князёў Радзівілаў. Канец 16 — пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Існавала ў 16 і 18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. 1) Н.д. 16 ст.засн. М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім; ідэйным кіраўніком у першыя гады яе існавання быў С.Будны. Першая на тэр. Беларусі друкарня, якая карысталася кірыліцай. Друкар кірылічных выданняў невядомы. У 1562 выдадзены «Катэхізіс» Буднага — першая на Беларусі кніга на бел. мове, а таксама яго твор «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» (не збярогся). Друкавала творы на польск. і лац. мовах (друкар Д.Ланчыцкі); усяго ў 1563—71 надрукавала 11 выданняў, у асн. творы палемічнай пратэстанцкай публіцыстыкі. Спыніла дзейнасць паводле загаду М.К.Радзівіла Сіроткі. Апошняе выданне — «Біблія» (пераклад на польск. мову Буднага) дадрукавана ў 1572 у Заслаўі ці ў маёнтку Кавячынскіх ва Уздзе. Большасць кніг Н.д. аформлены проста, без ілюстрацыйных гравюр. У маст. афармленні кніг прытрымлівалася друкарскіх традыцый Ф.Скарыны: выкарыстанне наборнага арнаменту, разнастайных шрыфтоў, ініцыялаў з дэкаратыўна-раслінным фонам. Маёмасць друкарні ў 1572 купіў Я.С.Кішка, які ў 1574 заснаваў Лоскую друкарню. 2) Н.д. 18 ст. (1750—90-я г.) засн. Радзівіламі. У 1751 падаравана мясц. калегіуму езуітаў. Гравёрам быў Г.Ляйбовіч. У ёй надрукавана каля 70 белетрыстычных, рэлігійных, палемічных і вучэбных твораў, панегірыкаў на польск. і лац. мовах, у т. л. «Пра жыццё і справы Аляксандра Вялікага» К.Руфа (1763), «Жыццё і ерасі Вальтэра» Ф.Нано (1781), «Артыкулы вайсковыя» (1754), альбом медзярытаў «Партрэты сям’і Радзівілаў...» (1757, усяго 165 гравюр на медзі).
Літ.:
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА ГРАМА́ДСТВА сістэма сац. інстытутаў дзярж.-арганізаванага грамадства, якія ажыццяўляюць паліт. функцыі. Уключае дзяржаву, партыі палітычныя, прафсаюзы, царкву, інш. арг-цыі і рухі. У ёй вылучаюць: падсістэму паліт. ідэй, тэорый, поглядаў, эмоцый, пачуццяў, якія складаюць паліт. свядомасць; падсістэму паліт. адносін паміж грамадствам і дзяржавай, рознымі класамі і сац. групамі, дзяржавамі і г.д.; падсістэму паліт. ін-таў, якія ўтвараюць паліт. арг-цыю грамадства. Характарызуецца адаптаванасцю, звязанай з уменнем прыстасоўвацца да сац. асяроддзя і складанасцю, якая вызначаецца колькасцю яе элементаў і сувязямі, што існуюць паміж імі. Пры ўскладненні сац. асяроддзя, у якім яна функцыянуе, жыццёвае значэнне для яе мае пошук кампрамісаў і кансэнсусусац.паліт. сіл шляхам прыняцця паліт. рашэнняў. Паводле характару паліт. рэжыму П.с.г. падзяляюцца на дэмакр., аўтарытарныя і таталітарныя; паводле гатоўнасці і здольнасці ўспрымаць інавацыі звонку — на адкрытыя і закрытыя; паводле характару ўзаемаадносін паміж цэнтрам і месцамі — на дэцэнтралізаваныя, цэнтралізаваныя і звышцэнтралізаваныя. Паводле прынцыпу легітымнасці адрозніваюць традыцыйныя, легальныя або харызматычныя. У аснове традыц. улады ляжыць вера ў свяшчэнны характар норм. Здзяйсненне легальнай улады грунтуецца на прызнанні добраахвотна ўстаноўленых юрыд. нормаў, накіраваных на рэгуляванне адносін кіравання і падпарадкавання. Харызматычная ўлада звязана з асобай лідэра, якога надзяляюць выключнымі рысамі. П.с.г. ўласцівы наяўнасць мноства актыўных удзельнікаў; фармалізацыя гэтых удзельнікаў па асаблівасцях іх арганізацыі і функцыянавання; працэдуры абмену інфармацыяй; спалучэнне канфрантацыі і ўзаемадапамогі паміж элементамі сістэм. У рамках П.с.г. адбываецца паліт. сацыялізацыя асобы, выпрацоўка паліт. праграм і курсаў, узгадненне інтарэсаў розных сац.-паліт. сіл з мэтай забеспячэння, захавання і ўмацавання адзінства і згоды ў грамадстве, размеркаванне рэсурсаў, фарміраванне і выкарыстанне грамадскай думкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМЕ́ННАГА ТО́КУ МАШЫ́НА электрычная машына, якая ператварае энергію мех. ў эл.пераменнага току (генератар), эл. энергію пераменнага току ў мех. (рухавік) або ў эл. энергію інш. напружання ці частаты (пераўтваральнік). Бываюць сінхронныя (найчасцей выкарыстоўваюцца як генератары; гл.Сінхронная машына) і асінхронныя (калектарныя машыны і бескалектарныя, найчасцей выкарыстоўваюцца як рухавікі; гл.Асінхронная машына); адна- і мнагафазныя. Сінхронныя і асінхронныя П.т.м. абарачальныя: могуць працаваць у рэжыме генератара і рухавіка. З’яўляюцца таксама састаўной ч. электрамашынных каскадаў (гл. ў арт.Каскад) і выкарыстоўваюцца як мікраэлектрамашыны.
Генератары пераменнага току (ГПТ) падзяляюцца на асінхронныя генератары (мелі абмежаванае выкарыстанне, пераважна ў аўтаномных сістэмах электрасілкавання) і сінхронныя генератары (да 1970-х т. амаль цалкам замянілі асінхронныя). Магутныя ГПТ устанаўліваюць на электрастанцыях (гідрагенератары, турбагенератары), невял. магутнасці — у сістэмах аўтаномнага энергазабеспячэння (на дызельных электрастанцыях, газатурбінных электрастанцыях), у пераўтваральніках электрычных. Рухавікі пераменнага току (РПТ) — падзяляюцца на асінхронныя электрарухавікі (найб. пашыраны 3-фазныя з каротказамкнутым ротарам) і сінхронныя электрарухавікі (выкарыстоўваюцца ў электрапрыводах і для кампенсацыі рэактыўнай Магутнасці ў эл. сетках). Разнавіднасць РПТ — лінейны электрарухавік, які ператварае эл. энергію ў механічную без вярчальных частак (па незамкнёнай лініі). Спец. тып П.т.м. — мікрамашыны магутнасцю ад долей вата да соцень ват. Гэта мікрарухавікі, тахагенератары, паваротныя трансфарматары, сельсіны і інш. (бываюць і пастаяннага току). Частата вярчэння ротара да 300 тыс.аб/мін. Выкарыстоўваюцца ў механізмах прывода і кіравання лятальных апаратаў, суднаў, электра- і радыёпрыладах і інш.
У.М.Сацута.
Прынцыповая схема пераменнага току машыны: A, B — кольцы з накладзенымі на іх шчоткамі, да якіх падключаецца вонкавы ланцуг; N, S — нерухомыя полюсы пастаяннага магніта; abcd — віток правадніка, укладзены на ферамагнітны асяродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЦЭ́Л,
прылада і прыстасаванне для наводкі зброі ў цэль. Выкарыстоўваюцца таксама для назірання за полем бою і выбару цэлі. Бываюць: артыл. (мінамётныя, зенітныя), авіяц., стралковыя, танк., ракетных комплексаў (прыцэльныя сістэмы) і інш.; мех., оптыка-электронныя (аптычныя, інфрачырвоныя, лазерныя, тэлевізійныя), радыёлакацыйныя; аўтам., паўаўтам. і неаўтаматычныя.
Артыл. П. (мех. і аптычныя) забяспечваюць прыцэльванне гарматы ў гарыз. і верт. плоскасцях непасрэдным візіраваннем па цэлі, па мясц. аб’екце ці адлікам ад гарызонту гарматы; авіяц. П. — прыцэльванне пры бомба- і тарпедакіданні, выкарыстанне стралкова-гарматнай і ракетнай зброі па наземных, марскіх і паветраных цэлях; танкавыя (П.-дальнамеры, перыскапічныя і тэлескапічныя аптычныя П., вылічальныя прыстасаванні) — устанаўліваюць вугал прыцэльвання і робяць наводку танк. гарматы; прыцэльныя сістэмы ракетных комплексаў забяспечваюць прасторавую арыентацыю корпуса ракеты або вымяральных элементаў сістэмы кіравання перад пускам. Начныя (інфрачырвоныя) П. выкарыстоўваюцца для стральбы ноччу са стралк. зброі, процітанк. і танк. гармат; бываюць тэлескапічнай ці перыскапічнай канструкцыі; актыўныя (са спец. крыніцамі інфрачырвонага выпрамянення) і пасіўныя (успрымаюць інфрачырвонае выпрамяненне цэляў). Разнавіднасць актыўных начных П. — лазерныя П. (выкарыстоўваецца інфрачырвонае выпрамяненне лазера). Радыёлакацыйныя П. маюць візірнае прыстасаванне на базе радыёлакацыйнай станцыі; выкарыстоўваюцца ў любое надвор’е і любы час сутак (самалётныя ўваходзяць у прыцэльна-навігацыйную сістэму самалёта).
Прыцэлы: а — механічны кулямётны (1 — прыцэльная планка, 2 — хамуцік, 3 — цэлік); б — аптычны панарамны (1 — кольца з дакладнай шкалой вугламера, 2 — корпус адбівальнай прызмы і панарамы, 3 — шкала вугламера); в — аўтаматычны зенітнай пушкі (1 і 6 — каліматары, 2 — лічыльна-рашальная частка, 3 — механізм уводу вуглоў пікіравання цэлі, 4 — курсавая галоўка, 5 — механізм уводу скорасці цэлі і далёкасці да яе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХААНА́ЛІЗ (ад псіха... + аналіз),
вучэнне пра даследаванне бессвядомых псіхічных працэсаў і матывацый, выкарыстанне тэрапеўтычных уплываў на іх. Засн. ў канцы 19—1-й трэці 20 ст. З.Фрэйдам. Вынікі псіхатэрапеўт. практыкі, аналіз розных з’яў нармальнага псіхічнага жыцця (сон, памылковыя дзеянні, дасціпнасць) вызначаны Фрэйдам як вынік дзеяння агульных псіхал. механізмаў. Паслужыў асновай аналітычнай псіхалогіі, распрацаванай К.Юнгам, індывідуальнай псіхалогіі, засн. на вучэнні А.Адлера, і інш. плыняў глыбіннай псіхалогіі. П. узняў праблему сэнсавай і энергет. характарыстык псіхікі, яе структуры і дынамікі. Пашырыўся ў многіх краінах як сістэма поглядаў на прыроду чалавечай псіхікі, з’явы маралі, рэлігіі, культуры, мастацтва, навукі, грамадскага жыцця і інш. У аснове гэтых поглядаў тэорыя неўсвядомленага і полавай цягі. Неўсвядомленае праяўляецца ў паводзінах і псіхіцы чалавека; метады яго выяўлення — свабодныя асацыяцыі, тлумачэнне сноў, вывучэнне неўратычных сімптомаў і інш. Асоба ў структурных адносінах у П. складаецца з «Я», «Яно» і «Звыш-Я». Цэнтр. ідэя П. — існаванне тайнага канфлікту паміж неўсвядомленым і неабходнасцю выжыць у варожым для дадзенага індывіда асяроддзі. Адбываецца таксама сублімацыя (пераключэнне энергіі) неўсвядомленага. Механізм сублімацыі трактуецца як асн. крыніца творчасці. Паводле Фрэйда, П. займае «сярэдняе месца» паміж медыцынай і філасофіяй.
Літ.:
Фрейд З. Основные принципы психоанализа: Пер. с нем., анг. М.;
Киев, 1998;
Яго ж. Психоаналитические этюды: Пер. с нем. Мн., 1997;
Ярошевский М.Г. История психологии. 2 изд. М., 1997;
Ждан А.Н. История психологии. 3 изд. М., 1999;
Психоанализ и культура: Избр. тр. Карен Хорни и Эриха Фромма. М., 1995;
Шульц Д.П., Шульц С.Э. История современной психологии;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРЭАТЫ́ПІЯ (ад стэрэа... +грэч. typos адбітак, форма),
выраб копій друкарскіх форм (стэрэатыпаў) высокага друку. Дае магчымасць друкаваць выданні з аднолькавых форм-копій адначасова на некалькіх машынах, вырабляць формы для высокапрадукцыйных ратацыйных машын. Прыдатная для друкавання вял. тыражамі кніжна-часопісных, ілюстраваных і інш. масавых выданняў, а таксама набраных дробным кегелем (энцыклапедый, слоўнікаў), перавыданняў (з захаваннем матрыц).
Стэрэатыпы — копіі арыгінальнай друкарскай формы з адліўнога набору і клішэ, вырабленыя ў маштабе 1:1. Маюць форму маналітнай пласціны або часткі цыліндра з друкарскага сплаву (гарту), медзі, пластмасы або гумы з рэльефнымі друкавальнымі элементамі. Працэс С. ўключае: цісненне матрыц (на спец. матрычных прэсах); атрыманне стэрэатыпаў ліццём (матрыцу заліваюць спец. сплавам на стэрэатыпных адліўных станках), электралітычным спосабам (на матрыцу ў гальванічнай ванне нарошчваюць слой металу, які ўтварае паверхневы друкавальны слой стэрэатыпа; гл. Гальванастэрэатыпія), упрасоўваннем матрыцы ў тэрмапластычную пластмасавую або гумавую пласціну ў падагрэтым стане; аддзелку стэрэатыпа (апрацоўка па росце або таўшчыні, паглыбленне буйных прагалаў, апрацоўка тарцоў і інш.). Для павышэння тыражаўстойлівасці літыя стэрэатыпы пакрываюць хромам або нікелем, гальванастэрэатыпы часам храміруюць. У сувязі з апераджальным развіццём афсетнага друку, флексаграфскага друку і ўжываннем фотапалімерных форм у высокім друку з канца 20 ст.выкарыстанне С. скарачаецца.
Літ.:
Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977;
Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991.
У.М.Сацута.
Стэрэатыпія: а — схема прасавання матрыц-штампаў з наборнай формы (1 — металічны ліст; 2 — зменныя абмежавальнікі; 3 — матрычны прэс-пакет; 4 — прэс-форма; 5 — арыгінальная форма); б — схема прасавання стэрэатыпаў (1 — матрыца; 2 — ліст пластмасы; 3 — пліта халоднага прэса; 4 — прэс-форма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫЯ ТЭО́РЫІ,
адзін з асн. кірункаў сац.-эканам. думкі развітых капіталіст. краін, прадстаўнікі якога пераглядаюць канцэпцыі палітэканоміі і сац. філасофіі з пазіцый тэхн. і тэхнал.дэтэрмінізму. Аўтары Т.т. лічаць, што тэхнал. дэтэрмінізм як тэарэт. абгрунтаванне выключнай ролі вытв-сці і яе тэхналогіі ў жыцці грамадства знайшоў адлюстраванне ў працах Э.Бернштэйна, К.Кауцкага (Германія), Т.Веблена (ЗША), І.Шумпетэра (Аўстрыя), П.Струвэ, М.І.Туган-Бараноўскага (Расія) і інш. На метадалогію тэхнал. дэтэрмінізму абапіраюцца створаныя амер. і зах.-еўрап. эканамістамі, філосафамі, футуролагамі, сацыёлагамі тэорыі «новага індустрыяльнага грамадства» (Дж.Голбрэйт), «постіндустрыяльнага грамадства» (Д.Бел), «суперіндустрыяльнага грамадства» (А.Тофлер), «постцывілізацыйнага грамадства» (К.Боўлдынг), «тэхнатроннага грамадства» (З.Бжазінскі), «посткапіталістычнага грамадства» (Р.Дарэндорф), «постбуржуазнага грамадства» (Г.Ліхтхейм), «стадый эканамічнага росту» (У.Ростаў), «межаў росту» (Дж.Форэстэр, Е. і Д. Медаўс) і інш. Т.т. ўключаюць разнастайныя і супярэчлівыя ідэі, згодна з якімі атрымліваюць аптымістычную (Н.Вінер), песімістычную (Л.Мэмфард) або экалагічную афарбоўку. Аўтары Т.т. незалежна ад канкрэтных асаблівасцей лічаць, што ў сістэме «посткапіталістычных» грамадскіх форм роля гал. генератара ўсёабдымных змен належыць тэхналогіі, пад якой яны разумеюць паслядоўнае выкарыстанненавук. і інш. сістэматызаваных ведаў дзеля вырашэння практычных задач. Мноства назваў тэорый адлюстроўвае суб’ектыўны погляд іх аўтараў на вынікі тэхнал. змен, але шэраг прынцыповых палажэнняў ідэнтычны. Напр., у эканоміцы — неабходнасць планавання і ўдзелу дзяржавы ў эканам. працэсах; у палітыцы — зліццё карпарацый з дзяржавай у адзіны комплекс на аснове супадзення паліт. інтарэсаў; у сац. сферы — змена традыц. класавай структуры грамадства і характару сац. канфліктаў, якія ўзнікаюць паміж «новым тэхналагічным класам» і «неадукаванай масай».