ІНВЕ́СТАР (англ. investor укладчык ад лац. investio апранаю, надзяваю),
фізічная або юрыд. асоба, якая прымае рашэнне і ажыццяўляе ўкладанні ўласных, пазыковых і інш. прыцягнутых маёмасных і інтэлектуальных каштоўнасцей у інвестыцыі. І. могуць быць: орган, упаўнаважаны кіраваць дзярж. маёмасцю; арг-цыі, прадпрыемствы, прадпрымальніцкія аб’яднанні, грамадскія арг-цыі і інш.юрыд. асобы любой формы ўласнасці; міжнар. арг-цыі, замежныя юрыд. асобы; замежныя і айч. грамадзяне і інш. У якасці І. можа выступаць заказчык — будучы ўладальнік і карыстальнік вынікаў праекта. У інш. выпадках І. заключае дагавор з заказчыкам, кантралюе выкананне кантрактаў і ажыццяўляе разлікі з інш. ўдзельнікамі праекта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНАЯ СТАЛЬ,
вугляродзістая, легіраваная і хуткарэзальная (высокалегіраваная) сталь для вырабу інструментаў і іх рабочых частак.
З вугляродзістых І.с. робяць рэжучы, слясарны, сталярны, вымяральны інструмент і дэталі простай формы для штампаў; з легіраваных — пераважна штампавы інструмент для дэфармавання ў халодным або гарачым стане, а таксама рэжучы, хірургічны, вымяральны і ўдарны інструмент. Хуткарэзальныя І.с. захоўваюць цвёрдасць пры нагрэве да 600—650 °C (валодаюць т.зв. чырвонаўстойлівасцю), выкарыстоўваюцца пераважна для вырабу металарэзнага інструменту. Вугляродзістыя і легіраваныя І.с. выплаўляюць у мартэнаўскіх або электрасталеплавільных печах (з большай колькасцю вугляроду і меншай — серы і фосфару), хуткарэзальныя — у электрасталеплавільных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРАГРЭ́СІЯ (ад англ. introgression),
інтрагрэсіўная гібрыдызацыя, пранікненне генет. матэрыялу аднаго віду ў другі пры аддаленай гібрыдызацыі. У прыродных умовах можа адбывацца ў той частцы геагр. арэала віду, якая перакрываецца ч. арэала другога блізкароднаснага віду (няпоўная генет. ізаляцыя). Вядзе да канвергенцыі раней генетычна аддаленых відаў, не выклікаючы ўтварэння новых марфал. і фізіял. прыкмет. Ва ўмовах эксперыменту ажыццяўляецца шляхам серыі бекросаў гібрыда аддаленага скрыжавання з адным з бацькоўскіх відаў. Напр., у селекцыі пшанічна-пырнікавых гібрыдаў зваротныя (насычаныя) скрыжаванні прыводзяць да перадачы асобных генаў ад віду-донара да паўторнай бацькоўскай формы без парушэння яе таксанамічнай прыналежнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАМЕ́Я (Ipomoea),
род кветкавых раслін сям. бярозкавых. Каля 500 відаў, пашыраны пераважна ў тропіках. Культывуецца ў Сярэдняй Азіі, на Каўказе, Паўд. Украіне. Найб. каштоўны батат. На Беларусі вырошчваюць І. пурпуровую (I. purpurea) як дэкар. расліну.
Адна- і шматгадовыя, павойныя ці сцелістыя травы і кусты. Карэнішча клубнепадобна патоўшчанае. Парасткі некат. (I. pes-caprae) даўж. да 18 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, часта апушанае валаскамі, якія надаюць ім шаўкавісты бляск. І. пурпуровая — павойная расліна з буйнымі белымі, ружовымі, блакітнымі і фіялетавымі кветкамі, якія закрываюцца нанач. Цвіце з чэрв. да верасня. Ёсць махровыя формы. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЖА́ РАСЛІ́Н,
хвароба, якая выклікаецца іржаўнымі грыбамі. Характарызуецца ўтварэннем на надземных органах раслін пустул рознай формы і велічыні, з якіх пры растрэскванні высыпаюцца іржава-бурыя, аранжава-жоўтыя або цёмна-карычневыя споры грыба. Пашкоджвае збожжавыя, тэхн., дэкар., лясныя культуры, дзікарослыя травы. У хворых раслін парушаюцца абмен рэчываў, водны баланс, зніжаюцца фотасінтэз, зіма- і засухаўстойлівасць, устойлівасць да палягання, затрымліваецца рост, зніжаецца прадукцыйнасць. Інфекцыя захоўваецца ў раслінных рэштках і насенні, разносіцца спорамі грыба. На Беларусі найб. шкодзіць І.р.: сцябловая (лінейная) злакаў, бурая (лісцевая) жыта і пшаніцы, карончатая аўса, гароху і лубіну, канюшыны, лёну, яблыні, ігліцы, бакальчатая парэчак і агрэсту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ НАПРУ́ЖАННЯЎ,
рэзкае павелічэнне напружанняў механічных у месцах змен формы цела (каля краёў адтулін, выступаў, драпін, зварных швоў, у вуглах і інш.). Зоны К.н. з’яўляюцца месцамі пачатку пластычнай дэфармацыі або разбурэння.
К.н. ацэньваюць каэф. К.н. — адносінамі мясц. найбольшых каля месца канцэнтрацыі напружанняў да намінальных. Унутраныя К.н. ўзнікаюць пры неаднароднай структуры матэрыялу, пры наяўнасці ў ім пор і шчылін. Найб. небяспечныя К.н. пры знакапераменных і ўдарных нагрузках, нізкіх т-рах. Змяншаюць або ліквідуюць К.н. разгружальнымі надрэзамі, умацаваннем краёў адтулін, выразаў і інш. слабых месцаў наклёпам (накаткай, тэрмахім. апрацоўкай і інш.). Вывучаецца К.н. пругкасці тэорыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАРАЛІ́НСКАЯ ШКО́ЛА»,
адзін з кірункаў англ. паэзіі барока 17 ст. (разам з «метафізічнай школай»), Паслядоўнікі — «паэты-кавалеры» — імкнуліся да вытанчанасці формы, асаблівай маляўнічасці, складанай метафарычнасці і адначасова афарыстычнасці мовы. Культывавалі метафару-канцэпт як плён «высокай дасціпнасці». Эталонам для іх была паэзія Дж. Дона і Дж. Марына, драматургія Б.Джонсана. Найб. яскрава манера «К.ш.» выявілася ў творчасці Р.Герыка, Т.Кэр’ю, Р.Лаўлейса, Дж. Саклінга і інш.
Літ.:
Горбунов А.Н. Поэзия Джона Донна, Бена Джонсона и их младших современников // Английская лирика первой половины XVII в. М., 1989;
Мирский Д.П. Барокко и английская литература // Мирский Д.П. Статьи о литературе. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЛЬ,
манархічны тытул. Этымалогію назвы К. выводзяць з лац.формы імя Карла Вялікага — Carolus (8—9 ст.); паводле інш. версіі, паходзіць з прагерманскага Karla (стары, старэйшына). Скандынаўскія крыніцы і хроніка Пятра Дусбургскага ўпершыню на землях Беларусі называюць К. (Konung, rex) полацкіх князёў, якія рэальна былі вярх. ўладарамі і ўспрымаліся адпаведна вярх. сюзерэнамі. К. ў Польшчы, пазней і ў Рэчы Паспалітай выбіраліся сеймам. У час каранацыі К. атрымліваў знакі ўлады — залатую карону, скіпетр, яблык (залаты шар з крыжам), каралеўскі меч і пярсцёнак. З’яўляўся найвышэйшым суддзёй, узначальваў войска ў час паходаў, быў кіраўніком знешняй палітыкі. Гл. таксама Каралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРСА́НАЎ (Аляксандр Трафімавіч) (27.8.1880, Старое Чыркава Хвалынскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 30.10.1941),
бел. вучоны-аграхімік. Д-рс.-г.н., праф. (1909). Скончыў Берлінскі с.-г.ін-т (1908). У 1913—25 кіраўнік Мінскай балотнай станцыі (з 1922 адначасова рэктар Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі); з 1931 у Глебавым ін-це АНСССР. Навук. працы па вывучэнні балотных масіваў Беларусі, вапнаванні і ўрадлівасці глеб. Аўтар метаду вызначэння даступнай (рухомай) формы фосфару для раслін у глебе.
Тв.:
К вопросам опытного изучения болот Полесья в целях культуры. Мн., 1914;
Известкование как фактор урожайности. 3 изд. М.; Л., 1931.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТЫ́ (Cetacea),
атрад другаснаводных млекакормячых. 2 падатрады: бяззубыя кіты і зубатыя кіты, 7 сям., 38 родаў, каля 80 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, ёсць прэснаводныя (некат. дэльфіны).
Даўж. ад 1,1 да 33 м, маса ад 30 кг да 150 т. Цела абцякальнай формы, з гарыз. двухлопасцевым хвастом. Бяззубыя К. кормяцца планктонам, зубатыя — рыбай, галаваногімі малюскамі. Нараджаюць 1 дзіцяня раз у 2 гады. Колькасць большасці відаў К. змяншаецца. У 1946 падпісана Міжнар. канвенцыя па рэгуляванні кітабойнага промыслу і створана Міжнар. кітабойная камісія (уключае каля 20 краін). У Чырв. кнізе МСАП 18 відаў і 1 падвід.