О́ЛБАНІ (Albany),

горад на ПнУ ЗША. Адм. ц. штата Нью-Йорк. Засн. ў 1614. 103,6 тыс. ж., з гарадамі Скенектады, Трой і агульнымі прыгарадамі каля 900 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Гудзон даступны для марскіх суднаў, каля пачатку канала Эры. Гандл.-размеркавальны цэнтр. Прам-сць: паліграф., тэкст., трыкат., швейная, харч.; вытв-сць пластмас. 2 ун-ты. Арх. помнікі: галандскі форт (17 ст.), жылыя дамы (17—18 ст.) і інш.

т. 11, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАПЕ́Т (франц. parapet ад італьян. parapetto ад parare абараняць + petto грудзі),

невысокая суцэльная сценка, якая агароджвае пакрыццё будынка, тэрасу, балкон, набярэжную, мост і інш. Часта бывае пастаментам для дэкар. ваз і статуй. Вядомы са старажытнасці ў архітэктуры Грэцыі і Рыма. Найб. шырока выкарыстоўваўся ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У выглядзе П. робяць парадныя агароджы ўчасткаў сквераў і паркаў (П. вакол Цэнтральнага сквера ў Мінску, 1999).

Парапеты вакол Цэнтральнага сквера ў Мінску. 1999.

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСО́ШНЫЯ ЛЮ́ДЗІ,

у Расійскай дзяржаве адна з назваў (да 17 ст.) датачных людзей (пажыццёва ваеннаабавязаных асоб), звязаная з іх вылучэннем па «сохах» — адзінках пазямельнага (у гарадах падворнага) падаткаабкладання. Напр., для Казанскага паходу 1547 бралі па 2 чал. ад «сахі». У войску з П.л. складалася пасошная раць. Пасля заканчэння чарговага ваен. паходу П.л. звычайна распускалі па хатах да новага прызыву, але і ў мірны час іх маглі прыцягваць да буд. і рамонтных работ.

т. 12, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРО́КЛ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з удзельнікаў Траянскай вайны, сябар Ахіла. У небяспечны для грэкаў момант, калі траянцы на чале з Гектарам уварваліся ў іх лагер і імкнуліся падпаліць караблі, Ахіл з-за сваркі з Агамемнанам адмовіўся ўдзельнічаць у бітве, але аддаў П. свае даспехі. П. узначаліў контратаку грэкаў і адагнаў траянцаў ад лагера, забіўшы пры гэтым знакамітага героя Сарпедона, але і сам быў забіты Гектарам, які зняў з яго даспехі Ахіла.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЦЕ́ШНЫЯ» ВО́ЙСКІ,

ваенныя атрады з маладых людзей і дзяцей (дваровых, конюхаў, добраахвотнікаў-дваран), створаныя для «забаў» царэвіча Пятра (будучы рас. імператар Пётр I). У 1685 пабудавана спец. крэпасць — Пацешны гарадок. З 1686 у «П.в.» залічвалі і сталых людзей. У 1687 (па інш. звестках у пач. 1690-х г.) з «П.в.» сфарміраваны Праабражэнскі і Сямёнаўскі палкі, якія пазней сталі асновай рас. рэгулярнай арміі, у прыватнасці яе гвардыі, і апорай Пятра I у час дварцовага перавароту 1689.

т. 12, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕІ́ДЫ,

адзін з самых яркіх метэорных патокаў. Радыянт знаходзіцца ў сузор’і Персея (адсюль назва). Назіраюцца штогод з 15 ліп. да 26 жн. (максімум 12 жн.). Вядомы з 830. Утвараюцца з прычыны выкідаў рэчыва з каметы 109P/Свіфта—Тутля. Да 1979 давалі ў максімуме 70—80 метэораў за гадзіну, у 1990-я г. рэгістравалася да 1000 метэораў за гадзіну. П. — першы метэорны паток, для якога выяўлена сувязь з каметай (італьян. астраном Дж.​Скіяпарэлі, 1866).

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРУШЭ́ЎСКІ (Васіль Фаміч) (6.12.1829, С.-Пецярбург — 5.5.1891),

расійскі вучоны, артылерыст і хімік. Ген.-лейт. (1881). Брат Ф.Ф.Петрушэўскага. Скончыў 1-ы кадэцкі корпус (1848) і Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1850). З 1856 на выкладчыцкай і навук.-даследчай рабоце. З 1871 нач. Пецярбургскага патроннага з-да. Удасканаліў сістэму наводкі артыл. гармат, вынайшаў дальнамер для берагавой артылерыі і інш. артыл. прылады. Наладзіў прамысл. вытв-сць нітрагліцэрыны як выбуховага рэчыва.

Літ.:

Авербух А.Я. В.Ф. Петрушевский. М.; Л., 1963.

т. 12, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНАЦЫТО́З (ад грэч. pino п’ю + kytos ёмістасць, тут — клетка),

захопліванне клетачнай паверхняй вадкасці з растворанымі ў ёй рэчывамі. Адзін з асн. механізмаў пранікнення ў клетку высокамалекулярных злучэнняў (бялкоў, глікапратэідаў, ліпідаў). Пры П. на спецыялізаваных участках плазматычнай мембраны паяўляюцца кароткія тонкія вырасты, якія акружаюць кроплю вадкасці і перамяшчаюць яе ўнутр клеткі. Адбываецца П. у эпітэліяльных клетках кішэчніка, ныркавых канальцах; найб. характэрны для амёб. Часам тэрміны «П.» і «фагацытоз» аб’ядноўваюць агульным паняццем — эндацытоз.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНІМЕ́ТР (ад лац. planum плоскасць + метр),

механічная прылада для вымярэння плошчы плоскіх фігур адвольнай формы. Адрозніваюць П. палярныя (найб. пашыраны; прапанаваны ням. вучоным Я.​Амслерам у 1854), лінейныя і радыяльныя. Прынцып дзеяння палярнага П. заснаваны на аднакратным абходзе абвадным штыфтам уздоўж контуру фігуры. Плошча фігуры роўная рознасці паказанняў лічыльніка да і пасля завяршэння поўнага абходу. Дакладнасць вымярэння залежыць ад дакладнасці выканання вымяральных аперацый (ад 5 да 10%).

Палярны планіметр: 1 — адліковы барабан, 2 — абвадны штыфт.

т. 12, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЯЖ (ад франц. plage пакаты марскі бераг),

паласа наносаў на ўзбярэжжы вадаёма або вадацёку ў зоне дзейнасці прыбойнага патоку. Фарміруецца ў выніку намнажэння прадуктаў разбурэння берагоў і прыбярэжных водмелей пры актыўным хваляванні і ўздоўж берагавых цячэнняў. Можа ўключаць берагавыя валы, косы і інш. акумуляцыйныя формы прыбярэжнай зоны. Вылучаюць П. валунныя, галечныя, жвіровыя, пясчаныя, ракушачныя, каралавыя і інш. Для рэкрэацыйных мэт выкарыстоўваюцца пясчаныя П. (напр., Рыжскае ўзмор’е) і галечныя (напр., Паўд. бераг Крыма).

т. 12, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)