ФІ́ЗІКА АКТЫВАЦЫ́ЙНЫХ ТЭХНАЛО́ГІЙдарожных кампазіцыйных матэрыялаў,
раздзел навукі аб будаўнічых матэрыялах, які даследуе ўплыў штучнай фізіка-хім. актывацыі на павелічэнне іх трываласці і даўгавечнасці. Аснову складаюць электронна-іонныя тэхналогіі апрацоўкі матэрыялаў, што грунтуюцца на ультрагукавым, электрагідраўлічным, трыбаэлектрызацыйным уздзеяннях і эфекце віхравога слоя (уздзеянне моцнага пераменнага эл.-магн. поля). Штучная актывацыя ініцыіруе хемасарбцыйныя міжфазныя ўзаемадзеянні паміж структурнымі кампанентамі буд. матэрыялаў, што павялічвае іх трываласць і даўгавечнасць; дазваляе выкарыстоўваць для вытворчасці буд. матэрыялаў адходы вытв-сці. На Беларусі даследаванні ў галіне Ф.а.т. праводзяцца ў Бел.нац.тэхн. ун-це.
Літ.:
Ковалев Я.Н. Активационные технологии дорожных композиционных материалов. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЛКО́ВА-ШЭЛЕГАЎСКІ БОЙ 1943,
бой партыз. брыгады «Смерць фашызму» з ням. фашыстамі ў вёсках Шалкова і Шэлегаўка Полацкага р-на Віцебскай вобл. 10.5.1943 у Вял.Айч. вайну. У час падрыхтоўкі да карнай аперацыі супраць партызан 624-ы ахоўны батальён гітлераўцаў выселіў з названых вёсак усіх жыхароў і размясціўся ў іх. Кіраўніцтва партыз. брыгады (камандзір У.В.Мельнікаў) распрацавала план знішчэння карнікаў. У ноч на 10 мая штурмавыя групы партызан атакавалі фаш. гарнізоны ў гэтых вёсках. У выніку баёў партызаны знішчылі больш за 100 гітлераўцаў, іх склады з боепрыпасамі і харчаваннем, захапілі штабныя дакументы, кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі, амуніцыю, коней і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНО́МІКА-ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ СТАНО́ВІШЧА,
сукупнасць прасторавых суадносін нас. пунктаў, прадпрыемстваў і эканам. раёнаў асобных краін і іх груп да вонкавых аб’ектаў, якія маюць для іхэканам. значэнне. Э.-г.с. — катэгорыя гіст., даследуецца як працэс змен суадносін аб’ектаў пры геаграфічным (тэрытарыяльным) падзеле працы. Ацэньваецца як спрыяльнае і неспрыяльнае. Спрыяльнае Э.-г.с. — гэта толькі патэнцыяльная магчымасць яго выкарыстання; фактычная рэалізацыя залежыць ад канкрэтных гіст. і сац. умоў. У прасторавым аспекце адрозніваюць цэнтр., перыферыйнае, «суседскае» і інш. віды становішча, а паводле маштабу разглядаюць мікра-, меза- і макрастановішча. Інтэгральнае Э.-г.с. складаецца з уласных (пафактарных) становішчаў (напр., транспартна-геагр., палітыка-геагр.), якія аналізуюцца паасобна. Гл. таксама Геаграфічнае становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКТАГЕНЕ́З (ад грэч. ektos па-за, звонку + ...генез),
канцэпцыя ў эвалюцыйным вучэнні, што вызначае працэс эвалюцыі як непасрэдны вынік уздзеяння змен знешняга асяроддзя на арганізм. Эктагенетыкі лічаць, што арганізм здольны мэтанакіравана рэагаваць на гэтыя ўздзеянні, а набытыя такім шляхам адаптацыі прыкметы перадаваць у спадчыну (т.зв. адэкватная саматычная індукцыя). Але змены фенатыпаў арганізмаў, што ўзнікаюць на працягу іх жыцця, як рэакцыя на змены навакольных умоў (мадыфікацыі), не з’яўляюцца нованабытымі для дадзенага віду. Яны вызначаюцца нормай рэакцыііхгенатыпаў і ў спадчыну не перадаюцца. Эктагенетыкамі былі эвалюцыяністы дадарвінаўскага перыяду. У вучэнні Ж.Б.П.А.Ламарка Э. механічна аб’яднаны з процілеглай канцэпцыяй — аўтагенезам. Гл. таксама Неаламаркізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮВЕ́Т (франц. buvette),
вонкавае архітэктурнае афармленне каптажнага збудавання мінер. крыніцы. Ахоўвае воды крыніцы ад забруджвання і змены іх уласцівасцей, а таксама стварае зручнасці пры карыстанні вадой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЭРО́БНЫЯ ІНФЕ́КЦЫІ,
цяжкія інфекцыі, якія выклікаюцца хваробатворнымі анаэробнымі арганізмамі. Найб. небяспечныя з іх газавая гангрэна (у дачыненні да яе тэрмін анаэробныя інфекцыі ўжываецца найчасцей), слупняк, батулізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧЫ РАЗЛІ́К,
метад кіравання дзярж. прадпрыемствамі, засн. на ўліку выдаткаў вытв-сці, устанаўленні планавай даходнасці прадпрыемства; сістэма забеспячэння бясстратнай, прыбытковай работы вытв. звён гаспадаркі і іх адказнасці за сваю дзейнасць. Пры гаспадарчым разліку ўсе формы грамадскай уласнасці дазваляюць узгадняць існуючыя ў адзінстве супярэчлівыя інтарэсы асобных людзей і калектываў, дасягаць сац. справядлівасці. Гаспадарчы разлік як спецыфічная эканам. катэгорыя адлюстроўвае таварна-грашовыя сувязі паміж гасп.-разліковымі звёнамі, унутры іх, паміж імі і грамадствам. Гэта сувязі планамернай арганізацыі, уліку і кантролю за вытв-сцю і размеркаваннем сукупнага грамадскага прадукту, якія вызначаюць долю кожнага чалавека, вытв. калектыву або арг-цыі працоўных у яго стварэнні і размеркаванні. Дазваляюць улічыць і па магчымасці задаволіць інтарэсы асобы, калектыву і грамадства, уздзейнічаць на іх, кіраваць імі. Гаспадарчы разлік як метад гаспадарання характарызуюць прынцыпы самаакупнасці, самафінансавання, самакіравання, стымулявання, грашовага кантролю. Укараненне гэтых прынцыпаў у комплексе ёсць поўны гаспадарчы разлік. Гал. звяном гаспадарчага разліку з’яўляюцца вытв. прадпрыемствы (аб’яднанні), таваравытворцы, дзейнасць якіх падпарадкавана механізму рыначных адносін. Імі ахоплены як знешнія (гаспадарчы разлік прадпрыемстваў), так і ўнутрывытв. (унутрыгасп. гаспадарчы разлік) сувязі прадпрыемстваў. Практыка выкарыстання прынцыпаў гаспадарчага разліку пашыраецца і ў невытв. сферы. На аснове гаспадарчага разліку прадпрыемстваў ажыццяўляецца пераход на самакіраванне, самаакупнасць і самафінансаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, гетэрацыклы,
арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць цыклы, што змяшчаюць адначасова атамы вугляроду і атамы інш. элементаў (гетэраатамы), найчасцей азоту, кіслароду, серы. Самы шматлікі клас злучэнняў (уключае каля ⅔ усіх вядомых прыродных і сінт.арган. рэчываў). Уваходзяць у састаў нуклеінавых кіслот, бялкоў, ферментаў, вітамінаў, якія адыгрываюць выключную ролю ў працэсах жыццядзейнасці раслін, жывёл і чалавека.
Разнастайнасць тыпаў гетэрацыклічных злучэнняў абумоўлена тым, што яны могуць адрознівацца: агульным лікам атамаў у цыкле; прыродай, колькасцю і размяшчэннем гетэраатамаў; наяўнасцю або адсутнасцю замяшчальнікаў ці кандэнсаваных цыклаў; насычаным ці ненасычаным характарам гетэрацыклічнага кальца, якое вызначае іххім. ўласцівасці. Насычаныя гетэрацыклічныя злучэнні хім. ўласцівасцямі блізкія да сваіх аналагаў з адкрытым ланцугом: простых эфіраў, амінаў, сульфідаў і інш. Ненасычаныя гетэрацыклы (пераважна 5- і 6-членныя), якія праяўляюць араматычнасць (напр., фуран, тыяфан, пірол, пірыдзін) наз.гетэраараматычнымі злучэннямі. Для іх, як і для араматычных злучэнняў раду бензолу, найб. характэрныя рэакцыі замяшчэння. На Беларусі даследаванні гетэрацыклічных злучэнняў і іх вытворных праводзяцца ў Ін-тах фізіка-арган. хіміі, біяарган. хіміі Нац.АН, БДУ і Бел.дзярж.тэхнал. ун-це.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ О́РГАНАЎ ДЗЯРЖА́ЎНАГА КІРАВА́ННЯ,
дакументальная юрыд. форма дзейнасці выканаўчых і распарадчых органаў дзяржавы. У іх рэалізуюцца паўнамоцтвы адпаведных дзярж. органаў, змяшчаюцца правілы, афіцыйныя прадпісанні і ўказанні, абавязковыя да выканання. З’яўляюцца падзаконнымі, таму што прымаюцца на аснове законаў і ў адпаведнасці з імі ў межах кампетэнцыі пэўнага дзярж. органа. Лічацца нарматыўнымі, калі змяшчаюць нормы права, і індывідуальнымі, калі прымаюцца для вырашэння канкрэтных пытанняў. Сярод нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь асаблівае значэнне маюць пастановы і распараджэнні Кабінета Міністраў як вышэйшага выканаўчага і распарадчага органа краіны. Кіраўнікі мін-ваў, дзярж. к-таў і ведамстваў выдаюць, як правіла, загады і інструкцыі: выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў — рашэнні і распараджэнні; кіраўнікі аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый — загады, інструкцыі, распараджэнні. Такія акты звычайна набываюць сілу з моманту іх прыняцця або давядзення да ведама выканаўцаў. Тэрмін уступлення іх у дзеянне часам указваецца ў самім акце.
Кантроль над законнасцю актаў ажыццяўляюць вышэйшыя органы дзяржаўнага кіравання. У выпадку, калі акт ніжэйшага органа не адпавядае закону або акту вышэйшага органа, апошні абавязаны адмяніць яго. Агульны нагляд над законнасцю актаў ажыццяўляе пракуратура. Адпаведнасць нарматыўнага акта любога дзярж. органа Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пры неабходнасці можа быць разгледжаны Канстытуцыйным Судом.