ЛЫ́ЗІКАЎ Анатоль Мікалаевіч (н. 29.10. 1952, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1994), праф. (1996). Сын М.Ф.Лызікава. Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1974), з 1982 працуе ў ім (з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па энтэральным зондавым харчаванні пры захворваннях органаў брушной поласці, дыягностыцы і лячэнні захворванняў з дапамогай малаінвазійнай хірургіі.

Тв.:

Профилактика и лечение ишемических повреждений тонкой кишки в хирургии Новополоцк, 1995;

Желчнокаменная болезнь. Витебск, 1998 (разам з С.​С.​Сцебуновым, С.​П.​Лярскім).

т. 9, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДВІГ (Ludwig) Карл Фрыдрых Вільгельм (29.12.1816, г. Вітцэнгаўзен, Германія — 24.4.1895),

нямецкі фізіёлаг, стваральнік школы фізіёлагаў. Скончыў Марбургскі ун-т (1839), працаваў у ім (з 1846 праф.). З 1849 праф. ун-та ў г. Цюрых (Швейцарыя), з 1855 — Ваенна-мед. акадэміі ў Вене. З 1865 узначальваў Ін-т фізіялогіі ў г. Лейпцыг. Прапанаваў фіз. тэорыю мочааддзялення, адкрыў сакраторныя нервы слінных залоз, даследаваў дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы, газаабмен. Адкрыў цэнтраімклівы нерв, які адыходзіць ад дугі аорты, паказаў яго ролю ў рэгуляванні дзейнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы.

т. 9, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮДО́ВІК XVI (Louis; 23.8.1754, г. Версаль, Францыя —21.1.1793),

кароль Францыі [1774—92]. З дынастыі Бурбонаў. Унук Людовіка XV [1715—74]. Правіў ва ўмовах вострага эканам. і сац.-паліт. крызісу. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 вымушана супрацоўнічаў з Устаноўчым сходам і Заканадаўчым сходам. У 1791 няўдала спрабаваў уцячы за мяжу. Скінуты з прастола ў выніку нар. паўстання 10.8.1792. Абвінавачаны ў дзярж. здрадзе (тайныя зносіны з урадамі краін антыфранц. кааліцыі, выдача ім ваен. планаў Францыі ў 1792) і паводле прыгавору суда Канвента пакараны смерцю (гільяцінаваны).

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НАВА Алена Васілеўна (н. 8.9.1924, г. Смаленск, Расія),

бел. вучоны ў галіне паталаг. анатоміі. Д-р мед. н. (1971), праф. (1980). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1947), з 1952 працуе ў ім. Навук. працы па ўзаемаадносінах паталаг. кампенсатарных рэакцый арганізма ў працэсе развіцця хваробы, парушэннях мазгавога кровазвароту, эксперым. тэрапіі ішэміі галаўнога мозга.

Тв.:

Динамика взаимоотношений патологических и компенсаторных реакций организма при некоторых формах нарушения кровообращения. Мн., 1974 (у сааўт.);

Центральные механизмы нейрогуморальной регуляции функций в норме и патологии. Мн., 1985 (у сааўт.).

т. 9, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬПІ́ГІ (Malpighi) Марчэла (10.3. 1628, г. Крэвалькорэ, Італія — 30.11. 1694),

італьянскі біёлаг і ўрач, адзін з заснавальнікаў мікраскапічнай анатоміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Д-р медыцыны (1653). Скончыў Балонскі ун-т, працаваў у ім (у 1656—91 праф.). Адкрыў альвеалярную будову лёгкіх (1660), сувязь артэрый з венамі праз капіляры (1661), апісаў лімфатычныя цельцы селязёнкі і клубочкі ў нырцы (мальпігіевыя цельцы), мачавыя трубачкі насякомых (мальпігіевыя сасуды), слой эпідэрмісу скуры (названы яго імем). Аўтар «Анатоміі раслін» (т. 1—2, 1675—79).

М.Мальпігі.

т. 10, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІФЕ́СТ АБ ВО́ЛЬНАСЦІ ДВАРА́НСТВА 1762,

«Аб дараванні вольнасці і свабоды ўсяму расійскаму дваранству», закон Рас. імперыі, які пашырыў саслоўныя правы і прывілеі дваранства. Выдадзены 1.3.1762 імператарам Пятром III. Вызваляў дваран ад абавязковай цывільнай і ваен. (у мірны час) службы, дазваляў ім бесперашкодна выязджаць за мяжу з абавязкам вяртацца па патрабаванні ўрада. «Вызваленне» дваран паводле маніфеста спарадзіла ў прыгонных сялян неабгрунтаваныя спадзяванні на хуткае ўласнае вызваленне ад «службы» памешчыкам, што паўплывала на ўзмацненне сац. напружанасці ў рас. вёсцы напярэдадні сялянскай вайны 1773—75.

т. 10, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭСУ́МА, Мактэсума,

Матэкусома (Montezuma, Moctezuma, Motecuhzoma),

імя правіцеляў індзейцаў-ацтэкаў у сярэднія вякі.

Мантэсума I (?—1469), правіцель ацтэкаў у 1440—69. Пры ім ацтэкі, цэнтрам якіх быў г. Тэначтытлан (цяпер Мехіка), канчаткова падпарадкавалі інш. індзейскія плямёны Цэнтр. Мексікі.

Мантэсума II (каля 1466—30.6.1520), правіцель ацтэкаў у 1502—20 (паводле інш. звестак, правіў з 1503). Праўнук Мантэсумы I. Намагаўся захаваць адзінства імперыі ацтэкаў сілай зброі. Пасля высадкі ў Мексіцы заваёўнікаў-іспанцаў паланёны паводле загаду Э.Картэса. Забіты паўстаўшымі індзейцамі за заклікі падпарадкавацца іспанцам.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЗЕНЦАЎ Барыс Сяргеевіч (26.7.1911, г. Тула, Расія — 18.11.1970),

расійскі архітэктар. Засл. архітэктар Расіі (1969). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1935), выкладаў у ім (з 1969 праф.). Асн. работы: у Маскве — вышынныя адм. будынкі на пл. Красныя вароты (1948—53, з арх. А.​Душкіным), на вул. Пятроўка, 38 (1952—59), жылыя дамы па праспекце Міру (1952), горадабуд. работы па праспекце Вярнадскага (1964—68); мемар комплекс У.​І.​Леніна ў г. Ульянаўск (1967—70; Ленінская прэмія 1972) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́ЕВІЦКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з 28.6.1941 да 13.6.1942 у в. Мікалаевічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. Налічвала 14 чал. (кіраўнік Я.​Я.​Васіленка). Падпольшчыкі праводзілі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, арганізоўвалі сабатаж мерапрыемстваў акупантаў, двойчы разбурылі чыгунку на ўчастку Слабада — Смалявічы, падарвалі на ўчастку Загор’е—Смалявічы. Наладзілі сувязь з партызанамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, арганізавалі з імі ўцёкі ваеннапалонных. У чэрв. 1942 пайшлі ў партызаны. У барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў загінула 5 падпольшчыкаў.

т. 10, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦЭ́ЛІЙ (ад грэч. mykēs грыб), грыбніца,

вегетатыўнае цела грыба (талом), якое складаецца з тонкіх галінастых нітак — гіфаў. Развіваецца ўнутры (радзей на паверхні) субстрата, дзе жыве грыб. Праз М. асматычным шляхам з субстрату паглынаюцца пажыўныя рэчывы. У хітрыдыевых грыбоў, зігаміцэтаў і ааміцэтаў М. няклетачны і з’яўляецца адной клеткай, якая дасягае ў некат. грыбоў (напр., у мукора) некалькіх Дзесяткаў сантыметраў. У аскаміцэтаў, базідыяльных і недасканалых грыбоў М. клетачны. Часткамі М. ажыццяўляецца вегетатыўнае размнажэнне грыбоў, на ім утвараюцца рэпрадуктыўныя органы і пладовыя целы.

В.​В.​Карпук.

т. 10, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)