«МЫ И ВРЕ́МЯ»,

штотыднёвая грамадска-паліт. і інфарм. газета. Выдаецца з 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. З вер. 1991 незалежная левая газета, з ліст. 1996 орган КПБ. Паліт. пазіцыя газеты — адраджэнне СССР, пераарыентацыя грамадства на сацыяліст. шлях развіцця. Друкуе афіц. матэрыялы КПБ, руху «За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць», інш. левых арг-цый, тэарэт. і публіцыст. артыкулы на актуальныя паліт. тэмы.

Л.Я.Школьнікаў.

т. 11, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАЦИОНА́ЛЬНАЯ ЭКОНОМИ́ЧЕСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,

штотыднёвая газета. Выходзіць са снеж. 1992 у Мінску на бел. і рус. мовах. Асвятляе пытанні эканам. жыцця краіны. Друкуе законы Рэспублікі Беларусь, дэкрэты і ўказы прэзідэнта краіны, пастановы СМ, дакументы мін-ваў і ведамстваў і каментарыі да іх. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Эканамічная палітыка», «Працоўныя адносіны», «Фінансы», «У дапамогу падаткаплацельшчыку», «Дасье бухгалтара», «Мытны кур’ер», «Гаспадарка і права» і інш. Мае ўкладыш «Информбанк».

Г.Ф.Радзюк.

т. 11, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П,

семнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай П («пакой»), утворанай на аснове грэка-візантыйскай устаўнай П («пі»). У старабел. графіку перайшла са стараж.-рус. пісьменства. Абазначала зычныя гукі «п», «п’» («палаць», «праца», «пятно»), мела лічбавае значэнне «восемдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія выбухныя губна-губныя зычныя гукі «п», «п’» («парог», «праўда», «пясок» — «п’асок»). А.М.Булыка.

т. 11, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІЯ ГІМНА́ЗІІ Існавалі ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. Падпарадкоўваліся Віленскай навучальнай акрузе. Мазырская мужчынская гімназія адкрыта ў кастр. 1859. Напачатку мела 1—3-і класы, у 1860 адкрыты 4—6-ы, у 1861—7-ы (выпускны) класы. Больш за 90% гімназістаў — дзеці дваран і чыноўнікаў. Выкладанне вялося на польск., з 1864 — на рус. мове. З 1865 класічная гімназія. Выкладаліся: Закон Божы, рус. мова і славеснасць, лац., грэч., франц., ням. мовы, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, гісторыя, геаграфія, чыстапісанне і інш. Пры гімназіі з 1864 існавала нядзельная школа для навучання чытанню, пісьму і арыфметыцы ўсіх гараджан незалежна ад веравызнання і ўзросту. Да 1874 у падпарадкаванні дырэкцыі гімназіі быў 4-класны прыватны жаночы пансіён. У 1874 гімназія пераўтворана ў 4-класную, з 1876 — у 6-класную прагімназію, якая ў 1910 рэарганізавана ў 8-класную гімназію. Падрыхтавана больш за 1000 выпускнікоў. Існавала да 1918. Мазырская жаночая гімназія адкрыта ў 1907 на базе жаночага вучылішча (засн. ў 1860). Да 1911 жаночая гімназія Е.Сапрыноўскай, 29.11.1911 пераўтворана ў 7-класную жаночую гімназію. Утрымлівалася за дзярж. кошт. За навуч. справай наглядаў дырэктар мужчынскай гімназіі. У ёй працавалі 3 законанастаўнікі і 12 выкладчыкаў Пецярбургскага і Юр’еўскага ун-таў, Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў і інш. Выкладаліся: рус. мова і л-ра, гісторыя, матэматыка, фізіка, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне, маляванне, ням. і франц. мовы, спевы. У 1915 было 269 навучэнак. Існавала да 1917; на яе базе створана 7-гадовая агульнаадук. школа. Мазырская прыватная жаночая прагімназія засн. 18.7.1908 на базе (прыватнага жаночага вучылішча 1-га разраду, мела 5 асн. і 1 падрыхтоўчы класы (у 1909 адкрыты 6-ы, у 1910—7-ы класы). Утрымлівалася А.Тадароўскай-Еўдакімавай за кошт платы за навучанне. Працавалі 3 законанастаўнікі і 9 выкладчыкаў з Беластоцкага ін-та, Мінскай духоўнай семінарыі, Пецярбургскіх і Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў. Выкладаліся: рус. мова і л-ра, матэматыка, чыстапісанне, прыродазнаўства, франц. і ням. мовы, рукадзелле, маляванне, спевы. У 1908 было 146 навучэнак. Закрыта ў 1913.

Літ.:

Сборник сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа. Вильна, 1873;

Шпаковский К. Историческая записка о Мозырской прогимназии, 1859—1909. Мозырь, 1909;

Бобр А.Г. Мой Мозырь: Ист. очерк. Ч. 1. Мн., 1996.

В.С.Болбас (мужчынская гімназія), А.Ф.Самусік.

т. 9, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАНО́САЎ (Міхаіл Васілевіч) (19.11. 1711, в. Дзянісаўка, цяпер с. Ламаносава Халмагорскага р-на Архангельскай вобл., Расія — 15.4.1765),

рускі вучоны-прыродазнавец, паэт, мастак, гісторык, асветнік. Акад. Пецярбургскай АН (1745), чл. рас. Акадэміі мастацтваў (1763). Ганаровы чл. Шведскай (1760) і Балонскай (1764). Вучыўся ў Славяна-грэка-лац. акадэміі ў Маскве (1731—35), у акад. ун-це ў Пецярбургу (1735), у Германіі (1736—41). З 1742 у Пецярбургскай АН, праф. хіміі (з 1745). З 1748 працаваў у першай у Расіі хім. лабараторыі пры АН (створана па яго ініцыятыве), адначасова (з 1756) на заснаванай ім шкляной ф-цы. Навук. даследаванні па хіміі, фізіцы, астраноміі, геаграфіі, геалогіі, металургіі. Распрацаваў асновы карпускулярнага (атамна-малекулярнага) вучэння; малекулярна-кінетычную тэорыю цяпла і газаў, тэорыю колераў. Эксперыментальна даказаў закон захавання масы рэчыва ў хім. рэакцыях (1756), сфармуляваў прынцып захавання матэрыі і руху. Адзін з заснавальнікаў фіз. хіміі. Абгрунтаваў неабходнасць выкарыстання фіз. метаду ў хіміі, даў фіз. хіміі азначэнне, блізкае да сучаснага, напісаў «Увядзенне ў сапраўдную фізічную хімію» (1752). Прапанаваў канструкцыю шэрагу (каля 100) розных прылад, у т. л. аптычных. Адкрыў існаванне атмасферы на Венеры (1761). У працы «Першыя асновы металургіі або рудных спраў» (1763) апісаў уласцівасці металаў і практычныя метады іх атрымання. Выклаў асновы тэорыі геал. развіцця Зямлі і зямной кары. Растлумачыў паходжанне многіх карысных выкапняў і мінералаў. Быў кіраўніком Геагр. дэпартамента. З яго ўдзелам складаўся геагр. «Атлас Расійскі». Даследаваў марскія льды і даў іх першую класіфікацыю. Выказаў ідэю аб важнасці для Расіі даследавання Паўн. марскога шляху і асваення Сібіры. У 1755 па ініцыятыве Л. створаны Маскоўскі ун-т.

Л. — адзін з пачынальнікаў новай рус. л-ры, рэфарматар рус. вершаскладання. У «Лісце аб правілах расійскага вершаскладання» (1739, апубл. 1778) абгрунтаваў сілаба-танічную сістэму вершаскладання. Стваральнік новых літ. жанраў, у т. л. рус. оды філас. і высокага грамадз. гучання («На ўзяцце Хаціна», 1751, і інш.). Аўтар паэмы «Пётр Вялікі» (незавершаная, часткова апубл. 1760—61), трагедый у вершах «Таміра і Селім» (1750), «Дземафонт» (1752) і інш., вершаў на выпадак (надпісы, эпіграмы і г.д.). Яго сатыра «Гімн барадзе» распаўсюджвалася ў спісах (апубл. 1859). Асн. рысы паэзіі Л. — грамадзянскасць, патрыятызм, пачуццё ўласнай годнасці паэта. Перакладаў Гамера, Вергілія, Авідзія і інш. ант. аўтараў. Напісаў фундаментальныя філал. працы: «Кароткі дапаможнік красамоўства» (1748; першая рус. рыторыка), «Расійская граматыка» (1757; першая рус. граматыка), «Прадмова пра карысць кніг царкоўных у расійскай мове» (1758; першая спроба рус. стылістыкі). На дакумент. аснове склаў «Старажытную расійскую гісторыю ад пачатку расійскага народа да... 1054 года» (ч. 1—2, 1754—58, апубл. 1766), «Кароткі расійскі летапісец з радаводам» (1760), у якіх крытыкаваў нарманскую тэорыю. Вынайшаў і распрацаваў новы спосаб вырабу смальты для мазаік, заснаваў мазаічную майстэрню, у якой ствараліся партрэты, абразы, ландшафты («Вобраз Хрыста», 1753; пано «Палтаўская баталія», 1762—64).

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—11. М.; Л., 1950—83;

Сб. ст. и материалов. Т. 1—9. М.; Л., 1940—91;

Избр. произв. Л., 1990;

О воспитании и образовании. М., 1991.

Літ.:

Меншуткин Б.Н. Жизнеописание М.В. Ломоносова. 3 изд. М.; Л., 1947;

Кузнецов Б.Г. Творческий путь Ломоносова. 2 изд. М., 1961;

Павлова Г.Е., Федоров А.С. М.В. Ломоносов, 1711—1765. М., 1988;

Куликовский П.Г. М.В. Ломоносов — астроном и астрофизик. 3 изд. М., 1986;

М.В. Ломоносов и науки о Земле. М., 1986;

Безбородов М.Л. М.В. Ломоносов — основоположник научного стеклоделия. М., 1956;

Западов АВ. Отец русской поэзии: О творчестве Ломоносова. М., 1961;

Ломоносов и русская литература. М., 1987;Некрасова Е.А. Ломоносов — художник. М., 1988.

С.Ф.Кузьміна, А.П.Чарнякова.

М.В.Ламаносаў.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́Г (ад назвы міфічнага звера з рогам на лбе),

старажытная руская артылерыйская гладкаствольная гармата. Аднарог — пішчаль-інрог, адліты ў 1577. У 1757—59 распрацавана некалькі ўзораў аднарогу, якія мелі ствалы 7,5—12,5 калібра з ядрамі 1,8—40 кг. 246-міліметровы аднарог страляў на адлегласць да 4 км ядрамі, разрыўнымі і запальнымі гранатамі, бомбамі і карцеччу. Быў на ўзбраенні рус. артылерыі больш за 100 гадоў (да стварэння наразных гармат).

Аднарог. 18 ст.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫЯНО́ПАЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1829.

Падпісаны паміж Расіяй і Турцыяй 14 вер. ў г. Адрыянопаль (цяпер Эдырне, Турцыя). Завяршыў рус.-тур. вайну 1828—29 (гл. ў арт. Руска-турэцкія войны). Да Расіі адышлі вусце Дуная з астравамі і шэраг крэпасцяў на ўсх. беразе Чорнага м. Турцыя прызнала далучэнне да Расіі Грузіі, Імерэтыі, Мегрэліі, аўтаномію Малдавіі, Валахіі, Сербіі і права Грэцыі на ўнутр. аўтаномію. Басфор і Дарданелы абвяшчаліся адкрытымі пралівамі.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АД’ЮТА́НТ [ад лац. adjutans (adjutantis) які дапамагае],

1) афіцэр (у арміях некат. дзяржаў таксама прапаршчык, мічман) пры начальніку для розных даручэнняў і дапамогі ў кіраўніцтве воінскімі падраздзяленнямі.

2) У дарэв. рус. арміі з 17 ст. пасада афіцэра, адказнага за справаводства ў штабах.

3) Прыдворны ваен. чын у свіце манарха (генерал-ад’ютант, флігель-ад’ютант).

4) У Францыі ў 19 ст. афіцэр у палку, які адказваў за навучанне унтэр-афіцэраў і капралаў.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́НІЯ,

беларускі разьбяр па дрэве 2-й пал. 15 — 1-й пал. 16 ст. Стварыў для пінскага князя Фёдара Яраславіча двухбаковы разны абраз «Премудрость созда себе храм. Праздники» на тэму прытчаў Саламонавых (зберагаецца ў Рус. музеі ў С.-Пецярбургу).

Літ.:

Плешанова И.И. Два резных деревянных образка в собрании Русского музея // Памятники культуры: Новые открытия: Ежегодник, 1979. Л., 1980.

Ананія. «Премудрость созда себе храм. Праздники». Абраз. Канец 15 — пач. 16 ст.

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ПЕСТ (грэч. anapaistos літар. адлюстраваны назад; адваротны дактылю),

1) у антычным вершаскладанні стапа з 3 складоў — 2 кароткіх і 1 доўгага (◡◡-).

2) У сілаба-танічным вершаскладанні 3-складовая стапа з рытмічным націскам на трэцім складзе (- - ): «Пацяклі́, паплылі́ за гадамі́ гады́... // На гусля́равым на́спе жвіро́вым...» (Я.Купала. «Курган»). У рус. паэзіі анапест упершыню ўжыў А.Сумарокаў у «Одзе супраць зладзеяў». У бел. паэзіі ўзнік у канцы 19 ст. разам з развіццём новых формаў верша.

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)