вылічальная машына, у якой апрацоўка інфармацыі выконваецца з дапамогай спецыяльна падабранага фіз. працэсу, што мадэлюе выліч. заканамернасць. Звычайна складаецца з суматараў, інтэгравальных і дыферэнцыравальных элементаў і інш. У адрозненне ад электроннай вылічальнай машыны рашэнне атрымліваецца практычна імгненна пасля задання параметраў задачы; мае простую канструкцыю і праграмаванне, але невысокую дакладнасць вылічэнняў і меншую універсальнасць.
Папярэднікамі сучаснай АВМ можна лічыць лагарыфмічную лінейку, графікі і намаграмы (гл.Намаграфія) для вызначэння функцый некалькіх пераменных, упершыню прыведзеныя ў дапаможніках па навігацыі (1971), аналагавую прыладу (планіметр) англ. вучонага Дж.Германа для вызначэння плошчы, якая ўтворана замкнутай крывой на плоскасці (1814). Першая мех. АВМ для рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў пры праектаванні караблёў прапанавана рус. вучоным А.М.Крыловым у 1904. Сав. Матэматык С.А.Гершгорын (1927) заклаў асновы пабудовы сеткавых мадэляў АВМ.
Выкарыстоўваюцца АВМ для рашэння задач па апераджальным аналізе, аналізе дынамікі і сінтэзе сістэм кіравання і рэгулявання, у эксперыментальных даследаваннях паводзін сістэмы з апаратурай кіравання ці рэгулявання ў лабараторных умовах, пры вызначэнні ўзбурэння ці карысных сігналаў, што ўздзейнічаюць на сістэму і інш. АВМ, у якой лікавыя характарыстыкі мадэлявальнага фіз. працэсу выяўлены ў лічбавай форме, наз. гібрыднай вылічальнай машынай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІД,
асноўная структурная і класіфікацыйная адзінка ў сістэме жывых арганізмаў, якасны этап іх эвалюцыйнага працэсу. Звычайна пад відам разумеюць сукупнасць папуляцый асобін, здольных да скрыжавання з утварэннем пладавітага патомства, якія насяляюць пэўны арэал, маюць агульныя морфафізіял. прыкметы (колькасць, здольнасць да ўзнаўлення, дыскрэтнасць, устойлівасць, цэласнасць) і тып узаемаадносін з абіятычным і біянічным асяроддзем; адасоблены ад інш. груп асобін нескрыжавальнасцю ў прыродных умовах. Паводле розных адзнак, у т. л. экалагічных і эвалюцыйных, адрозніваюць віды зніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сінантропныя і інш.
Паняцце віду ўпершыню ўвёў англ. батанік Дж.Рэй (1704). Шведскі прыродазнавец К.Ліней паказаў універсальнасць і значэнне віду ў якасці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для яго абазначэння двайную лац. назву (бінарную наменклатуру), якая складаецца з назвы роду і відавога эпітэта (напр., Pinus sylvestris хвоя звычайная). Эвалюцыйную канцэпцыю відаў і асновы сучаснага разумення віду і відаўтварэння заклаў Ч.Дарвін (1859). Вял. ўклад у распрацоўку тэорыі відаў зрабілі вучоныя: рус. У.Л.Камароў, М.І.Вавілаў, бел. В.Ф.Купрэвіч, і інш. Апісаных на Зямлі відаў сучасных жывёл, раслін, мікраарганізмаў больш за 2 млн. У сучаснай фауне Беларусі больш за 20 тыс. жывёл, у флоры — каля 3,5 тыс. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ВЕЛ ((Havel) Вацлаў) (н. 5.10.1936, Прага),
чэшскі дзярж. і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Скончыў Пражскую акадэмію муз. і тэатр. мастацтва (1967). Адзін з заснавальнікаў і вядучых дзеячаў праваабарончага руху Хартыя-77, апазіцыйнага паліт. руху Грамадзянскі форум. Праследаваўся ўладамі, у 1970—89 тройчы быў зняволены ў турму. У 1989—92 прэзідэнт Чэхаславакіі, з 1993 — Чэхіі. Аўтар п’ес «Свята ў садзе» (паст. 1963; бел.пер. Л.Баршчэўскага), «Паведамленне» (паст. 1965), «Цяжка засяродзіцца» (паст. 1968), «Аўдыенцыя» (паст. 1975), «Largo desolato» (паст. 1985), «Спакуса» (паст. 1986), «Рэканструкцыя» (1987). Паэтыка яго драматургіі адпавядае тэатру абсурду, пры гэтым яна зыходзіць з канкрэтных умоў развіцця Чэхаславакіі. Гал. тэма яго філас. разважанняў — маральныя асновы палітыкі, механізацыя чалавека ва ўмовах несвабоды. Аналіз дысідэнцтва дадзены ў кн. эсэ «Дужасць нядужых» (1978) і «Лістах да Вольгі» (1980).
Тв.:
Бел.пер. — Свята ў садзе // Пры зачыненых дзвярах: Драм.тв.Мн., 1995;
Аўдыенцыя: П’еса ў адной дзеі // Крыніца. 1997. № 1 (27);
Рус.пер. — Трудно сосредоточиться. М., 1990;
Сила бессильных. Мн., 1991;
Заочный допрос. М., 1991.
Літ.:
Шабловская И.В. Чешский театр абсурда и европейский опыт // Славянские литературы в контексте мировой: Материалы и тез. докл. междунар. науч. конф. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРВІНІ́ЗМ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
тэарэтычная плынь у грамадазнаўстве канца 19 — сярэдзіны 20 ст., якая імкнулася прычыны і кірункі грамадскага развіцця тлумачыць заканамернасцямі біял. эвалюцыі, прынцыпы прыроднага адбору, барацьбы за існаванне і выжыванне пераносіць на жыццё грамадства і чалавечых супольнасцей. Заснавальнік Д.с. англ. сацыёлаг Г.Спенсер. У межах Д.с. склаліся розныя кірункі. Прадстаўнікі антрапалагічнай школы ў сацыялогіі (Х.Чэмберлен, Ж.Лапуж, О.Аман) прынцыпы барацьбы за існаванне пераносілі непасрэдна на ўзаемаадносіны паміж сац. групамі, народамі, дзяржавамі. Польска-аўстр. сацыёлаг Л.Гумплавіч тлумачыў сац. з’явы з пазіцый натуралізму, а ўзаемаадносіны паміж сац. групамі трактаваў як бязлітасную барацьбу, якая вызначае не толькі сац. канфлікты, але і сац. жыццё ў цэлым. Г.Ратцэнгофер, У.Самнер, У.Беджгат лічылі, што барацьба паміж расавымі, этн. і культ. групамі абумоўлена сутыкненнем інтарэсаў, якія з’яўляюцца ўвасабленнем біял. імкненняў. Прадстаўнікі сацыябіялогіі (Э.Уілсан, Р.Александэр, Р.Трыверс і інш.) выступаюць за новы сінтэз біял. і сац. навук, сцвярджаюць, што сфармуляваныя імі прынцыпы паводзін жывёл неабходна пашырыць на жыццё грамадства, бо гэта дасць магчымасць зразумець біял.асновы зыходных формаў чалавечых паводзін (сямейныя адносіны, сац. зносіны, сац. няроўнасць, агрэсія, альтруізм і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯТКО́ВАЯ СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,
найбольш пашыраная пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 10. Мае 10 сімвалаў — лічбы 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9. Мяркуюць, што выбар у якасці асновы ліку 10 бярэ пачатак ад лічэння на пальцах. Узнікла на аснове нумарацыі, якая зарадзілася ў Індыі ў 5 ст., назву арабскай атрымала таму, што ў Еўропе з ёй пазнаёміліся ў 10—12 ст. па лац. перакладах з араб. мовы; у Расіі Дз.с.л. пачала пашырацца з 17 ст.
Пазіцыйны прынцып Дз.с.л. азначае, што адзін і той жа знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад таго месца, на якім ён стаіць, і таму асобныя сімвалы патрэбныя толькі пры запісе першых 10 лікаў. Лік 10 (аснова Дз.с.л.) утварае адзінку 2-га разраду, 10 адзінак 2-га разраду (лік 100 = 102) — адзінку 3-га разраду і г.д. (адзінка кожнага наступнага разраду ў 10 разоў большая за адзінку папярэдняга). Для запісу ліку ў Дз.с.л. выяўляюць колькасць адзінак найвышэйшага разраду, потым у астачы — колькасць адзінак разраду, на 1 меншага, і г.д. Атрыманыя лічбы запісваюць побач, напр., 4∙102 + 7∙101 + 3∙100 = 473. Гл. таксама Лічэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМО́ЎСКІ ((Dmowski) Раман Станіслаў) (9.8.1864, Камёнак, каля Варшавы, Польшча — 2.1.1939),
польскі паліт. дзеяч, публіцыст. Ідэолаг польскага нацыяналізму. Скончыў Варшаўскі ун-т (1890). З 1888 чл. тайнай арг-цыі «Саюз польскай моладзі», з 1890 — Польскай лігі, якую ў 1893 разам з З.Баліцкім ператварыў у Нац. лігу. Заснавальнік (1895) і выдавец час. «Przegląd Wszechpolski» («Усяпольскі агляд»), на старонках якога сфармуляваў праграму польскага нац. руху. У 1907—09 дэпутат і кіраўнік «Польскага кола» (аб’яднанне польскіх дэпутатаў) у рас. 2-й і 3-й Дзярж. думах. У 1917 у Парыжы арганізаваў Польскі нац.к-т, мэтай якога было аднаўленне незалежнай Польшчы. У 1923 міністр замежных спраў. Пасля прыходу да ўлады Пілсудскага ў 1926 стварыў апазіцыйны «Лагер Вялікай Польшчы». Адмоўна ставіўся да бел.нац. руху, лічыў, што ўся Зах. і Цэнтр. Беларусь павінна ўваходзіць у склад польскай дзяржавы, выказваўся за асіміляцыю беларусаў і ўкраінцаў. Распрацаваў асновы нац.-дзярж. арганізацыі 2-й Рэчы Паспалітай. Аўтар кн. «Германія, Расія і польскае пытанне» (1908), «Польская палітыка і аднаўленне польскай дзяржавы» (1925), «Царква, народ, дзяржава» (1927), «Пасляваенны свет і Польшча» (1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУАЛІ́ЗМ (ад лац. dualis дваісты),
філасофскае вучэнне, якое прызнае існаванне двух раўнапраўных пачаткаў — матэрыі і духа, матэрыяльнага і ідэальнага. Выступае ў якасці антыпода розных формаў манізму, прадстаўнікі якога тлумачаць свет на падставе сцвярджэння першаснасці матэрыі або духа. У гісторыі філасофіі Д. накіраваны на прымірэнне маністычных поглядаў і іх сінтэзу ў межах дуалістычнай сістэмы. Тэрмін «Д.» увёў ням. філосаф К.Вольф і выкарыстаў яго для азначэння матэрыяльнай і духоўнай субстанцый. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў Д. — Р.Дэкарт лічыў, што быццё падзяляецца на мыслячую (дух) і працяглую (матэрыя) субстанцыі. Суадносіны гэтых субстанцый у чалавека ён вырашаў з пазіцыі псіхафіз. паралелізму, дзе матэрыяльны і духоўны пачаткі выступаюць незалежна адзін ад аднаго. І.Кант развіваў вучэнне аб антынамічнасці розуму, якое было падставай дуалістычнага размежавання «рэчаў у сабе» і «з’яў». Для філасофіі новага часу характэрны формы гнасеалагічнага Д. (Дж.Лок, Д.Юм і інш.). Ён зыходзіць не з проціпастаўлення матэрыяльнай і духоўнай субстанцый, а з проціпастаўлення пазнаючага суб’екта пазнавальнаму аб’екту, што вядзе да абсалютызацыі свядомасці і яе адрыву ад сваёй матэрыяльнай асновы. Паняцце «Д.» сустракаецца ў разнастайных маральных, эстэт., паліт. і інш. канцэпцыях, дзе аб’ядноўваюцца несумяшчальныя пачаткі (дабро і зло, прыгожае і агіднае і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЗААЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1980 у Мінску на базе Аддзела заалогіі і паразіталогіі АН Беларусі (у 1932—58 Аддзел фауны Ін-та біялогіі). Лабараторыі (1998): экалогіі наземных пазваночных жывёл, арніталогіі, энтамалогіі, іхтыялогіі, водных беспазваночных жывёл, гідраэкалогіі, паразіталогіі. Аспірантура (з 1958), дактарантура па спецыяльнасцях «заалогія» і «гідрабіялогія» (з 1994).
Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне механізмаў фарміравання біял. разнастайнасці жывёльнага свету ва ўмовах нарастання антрапагеннай нагрузкі на прыродныя комплексы; распрацоўка прынцыпаў і метадаў вядзення экалагічнага маніторынгу; навук. абгрунтаванне развіцця і расшырэння сеткі ахоўных прыродных тэр.; вядзенне Чырв. кнігі рэдкіх і знікаючых відаў жывёл. Вынікі даследаванняў: распрацаваны метадычныя асновы, прынцыпы складання і прагноз стану і дынамікі жывёльнага свету, канцэпцыя для планавання рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў найб. значных відаў і груп паляўнічай фауны, рыбных запасаў вял. азёр Беларусі і ахове рэдкіх і знікаючых відаў рыб, рэканструкцыя фауны і акліматызацыя гідрабіёнтаў у падагрэтых водах энергет. аб’ектаў, меры па барацьбе з узбуджальнікамі паразітозаў і пераносчыкамі каранцінных і асабліва небяспечных захворванняў на тэр. Беларусі. У Ін-це працавалі акад.АН Беларусі М.Е.Макушок, чл.-кар. І.М.Сяржанін; працуюць акад.Нац.АН Беларусі і Рас.АН Л.М.Сушчэня, чл.-кар. М.М.Пікулік (дырэктар), 7 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФІЗІЯЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1953 у Мінску на базе Ін-та тэарэт. медыцыны (з 1947). Лабараторыі (1998): фізіялогіі функцыян. сістэм, рэгулятарных бялкоў і пептыдаў, фізіялогіі аферэнтных сістэм, прыкладной фізіялогіі, фізіялогіі ствала галаўнога мозга; групы функцыян нейрамарфалогіі, экстракардыяльных механізмаў рэгуляцыі кровазвароту, эколага-фізіял праблем. Аспірантура (з 1953).
Асн. кірункі навук. даследаванняў: вывучэнне цэнтр. і перыферыйных механізмаў тэрмарэгуляцыі, тэмпературнай устойлівасці арганізма; функцыянальная характарыстыка вісцэральных аферэнтных сістэм і іх сувязі з нерв. цэнтрамі; фізіял. механізмы і марфалагічныя асновы жыццяздольнасці арганізмаў чалавека і жывёл у залежнасці ад фіз. і хім. фактараў асяроддзя. Вынікі даследаванняў: распрацавана канцэпцыя дзейнасці нерв. цэнтраў (мадэль нейроннай сеткі), у аснову якой пакладзены прынцып растарможвання нейронаў; вывучаны пытанні паталагічных станаў пры парушэнні працэсаў спалучэння тэрмарэгуляцыі і абмену складаных ліпідаў у арганізме; выяўлены ахоўныя ўласцівасці фактару росту нерваў і эпідэрмісу пры цеплавым і акісляльным стрэсе, уздзеянні на арганізм іанізуючай радыяцыі. У Ін-це працавалі акад.АН Беларусі І.А.Булыгін, А.С.Дзмітрыеў, В.А.Лявонаў, Д.А.Маркаў, чл.-кар. А.Ю.Бранавіцкі, працуюць акад.Нац.АН Беларусі Д.М.Голуб, В.М.Гурын (дырэктар з 1984), акад.Нац.АН Беларусі і РАМН У.А.Мацюхін, чл.-кар. М.І.Арынчын, У.У.Салтанаў, 9 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́ЦКІ (Фёдар Мікалаевіч) (н. 10.1.1930, в. Селівонаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. хімік. Акад.Нац.АН Беларусі (1994; чл.-кар. 1989), д-рхім.н. (1984), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1954), дзе і працаваў з 1956 (у 1964—65 у Дзярж. к-це СМБССР па каардынацыі н.-д. работы). З 1973 нам., з 1977 першы нам. міністра вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі БССР. З 1989 прарэктар, з 1990 рэктар БДУ. З 1996 у НДІ фіз.хім. праблем пры БДУ. Навук. працы па структурнай і хім. мадыфікацыі цэлюлозы і яе вытворных. Распрацаваў фіз.-хім.асновы атрымання матэрыялаў тэхн. прызначэння на аснове вытворных цэлюлозы (аксіды металаў, высокатэмпературныя звышправаднікі); тэхналогію вытв-сці лек. прэпаратаў пралангаванага дзеяння, лакафарбавых матэрыялаў з адходаў нафтаперапрацоўкі; метады атрымання сумесных раствораў цэлюлозы з сінт. палімерамі і ўмовы іх перапрацоўкі ў валокны і плёнкі.
Тв.:
Лекарственные препараты на основе производных целлюлозы. Мн., 1989 (разам з Т.Л.Юркштовіч);
Катионный олигомер пиперилена: синтез, свойства и применение. Мн., 1997 (разам з В.П.Мардыкіным).
Літ.:
Ф.Н.Капуцкий // Вестн. БГУ. Сер. 2. Химия. Биология. География. 1995. № 1.