АМАНІМІ́Я (ад грэч. homōnymia аднайменнасць),

гукавое супадзенне адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў), якія адрозніваюцца паміж сабой значэннем. Усе амонімы-словы падзяляюцца на тыпы: лексічныя (маюць поўнае гукавое супадзенне ва ўсіх формах і адносяцца да адной часціны мовы, напр., «нота» — ‘дыпламатычны дакумент’ і «нота» — ‘муз. знак’), фанетычныя — амафоны, марфалагічныя — амаформы. Адрозніваюць поўную і частковую аманімію.

Поўныя лексічныя амонімы супадаюць ва ўсіх граматычных формах («заранка» — ‘зорка’ і «заранка» — ‘птушка’), пры частковай аманіміі адно са слоў цалкам (ва ўсіх формах) супадае па гучанні з часткай формаў інш. слова ці з адной яго формай («вечарам» — прыслоўе і «вечарам» — назоўнік мужч. роду адз. л. творнага склону). Да частковай адносяць прыставачную аманімію («дапісаць» — ‘поўнасцю скончыць пісаць’ і «дапісаць» — ‘запоўніць старонку’), супадзенне формаў аднаго з трыванняў розных дзеясловаў («прамакаць» ад «прамакнуць» і ад «прамокнуць») і г.д. Амонімы ўзнікаюць у мове ў выніку страты сэнсавай сувязі паміж асобнымі значэннямі (у т. л. пераноснымі) мнагазначных слоў («каса» — ‘прылада працы’, «каса» — ‘заплеценыя валасы’, «каса» — ‘вузкая пясчаная паласа’), у выніку дзеяння фанет. законаў мовы (аглушэння зычных на канцы слова: «мох» — ‘расліна’ і «мог» — ад дзеяслова «магчы»), гукавога супадзення розных слоў («міна» — ‘выраз твару’ і «міна» — ‘снарад з выбуховым рэчывам’) і інш. Ад амонімаў трэба адрозніваць амографы.

Л.​П.​Кунцэвіч, А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУІ́НДЖЫ Архіп Іванавіч (студзень 1841, г. Марыупаль, Украіна — 24.7.1910),

расійскі жывапісец-пейзажыст. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (з 1893). Жывапісу вучыўся самастойна і ў Пецярбургскай АМ (1868). Чл. Т-ва перасоўных маст. выставак 1875—79 (гл. Перасоўнікі). Ініцыятар стварэння Т-ва мастакоў (1909, пазней Т-ва імя Куінджы). Выкладаў у Пецярбургскай АМ (праф. з 1892, з 1894 праф.-кіраўнік пейзажнай майстэрні, сярод вучняў А.​Рылоў, М.​Рэрых і інш.), адкуль у 1897 звольнены за падтрымку студэнцкіх патрабаванняў. У ранні перыяд зазнаў уплыў І.​Айвазоўскага. У сярэдзіне 1870-х г. стварыў шэраг карцін, у якіх пейзажны матыў разлічаны на канкрэтныя сац. асацыяцыі, што адпавядала канцэпцыі перасоўнікаў («Забытая вёска», «Чумацкі тракт»). У творах сталага перыяду імкнуўся да перадачы найб. выразных па асвятленні станаў прыроды. З дапамогай кампазіцыйных прыёмаў, якія дазвалялі стварыць панарамныя віды (высокі гарызонт і інш.), светлавых эфектаў і інтэнсіўных колераў, зведзеных да некалькіх гал. тонаў, дамагаўся амаль поўнай ілюзіі натуральнага асвятлення: «Украінская ноч» (1876), «Бярозавы гай», «Пасля навальніцы» (абедзве 1879), «Ноч на Дняпры» (1880), «Дняпро раніцай» (1881) і інш. Работам позняга перыяду ўласцівы дэкаратыўнасць і знешняя эфектнасць колеравага ладу («Бярозавы гай», 1901, і інш.).

Літ.:

Марков В. А.И. Куинджи. М., 1969;

Неведомский М.П., Репин И.Е. А.​И.​Куинджи. Ростов н/Д., 1997.

Л.​Ф.​Салавей.

А.Куінджы. Дняпро раніцай. 1881.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІТЭРАТУ́РА ЛЮДО́ВА»

(«Literatura Ludowa», «Народная літаратура»),

навукова-літаратурны ілюстраваны часопіс; орган Польскага этнагр. т-ва. Выходзіць на польск. мове 1 раз у 2 месяцы (у 1957—68 у Варшаве, з 1972 у Вроцлаве). Змяшчае навук. даследаванні па пытаннях фалькларыстыкі, этналогіі, культуры. Публікуе справаздачы навук. сходаў т-ва, міжнар. кангрэсаў славістаў, даследчыкаў антрапалагічных і этнагр. навук, вуснай нар. творчасці розных народаў, міжнар. фестываляў фальклору, працы замежных вучоных і інш. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы М.​Гайдука «Беларускія загадкі» (1960, № 2/3), Р.​Вайцяхоўскага «Песні беларускага народа ў зборы Федароўскага і польская народная песня», М.​Канапацкага «Элементы фальклору татар на польска-беларуска-літоўскім сумежжы» (абедзве 1963, №1), А.​Абрэмбскай-Яблонскай «Рэдакцыйная праца над рукапісамі Міхала Федароўскага» (1964, № 4/6), І.​Гутарава «Беларуская фалькларыстыка (1945—1965)» (1966, № 1), Я.​Саламевіча «Беларуская фалькларыстыка XIX і XX ст.» (1967, № 1/3), М.​Шаховіча «Народная загадка ва ўмовах польска-беларускага культурнага сумежжа» (1991, № 1/6), З.​Вуйціка «Філамацкі пераклад Карана для навагрудскіх татар» (1995, № 3) і інш. Друкуе рэцэнзіі на працы бел. і польска-бел. даследчыкаў А.​Аксамітава, В.​Бандарчыка, М.​Чурак, Я.​Чачота, М.​Янкоўскага і інш. Артыкулы забяспечаны рэзюме на англ. мове. Крыніцы падаюцца на мове арыгінала. Выйшаў 42 том (1998).

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 9, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАМВА́Й (англ. tramway ад tram вагон, цялежка + way пуць),

рэйкавы наземны гарадскі электрычны транспарт. Вагон або некалькі (2—3) вагонаў (найчасцей маторныя) сілкуецца пастаянным токам напружаннем 500—750 В звычайна праз падвесную кантактную сетку (адваротны провад — рэйкі); скорасць да 90 км/гадз.

У кантактную сетку эл. ток паступае ад лінейных цягавых падстанцый. Цягавыя электрарухавікі (2—8 на кожным маторным вагоне) атрымліваюць эл. энергію праз токапрыёмнік на даху вагона, маюць магутнасць па 30—70 кВт. Вагоны бываюць маторныя (з токаздымальнікам, які слізгае па кантактным провадзе), прычапныя і сучлененыя; двух-, чатырох-, шасці- і васьмівосевыя (звычайна 4-восевыя). Рэйкавы пуць шыр. 1524 мм (вузкакалейны 1000 мм). Часам на базе вагонаў Т. ствараюць спецыялізаваныя вагоны (рэйкашліфавальныя, снегаачышчальнікі, грузавыя) Першы доследны вагон Т. пабудаваны ў Пецярбургу (1880), першы трамвайны рух арганізаваны ў Ліхтэрфільдэ (паблізу Берліна) у 1881. Т. пачаў працаваць у 1892 у Кіеве, у 1894 у Львове, у 1899 у Маскве.

На Беларусі буд-ва трамвайных ліній пачата ў Віцебску, дзе ў 1898 пачаты рух на 4 лініях (18 маторных і 16 прычапных вагонаў). У Мінску пушчаны ў 1929, у Наваполацку — у 1974 (скарасны), у Мазыры — у 1988. Вытв-сць Т. наладжана ў ВА «Белкамунмаш».

С.​В.​Багдановіч.

Трамвай (ВА «Белкамунмаш»).

т. 15, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУТО́ВІЧ Янка (Іван Іосіфавіч; 24.1.1904, в. Шутавічы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 9.12.1973),

бел. грамадскі і культурны дзеяч, літаратуразнавец. Скончыў віленскія бел. гімназію (1924), ун-т (1934). У час вучобы ва ун-це прымаў удзел у працы Бел. студэнцкага саюза, Бел. навук. т-ва, Т-ва прыяцеляў беларусаведы, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, рэдагаваў час. «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі». Адзін з кіраўнікоў Бел. нац. аб’яднання (гл. Беларуская хрысціянская дэмакратыя). Працаваў у Бел. друкарні імя Ф.​Скарыны. У 1935—39 адказны рэдактар і выдавец час. «Калоссе». У 1936 кіраваў агульным Школьным сакратарыятам. Быў зняволены польскімі ўладамі, вызвалены сав. войскамі ў 1939. З восені 1939 займаўся асв. і выдавецкай дзейнасцю, з 1940 працаваў у Бел. музеі ў Вільні (з 1941 дырэктар). У 1944 рэпрэсіраваны, вызвалены ў 1956, рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Вільнюсе. Друкаваўся з 1927. Выступаў з артыкуламі пра Я.​Драздовіча, Ш.​Руставелі, Т.​Шаўчэнку, рыхтаваў матэрыялы пра М.​Гарэцкага, А.​Гурыновіча, М.​Забэйду-Суміцкага, Я.​Карскага, А.​Уласава, Бел. музей у Вільні. У 1940 пад яго рэд. у Вільні выдадзена кн. «Ксёндз Адам Станкевіч: У 25-я ўгодкі свяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасці (10.1.1915—10.1.1940)». Выявіў у архіве рукапіс рамана Гарэцкага «Віленскія камунары». Рукапісны і ўласны архіў Ш. захоўваецца ў Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

А.​М.​Вабішчэвіч.

т. 17, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТА́КА (Ithakē),

у грэчаскай міфалогіі і эпасе радзіма і царства Адысея, адно з месцаў яго прыгод. Магчыма, яму адпавядае в-аў Ітака ў складзе Іанічных а-воў каля зах. ўзбярэжжа Балканскага п-ва.

т. 7, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЭЛЕ́Н,

мыс на У Чукоцкага п-ва, у Берынгавым праліве, на З ад мыса Дзяжнёва, у Чукоцкай аўт. акрузе Расіі. Выш. каля 100 м. Паблізу мыса — нас. пункт Уэлен. Палярная станцыя (з 1936).

т. 16, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЫНГТО́НСКІ ДАГАВО́Р 1867,

дагавор аб уступцы (продажы) рас. уладанняў у Паўн. Амерыцы ЗША. Падпісаны 30 сак. ў Вашынгтоне амер. дзярж. сакратаром У.​Сьюардам і рас. пасланнікам Э.​Стэклем ва ўмовах збліжэння абедзвюх краін. Паводле дагавора, якому папярэднічалі амаль 10-гадовыя перамовы (з 1859), Рас. імперыя ўступала (прадавала) ЗША за 7,2 млн. дол. тэр. п-ва Аляска разам з Алеуцкімі а-вамі агульнай пл. 1,5 млн. км² (​1/5 тагачаснай тэр. паўн.-амер. дзяржавы). Ратыфікаваны сенатам ЗША да 10 крас., рас. імператарам Аляксандрам II 15 мая 1867. Дагавор садзейнічаў аслабленню пазіцый Вялікабрытаніі і інш. еўрап. дзяржаў на амер. кантыненце.

Літ.:

Болховитинов Н.Н. Русско-американские отношения и продажа Аляски, 1834—1867. М., 1990;

Реданский В. С высочайшего соизволения... // Морской сборник. 1995. № 4.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЭЛРО́,

першы перспектыўны план аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі Савецкай Расіі на аснове электрыфікацыі. Складзены Дзярж. камісіяй па электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО) на чале з Г.​М.​Кржыжаноўскім, разгледжаны VII (снеж. 1920) і зацверджаны IX (снеж. 1921) Усерас. з’ездамі Саветаў. План прадугледжваў буд-ва 30 раённых электрастанцый (20 ЦЭС і 10 ГЭС) і рэканструкцыю дзейных. Намячалася давесці сумарную гадавую выпрацоўку электраэнергіі да 8,8 млрд. кВт∙гадз (супраць 1,9 млрд. кВт∙гадз, якія выпрацоўваліся ў Расіі ў 1913). Прадугледжвалася тэхн. пераўзбраенне ўсіх галін нар. гаспадаркі на базе макс. выкарыстання электраэнергіі. На Беларусі ў перыяд ажыццяўлення плана ГОЭЛРО ў 1927 пачалося буд-ва Беларускай ДРЭС. План ГОЭЛРО, разлічаны на 10—15 гадоў, у асноўным выкананы ў 1931 і да 1935 перавыкананы больш як у 2 разы.

т. 5, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙЧКУС (Vaičkus) Юозас (16.4.1885, в. Застаўчай Мажэйкскага р-на, Літва — 7.4.1935),

літоўскі тэатр. дзеяч; адзін з заснавальнікаў літ. прафес. т-ра. У 1905 стварыў вандроўную аматарскую трупу (з 1911 Вандроўны т-р Вайчкуса), з якой гастраліраваў па Літве. У час вучобы ў студыі Александрынскага т-ра ў Петраградзе стварыў там у 1916 Літоўскую драм. студыю, якая стала першым прафес. т-рам. У Вільнюсе, Каўнасе ставіў п’есы П.​Вайчунаса, Ю.​Жэмайтэ, Л.​Талстога, А.​Чэхава, Г.​Ібсена. З 1920 рэжысёр Драм. т-ра Т-ва творцаў літ. мастацтва (з 1922 Дзярж. т-р), дзе паставіў «Агні Іванавай ночы» Г.​Зудэрмана, «Карэн Борнеман» Я.​Бергстрэма. У 1923—32 жыў у ЗША. У 1932 стварыў у Каўнасе студыю кіно і т-ра, т-ва «Ліетфільм».

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)