БЕ́ЛАЯ,

рака ў Расійскай Федэрацыі, пераважна ў Башкортастане, левы прыток Камы. Даўж. 1430 км, пл. бас. 142 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Паўд. Урала, ніжэй ад упадзення р. Уфа цячэ па раўніне, мае шырокую пойму, утварае шмат лукавін, разбіваецца на рукавы. Гал. прытокі: Нугуш, Уфа (справа), Дзёма (злева). Сярэднегадавы расход вады каля г. Бірск 846 м³/с. Суднаходства ад г. Уфа. На Белай гарады Беларэцк, Салават, Ішымбай, Стэрлітамак, Уфа, Бірск.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРУШЭ́ВІЧ (Ян) (пач. 16 ст. — 1567 ?),

рэлігійны і дзярж. дзеяч ВКЛ, паэт-лацініст. Канонік у Вільні, біскуп у Кіеве і Луцку. Аўтар дыдактычна-рэліг. паэмы «Lens Lituana olim...» (каля 1543) пра легендарнае забойства ў Вільні 14 францысканскіх манахаў у перыяд княжання Альгерда (1345—77). Гал. змест і пафас паэмы ў апалагетычна-хрысц. тэндэнцыйнасці, дыдактызме, асуджэнні братазабойстваў.

Літ.:

Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДЭЗІ́Т,

кайнатыпная горная парода, эфузіўны аналаг дыярыту. Складаецца пераважна з мікракрышталёў плагіяклазу, аўгіту і інш. мінералаў, апушчаных у вулканічнае шкло. Ва ўкрапаннях тыя ж мінералы, рагавая падманка, біятыт. Структура парфіравая. Уласцівы слупковыя паасобнасці. Колер ад шэрага да чорнага, іншы раз з зялёным адценнем. Шчыльн. 2280—2680 кг/м³. Разам з базальтамі ўтварае гал. масу вылітых парод у абласцях стараж. і сучаснага вулканізму. На Беларусі трапляецца ў адкладах валынскай серыі верхняга пратэразою.

т. 1, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́С НА ЧУЖЫ́НЕ»,

бел. грамадска-палітычны часопіс. Выдаваўся ў 1947—50 у Лондане на бел. мове кірыліцай і лацінкай на рататары. Выдавец — Бел. выд-ва ў Лондане, з 3-га нумара — Бел. нац. нар.-хрысц. рух. Гал. рэдактары А.​Надсон, Я.​Амор. Змяшчаў матэрыялы пра грамадска-паліт. жыццё бел. эміграцыі ў Англіі. Выйшлі 42 нумары. Спыніў існаванне з выхадам у Лондане друкаванага час. «На шляху».

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДА́ШАЎ (Павел Мікалаевіч) (4.12.1865 — пасля 1923),

расійскі гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1889). Праф. Юр’еўскага (з 1901), Кіеўскага (з 1903) і Сімферопальскага (з 1921) ун-таў. З 1923 выкладаў у Віцебскім пед. ін-це. Гал. праца «Правінцыяльная адміністрацыя ў Францыі ў апошнюю пару старога парадку 1774—89. Правінцыяльныя інтэнданты» (т. 1—3, 1900—06) змяшчае нявыдадзеную адм. перапіску, якая асвятляе парадкі ў Францыі напярэдадні рэвалюцыі канца 18 ст.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗІС ЭРО́ЗІІ,

паверхня, на ўзроўні якой вадацёк (рака, ручай) траціць сілу і не можа далей паглыбляць сваё рэчышча. Агульны (або галоўны) базіс эрозіі — узровень Сусветнага ак.; мясцовыя (або часовыя) базісы эрозіі — праточныя азёры, месцы ўпадзення прытокаў у гал. раку, выхады цвёрдых парод, якія запавольваюць глыбінную эрозію ракі. Змена вышыні базісу эрозіі (ваганні ўзроўню мора, векавыя рухі зямной кары і інш.) суправаджаецца ўразаннем даліны або запаўненнем яе рачнымі адкладамі.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НКА (Banka),

Бангка, востраў у складзе Вял. Зондскіх а-воў, тэр. Інданезіі. Аддзелены ад в-ва Суматра пралівам Банка. Пл. 11,6 тыс. км². Большая ч. паверхні раўнінная, не перавышае 60 м, месцамі гранітныя ўзвышшы (выш. да 699 м). Клімат экватарыяльны. Вільготныя трапічныя лясы, балоты. На востраве адзін з найб. у свеце волаварудных раёнаў; распрацоўваецца з 1709. Агульныя запасы каля 275 тыс. т металу. Плантацыі каўчуканосаў. Гал. горад — Панкалпінанг.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРСУКІ́,

бел. майстры маст. ткацтва Слуцкай мануфактуры ў 18 — 1-й пал. 19 ст. Іосіф, майстар-ткач слуцкіх паясоў. У 1750-я г. вучыўся майстэрству ствараць залататканыя паясы ў Я.​Маджарскага (гл. Маджарскія). Васіль, майстар маст. ткацтва. У 2-й пал. 18 ст. гал. майстар Слуцкай мануфактуры. Фама, кіраўнік Слуцкай мануфактуры (1807—44). У перыяд яго кіраўніцтва акрамя слуцкіх паясоў ствараліся ўзорыстыя і залататканыя тканіны.

М.​С.​Кацар.

т. 2, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРЭ́К, Селяха, Суляха,

рака ў Іране і Туркменіі. Даўж. 669 км, пл. горнай часткі басейна 27,3 тыс. км². Пачынаецца з Туркмена-Харасанскіх гор, цячэ ў межах Ірана па вузкай даліне, у нізоўях — па нізіне. Упадае ў Каспійскае м., утвараючы забалочаную дэльту. Гал. Прыток — Сумбар (справа). Вада даходзіць да Каспійскага м. толькі ў паводку, у астатні час разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады 9,2 м³/с (каля г.п. Кізіл-Атрэк у Туркменіі).

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДЗЕ́Й (Леанід Вікенцьевіч) (7.4.1929, г. Вілейка Мінскай вобл — 5.7.1977),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1968), праф. (1970). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1959 працаваў у ім і адначасова з 1968 гал. хірург Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па хірург. метадах лячэння хвароб гепатабіліярнай сістэмы і падстраўнікавай залозы, партальнай гіпертэнзіі і гастраэнтэралогіі, па экстракарпаральных метадах дэтаксікацыі ў хірургіі.

Тв.:

Клиника и хирургическое лечение холецистита. Мн., 1963.

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)