разліковыя аперацыі па аплаце грашовых сум, іх унясенні, а таксама сумы, якія павінны быць выплачаны. Бываюць П. наяўныя, калі прызнаюцца выкананымі пры паступленні (атрыманні) наяўных грошай, і безнаяўныя, што ажыццяўляюцца без удзелу наяўных грошай, праз пералічэнне пэўных сум з рахункаў плацельшчыка ў банку на рахунак атрымальніка або праз залік узаемных патрабаванняў. Усе безнаяўныя П. ажыццяўляюцца праз крэдытныя ўстановы або пад іх кантролем. Такія П. ажыццяўляюцца і ўнутры краіны і ў сферы міжнар.эканам. адносін. Асн. віды разліковых дакументаў: плацежныя запатрабаванні і даручэнні, чэкі (гл.Плацежны сродак), акрэдытывы. Адрозніваюць: П. ў бюджэт — узносы і адлічэнні фіз. і юрыд. асоб, якія складаюць даходы дзярж. бюджэту; П. авансавыя — у аплату паслуг, сродкаў або матэрыялаў для іх атрымання або выкарыстання; П. дзяржаўныя трансфертныя — выплаты па сац. страхаванні, дапамозе па беспрацоўі, пенсіі і інш. (гэтыя выплаты і іх атрымальнікі не ўносяць якога-н. укладу ў вытворчасць); П. накладныя — спосаб разлікаў пры адпраўцы тавараў невялікімі партыямі на нязначныя сумы (прадугледжвае адрасную выдачу грузу пры ўмове аплаты вызначанай грузаадпраўшчыкам сумы безнаяўным або наяўным разлікам; П. насельніцтва, якія ажыццяўляюцца наяўным і безнаяўным шляхам (П. за камунальныя паслугі, узносы за тавары, купленыя ў крэдыт, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАЛІСТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
адзін з кірункаў правазнаўства ў ЗША у 1920-я г. Прадстаўнікі школы Дж.Грэй, О.Холмс, Д.Франк, К.Левелін, Е.Патэрсан і інш., канстатуючы кансерватызм, нягнуткасць, звернуты ў мінулае традыцыйнай прававой сістэмы ЗША, патрабавалі яе мадыфікацыі і прыйшлі да адмаўлення прынцыпу стабільнасці права і падпарадкоўвання суддзі закону. З пункту гледжання Р.ш.п. норма права — гэта ўсяго толькі думка заканадаўца аб праве, якую суддзя можа прыняць або не прыняць пад увагу. На думку «рэалістаў» усякая прававая норма, выказаная ў законе ці ў прэцэдэнце, непазбежна ператвараецца ў нешта застылае і адсталае ад жыцця. Таму права павінна змяняцца бесперапынна, што магчыма толькі ў тым выпадку, калі праватворчай сілай будзе суд. У адказе на пытанне, чым кіруецца суд пры вынясенні рашэння, прыхільнікі гэтай плыні падзяляліся на 2 групы: адна з іх схілялася да біхевіярызму (уздзеянне знешніх фактараў на паводзіны суддзі), другая — да фрэйдызму (пошукі ўздзеяння фактараў у глыбіннай псіхалогіі). У абодвух выпадках асновай паводзін суддзі і створанага ім права выступалі выключна псіхал. фактары. Такім чынам Р.ш.п. прыйшла да вульгарнага разумення права, а яе нігілістычнае стаўленне да стабільных норм права і патрабаванне неабмежаванай свабоды суд. меркавання па сутнасці зводзілі на нішто прынцып законнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАГІ́ЗМ (ад грэч. syllogismos разлічваю, заключаю),
від дэдуктыўнага розумазаключэння, у якім з 2 суджэнняў (пасылак), звязаных паміж сабою адным агульным сярэднім тэрмінам, атрымліваюць трэцяе суджэнне. У залежнасці ад пасылак адрозніваюць катэгарычны, раздзяляльна-катэгарычны і ўмоўна-катэгарычны С. У катэгарычным С. вывад атрымліваецца з 2 пасылак, якія з’яўляюцца катэгарычнымі суджэннямі: A ёсць B, B ёсць C, значыць A ёсць C. У раздзяляльна-катэгарычным С. ў большай пасылцы пералічваецца некалькі магчымых рашэнняў, у меншай адмаўляюцца ўсе, акрамя аднаго: A ёсць або B, або C, або D, але A не ёсць ні B, ні D, значыць A ёсць С. Ва ўмоўна-катэгарычным С. хаця б адна з 2 пасылак з’яўляецца ўмоўным суджэннем: Калі A ёсць B, то C ёсць D; A ёсць B, значыць C ёсць D. У залежнасці ад становішча сярэдняга тэрміна адрозніваюць 4 фігуры С. Кожная з іх мае па некалькі модусаў (С., якія адрозніваюцца адзін ад аднаго колькасцю і якасцю суджэнняў). Усяго існуе 256 модусаў; правільнымі, якія даюць ісціннае заключэнне, лічацца толькі 24 (гл.Сілагістыка). Вывад аднаго С. можа быць пасылкай наступнага. Такім чынам ствараецца складаны С., або полісілагізм. Гл. таксама Сілагізма аксіёма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАМАШЭ́ВІЧ Іван Мікалаевіч (н. 4.3.1949, в. Мерч Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. спявак (барытон), баяніст, педагог. Нар.арт. Беларусі (2000). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1979). З 1969 працаваў ва ўстановах культуры Шклова і Бабруйска, з 1979 выкладчык Наваполацкага муз. і Полацкага пед. вучылішчаў. З 1988 арганізатар і маст. кіраўнік канцэртнага аб’яднання пры Бел. т-ве інвалідаў па зроку, з 2001 саліст Белдзяржфілармоніі. Адначасова з 1992 выкладчык Мінскага муз. вучылішча, з 1970 саліст сімф. аркестра і камерна-інстр. ансамбля Белтэлерадыёкампаніі, з 1992 — аркестра духавых інструментаў «Няміга», з 1993 — Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга. У рэпертуары песні замежных і бел. кампазітараў (некат. выконваў упершыню), рамансы, арыі з опер. Сярод канцэртных праграм: «О калі б мог выказаць у гуку» (1990), «Я не шкадую сэрца добрым людзям» (1995), «Раманс забыты, але цудоўны», «І адкрыліся вочы ў душы» (абодва 1996), «Жамчужны россып мелодый кахання» (1997), «Зямны паклон вялікім юбілярам» (1998—99, прысвечаны А.Пушкіну і П.Чайкоўскаму), «Букет прэм’ер ад юбіляра» (2000), «О раманс, ты любоў мая вечная» (2001). Лаўрэат Рэсп. (1989), Усесаюзнага і Міжнар. конкурсаў (абодва 1990) выканаўцаў камернай музыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. transformatio пераўтварэнне) у грамадстве, сацыёлага-паліталагічнае паняцце, якое абазначае якасныя пераўтварэнні грамадскай арганізацыі. Адбываецца, як правіла, у крызісныя эпохі, калісац. структура страчвае ўстойлівасць і стабільнасць. Асн. этапы Т.: ацэнка стану грамадства як крызіснага; сац. дыягностыка (пошук прычын крызісу і шляхоў выхаду з яго); ліквідацыя ўстарэлай грамадскай сістэмы, якая не адпавядае патрабаванням сац. развіцця; самавызначэнне абноўленага грамадства і планаванне далейшага развіцця. Трансфармацыйныя змены ў грамадстве характарызуюцца складанасцю і непрадказальнасцю развіцця, ростам сац. мабільнасці, абвастрэннем супярэчнасцей паміж чалавекам і грамадскай сістэмай, маргіналізацыяй часткі насельніцтва. Прыклады Т. — сац. працэсы, што адбываліся на мяжы 1980—90-х г. у краінах Цэнтр. Еўропы і з 1990-х г. у постсав. краінах. накіраваныя на рэфармаванне розных сфер жыцця: дэмакратызацыю паліт. і дзярж. сістэм, абнаўленне эканам. асноў грамадства, арыентацыю на рыначную эканоміку, адмаўленне ад поўнага сац. забеспячэння ўсіх слаёў насельніцтва, перамену духоўна-культ. арыенціраў сац. развіцця і інш.
Літ.:
Пригожин А.И. Перестройка: переходные процессы и механизмы. М., 1990;
адна з тэмпературных шкал, якая грунтуецца на другім законе тэрмадынамікі і добра ўзнаўляецца. Прапанавана У.Томсанам (лордам Кельвінам). Т-ра ў гэтай шкале (абсалютная тэмпература) вымяраецца ў кельвінах.
Вызначаецца на аснове ідэальнага Карно цыкла: калі рабочае цела, якое ажыццяўляе цыкл, атрымлівае цеплату Q1 пры т-ры T1 і аддае цеплату Q2 пры т-ры T2, то суадносіны Q1/Q2 = T1/T2не залежаць ад уласцівасцей тэрмаметрычнага (рабочага) цела, што дазваляе па суадносінах вымераных колькасцей цеплаты ўстанаўліваць адносныя змены т-ры. Для вызначэння абсалютных значэнняў т-ры ўстанаўліваюць асн. інтэрвал т-р (велічыню градуса). Першасна асн. інтэрвал Т.т.ш. супадаў з асн. інтэрвалам Цэльсія шкалы і градус быў роўны 0,01 гэтага інтэрвалу. У 1968 13-я Генеральная канферэнцыя па мерах і вагах устанавіла Т.т.ш. з адзіным рэперным пунктам — трайным пунктам вады (273,16 К дакладна), дзе 1 К прыняты роўным 1/273,16 тэрмадынамічнай т-ры трайнога пункта. Т.т.ш. рэалізуецца з дапамогай працэсаў, звязаных з тэрмадынамічнай т-рай: у шырокім дыяпазоне т-ра вымяраецца з дапамогай газавага тэрмометра, нізкія т-ры вызначаюць паводле тэмпературнай залежнасці магн. успрымальнасці парамагнетыкаў, высокія — паводле інтэнсіўнасці выпрамянення абсалютна чорнага цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
метад даследавання фіз.-хім. і хім. працэсаў, што адбываюцца ў рэчыве ва ўмовах праграмаванага змянення т-ры; адзін з метадаў фізіка-хімічнага аналізу. Дазваляе вызначаць т-ры фазавых пераходаў, будаваць дыяграмы стану, атрымліваць інш. даныя аб саставе і структуры рэчываў.
Устаноўка для Т.а. ўключае печ, трымальнік узораў, датчык для вызначэння т-ры печы і ўзору (тэрмапара з самапісцам). Пры награванні (ахалоджванні) узору даследуемага рэчыва з дапамогай фотарэгіструючых пірометраў і аўтам. патэнцыяметраў у каардынатах т-ра — час запісваюць тэрмаграмы — крывыя награвання (ахалоджвання); зломы або гарыз. ўчасткі на іх адпавядаюць ператварэнням у рэчыве, што адбываюцца з цеплавым эфектам. Больш адчувальны дыферэнцыяльны тэрмічны аналіз (ДТА), калі ў часе рэгіструюць змяненне рознасці т-р узору і эталону — рэчыва, якое ў дадзеным інтэрвале т-рне мае ніякіх ператварэнняў (звычайна гэта аксід алюмінію Al2O3). ДТА часта выкарыстоўваюць у спалучэнні з адным або некалькімі фіз. ці фіз.-хім. метадамі (напр., тэрмагравіметрыяй — метадам рэгістрацыі змянення масы ўзору пры праграмаваным змяненні т-ры, мас-спектраметрыяй, дылатаметрыяй).
Літ.:
Берг Л.Г. Введение в термографию. 2 изд. М., 1969;
Уэндланд У. Термические методы анализа: Пер. с англ.М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМО́ЎНЫЯ РЭФЛЕ́КСЫ,
індывідуальна набытыя сістэмныя прыстасавальныя рэакцыі жывёл і чалавека. Узнікаюць на аснове ўтварэння часовай сувязі паміж умоўным (сігнальным) раздражняльнікам і безумоўнарэфлекторным актам. Уласцівыя ўсім жывёлам, што маюць ц. н. с. Тэрмін «У.р.» ўведзены І.П.Паўлавым (1903). Вядучую ролю пры фарміраванні У.р. адыгрываюць вышэйшыя (для дадзенай жывёлы) аддзелы галаўнога мозга: у рыб — сярэдні мозг і мазжачок, у паўзуноў і птушак — вял. паўшар’і галаўнога мозга, у млекакормячых — кара вял. паўшар’яў галаўнога мозга.
Выпрацоўка У.р. пачынаецца з падмацавання ўмоўнага раздражняльніка, індыферэнтнага да рэакцыі, што рэгіструецца, безумоўным узбуджальнікам гэтай рэакцыі. Умоўным раздражняльнікам можа быць любая змена ўнутр. ці вонкавага асяроддзя, якая ўспрымаецца арганізмам. Калі раней індыферэнтны раздражняльнік супадае па часе з якой-н. прыстасавальнай дзейнасцю, то ён становіцца ўмоўным сігналам, які падрыхтоўвае арганізм да гэтай дзейнасці. Рэфлексы, што не падмацоўваюцца раздражняльнікамі, актыўна тармозяцца, а часам знікаюць. Выяўляецца ўсё большая здольнасць да ўтварэння складаных форм У.р. па меры філагенет. і індывід. развіцця арганізмаў. Біял. значэнне У.р. заключаецца ў пашырэнні спектра адаптыўных магчымасцей арганізма, іх хуткай дынамічнай змене, што надае паводзінам высокую ступень пластычнасці. Гл. таксама Вышэйшая нервовая дзейнасць.
Літ.:
Формирование и торможение условных рефлексов. М., 1980;
Асратян Э.А. Рефлекторная теория высшей нервной деятельности: Избр. тр.М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРГЕ́НЧстаражытны,
сталіца Харэзма ў 10—13 і ў 14 ст. (наз. таксама Гурганч, Гургандж, Джурджанія; цяпер руіны каля пас. Куня-Ургенч у Туркменістане). Час заснавання не вызначаны. Першыя дакладныя звесткі пра У. адносяцца да 10 ст., калі горад быў буйным гандл.-рамесным цэнтрам. З 995 сталіца Харэзмскай дзяржавы. У 1221 захоплены і разбураны войскамі Чынгісхана. У 1224 пад уладай Джучы, адноўлены. У сярэдзіне 13 ст. ўвайшоў у склад Залатой Арды, адзін з адм. цэнтраў. У сярэдзіне 14 ст. Харэзм вызваліўся ад улады Залатой Арды і У. зноў стаў яго сталіцай. У 1388 разбураны войскамі Цімура. У 1390-я г. часткова адноўлены. У 17 ст. спыніў сваё існаванне.
Захаваліся арх. помнікі. маўзалеі Іль-Арслана (т.зв. Фахрэддзіма Разі; 12-гранныя шацёр і барабан над кубападобным аб’ёмам, разная тэракота), Тэкеша (абодва 12 ст.; шатрова-канічны купал на «гафрыраваным» барабане), Наджмеддзіна Кубра (14 ст.) з мінарэтам Кутлуг-Цімура (паміж 1321—33). дынастыі Суфі (т.зв. Цюрабек-Ханым, 1360-я г.), Султан-Алі (18 ст.); партал караван-сарая са шматколернай паліванай абліцоўкай (14 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКА́ЗНАСЦЬюрыдычная,
у шырокім сэнсе — пакаранне; прымусовыя меры ў адносінах да вінаватых (фізічных і юрыд. асоб) за правапарушэнні, якія прадугледжаны і рэгулююцца нормамі права. Адрозніваюць адказнасць адміністрацыйную, дысцыплінарную, цывільную, крымінальную і інш.
Адміністрацыйная — адказнасць за адміністрацыйныя правапарушэнні. Настае за ўчыненне антыграмадскіх дзеянняў, якія не маюць вял. грамадскай небяспекі. Адм. спагнанні накладваюць органы ўнутр. спраў, адм. камісіі, суддзі і інш.Дысцыплінарная — адказнасць за парушэнні працоўнай дысцыпліны і службовых абавязкаў. Агульны парадак такой адказнасці вызначаны КЗаП, тыпавымі правіламі ўнутр. працоўнага распарадку, статутамі і палажэннямі аб службе або рабоце. Дысцыплінарныя спагнанні накладваюцца адпаведнымі органамі ці кіраўніком (начальнікам), якому парушальнік падпарадкоўваецца па службе або рабоце. Цывільная — адказнасць за маёмасныя (і некаторыя немаёмасныя) страты, нанесеныя невыкананнем або неналежным выкананнем абавязацельстваў або ўчыненнем якіх-н. проціпраўных дзеянняў. Выяўляецца ва ўскладанні нявыгадных маёмасных вынікаў на асобу, якая дапусціла неправамерныя паводзіны. Найб. пашыраныя формы гэтага віду адказнасці — кампенсацыя страт і выплата няўстойкі. Забяспечвацца ва ўстаноўленым судом парадку. Крымінальная — адказнасць за злачынствы. Падставай для яе з’яўляецца факт учынення небяспечнага для грамадства дзеяння, якое вызначаецца законам як злачынства. Мера пакарання вінаватаму назначаецца прыгаворам суда. Парадак прыцягнення да крымін. адказнасці, а таксама магчымасць вызвалення ад яе рэгламентаваны заканадаўствам.
Прававыя нормы Рэспублікі Беларусь прадугледжваюць таксама матэрыяльную адказнасць — абавязак работніка пакрыць прадпрыемству (установе, арг-цыі) матэрыяльныя страты, якія атрымаліся па яго віне. Падставы для матэрыяльнай адказнасці, парадак і памеры кампенсавання страт вызначаюцца заканадаўствам.
Сучаснае міжнар. права прадугледжвае міжнародна-прававую адказнасць, суб’ектам якой з’яўляецца сама дзяржава. Настае ў выніку парушэння дзяржавай нормаў міжнар. права ці міжнар. абавязацельстваў. Дзяржава нясе таксама адказнасць за неправамерныя дзеянні або ўпушчэнні ўсіх сваіх органаў і дзеянні фізічных асоб, учыненыя на яе тэрыторыі. Адрозніваюць адказнасць палітычную (ужыванне міжнар. санкцый і аддаванне задавальнення пацярпелай дзяржаве) і матэрыяльную (рэпарацыі і рэстаўрацыі). Рознагалоссі ў вызначэнні формаў і аб’ёмаў адказнасці вырашаюцца мірнымі сродкамі, прадугледжанымі Статутам ААН. Найчасцей у такіх выпадках выкарыстоўваецца арбітраж міжнародны. Калі дзяржава-парушальнік адмаўляецца ад выканання мер кампенсацыі або задавальнення, не пагаджаецца на мірнае ўрэгуляванне рознагалоссяў ці не выконвае рашэння кампетэнтнага міжнар. органа, могуць быць ужыты адпаведныя міжнар. санкцыі.