агнястрэльная зброя 2-й пал. 19 ст. Інтэнсіўнасць стральбы (да 600 стрэлаў за мінуту) дасягалася за кошт павелічэння колькасці ствалоў (да 25) і паскарэння працэсу зараджання праз ужыванне унітарнага патрона. Прататып К. — арган выкарыстоўвалі ў 16—18 ст. у Еўропе, у т. л. на Беларусі. Розныя сістэмы К. ствараліся і меліся на ўзбраенні ў ЗША (у час грамадз. вайны 1861—65), у Францыі, Швецыі, Расіі і інш. Іх калібр ад 11—12 да 25,4 мм, маса 25-ствольнай К. дасягала 800 кг. Былі папярэдніцамі аўтаматычнай зброі, але іх механізмы зараджання і стральбы прыводзіліся ў дзеянне мускульнай сілай чалавека. Зняты з узбраення ў сувязі з вынаходніцтвам і распаўсюджаннем кулямёта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАМАРФО́З [ад грэч. kata уніз + марф(а)],
рэгрэсіўныя пераўтварэнні арганізмаў, звязаныя з іх пераходам да больш простага спосабу жыцця, страта імі некат. прыстасаванняў да пэўных умоў існавання. Гэтыя пераўтварэнні з’яўляюцца асновай катагенезу — рэгрэсіўнай эвалюцыі. Тэрмін прапанаваны сав. біёлагам І.І.Шмальгаўзенам (1939).
Генет. аснова К. — намнажэнне мутацый, што вядуць да недаразвіцця органаў, якія страцілі сваё значэнне пры змене спосабу жыцця. К. характэрны для абалоннікаў, вусаногіх ракаў, імшанак, калаўротак і інш.Але ў такіх арганізмаў часам назіраюцца і прагрэсіўныя змены ў асобных сістэмах органаў. Прыватны выпадак К. — гіпамарфоз, агульнае недаразвіццё арганізма, напр.неатэнія (у аксалотля, пячорнага пратэя). Замест тэрміна «К.» часта карыстаюцца паняццем катагенез, якое падкрэслівае экалагічныя і генет. аспекты рэгрэсіўнай эвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ШЫЦ (Язэп) (1795, каля Пінска — 1868),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. У 1811 паступіў у Віленскі ун-т, але пакінуў навучанне і ўступіў у 17-ы полк уланаў, які фарміраваўся ў Літве. Удзельнічаў у вайне 1812 на баку Напалеона. У 1830 абраны маршалкам шляхты. У 1831 узначаліў паўстанне ў Навагрудскім і Слонімскім пав. У сваім маёнтку стварыў паўстанцкі атрад. Паўстанцы мелі сутычкі з урадавымі войскамі каля в. Гарадзішча, Каменны Брод, Кошалева, Радзюкі, Навіны, нападалі на Дзятлава, захапілі мяст. Беліца; у Навагрудку раззброілі вайсковую каманду, адбілі астрог і вызвалілі арыштаваных. 24.7.1831 атрад злучыўся з корпусам Г.Дэмбінскага і перайшоў на тэр. Польшчы. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Францыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭЗ (грэч. Kroisos; 595—546 да н.э.),
апошні цар Лідыі [560—546 да н.э.]. Значна пашырыў тэр. Лідыйскага царства, падпарадкаваў грэч. гарады (Эфес, Мілет і інш.) у М. Азіі, захапіў амаль усю яе зах. частку. Імкнуўся пашырыць у Лідыі грэч. культуру, пасылаў багатыя ахвяраванні грэч. храмам (Дэльфы, Эфес). Стаў першы чаканіць залатую манету. Пра багацці К. складаліся легенды, што зрабіла яго імя назыўным. Разбіты ў вайне з пер. царом Кірам II каля Птэрыі ў Кападокіі, а сталіцу Лідыі Сарды захапілі персы. К. трапіў у палон (546 да н.э.) і паводле адной версіі (Герадот і большасць стараж.-грэч. гісторыкаў) быў прыгавораны да спалення, але памілаваны Кірам, паводле другой (стараж.-ўсх. крыніцы) — пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАФІ́ТЫ [ад грэч. xēros сухі + ...фіт(ы)],
расліны засушлівых мясцін, здольныя з дапамогай некат. прыстасаванняў (гл.Ксерамарфізм) пераносіць перагрэў і абязводжванне. Сукуленты маюць мясістае лісце, паверхневую каранёвую сістэму, утрымліваюць у клетках значную колькасць звязанай вады (напр., алоэ, кактусы, скочкі, расходнік і інш.). У геміксерафітаў добра развіта каранёвая сістэма, якая дасягае грунтавых вод, інтэнсіўныя транспірацыя і абмен рэчываў (вярблюджая калючка, шалфей і інш.). Эўксерафіты — апушаныя расліны з нізкаінтэнсіўным абменам рэчываў, маюць неглыбокую (50—60 см) каранёвую сістэму (калматка палявая, некат. віды палыну, цмен пясчаны і інш.). Пайкілаксерафіты пры значным абязводжванні пераходзяць у анабіёз, маюць у сабе 2—5% вады, але арганізацыя клеткі не парушаецца ў выніку захоўвання энергет. паўнацэннасці дыхання (некат. мхі, лішайнікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПЕЦКІ (Kupezky) Ян [1667, Прага (?), або Пезінак каля г. Браціслава — 16.7.1740], чэшскі жывапісец-партрэтыст; прадстаўнік барока. У 1684—87 вучыўся ў Вене ў Б.Клаўса. З 1687 працаваў у Рыме, Венецыі, Балонні, Фларэнцыі, Мантуі. Зазнаў уплыў Г.Рэні. З 1709 у Вене, прыдворны мастак, дзе паводле густу заказчыкаў арыентаваўся на парадныя партрэты Г.Рыго і Н.Ларжыльера, але захоўваў псіхалагізм вобраза (партрэт К.Бруні, 1709; партрэт мужчыны, 1700; «Аўтапартрэт», 1711, і інш.). У 1712 у Карлавых Варах выканаў партрэт Пятра I. Пасля 1723 у Нюрнбергу, пад уплывам паўн. майстроў у сваіх працах імкнуўся спасцігнуць унутр. жыццё чалавека (партрэт М.Крэйсінгера, каля 1730; «Аўтапартрэт з сынам», 1728—29, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада 61-й партыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял.Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) пад камандаваннем Я.Ф.Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛА́ЧПЛЕСІС»,
латышскі гераічны эпас. Складзены ў 1888 А.Пумпурам на аснове лат. фальклору (казак, паданняў) і сярэдневяковых хронік. Вытрыманы ў асн. памеры лат.нар. песень (харэй у спалучэнні з дактылем). Персанаж чарадзейных казак Лачплесіс (Той, хто раздзірае мядзведзя) ператвораны Пумпурам у эпічнага волата, нац. героя, правадыра народа ў барацьбе супраць ням. рыцараў. У «Л.» выкарыстаны традыц. эпічныя сюжэты: першы подзвіг героя, гераічныя вандраванні (на зачараваны востраў), жаніцьба на дзеве — памочніцы волата Лаймдата, барацьба з ведзьмаком Кангарам і інш. Лачплесіс перамагае ў паядынку Цёмнага рыцара, але гіне сам; народ чакае вяртання героя і канчатковага вызвалення ад занявольнікаў. На аснове «Л.» ўзнік другасны фальклор (паданні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЧА́НСКІЯ БАІ́ 1944.
Адбыліся паміж партызанамі брыгады імя Дзяржынскага і ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Любча Вілейскага р-на Мінскай вобл. 3 і 6—8 ліп. ў Вял.Айч. вайну. Гарнізон у Любчы (каля 450 гітлераўцаў) прыкрываў адступленне гітлераўскіх войск. Партызаны спланавалі яго ліквідацыю. 3 ліп. штурмам авалодалі гар. пасёлкам, захапілі шмат варожага ўзбраення. Выбітыя з пасёлка гітлераўцы пачалі канцэнтраваць сілы ў в. Нягневічы, каб знішчыць партызан і авалодаць пасёлкам. 6 ліп. пры падтрымцы танкаў і артылерыі яны пачалі наступленне. 3-за пагрозы акружэння брыгада вымушана была пакінуць Любчу. Але пасля 2 дзён жорсткіх баёў 8 ліп. партызаны зноў захапілі пасёлак і ўтрымлівалі яго да падыходу Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́ ФОНД,
сукупнасць усіх лясоў краіны натуральнага і штучнага паходжання. Л.ф. Рэспублікі Беларусь складаецца з лясоў дзярж. значэння і калгасных. Паводле нар.-гасп. значэння і функцый падзяляецца на лясы 1-й і 2-й груп, што складае адпаведна 37 і 63% пл. Паводле зямельнага і ляснога заканадаўства да дзярж. Л.ф. адносяцца ўкрытыя лесам землі, а таксама не ўкрытыя, але прызначаныя для патрэб лясной гаспадаркі. У яго склад не ўваходзіць дрэвава-хмызняковая расліннасць, якая расце на землях с.-г. прызначэння, на палосах адводу чыгунак, аўтадарог і каналаў, у гарадах і інш. населеных пунктах, на прысядзібных, дачных і садовых участках. Агульная пл. зямель Л.ф. ў Беларусі (1998) каля 7 млн.га, або 33,9% тэр. рэспублікі.