ТАМКО́Ў Леў Мікалаевіч (2.8.1937, г. Жлобін Гомельскай вобл. — 31.3.1997),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1976). Скончыў БПІ (1960). З 1969 гал. архітэктар ін-та «Гомельграмадзянпраект», з 1984 — Гомельскай вобл. Асн. работы: у Гомелі — праекты планіроўкі і забудовы мікрараёнаў і жылых раёнаў №1, Фестывальны і інш. (1960—70-я г., у сааўт.), рэстаран «Беларусь», аэравакзал (1969), Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (1972), жылыя дамы па вуліцах Савецкай і Кожара (1979) і інш., мемар. комплекс на брацкіх магілах байцоў нар. апалчэння ў парку культуры і адпачынку імя Луначарскага (1975, у сааўт.); у г. Хойнікі — помнік Смутку да 10-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1996), скульпт. Л.​Заграбаева). Сярод інш. работ: мемар. дошкі акадэміку С.​А.​Чуніхіну (1995), псіхолагу Л.​С.​Выгоцкаму (1997, абедзве са скульпт. Дз.​Паповым).

Л.Тамкоў, Л.​Заграбаева. Помнік Смутку ў г. Хойнікі Гомельскай вобл.

т. 15, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРНО́ЎСКІ Уладзімір Мікалаевіч (н. 17.1.1947, г. Ужгарад Закарпацкай вобл., Украіна),

бел. архітэктар. Скончыў Львоўскі політэхн. ін-т (1970). У 1970—87 і з 1996 працуе ў ін-це «Мінскпраект», у 1987—89 — у ін-це «Белдзяржпраект». У 1989—96 кіраўнік персанальнай творчай майстэрні. Асн. работы (у сааўт.): у Мінску — комплекс жылых дамоў для Бел. ваен. акругі па Старавіленскім тракце (1974—80), студэнцкі інтэрнат ін-та нар. гаспадаркі (цяпер Бел. эканам. ун-т) па вул. Ванеева (1975), Дзярж. муз. т-р Беларусі (1980), помнік А.​С.​Пушкіну і ландшафт навакольнага асяроддзя (1999); жылы гарадок Рось (Дзярж. прэмія Беларусі 1998); рэканструкцыя Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Дразды» пад Мінскам (1997) і будынка Нац. банка Беларусі па вул. Леніна (2000). Сярод інш. работ: забудова мікрараёна «Тарон-4» у г. Ванадзор (Арменія; 1992), жылы дом па вул. Леніна ў Астане (1998).

т. 15, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТР ТЭХНІ́ЧНАЙ ТВО́РЧАСЦІ НАВУЧЭ́НЦАЎ рэспубліканскі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Засн. 10.11.1929 у Мінску як Цэнтр. дзіцячая тэхн. станцыя, з 1945 Дарожная станцыя юных тэхнікаў, з 1961 Цэнтр. станцыя юных тэхнікаў, з 1978 Рэсп. станцыя юных тэхнікаў, з 1991 сучасная назва. Асн. кірункі дзейнасці: метадычная (праграмна-метадычнае забеспячэнне, павышэнне кваліфікацыі педагогаў і інш.), вучэбна-выхаваўчая і масавая (гуртковая работа па тэхн. творчасці, выстаўкі, конкурсы, спаборніцтвы і інш.). Гуртковая праца з вучнямі арганізавана ў 30 лабараторыях, 130 гуртках па 41 кірунку тэхн. творчасці (радыёэлектроніка, інфарматыка, астраномія, фізіка і тэхналогія металаў, авія-, ракета-, суднамадэліраванне, картынг, радыёспорт, аўтатэхніка, лічбавая фатаграфія і інш.). Мае аддзелы: метадычнай і інфарм.-аналіт. работы, арганізац.-масавай работы і сац. ўзаемадзеяння, навук.-тэхн. творчасці і інфарм. тэхналогій, вытв.-тэхн. творчасці, спартыўна-тэхн., адм.-гасп. работы, а таксама спартыўна-тэхн. комплекс «Вікторыя» з дзіцячай турбазай.

К.​І.​Цыркун.

т. 17, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВО́НЫ БОР,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Расонскім і Верхнядзвінскім р-нах, Віцебскай вобл. Засн. ў 1997 для аховы унікальных прыродных ландшафтаў і экасістэм. Пл. 34 231 га. Ландшафт мае рысы апошняга Паазерскага зледзянення. Рэльеф моцна расчлянёны, шмат азёр, забалочаных нізін і западзін, вярховых балот, марэнных узгоркаў і град. У расліннасці дамінуюць хвойнікі імшыстыя і верасова-бруснічныя, ельнікі і вытворныя бярэзнікі, асіннікі кісліцавыя; бязлесныя, вярховыя сфагнавыя балоты і інш. У Чырв. кнізе 13 відаў раслін, у т. л. палушнік азёрны, лабелія Дортмана, нітэлопсіс прытуплены, бяроза карлікавая, шпажнік чарапіцавы, лінея паўночная, марошка прысадзістая і інш. Найб. поўны комплекс дэндрафільных і водна-балотных відаў жывёл. У Чырв. кнізе — мядзведзь буры, рысь, беркут, арлан-белахвост, скапа, белая курапатка, чорны бусел, даўгахвостая няясыць, касманогі сыч, сярэдні кулон, залацісты сявец, чорнаваллёвая гагара, вялікі крахаль і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 17, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАПІ́РА Барыс Міронавіч (н. 20.3.1930, в. Журавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1990), праф. (1991). Акад. Міжнар. акадэміі інфарм. працэсаў і тэхналогій (1996). Засл. работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1995). Бацька С.Б.Шапіры. Скончыў Гомельскі педінстытут (1953). Настаўнічаў. З 1963 старшыня калгаса ў Любанскім р-не. У 1973—2002 заг. сектара, заг. аддзела Бел. НДІ агр. эканомікі. Навук. працы па праблемах с.-г. вытв-сці, рэфармавання АПК Беларусі.

Тв.:

Резервы эффективности использования техники. Мн., 1980;

Организация труда в условиях индустриализации сельскохозяйственного производства. Мн., 1982;

Коллективный подряд в агропромышленном комплексе. Мн., 1985;

Коллективный подряд и арендные отношения в сельском хозяйстве. Мн., 1989;

Агропромышленный комплекс в условиях перехода к рынку. Мн., 1997 (у сааўт.);

Основные направления реформирования сельскохозяйственных предприятий // Весці Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь. 1999. № 4;

Курсом аграрных реформ. Мн., 2001 (у сааўт.).

т. 17, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́РЦІН Барыс Алегавіч (н. 29.11.1932, г. Чыта, Расія),

бел. архітэктар. Скончыў Львоўскі палітэхн. ін-т (1958). Працаваў у г. Новакузнецк Кемераўскай вобл., у г. Алма-Ата. З 1971 у Мінску ў Гал. арх.-планіровачным упраўленні, з 1973 у ін-це «Мінскпраект». Асн. работы ў Мінску: добраўпарадкаванне берагавой зоны р. Свіслач (1976—90), тэрыторый, прылеглых да гасцініцы «Беларусь» (1989) і Камароўскага рынку (2001), Міхайлаўскага сквера (1990-я г.), Партызанскага праспекта на ўчастку станцый метро «Аўтазаводская» — «Магілёўская» (2000—03), сквераў на пл. Перамогі (2003); спарт. комплекс «Працоўныя рэзервы» (1980—84), арх.-маст. афармленне станцыі метро «Парк Чэлюскінцаў» (1984), стварэнне арх.-ландшафтных комплексаў усх. раёнаў горада на аснове Сляпянскага водна-паркавага паўкальца (Дзярж. прэмія СССР 1989), рэканструкцыі тэр. стадыёна «Дынама» (1980), участка праспекта Скарыны (ад пл. Незалежнасці да вул. Філімонава, 1984—85; усіх кіраўнік аўтарскага калектыву).

т. 18, кн. 1, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОЎТ Іван Іванавіч (н. 20.7.1932, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў БПІ (1961). З 1952 у ін-це «Белпрампраект» (з 1968 гал. архітэктар), адначасова (з 1968) выкладчык Бел. політэхн. акадэміі. Асн. работы (у сааўт.): карпусы з-даў гадзіннікавага (1953—56), ЭВМ (1955—61), радыёзавода (1960—63), будынкі Дзіпрасельбуда (1968), СКБ з-да працяжных станкоў (1970), аўтатрактарнага ф-та БПІ (1976), комплексы з-да халадзільнікаў (1965—90), паказальных гандл.-вытв. аб’яднанняў фірмаў «Мерседэс-Бенц» (1993) і «Пума-БМВ» (1995), навук.-вытв. аб’яднанні «Гранат» (1982) і «Цэнтр» (1985), гараж хуткай мед. дапамогі (1986—89) у Мінску; дывановы (1965), панчошны (1968) камбінаты, з-ды ЭВМ (1965—72), электралямпавы (1967—75), комплекс з-даў Мінлегхарчмаша (1980—82) у Брэсце; Бел. аўтамабільны з-д у Жодзіне (1966—82), філіял Мінскага трактарнага з-да ў Смаргоні (1985—90). У 1977—80 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАВУ́ЗЕЛ,

комплекс гідратэхнічных збудаванняў, тэрытарыяльна аб’яднаных для агульнага нар.-гасп. выкарыстання. Будуюцца на рэках, азёрах, каналах, вадасховішчах і сажалках, у прыбярэжных зонах мораў.

Гідравузлы бываюць: энергетычныя (для пераўтварэння воднай энергіі ў электрычную), воднатранспартныя (для паляпшэння ўмоў суднаходства і лесасплаву), водазаборныя (забяспечваюць паступленне вады для арашэння, водазабеспячэння, рыбнай гаспадаркі і інш.), вадасховішчныя (рэгулююць сцёк), комплексныя (напр., транспартна-энергетычна-водазаборныя); напорныя (плацінныя) і безнапорныя (бесплацінныя); нізканапорныя (напор, або рознасць узроўняў вады верхняга і ніжняга б’ефаў, не перавышае 10 м), сярэдненапорныя (напор 10—40 м) і высоканапорныя (больш за 40 м). Для Беларусі характэрныя нізка- і сярэдненапорныя (да 15 м) Гідравузлы — вадасховішчныя плацінныя і рачныя (а таксама на каналах) пераважна бесплацінныя вадазаборныя.

Варыянт гідравузла (схема); 1 — земляная рэчышчавая плаціна; 2 — водазліўная жалезабетонная плаціна; 3 — будынак ГЭС; 4 — суднаходны шлюз; 5 — пірс; 6 — дамба-хвалялом; 7 — арашальны канал; 8 — земляная плаціна; 9 — раздзяляльная дамба.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́ШАЎКА,

вёска ў Нацкім с/с Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 4,5 км ад Ляхавіч, 240 км ад Брэста, 10 км ад чыг. ст. Райтанаў. 93 ж., 38 двароў (1997). Помнік архітэктуры — сядзіба (19 — пач. 20 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

Вядома з 16 ст. як маёнтак. Належала Барбары Радзівіл, М.​Залескаму, Рэйтанам, Грабоўскім. Пры Рэйтанах у 18 ст. створаны сядзібны комплекс (пл. 14 га) і пастаўлены мураваны сядзібны дом у стылі класіцызму. Тут нарадзіўся і памёр навагрудскі пасол Т.​Рэйтан. У 2-й пал. 19 ст. ў маёнтку пабудаваны новы вінакурны завод, паравы млын, пашырана штучнае возера, прасвідраваны артэзіянскія калодзежы. У канцы 19 — пач. 20 ст. пастаўлены новы сядзібны дом у стылі мадэрн, у ім былі карцінная галерэя, паляўнічая зала. У 1905 адкрыты прытулак для дзяцей, шпіталь. У Вял. Айч. вайну ў Грушаўцы размяшчаўся санаторый для лётчыкаў.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУТАЛІ́ЗМ (ад англ. brutal грубы), неабруталізм,

кірунак архітэктуры, прадстаўнікі якога імкнуцца максімальна выявіць архітэктоніку простых і грубых арх. масаў. Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі (арх. А. і П.​Смітсаны), пашырыўся ў Зах. Еўропе, ЗША і Японіі. Праграмнае для бруталізму — адмаўленне ад дэкар. прыёмаў, якія хаваюць натуральную фактуру жалезабетону, цэглы, сталі, шкла і інш. матэрыялаў. Сярод найб. вядомых пабудоў гэтага кірунку: школа ў Ханстэнтане (1949—54) і будынак рэдакцыі час. «Эканаміст» у Лондане (1964, арх. абодвух Смітсаны), ін-т Марчалонджы ў Мілане (1959, арх. В.​Вігано), жылы комплекс Парк-Хіл у Шэфілдзе (1955—61, арх. Дж.​Лін, А.​Сміт і інш.), лабараторыі А.​Н.​Рычардса Пенсільванскага ун-та ў Філадэльфіі (1957—61, арх. Л.​Кан).

Літ.:

Бэнем Р. Новый брутализм: Этика ил эстетика?: Пер. с англ. М., 1973.

Да арт. Бруталізм. Медыцынскія даследчыя лабараторыі Пенсільванскага універсітэта ў Філадэльфіі. Арх. Л.​Кан. 1960.

т. 3, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)