ПЕРСІ́ДСКАЯ МО́ВА, фарсі,

адна з іранскіх моў (паўд.-зах. група). Афіц. мова Ірана. Пашырана таксама ў Афганістане, Пакістане, Індыі, Іраку, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і інш. Са шматлікіх дыялектаў найб. вывучаны тэгеранскі, які стаў адной з асн. крыніц фарміравання размоўнай формы сучаснай П.м. У фанетыцы 6 галосных, 22 зычныя фанемы, 2 дыфтонгі. Граматыка аналітычная, няма скланення, ужываюцца складаныя дзеяслоўныя формы, фіксаваны парадак слоў. У лексіцы шмат араб. запазычанняў. Пісьменства з 1-й пал. 9 ст. на аснове араб. алфавіта (гл. Арабскае пісьмо), дапоўненага некалькімі знакамі для гукаў, якія адсутнічаюць у араб. мове.

Літ.:

Рубинчик Ю.А. Современный персидский язык. М., 1960;

Пейсиков Л.С. Лексикология современного персидского языка. М., 1975.

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫАПУЛІ́ДЫ (Priapulida),

рэліктавая група (клас) ніжэйшых чарвей тыпу першаснаполасцевых чарвей. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн. г. назад). 7 родаў, 11 відаў. Пашыраны ва ўмераных акіянскіх водах. і на вял. глыбіні ў экватарыяльнай зоне. Жывуць у пясчаных норках. Перамяшчаюцца ўсвідроўваннем у грунт.

Даўж. ад 2 мм да 20 см. Цела чэрвепадобнае, нерасчлененае, унутр. поласць (цэлом) запоўнена поласцевай вадкасцю. Пярэдняя ч. цела (хабаток) уцягваецца ўнутр. Мускулатура развітая, моцная. Кішэчнік прамы, скразны. Крывяноснай сістэмы няма. Дыхаюць паверхняй цела, у некат. ёсць хваставыя шчэлепныя прыдаткі. Нерв. сістэма складаецца з каляглоткавага кольца і брушнога цяжа. Драпежнікі. Раздзельнаполыя, некат. маюць лічынку з двухстворкавым панцырам.

А.​М.​Петрыкаў.

Прыапуліды: 1 — прыапулюс; 2 — макабеус.

т. 13, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГА́НІНСКІ БОЙ 1943,

бой партызан Шклоўскай ваенна-аператыўнай групы па разгроме ням. гарнізона ў в. Прыгані Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. 3.10.1943 у Вял. Айч. вайну. Гарнізон (каля 90 чал.), узброены мінамётам, кулямётамі, аўтаматамі, вінтоўкамі, меў 4 дзоты, падыходы да якіх былі перакрыты загародамі з калючага дроту. Група партызан (80 чал.) на чале з Р.​М.​Севасцьянавым, пераапранутых у ням. форму, з абозам увайшла ў вёску і захапіла 3 дзоты, 4-ы быў узяты пасля жорсткай схваткі. У выніку гарнізон быў поўнасцю разгромлены, захоплена ўсё ўзбраенне, склады з боепрыпасамі і харчаваннем, статак кароў, нарабаваных акупантамі ў навакольных вёсках. Партызаны страцілі 4 чал.

У.​С.​Пасэ.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТАМАІ́НЫ (ад грэч. ptōma труп),

група рэчываў з т.зв. трупных ядаў. Да іх адносяцца кадаверын, путрэсцін, агмацін і інш. Утвараюцца з некат. амінакіслот (напр. арніцін, лізін) у выніку расшчаплення бялкоў пад уплывам мікробных ферментаў у працэсе разлажэння трупаў, гніення мяса, рыбы. Сінтэзуюцца таксама ў тоўстым страўніку жывёл і чалавека, прысутнічаюць у некат. грыбах, раслінах. Таксічнасць большасці П. невялікая. У жывых арганізмах абясшкоджваюцца ў страўніку і печані або выводзяцца ў нязменным выглядзе; выкарыстоўваюцца таксама ў працэсах жыццядзейнасці (напр., агмацін прыгнечвае болевую адчувальнасць). Пры многіх захворваннях працэсы гніення ў страўніку ўзмацняюцца, што выклікае павелічэнне ўтварэння П., якія ўсмоктваюцца і садзейнічаюць развіццю інтаксікацыі.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ДЗЕЛІ (ням. Pudel ад дыялект. pudeln плюхацца ў вадзе),

група пакаёва-службовых старажытных парод сабак. Каля 15 парод, пашыраны ва ўсіх краінах свету. Выкарыстоўваліся ў паляванні на вадаплаўных птушак (адсюль назва), зайцоў, для збору труфеляў.

Вылучаюць П. вялікага, або каралеўскага (выш. ў карку 45—58 см), сярэдняга, або малога (35—45 см), і карлікавага (28—35 см). Маса 6—50 кг. Поўсць доўгая, мяккая, хвалістая або «шнурам», чорная, белая, карычневая, серабрыстая ці абрыкосавая, якую стрыгуць на асобных участках цела. Канстытуцыя моцная, сухая. Галава выцягнутая, вушы звіслыя. Спіна кароткая, лапы сухія, прамыя. Хвост купіруюць. Тып паводзін рухомы, характэрны алюр — галоп.

Э.​Р.​Самусенка.

Пудзелі.

т. 13, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЦЦЁВЫЯ ФО́РМЫ,

1) у жывёлгрупа асобін, што маюць падобныя морфаэкалагічныя прыстасаванні для пражывання ў аднолькавым асяроддзі. Характэрна змена Ж.ф. у антагенезе для відаў, развіццё якіх ідзе з метамарфозам (ад лічынкі да дарослага насякомага). У аснове класіфікацыі жывёл — асаблівасці размнажэння, эколага-марфал. прыстасаванні, спосабы перамяшчэння, здабычы ежы і яе характар, аднесенасць да ландшафту, ступень актыўнасці і інш. 2) Ж.ф. ў раслін — вонкавы выгляд (габітус), які адлюстроўвае іх прыстасаванасць да ўмоў асяроддзя; адзінка экалагічнай класіфікацыі. Складаюцца ў выніку натуральнага адбору ў пэўных умовах асяроддзя. Ж.ф. груп раслін адлюстроўваюць іх прыстасаванасць да рассялення і замацавання на тэрыторыі, да найб. поўнага выкарыстання ўсяго комплексу ўмоў месцазнаходжання. Змяняецца ў антагенезе (напр., аднагадовыя сеянцы елкі або дуба яшчэ не маюць формы дрэва), таму пад Ж.ф. класіфікацыйнай адзінкай лічыцца сукупнасць дарослых асобін. Адзін і той жа від раслін у розных умовах можа мець розныя Ж.ф. (дуб, елка, ядловец і інш. ў лясной зоне або лясным поясе гор — высакастволыя дрэвы, а на паўн. і вышыннай межах арэала — кусты або сланікі). У класіфікацыю можа ўваходзіць група раслін з падобнымі прыстасавальнымі структурамі, не абавязкова звязаных роднасцю (напр., кактусы і некат. малачаі ўтвараюць формы сцябловых сукулентаў). Тэрмін Ж.ф. прапанаваў дацкі батанік І.​Э.​Вармінг (1884). Пры гэтым ён разумеў форму, у якой вегетатыўнае цела расліны знаходзіцца ў гармоніі з навакольным асяроддзем на працягу ўсяго жыцця, ад насення да адмірання. Найб. пашырана класіфікацыя Ж.ф., прапанаваная дацкім батанікам К.​Раўнкіерам (1905, 1907), які вылучае 5 асн. Ж.ф. (гл. Сістэма Раўнкіера). Змяненні Ж.ф. выкарыстоўваюцца для работ па інтрадукцыі раслін.

т. 6, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБІ́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1959 Выклікана незадаволенасцю кубінцаў дыктатурай прэзідэнта ген. Ф.​Батыстыі-Сальдывара, які забараніў амаль усе паліт. партыі, у знешняй палітыцы арыентаваўся на ЗША, а таксама засіллем іншаземцаў (пераважна грамадзян ЗША, якім на Кубе належала большасць прадпрыемстваў і аб’ектаў турызму). Падрыхтавана дзейнасцю Ф.Хастра Рус і інш. З мэтай узняць нар. паўстанне і скінуць Батысту 26.7.1953 група радыкальна настроеных апазіцыянераў на чале з Кастра (165 чал.) арганізавала штурм вайск. казарм Манкада (г. Сант’яга-дэ-Куба), аднак пацярпела паражэнне; Кастра і яго паплечнікі былі зняволены. Пасля амністыі Кастра ў 1955 эмігрыраваў у Мексіку, дзе заснаваў «Рух 26 ліпеня» і разам з братам Раулем і аргенцінцам Э.Геварам дэ ла Сернам стварыў узбр. групу. 2.12.1956 гэтая група высадзілася з яхты «Гранма» на У Кубы і з боем прарвалася ў горы Сьера-Маэстра, дзе пачалося фарміраванне паўстанцкай арміі, 13.3.1957 узбр. атрад студэнтаў намагаўся захапіць прэзідэнцкі палац у Гаване. У кастр. 1958 створаны «Аб’яднаны нацыянальны рабочы фронт», у ліст. паўстанцкая армія спусцілася з гор і пачала рух на сталіцу. 1.1.1959 яна заняла гарады Санта-Клара і Сант’яга. Батыста пакінуў краіну. 2.1.1959 паўстанцы ўступілі ў сталіцу. Быў сфарміраваны часовы ўрад з функцыямі выканаўчай і заканад. улады (замест распушчанага парламента), прыпынена дзейнасць канстытуцыі 1940. 16.2.1959 створаны ўрад на чале з Кастра, які пачаў агр. рэформу, нацыяналізацыю замежнай маёмасці і інш. пераўтварэнні.

Літ.:

Зуйков Г.Н. Социально-экономические предпосылки Кубинской революции. М., 1980;

Гриневич Э.А. Куба: путь к победе революции. М., 1975;

Монтанер К.А. Накануне краха: Фидель Кастро и Кубинская революция: Пер. с исп. М., 1992.

т. 8, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з канца ліп. 1941 да чэрвеня 1944 у г. Магілёў. Існавалі групы ў ваен. шпіталі (стваральнік Р.​Дз.​Казлоў) на чыг. вузле (кіраўнікі П.​І.​Бялько, А.​В.​Гарошка, П.​В.​Дракаў, В.​М.​Жывапісцава, І.​С.​Малашкевіч, В.​І.​Пудзін, Г.​С.​Трактатава), аўтарамонтным з-дзе (В.​І.​Батура, М.​І.​Харкевіч), ф-цы штучнага шоўку, у «Рыбзбыце» (В.​П.​Станкевіч), абл. бальніцы (М.​П.​Куўшынаў), на хлебазаводзе (М.​М.​Яўціхіеў), камсам.-маладзёжная група (І.​М.​Лысіковіч), група б. ваеннаслужачых (І.​Г.​Гурыеў, П.​А.​Пяхоцін, В.​Дз.​Швагрынаў), групы А.​І.​Шубадзёрава, М.​К.​Гвоздаравай, П.​І.​Крысевіча, В.​І.​Лусто, М.​Я.​Новікава, У.​П.​Шалюты і інш. Да студз. 1941 існавалі 42 падп. групы (больш за 250 чал.). Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, здабывалі звесткі разведкі для партызан, праводзілі дыверсіі на чыгунцы, прадпрыемствах горада, выратоўвалі моладзь ад вывазу ў Германію. У крас. 1942 па ініцыятыве Казлова для кіраўніцтва падполлем створаны «Камітэт садзеяння Чырвонай Арміі» (кіраўнікі Гарошка, Крысевіч, Куўшынаў, Лысіковіч, С.​М.​Шакура, Шалюта), які арганізаваў выданне газ. «За Родину», з восені 1942 — «За Советскую Родину». У выніку масавых аблаў гітлераўцы знішчылі кіруючы склад «Камітэта», загубілі 188 падпольшчыкаў. 3 сак. 1943 з дапамогай Магілёўскага райкома КП(б)Б створаны падп. групы ў паравозным дэпо, на трубаліцейным з-дзе, у ням. сталоўках, складах, дапаможных гаспадарках. Падпольшчыкі правялі шэраг буйных дыверсій, збіралі для партызан прадукты, тытунь, соль, зброю.

Літ.:

Подвиги их бессмертны. Мн., 1978. С. 246.

Б.​П.​Гардзееў.

т. 9, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ,

прылады, з дапамогай якіх здабываюцца акрэсленыя (або недакладна акрэсленыя) па вышыні і рытмічна арганізаваныя (або неарганізаваныя) гукі, паслядоўнасці гукаў, а таксама шумы. Абавязковыя элементы М.і. — вібратар, ці крыніца гуку (струна, мембрана, слуп паветра), і генератар, што пабуджае вібратар да вагання (смычок, сістэма малаточкаў і інш.). Многія М.і. маюць і ампліфікатар для ўзмацнення ваганняў (рэзанансавыя корпус, дошка) з мэтай атрымання гукаў большай сілы. Кожнаму М.і. ўласцівы пэўны гукавы дыяпазон, комплекс тэмбрава-рэгістравых, дынамічных, выразных і тэхніка-выканальніцкіх магчымасцей. Якасць гучання залежыць ад матэрыялаў, з якіх яны зроблены, і нададзенай ім формы, можа мяняцца пры дапамозе дадатковых прыстасаванняў (напр., сурдзіны) і розных прыёмаў гуказдабывання.

М.і. выконваюць разнастайныя грамадскія (ад прыкладной да ўласна эстэтычнай) і маст. функцыі (М.і. сольныя і ансамблевыя, меладычныя і рытмічныя і інш). Падзяляюцца на нар. і прафесійныя. Іх развіццё непасрэдна звязана з развіццём грамадства, яго культуры, муз. мастацтва, выканальніцтва і тэхнікі вырабу. Паводле прынятай у сучасным інструментазнаўстве класіфікацыі Э.М. фон Хорнбастэля — К.​Закса (прапанавана ў 1914), якая ўлічвае 2 вызначальныя прыметы — крыніцу гуку і спосаб яго здабывання, М.і. ўтвараюць 4 групы: ідыяфоны (самагучальныя), мембранафоны (мембранавыя), аэрафоны (духавыя) і хардафоны (струнныя); у 20 ст. і электрафоны (электрамузычныя інструменты). Крыніца гуку ў ідыяфонах — матэрыял, з якога зроблены інструмент або яго гучальная дэталь, у мембранафонах — нацягнутая перапонка (найчасцей са скуры жывёлы), у аэрафонах — заключаны ў трубцы слуп паветра, у хардафонах — нацягнутая струна. Залежна ад спосабу гуказдабывання ідыяфоны бываюць ударныя, саўдаральныя, патрэсвальныя, скрабковыя, шчыпковыя, аэрафоны — свабодныя, флейтавыя, язычковыя, амбушурныя; хардафоны — шчыпковыя, смычковыя, ударныя і фрыкцыйныя Улічваюць і канструкцыйныя асаблівасці (вядомы флейты адзіночныя падоўжныя — адкрытыя і закрытыя, парныя).

Нар. М.і. беларусаў вызначаюцца разнастайнасцю тыпаў і іх лакальных разнавіднасцей. Група ідыяфонаў уключае талеркі, лыжкі, вугольнік, трашчотку, калотку, брусочкі, звон, бразготкі, званок, шархуны, кляшчоткі, драбінку, шмыгала, рагульку; у мінулым былі яшчэ варган і біла (калатушка); група мембранафонаў — бубен, барабан і грэбень (мірлітон); група аэрафонаў: свабодныя аэрафоны — лісты дрэў і травы, карынка, берасцянка, пуга, дудка шчылінная, гармонік і яго разнавіднасці — баян і акардэон; флейтавыя — свісцёлка, акарына, дудка, салавейка, парныя дудкі (раней, верагодна, і шматствольныя); язычковыя — жалейка, кларнет, дуда, дудачка з падвойным язычком; амбушурныя — рог і труба; група хардафонаў: смыкавыя — скрыпка, басэтля, ліра колавая, шчыпковабрынкальныя — балалайка, мандаліна, гітара, раней і цытра; ударныя — цымбалы. Паводле спосабу вырабу бел. нар. М.і. падзяляюцца на спецыяльна вырабленыя і прыстасаваныя для гукаўтварэння прадметы навакольнай прыроды і побыту. Вырабляюць М.і. музыканты-выканаўцы і муз. майстры-прафесіяналы. У 2-й пал. 20 ст. ў нар. муз. побыце ўсё часцей выкарыстоўваюць інструменты фабрычнай вытв-сці (скрыпка, цымбалы, гармонік, баян, кларнет; гл. Музычных інструментаў вытворчасць). Спрадвеку нар. М.і. звязаны з традыц. каляндарна-земляробчымі і сямейнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам, рознымі святамі. У вясковай практыцы М.і. выкарыстоўваюць як сольныя і ансамблевыя (гл. Народныя інструментальныя ансамблі). Амаль усе прафес. М.і. паявіліся ў выніку ўдасканалення народных. Да прафесійных адносяцца інструменты сімф. (опернага), духавога і эстр. аркестраў, а таксама электра- і мех. інструменты, сінтэзатары, камп’ютэры і інш. Гл. таксама Аркестр, Інструментоўка, Партытура.

Літ.:

Закс К. Современные оркестровые музыкальные инструменты: Пер. с нем. М., 1932;

Чулаки М.И. Инструменты симфонического оркесгра. 4 изд. М., 1983;

Вертков К., Благодатов Г., Язовицкая Э. Атлас музыкальных инструментов народов СССР. 2 изд. М., 1975;

Назіна І.Д. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997;

Sachs K. The History of musical Instruments. New York, 1940.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́МЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліп. 1941 — вер. 1942 на тэр. Бягомльскага р-на Мінскай вобл. Мела 2 групы (каля 20 чал.): маладзёжную ў в. Нябышына (кіраўнік А.​Ф.​Фрол) і групу ў г.п. Бягомль (арганізавана ў жн. 1941, кіраўнік Я.​А.​Шаўцоў). Падпольшчыкі мелі сувязь з партызанамі, для якіх збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, разведданыя, харчы, здабывалі бланкі дакументаў, удзельнічалі ў сумесных баявых аперацыях, запісвалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро. У маі 1942 фашыстамі была раскрыта група ў Бягомлі, многія падпольшчыкі пакараны смерцю. У вер. 1942 палова нябышынскай групы пайшла ў партызаны, астатнія былі сувязнымі партыз. брыгады «Жалязняк» да вызвалення раёна ад ням.-фаш. захопнікаў.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)