размеркаванне самаадвольнай намагнічанасці ўнутры ферамагнетыкаў пры т-рах, ніжэйшых за Кюры пункт Адрозніваюць М.с. атамную (характарызуецца упарадкаваным размеркаваннем атамных магнітных момантаў па вузлах крышталічнай рашоткі) і даменную (размеркаваннем даменаў з рознай арыентацыяй магн. момантаў па аб’ёме ўзору).
Атамная М.с. апісваецца сярэднім значэннем мікраскапічнай шчыльнасці магн моманту M(x, y, z) у кожным пункце крышталя. Крышталі з M(x, y, z) = 0 не маюць атамнай М.с. (дыямагнетыкі і парамагнетыкі). Крышталі з M(x, y, z) ≠ 0 бываюць з адрозным ад нуля (ферамагнетыкі) і роўным нулю (антыферамагнетыкі) сумарным магн. момантам элементарнай ячэйкі. Даменная М.с. можа назірацца эксперыментальна з дапамогай магн. парашку, які асядае на межах даменаў. У ферамагнетыках пры зададзенай т-ры форма даменаў, іх памеры і арыентацыя магн. момантаў залежаць ад памераў і формы ўзору, арыентацыі паверхні крышталя, дэфектаў крышталічнай рашоткі, унутр. напружанняў, а ў полікрышталічных узорах — і ад віду магн структуры суседніх крышталёў. Пад уплывам знешніх уздзеянняў (пруткіх напружанняў, знешніх магн. палёў, змен т-ры) адбываецца перабудова даменнай структуры. На сувязі паміж асн.магн. характарыстыкамі ферамагн. матэрыялу і яго структурай заснаваны магнітаструктурны аналіз, які найчасцей выкарыстоўваюць для вызначэння мех. уласцівасцей сталі і чыгуну пасля тэрмічнай апрацоўкі. На аснове залежнасці магн. характарыстык пэўнай маркі сталі ад т-ры загартоўкі, адпалу і да т.п., робяць неразбуральны кантроль якасці тэрмічнай апрацоўкі вырабаў. Найб. пашыраны магн. метады (з выкарыстаннем пастаянных магн. палёў для намагнічвання вырабаў), эл.-магн. (з выкарыстаннем пераменных эл.-магн. палёў), імпульсныя (імпульсных магн. палёў). Даследуецца таксама тэкстура металаў (на аснове выкарыстання сувязі тэкстуры з анізатрапіяй магн. уласцівасцей), спосабы кантролю ферамагн. складальнай у аўстэнітных сталях, каляровых металах і горных пародах.
На Беларусі праблемы М.с. і магнітаструктурнага аналізу даследуюцца ў Ін-це прыкладной фізікі Нац.АН.
Літ.:
Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;
Ивановский В.И., Черникова Л.А. Физика магнитных явлений. М., 1981;
Михеев М.Н., Горкунов Э.С. Магнитные методы структурного анализа и неразрушающего контроля. М., 1993: Мельгуй М.А. Магнитный контроль механических свойств сталей. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕДО́НІЯСтаражытная
(грэч. Makedonia, лац. Macedonia),
дзяржава ў 5—2 ст. да н.э. на ПнУ Балканскага п-ва. Да ўтварэння макед. дзяржавы яе тэрыторыю з пач. 1-га тыс. да н.э. насялялі плямёны фракійцаў і ілірыйцаў, якіх у 7 ст. да н.э. падпарадкавалі роднасныя стараж. грэкам макед. плямёны (паходзілі з тэрыторыі ў басейне р. Аліякман). У ходзе некалькіх войнаў цар Пердыка I [правіў каля 700 да н.э.] і яго пераемнікі аб’ядналі макед. плямёны і заснавалі самаст. царства. У 6—5 ст. да н.э. цары з дынастыі Аргеадаў пашырылі сваю ўладу на ўнутр. тэрыторыю п-ва, але былі адцеснены ад Эгейскага м. грэкамі. Ва ўмовах унутр. крызісу ў Стараж.Грэцыі Філіп II заваяваў шэраг грэч.полісаў і пасля перамогі каля Херанеі (338 да н.э.) усталяваў свой пратэктарат над усёй Грэцыяй. Яго сын Аляксандр Македонскі працягваў заваяванні і стварыў вялізную дзяржаву з цэнтрам у М., што дало пачатак эпохі элінізму. Пасля смерці Аляксандра (323 да н.э.) М. падзелена паміж яго паплечнікамі, якія вялі бесперапынныя міжусобныя войны. Магутнасць М. адноўлена пры Антыгоне II Гонаце [277—239 да н.э.], які заснаваў устойлівую дынастыю Антыганідаў. У 277—168 да н.э. М. была адной з вядучых дзяржаў Міжземнамор’я, але сутыкненні са Стараж. Рымам (т.зв. Македонскія войны) прывялі да яе хуткага заняпаду. Пры. Філіпе V [221—179 да н.э.] у выніку паражэння ў 2-й Макед. вайне (200—196 да н.э.) М. страціла кантроль над Грэцыяй. 3-я Макед. вайна (171—168 да н.э.) завяршылася разгромам македонцаў у бітве каля Підны (168 да н.э.). Апошні макед. цар Персей [179—168 да н.э.] трапіў у палон і адпраўлены ў Рым, а М. падзелена на 4 рэспублікі пад пратэктаратам Рыма. Пасля ліквідацыі рымлянамі паўстання пад кіраўніцтвам Андрыска (148 да н.э.) М. канчаткова страціла незалежнасць і ператворана ў рым. правінцыю.
Літ.:
Шофман А.С. История античной Македонии. Ч. 1—2. Казань, 1960—63;
Арриан. Поход Александра: Пер. с др.-греч. М., 1993;
Дройзен И.Г. История эллинизма: Пер. с фр.Т. 1—2. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́Ж (франц. manège) у архітэктуры, 1) прамавугольны ці круглы ў плане будынак без унутр. перагародак (часам агароджаная пляцоўка) для трэніроўкі коней, навучання верхавой яздзе, конна-спарт. спаборніцтваў. Падлога ў М. глінабітная, укрыта слоем пяску і драўняных апілак. Даўж. дарожкі ў закрытым прамавугольным М. да 130 м, у круглым — да 100 м, на адкрытым М. яна дзёрнавая, шчыльная грунтавая, пясчаная або тартанавая. Сучасныя М. будуюць звычайна пры іпадромах. У арх. адносінах найб. выразныя М. 18—19 ст.: класіцыстычныя — конна-гвардзейскі ў С.-Пецярбургу (1804—07, арх. Дж.Кварэнгі), Маскве (1817—25, інж. Л.Л.Карбанье, паводле праекта А.Бетанкура, арх. В.І.Баве; з 1957 выставачная зала). На Беларусі драўляныя прамавугольныя ў плане М. для трэніроўкі коней і навучання верхавой яздзе існавалі ў 2-й пал. 18—19 ст. ў Альбе пад Нясвіжам, Слуцку, Клецку і інш. Дзейнічае М. пры іпадроме конна-спарт. базы «Ратамка».
2) М. спартыўныя бываюць спецыялізаваныя (для аднаго віду спорту) і універсальныя, у якіх трансфармацыя арэны дае магчымасць праводзіць заняткі і спаборніцтвы па розных відах спорту. Найб. распаўсюджаны М.с. для заняткаў футболам і лёгкай атлетыкай. Футбольныя манежы маюць арэну для гульні ў міні-футбол (60 × 40 м); для спаборніцтваў рэсп. і міжнар. ўзроўняў — стандартнае футбольнае поле. Іх выкарыстоўваюць і для інш. відаў спорту (барацьба, бокс, валейбол, гандбол, гімнастыка, рэгбі, тэніс і інш.). Манежы для лёгкай атлетыкі маюць залы (не менш за 126 × 42 м) з прамымі і замкнёнымі бегавымі дарожкамі (звычайна з сінт. пакрыццём), сектары для скачкоў, штурхання ядра і інш., таксама трэніровачныя залы, басейны, сауны і інш. Буйныя М. маюць месцы для гледачоў. Будуюць таксама ў складзе комплексаў навуч. устаноў фіз. культуры і спорту. На Беларусі існуюць лёгкаатлетычныя М. спарт.к-таУзбр. сіл Беларусі (1976; цяпер Мінскі палац лёгкай атлетыкі), спарт. комплексу «Працоўныя рэзервы» (1989) у Мінску, у Гомелі (1980).
3) М. цыркавы, гл.Арэна.
4) Пераносная загародка для дзяцей, якія пачынаюць хадзіць.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Манеж. Унутранае абсталяванне лёгкаатлетычнага манежа спартыўнага комплексу «Працоўныя рэзервы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАЛО́ГІЯ (ад марфа... + ...логія) у мовазнаўстве 1) сістэма механізмаў мовы, якая забяспечвае пабудову і разуменне яе словаформ.
2) Раздзел граматыкі, які вывучае заканамернасці функцыянавання і развіцця гэтай сістэмы. Цесна звязана з марфаналогіяй, словаўтварэннем, сінтаксісам. Адрозніваюць агульную (тэарэт.) М. і прыватную М. пэўнай мовы.
Кожная словаформа членіцца на меншыя знакавыя адзінкі — марфемы, морфы. М. забяспечвае «памарфемнае» суаднясенне кампанентаў унутр. (змястоўнага) боку словаформы з кампанентамі яго знешняга (гукавога) боку. Яна накіравана на перадачу значэнняў менавіта службовымі элементамі (а не каранямі), што адрознівае яе ад лексікалогіі, у цэнтры ўвагі якой значэнні каранёў і цэлых слоў. М. вызначае марфалагічныя (граматычныя) асаблівасці цэлых класаў слоў (часцін мовы), незалежна ад іх прыватнага значэння. Кожная часціна мовы мае сваю сістэму граматычных значэнняў, катэгорый і агульных дадатковых (фармальных) адзнак, якія служаць для выражэння адносін паміж словамі ў словазлучэнні або сказе. Так, назоўнікам уласцівы значэнні роду, ліку, склону; дзеясловам — стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку і інш.; прыметнікам — роду, ліку, склону, ступеней параўнання, а для якасных — формы суб’ектыўнай ацэнкі. Напр., назоўнікі «станок», «лес», «бярэзнік» пры розных лексічных (рэальных) значэннях маюць агульныя граматычныя значэнні м.р., адз. л., назоўнага, вінавальнага склонаў; дзеясловы «паедзем», «напішам» аб’ядноўваюцца граматычнымі значэннямі закончанага трывання, простага будучага часу. 1-й асобы мн. л. і інш. Граматычныя значэнні могуць быць выражаны сінтаксічна (з дапамогай афіксаў) і аналітычна (апісальна, спалучэннем слоў). Напр., у назоўніку «вясна» значэнне ж.р., адз. л. і назоўнага склону выражана канчаткам «-а», у дзеяслове «гаворым» значэнне 1-й асобы мн. л. абвеснага ладу — канчаткам «-ым». Аналітычны спосаб выкарыстоўваецца пры выражэнні граматычнага значэння ступеней параўнання прыметнікаў і прыслоўяў («больш далёкі», «самы далёкі». «найбольш далёка»), будучага часу, загаднага і ўмоўнага ладу дзеясловаў («буду чытаць», «чытаў бы», «давайце чытаць»), Сродкамі выражэння марфал. значэння выступаюць таксама націск у слове («скалы́ — ска́лы»), чаргаванне асноў (суплетывізм, «чалавек — людзі») і інш.Марфал. змяненне слова не ўплывае на яго лексічнае значэнне.
Літ.:
Шуба П.П. Лекцыі па беларускай марфалогіі. Мн.. 1975;
Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
расійскі скульптар. Нар.маст.СССР (1943). Правадз.чл.АМСССР (1947). Вучылася ў школах-студыях К.Юона і І.Машкова ў Маскве (1909—12), прыватных маст. акадэміях і ў Э.А.Бурдэля ў Парыжы (1912—14). Выкладала ў Вышэйшым маст.-прамысл. вучылішчы (1926—27) і Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1926—30) у Маскве. Чл.Т-варус. скульптараў (з 1926). У 1914 вывучала мастацтва Рэнесансу ў Італіі, потым жыла ў бацькоўскім маёнтку пад Магілёвам. Пазней працавала ў Маскве. У ранні перыяд зазнала ўплыў кубізму, імкнулася да манументальнасці і лаканізму форм («П’ета», 1916, не захавалася). Пасля 1917 удзельнічала ў рэалізацыі плана манум. прапаганды, стварала праекты рамантычна-ўзнёслых, прасякнутых бурлівым рухам помнікаў («Полымя рэвалюцыі», 1922—23, і інш.). У станковых творах імкнулася перадаць унутр. моц натуры праз пацяжэнне аб’ёмаў: «Вецер» (1926), «Сялянка» (1927) і інш. З 1930-х г. звярнулася да праблематыкі сінтэзу манум. скульптуры і архітэктуры (скульпт. група «Хлеб» для Маскварэцкага моста ў Маскве, 1939, і інш.). Найб. значная работа гэтага перыяду — стварэнне (з арх. Б.Іафанам) павільёна СССР на сусв. выстаўцы ў Парыжы 1937. Нарастаючы ўвышыню рытм будынка павільёна-пастамента арганічна працягваўся дыяганальнай кампазіцыяй 25-метровай скульпт. групы «Рабочы і калгасніца» (1935—37, пры перавозцы з Парыжа пашкоджана, адноўлена і ў 1939 устаноўлена ў Маскве). У 1940-я г. працавала пераважна ў жанры партрэта; «Б.Юсупаў», «І.Хіжняк» (абодва 1942—47), «Акадэмік А.Крылоў» (1945) і інш. У апошнія гады працавала над завяршэннем праекта І.Шадра помніка М.Горкаму (з Н.Зяленскай і З.Івановай, арх. З.Разенфельд, 1951), помніка П.Чайкоўскаму (з Зялянскай і Івановай, арх. А.Заварзін; адкрыты ў 1954). Афармляла выстаўкі, тэатр. спектаклі, працавала ў графіцы, стварала праекты адзення, малюнкі для тканін, вырабы з фарфору і шкла. Імя М. прысвоена Ленінградскаму вышэйшаму маст.-прамысл. вучылішчу (1953; з 1994 Пецярбургская маст.-прамысл. акадэмія). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1951, 1952. Іл.гл. таксама да арт.Манументальная скульптура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ ШКО́ЛА І́КАНАПІСУ,
адна з найб. значных школ стараж.-рус. мастацтва. Склалася ў 12—15 ст. ў г.Ноўгарад і яго ўладаннях. У жывапісе 12 ст. разам з арыентацыяй на мастацтва Візантыі і Кіева (фрэскі Сафійскага і Мікола-Дварышчанскага сабораў, абразы) сфарміраваўся самабытны стыль з энергічнай манерай пісьма, экспрэсіўнай трактоўкай іканаграфічных тыпаў, лаканічнасцю вобразаў, арнаменталізацыяй маст. формы (размалёўкі цэркваў Георгіеўскай ў Старой Ладазе, каля 1167; Дабравешчанскай у Аркажах, 1189; Спаса на Нярэдзіцы, 1199, і інш.). Ў абразах пераважаў іканаграфічны тып выявы святога, які нерухома стаіць з буйнымі рысамі твару і шырока расплюшчанымі вачамі: «Св. Георгій», «Анёл Залатыя валасы», «Усцюжскае дабравешчанне», двухбаковы абраз з выявамі Спаса Нерукатворнага і Пакланення крыжу. Абразы 13 — пач. 14 ст. вызначаюцца абагульненасцю малюнка, яркім халодным каларытам з перавагай чырвона-кінаварных, белых, вохрыстых і зялёна-аліўкавых фарбаў, унутр. напружанасцю, сувяззю з традыцыямі нар. мастацтва: «Яван, Георгій і Уласій», «Мікола Ліпенскі» (1294, Алекса Пятроў) і інш.Манум. жывапіс 14—15 ст. больш разнастайны. Адухоўленай патэтыкай вобразаў, імклівасцю рухаў, свабоднай і смелай тэхнікай пісьма вызначаюцца фрэскі цэркваў Спаса на Ільіне вуліцы (1378, Феафан Грэк), Фёдара Страцілата на Ручаі (1370—80-я г.). Лінейна-графічныя, блізкія да іканапісу прыёмы, статычнасць кампазіцыі ўласцівы размалёўкам цэркваў Спаса на Кавалёве (1380) і Раства на могілках (1380—90-я г.). У абразах канца 14—15 ст., якія захоўвалі экспрэсіўнасць пісьма, лаканічную выразнасць сілуэтаў і самабытнасць каларыту ў выявах мясц. святых, адлюстраваліся традыц.нар. ўяўленні і вераванні, падзеі гісторыі Ноўгарада («Ілья», «Уласій», «Анастасія», «Фрол і Лаўр», «Бітва наўгародцаў з суздальцамі» і інш.). Высокім узроўнем майстэрства вызначаліся мініяцюры, для якіх характэрны буйны малюнак і дэкар. яркасць каларыту. Пасля ўключэння Ноўгарада ў склад Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (1478) яго мастацтва развівалася ў агульным рэчышчы стараж.-рус. культуры.
Літ.:
Лазарев В.Н. Искусство Новгорода. М.; Л., 1947;
Яго ж. Новгородская иконопись. 3 изд. М., 1981;
Попова О.С. Искусство Новгорода и Москвы первой половины XIV в. М., 1982;
Смирнова Э.С., Лаурина В.К., Гордиенко Э.А. Живопись Великого Новгорода XV в. М., 1982.
Наўгародская школа іканапісу. Бітва наўгародцаў з суздальцамі. Сярэдзіна 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СХОД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
прадстаўнічы і заканадаўчы орган, парламент дзяржавы. Уведзены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996. Складаецца з 2 палат — Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва рэспублікі на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні) і Савета Рэспублікі (палата тэр. прадстаўніцтва: ад кожнай вобласці і г. Мінска ў яе склад выбіраюцца тайным галасаваннем на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Савета базавага ўзроўню па 8 членаў і 8 членаў назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь). Тэрмін паўнамоцтваў парламента — 4 гады. Палаты збіраюцца на 2 чарговыя сесіі ў год.
Нечарговыя сесіі склікаюцца ў выніку асаблівай неабходнасці па ініцыятыве Прэзідэнта або па патрабаванні большасці не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат. Палаты выбіраюць са свайго складу старшынь і іх намеснікаў, якія вядуць пасяджэнні і кіруюць унутр. распарадкам палат, пастаянныя камісіі і інш. органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, аднесеных да ведання палат. Палата прадстаўнікоў разглядае праекты законаў, назначае выбары Прэзідэнта, дае згоду Прэзідэнту на назначэнне кіраўніка ўрада, заслухоўвае яго даклад аб праграме дзейнасці ўрада і ўхваляе або адхіляе праграму, разглядае пытанне аб даверы ўраду, прымае адстаўку Прэзідэнта ці рашэнне аб зняцці яго з пасады ў прадугледжаных Канстытуцыяй выпадках і інш. Савет Рэспублікі адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў, дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам пэўных вышэйшых службовых асоб дзяржавы, выбірае 6 суддзяў Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, 6 членаў Цэнтр. камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, адмяняе незаконныя рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, прымае рашэнне аб роспуску мясц. Савета дэпутатаў у выпадку парушэння ім заканадаўства, разглядае рашэнне Палаты прадстаўнікоў аб зняцці Прэзідэнта з пасады і прымае па ім канчатковае рашэнне, вырашае інш. пытанні, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй. Дэпутатам парламента належыць права заканад. ініцыятывы. Рашэнні палат прымаюцца ў форме законаў і пастаноў. Парадак дзейнасці палат вызначаецца іх рэгламентам. Пасяджэнні палат з’яўляюцца адкрытымі (калі патрабуюць інтарэсы дзяржавы ў пэўным парадку можа прымацца рашэнне аб правядзенні закрытага пасяджэння). Дэпутаты парламента карыстаюцца недатыкальнасцю пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СНІ ПРА КАХА́ННЕ,
пазаабрадавая песенная паэзія розных народаў, звязаная з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя. Сярод інш. песенных жанраў і груп вылучаюцца глыбокім рэалізмам. Іх лірычныя героі — канкрэтныя асобы (хлопец і дзяўчына) і іх унутр. свет, часта споведзь лірычнага героя. Вобраз дзяўчыны надзелены асабліва прывабнымі рысамі — пяшчотай, шчырасцю, адданасцю, багаццем духоўнага свету, высакароднасцю, мудрасцю, працавітасцю. Вернасць у каханні і самаахвярнасць узняты на самую высокую ступень агульначалавечай маралі. У бел. песнях шырока паказаны бяспраўнае становішча сял. дзяўчыны ва ўмовах патрыярхальна-сямейнага ўкладу і феад.-прыгонніцкага ладу, залежнасць яе ад бацькоў. Гераіня нярэдка ўздымаецца над суровай рэчаіснасцю, бароніць сваю годнасць, права на свабоду выбару, сваіх пачуццяў, ідэалаў і поглядаў. У іх цэлы комплекс чалавечых узаемаадносін, у якім паядналіся розныя сямейна-бытавыя і грамадскія праблемы — звычаёва-прававыя, сац., маральныя, філас., этычныя, эстэтычныя і інш. Дамінуе нар. мараль, якая выхоўвае ў чалавеку ідэалы дабра, справядлівасці, вышыні духу. Праз многія песні праходзіць матыў горкай долі напачатку ў бацькоў, потым у сям’і мужа, што ўспрымаецца як доля самога народа, суровая і беспрасветная. Сац. становішча, якое вызначала адносіны паміж людзьмі, негатыўна адбівалася на шчырых памкненнях закаханых. Але якім цяжкім ні было б каханне, калі яно заснавана на шчырым і ўзаемным пачуцці, яно заўсёды прыносіць чалавеку вял. радасць і шчасце — асн. змест большасці такіх песень. Прывабнымі фарбамі ў іх намаляваны і вобраз хлопца. Яго заляцанні, жаданне пабачыцца з каханаю, звязаць з ёю свой лёс маляўніча ўвасоблены ў многіх песнях. Побач з каханнем крочыць здрада, якая ніколі не даруецца. У песнях асуджаецца рэўнасць як сляпое пачуццё, як трагедыя вызначаецца адзінота, спароджаная маральна-этычнымі нормамі. Рускія П.п.к. падзяляюцца на частыя, дзе адносіны закаханых разгортваюцца на бытавым фоне, і працяжныя — элегічныя паводле тону, выказваюць сум, журбу, крыўду.
Публ.:
Песні пра каханне. Мн., 1978;
Пісні кохання. Київ, 1986.
Літ.:
Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;
Колпакова Н.П. Восточнославянская лирическая песня: (Сравнит. анализ поэтики) // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Т. 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІЛІМО́НТАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 ст. ў в. Чырвоная Зорка (б. Радзівілімонты) Клецкага р-на Мінскай вобл. Размешчаны ў б. летняй рэзідэнцыі мінскага ваяводы кн. Ю.Радзівіла, роду якога маёнтак належаў з 1586. У 2-й пал. 19 ст. належаў Вітгенштэйнам. У комплекс уваходзілі палац, драўляныя флігелі, будынак канцылярыі (1809), гасп. пабудовы, капліца (не захавалася), парк. Па-за межамі комплексу былі вадзяны млын, сушня, вятрак. Палац пабудаваны ў 1780—83 у стылі класіцызму (арх. К.Спампані, Я.Бэнса). Аднапавярховы выцягнуты па папярочнай восі прамавугольны ў плане будынак пад вальмавым дахам. Канструкцыя будынка мяшаная; вонкавыя сцены з дубовых брусоў, унутр. падоўжныя — мураваныя. У сім.-восевай кампазіцыі гал. фасада вылучаўся дарычны 4-калонны мансардавы порцік, выдзелены на фоне гарыз. шалёўкі сцен, якая імітавала руст. З дрэва былі выкананы пабеленыя элементы класічнага дэкору — трыгліфы, мадульёны, разеткі, дэнтыкулы. Драўляныя калоны кампазітнага і іанічнага ордэраў, карнізы і разеткі былі апрацаваны ў тэхніцы стука. Пасля пажару 1909 палац адбудаваны. У нішах інтэр’ера знаходзіліся кафляныя печы, малюнак якіх, як і інтэр’ерны жывапіс, выкананы ў 1780 маст. А.Смуглевічам. Ад палаца засталіся руіны. У гасп. частцы размяшчаліся дамы аканома і парабкаў, бровар, варыўня, стайні, адрына, абора. гумны, валовы млын, свіран. Свіран — прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным гонтавым дахам на кроквах. Фасад мае значны вынас даху, пад ім — галерэя на высокіх слупах (служыла для падняцця грузаў на вышку). На вільчыку даху — вежачка з невял. звонам і флюгерам. Дзверы з узорыста выкладзеных дошак аформлены маст. коўкай. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. каля 13 га) ахоплівае палац падковай. Высаджаны над р. Цапра, на якой створаны каскад ставоў. Перад палацам — вял. партэр. Элементы рэгулярнасці ў яго планіроўку ўносяць прамыя грабавыя, каштанавыя і ліпавыя алеі. У пач. алей устаноўлены памятны камень з інфарм. надпісам, што алея высаджана ў 1875 князёўнай М.Радзівіл.
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Трыніты-каледжы Дублінскага ун-та (1682—88). У 1689—99 літ. сакратар і бібліятэкар дыпламата і эсэіста У.Тэмпла. У 1692 атрымаў ступень магістра мастацтваў у Оксфардскім ун-це. У 1695 прыняў сан свяшчэнніка. Д-р багаслоўя (1702). У 1710—14 зблізіўся з кіраўнікамі ўрада торы, падтрымліваў і накіроўваў іх урадавую палітыку ў артыкулах і памфлетах.
У 1713 настаяцель сабора св. Патрыка ў Дубліне. Літ. дзейнасць пачаў як паэт. Першыя паэт. творы насілі парадыйны характар і высмейвалі манернасць т. зв. высокай паэзіі. Майстар паліт. памфлета, у якім асуджаў унутр. палітыку Англіі, калан. войны, выступаў супраць забабонаў і невуцтва. У памфлетах «Бітва кніг» (1697) і «Казка бочкі» (1704), напісаных у алегарычнай форме і насычаных паліт., антырэліг. сатырай, — ідэі карыснасці ведаў. Памфлеты «Пісьмы Суконшчыка» (1723—24), «Сціплая прапанова» (1729) прысвечаны барацьбе за правы ірл. народа. Асн. твор — раман «Падарожжы Гулівера» (1726), у якім вострая сатыра на славалюбства і крывадушнасць тагачасных судоў, паліт. дзеячаў і партый; у ім С. стварыў гратэскавы партрэт грамадства, з дапамогай якога высмейваецца ўсё чалавецтва. У апісанні падарожжа ў краіну ліліпутаў С. праводзіць ідэю аб выхаванні дзяцей у атмасферы справядлівасці, мужнасці, рэлігійнасці і любві да сваёй краіны. Вобразы патрыярхальных і мудрых волатаў, якія займаюцца мірнай плённай працай і не ведаюць зброі, служаць для акцэнтавання ідэалу пісьменніка — адукаванай манархіі. Апошняя частка рамана, якая апавядае пра разумных коней, напоўнена песімізмам: С. ужо не верыць у адраджэнне дабрадзейнасці людзей, аднак вобраз Гулівера, простага, працавітага і сумленнага чалавека, заклікае да самаўдасканалення. Паводле рамана зняты маст. і мультыплікацыйныя фільмы (Англія, ЗША, Іспанія). Бел.т-р юнага гледача паставіў спектакль «У краіне ліліпутаў» (1985). На бел. мову раман пераклаў А.Кудравец.
Тв.:
Бел.пер. — Падарожжы Гулівера. Мн., 1974;
Рус.пер. — Памфлеты. М., 1955;
Дневник для Стеллы. М., 1981;
Путешествия Гулливера... Мн., 1992;
Приключения Гулливера в Лилипутии. Мн., 1996.
Літ.:
Муравьев В.С. Джонатан Свифт. М., 1968;
Дубашинский И.А. Памфлеты Свифта. Рига, 1968;
Левидов М.Ю. Путешествие.., мысли и чувства Джонатана Свифта... М., 1986.