вырабы з металу, дэкарыраваныя эмалямі (фініфцю) і размаляваныя празрыстымі вогнетрывалымі фарбамі; рускі нар.маст. промысел. Існуе з 18 ст. ў г. Растоў Яраслаўскай вобл. Эмаллю запаўняюць дробныя выемкі ці паглыбленні, створаныя тонкімі метал. перагародкамі, або наносяць, як і размалёўку, суцэльным слоем. У 18—19 ст. у тэхніцы Р.ф. выраблялі пераважна абразкі, партрэты і пейзажы. У канцы 19 ст. промысел заняпаў, адроджаны ў 1920-я г. Сучасныя майстры ф-кі «Растоўская фініфць». (В.Салдатава, І.Салдатаў, А.Кокін, В.Горскі, А.Ціхаў, А.Хауноў) вырабляюць пудраніцы, куфэркі, кулоны, завушніцы, брошкі і інш. Акаймаваныя ажурнай філігранню са светлага, цёмнага ці пазалочанага серабра, эмалевыя ўстаўкі аздабляюць акварэльна-празрыстай размалёўкай у выглядзе кветак, пейзажаў, мініяцюрных сюжэтных кампазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОБАТАТЭХНІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
структурнае вытворчае падраздзяленне (рабатызаваны тэхналагічны комплекс, участак, цэх і інш.), у склад якога як сродак аўтаматызацыі ўваходзяць прамысловыя робаты. Аб’екты Р.с. звязаны паміж сабой, узаемазалежныя; іх функцыі і дзеянні (аперацыі), што імі выконваюцца, забяспечваюць выпуск прадукцыі. Аптымальная Р.с. вызначаецца макс. прадукцыйнасцю пры мінім. затратах.
Кожная Р.с. ўключае падсістэмы апрацоўкі (формаўтварэння) дэталей, патоку (транспартавання) вырабаў, інструментаў і прыстасаванняў. кантролю якасці прадукцыі, кіравання і інфармацыі і дапаможную падсістэму (для падтрымання работаздольнасці Р.с.). Робаты ў складзе Р.с. забяспечваюць індывідуальнае абслугоўванне абсталявання, групавое яго абслугоўванне пры лінейным, лінейна-паралельным або кругавым размяшчэнні.
Літ.:
Белянин П.Н. Робототехнические системы для машиностроения. М., 1986;
Соломенцев Ю.М., Сосонкин В.Л. Управление гибкими производственными системами. М., 1988;
Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;
Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987;
Гавриш А.П., Ямпольский Л.С. Гибкие робототехнические системы. Киев, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТАР (ад лац. roto вярчуся) у тэхніцы, вярчальная частка ротарных машын. Робіцца ў выглядзе барабанаў, дыскаў, колаў.
На Р. размяшчаюць органы, якія атрымліваюць энергію ад рабочага цела (як у рухавіку Ванкеля) або аддаюць яе рабочаму целу (як у ротарнай помпы). Р. рухавікоў звязаны з вядучым валам, рабочых машын — з прывадным. У лапатачных, ці лопасцевых, машынах Р. — кола з лапаткамі, якое пад дзеяннем патоку вадкасці, пары ці газу круціць вал машыны; Р. вентылятара, кампрэсара, помпы вярчэннем вала стварае паток газу ці вадкасці. Р. пераменнага току машыны — цыліндрычнае цела з пазамі для размяшчэння абмоткі, магн. поле якой узаемадзейнічае з магн. полем статара. Р. асінхронных машын бываюць фазныя і каротказамкнёныя. сінхронных машын — яўна- і неяўнаполюсныя. Р. машыны пастаяннага току наз.якарам. У буравых устаноўках Р. выкарыстоўваецца для вярчэння бурыльных труб у свідравіне.
Ротар сінхроннага электрарухавіка (кампенсатара) магутнасцю 60 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОШ-ХАША́НА,
іудзейскае свята Новага года. У залежнасці ад штогодняга цыкла Месяца адзначаецца ў пач. верасня або ў пач. кастрычніка. У Бібліі названы «днём трубнага гуку». Магчыма, быў звязаны са святам Месяца, які адзначаўся гукамі труб, што быццам бы адганялі злых духаў. У 1-ы дзень свята іудзеі ідуць да вады (возера, рака і інш.) і сімвалічна кідаюць свае грахі ў ваду, выварочваюць кішэні (т.зв. ташліх). На 2-і дзень у сінагогах праводзяцца асаблівыя богаслужэнні і трубяць у бараноў рог (шофар) для закліку да пакаяння. Кульмінацыя абраду — 10-ы дзень Новага года Іом-Кіпур. Дарослыя іудзеі ў гэты дзень не ядуць і не п’юць, праводзяць яго ў роздуме і малітвах; Бог выносіць прысуд усяму жывому і запісвае ў асобныя кнігі, што чакае кожнага ў наступным годзе залежна ад таго, як пражыў гэты год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДКІЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,
назва групы хім. элементаў (больш за 50), што выкарыстоўваюцца ў невял. колькасці, або адносна новыя ў тэхніцы. У прыродзе даволі малапашыраныя (элементы з кларкамі, ніжэйшымі за 0,01% па масе).
Звычайна не ўтвараюць буйных радовішчаў сваіх мінералаў. Агульная колькасць Рэ. у зямной кары 0,53% па масе, 0,41% прыпадае на тытан, які традыцыйна адносяць да Р.э., хоць яго прыродныя запасы значныя і здабываецца ён у вялікай колькасці. Паводле асаблівасцей геахіміі і тэхналогіі вылучэння і раздзялення падзяляюць на групы: лёгкія Р.э. — літый, цэзій, берылій, стронцый; рэдказямельныя элементы; рассеяныя элементы; тугаплаўкія Р э. — цырконій, ніобій, тантал, малібдэн і інш.; плацінавыя металы; радыеактыўныя элементы (уран, торый і інш.), інертныя газы. З павелічэннем аб’ёму вытв-сці многіх з гэтых элементаў тэрмін «Р.э.» становіцца ўсё больш умоўным.
Літ.:
Химия и технология редких и рассеянных элементов. Ч. І—3. 2 изд. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ПА (Brassica гара),
кветкавая расліна сям. крыжакветных. 5 падвідаў. На Пд Еўропы і ў Зах. Азіі як пустазелле пашырана Р. дзікая. У Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы як агароднінная культура вырошчваецца Р. еўрапейская, або культурная, вядомая народам стараж. Шумера, Вавілона і Асірыі. На Беларусі — з 11 ст ; да паяўлення бульбы была адной з асн.харч. культур. Культывуюцца сталовыя (Майская белая, Міланская, Пятроўская 1 і інш.) і кармавыя (турнэпс) сарты.
Двухгадовая травяністая расліна з белым, жаўтаватым ці фіялетавым караняплодам. У год пасеву развівае разетку буйнога лірападобна рассечанага лісця і караняплод, на другі — кветаносныя парасткі. Кветкі жоўтыя, духмяныя, у гронкападобных суквеццях. Плод — стручок. Караняплоды маюць цукар (3,8—6,4%), аскарбінавую к-ту (21—35%), вітаміны групы В, калій. Іх спажываюць свежымі, варанымі, смажанымі. Бацвінне ідзе на корм жывёле Харч., лек., кармавая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБА́ЧЫЯ.
воўчыя, псовыя (Canidae), сямейства млекакормячых атр. драпежных. 15 (12) родаў, 35 (29) відаў. Пашыраны паўсюдна, акрамя Антарктыды і некат. астравоў (Мадагаскар, Новая Зеландыя, Сулавесі, Тайвань, арх. Меланезія і Палінезія). Жывуць у разнастайных, пераважна адкрытых ландшафтах. Селяцца ў норах або логавах. Трымаюцца паасобна, часам парамі, некат. — сямейнымі групамі і зграямі. На Беларусі пашыраны воўк, ліс, янотападобны сабака.
Даўж. да 160 см, маса да 80 кг. Афарбоўка разнастайная, пераважна аднатонная. Галава падоўжаная, морда вострая, вушы стаячыя. Футра густое, звычайна пушыстае. Хвост доўгі. На пярэдніх лапах па 5 пальцаў (у гіенавага сабакі — 4), на задніх — па 4; кіпцюры тупыя, не ўцягваюцца. Драпежнікі, спажываюць і расл. корм. Манагамы. Нараджаюць 3—4 (зрэдку да 13—16) шчанят 1 раз на год. Многія С. — аб’екты промыслу і зверагадоўлі (ліс, пясец і інш.). Да С. адносяцца ўсе пароды сабак свойскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАХО́ДНАЯ АРТЫЛЕРЫ́ЙСКАЯ ЎСТАНО́УКА (САУ),
самаходная ўстаноўка (СУ), артылерыйская гармата на самаходным танкавым шасі абоспец. базе, прызначаная для непасрэднага суправаджэння танкавых і мотастралковых падраздзяленняў у баі. Выконвала задачы артыл. падтрымкі рухомых злучэнняў у барацьбе з танкамі, бронемашынамі, агнявымі сродкамі і інш. САУ з’явіліся ў 1-ю сусв. вайну, шырока выкарыстоўваліся ў час 2-й сусв. вайны (СССР, Германія, ЗША і інш.). Мелі гармату калібру 76—203 мм. Падзяляліся па масе на лёгкія (да 20 т), сярэднія (да 40 т) і цяжкія (больш за 40 т); паводле тыпу гармат — на пушкі, гаўбіцы, гаўбіцы-пушкі; па бранявой ахове — на закрытага, паўзакрытага і адкрытага тыпу. З 1960-х г. у сувязі з развіццём самаходнай артылерыі САУ (акрамя процітанкавых і зенітных установак) не выпускаюцца.
Да арт.Самаходная артылерыйская ўстаноўка: 1 — савецкая ІСУ-122 (закрытага тыпу); 2 — нямецкая 88-мм «фердынанд» (закрытага тыпу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і эпохі Кіеўскай Русі на ўскраіне в.Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. Пры даследаванні ў ніжнім гарызонце знойдзены рэчы жал. веку (6 ст. да н.э. — 1 ст.н. э.) — жал. шпілька з S-падобным завітком, нож, шлакі, каменная зерняцёрка, фрагменты штрыхаванай керамікі. У верхнім выяўлены сляды наземных драўляных пабудоў з дашчанай падлогай і рэшткі печаў, складзеных з камення з глінянымі чарэнямі часоў сярэдневякоўя. Знойдзены сякеры, нажы, долата, замкі з ключамі, іголкі, шылы, праколкі, шыферныя прасліцы, крэсівы, каса-гарбуша, матыка, сашнікі, восці, гарпуны, зброя і рыштунак конніка, вырабы з рогу і косці, бронзавыя ювелірныя вырабы (крыж-складзень, створкі энкалпіёна, пласціністы бранзалет, кавалкі бронзавай або меднай пасудзіны), шкляныя вырабы (бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі, фрагменты посуду), фрагменты амфар і інш. На думку даследчыкаў, С. у гэты час была раннефеад. замкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬДЭРЭ́Й (Apium),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 20 відаў, якія часам аб’ядноўваюць у 1 від — С. пахучы (A. graveolens) з падвідамі. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Вырошчваўся ў стараж. Рыме і Егіпце, у Расіі — з 17 ст. На Беларусі культывуюць разнавіднасці С. пахучага: лісцевы (напр., сорт Кучаравы лісцевы), чаранковы (напр., сорт Залатое пяро) і караняплодны (напр., сорт Яблычны).
Двухгадовыя (у культуры аднагадовыя) травы. У першы год утвараюць разетку лісця выш. 30—50 см, на другі — баразнаватыя, прамыя, галінастыя сцёблы выш. да 150 см. Кветкі дробныя, зеленаватыя, крэмавыя, або белыя ў складаным парасоніку. Плод — сямянка. Лісце і караняплоды багатыя аскарбінавай к-той, карацінам, вітамінамі, мікраэлементамі, эфірным алеем. У кулінарыі С. выкарыстоўваецца ў свежым, вараным і смажаным выглядзе. З насення і лісця атрымліваюць эфірны алей. Лек. расліны.