УДЗЕ́ЛЬНЫЯ ЗЕ́МЛІ,

зямельная ўласнасць імператарскай сям’і ў Расіі ў 1797—1917. Утвораны ў 1797 з б. дварцовых зямель. Знаходзіліся ў карыстанні ўдзельных сялян (у 1863 у асн. перададзены ім за выкуп), а таксама здаваліся ў арэнду. Нацыяналізаваны ў адпаведнасці з Дэкрэтам аб зямлі ад 27.10(9.11).1917.

т. 16, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРМІЁНЫ, фермі-часціцы,

часціцы або квазічасціцы з паўцэлым спінам. Да Ф. адносяць элементарныя часціцы (барыёны, лептоны і кваркі), квазічасціцы (дзіркі і паляроны), атамныя ядры з няцотным атамным лікам, а таксама атамы (іоны) з няцотнай сумай іх масавага ліку і ліку электронаў. Ф. падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫЛІНДРЫ́ЧНАЯ ПАВЕ́РХНЯ,

паверхня, утвораная рухам прамой (утваральнай) у прасторы так, што гэта прамая застаецца паралельнай зададзенаму напрамку і перасякае дадзеную крывую лінію (накіравальную). Накіравальнай Ц.п. могуць быць акружнасць, эліпс і інш. замкнёная крывая; пры гэтым утвараецца адпаведна цыліндр, абмежаваны гэтай паверхняй, а таксама гіпербала, парабала і інш.

т. 17, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЖЫМА́ЛІ Іван Войцехавіч (13.4.1844, г. Пльзень, Чэхія — 24.1.1915),

расійскі скрыпач і педагог. Па нацыянальнасці чэх. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1861). З 1869 у Маскве, выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1874 праф.). Выступаў як саліст і дырыжор. Стварыў адну з буйнейшых рус. скрыпічных школ строга акад. кірунку (у адрозненне ад пецярб. школы Л.Аўэра). Аўтар інструктыўных твораў для скрыпкі. Пераклаў для яе некат. фартэпіянныя творы П.​Чайкоўскага, а таксама для скрыпкі, віяланчэлі і фп. «Патэтычнае трыо» М.​Глінкі. Сярод яго вучняў: С.​Барцэвіч, Д.​Крэйн, Л.​Любошыц, А.​Магілеўскі, А.​Печнікаў, М.​Прэс, М.​Эрдэнка.

т. 5, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́БСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́,

спецыялізаваны орган супрацоўніцтва краін Карыбскага басейна. Створаны ў 1969. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца 12 краін-членаў Карыбскага супольніцтва (Барбадас, Беліз, Гаяна, Гранада і інш.), а таксама Багамскія а-вы, Канада, Вялікабрытанія і яе ўладанні на Карыбскіх а-вах. З 1972 членамі К.б.р. сталі Венесуэла і Калумбія. Афіц. мэта банка — садзейнічаць эканам. і сац. развіццю краін-членаў, аказваць ім тэхн. дапамогу і інш. Асн. крэдытнай крыніцай у рамках К.б.р. выступае Спец. фонд развіцця, створаны ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай і Венесуэлай. Кіруючыя органы — Савет кіруючых і Выканаўчы к-т. Месцазнаходжанне — г. Брыджтаўн (Барбадас).

т. 8, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНО́ДЫЯ (грэч. monodia песня аднаго спевака ад monos адзін + ōdos спявак),

аднагалоссе, якое не патрабуе суправаджэння. Пазбягае любых верт. суадносін гукаў (рэальных або мяркуемых) і разгортваецца выключна ў іх лінеарна-меладычным руху. Характэрна для муз. фальклору многіх народаў, для сярэдневяковых зах.-еўрап. (грыгарыянскі харал) і стараж.-рус. (знаменны спеў) царк. спеваў, а таксама для ўсх. класічнай музыкі вуснай традыцыі (мугам, маком, макам, рага і інш.). Манадычная бел. нар. музыка стараж. пласта. У творах сучасных бел. кампазітараў М. трапляецца ў межах асобных невял. эпізодаў.

Літ.:

Галицкая С.П. Теоретические вопросы монодии. Ташкент, 1981.

А.​А.​Друкт.

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’ЕЗО́МЕТР (ад грэч. piezō цісну + метр),

прылада для вызначэння аб’ёмнай сціскальнасці газаў, вадкасцей і цвёрдых цел пад уздзеяннем гідрастатычнага ціску. Выкарыстоўваюцца таксама для даследаванняў дыяграм стану, фазавых пераходаў і інш. фіз.-хім. працэсаў.

Паводле прынцыпу дзеяння бываюць 2 тыпаў: П., у якіх маса рэчыва, што даследуецца, застаецца пастаяннай, а аб’ём змяняецца ў залежнасці ад ціску і т-ры; П., у якіх маса — пераменная велічыня, а аб’ём пасудзіны з рэчывам, што даследуецца, не змяняецца. Для вызначэння сціскальнасці вадкасцей і цвёрдых цел выкарыстоўваюць П. плунжэрнага або поршневага тыпу; лінейных памераў цел пад гідрастатычным ціскам — лінейныя П. (дылатометры).

П.​А.​Пупкевіч.

т. 12, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРО́БЛІСК»,

«Пралетарска-сялянская беларуская літаратурная суполка», аб’яднанне бел. пісьменнікаў у ліп. 1927 — студз. 1928. Засн. ў Мінску. Ініцыятары стварэння і члены — выключаныя ў крас. 1927 з «Маладняка» Я.​Бобрык, В.​Каваль, Т.​Кляшторны, В.​Маракоў, І.​Плаўнік, Я.​Туміловіч, а таксама А.​Гурло, А.​Звонак, С.​Фамін, М.​Хведаровіч, Н.​Чарнушэвіч і інш. Ставіла за мэту стварэнне пралетарскай л-ры, адлюстраванне ў маст. форме будаўніцтва сацыялізму ў рэспубліцы. З прычыны сваёй нешматлікасці і неакрэсленасці творчай праграмы суполка не разгарнула шырокай дзейнасці і заявіла (28.1.1928) пра самаліквідацыю. Члены яе былі зноў прыняты ў «Маладняк».

К.​Р.​Хромчанка.

т. 13, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЖБА СО́НЦА,

сістэматычныя назіранні Сонца для атрымання інфармацыі пра з’явы, што адбываюцца ў яго атмасферы. Праводзяцца па міжнар. праграме спец. сеткай астр. станцый і абсерваторый. Даследуецца сонечная актыўнасць і яе ўплыў на геафіз. працэсы, а таксама сонечныя плямы, іх магн. палі, храмасферныя ўспышкі. пратуберанцы, валокны, сонечная карона, радыёвыпрамяненне Сонца і інш. Звесткі публікуюцца ў выглядзе карт, табліц і графікаў (для кожнага дня назіранняў), за больш працяглыя перыяды часу — у каталогах. Даныя С.С. выкарыстоўваюцца як для практычных мэт (прагнозы ўмоў радыёсувязі. магн. бур, касм. радыяцыйнага становішча і інш.), так і для даследавання прыроды сонечнай актыўнасці.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 15, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФЕРЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраметрыі, які распрацоўвае матэм. метады вызначэння сапраўднага становішча і руху нябесных свяціл у касм. прасторы паводле іх бачных становішчаў і перамяшчэнняў на нябеснай сферы. Матэм. апарат С.а. — сферычная трыганаметрыя, асн. паняцце — нябесная сфера. Устанаўлівае сістэму нябесных каардынат, вызначае асн. элементы нябеснай сферы, распрацоўвае метады ўліку заканамерных змен нябесных каардынат у выніку прэцэсіі, нутацыі, рэфракцыі і аберацыі свята, паралактычных зрушэнняў, а таксама тэорыю вызначэння дакладнага часу. Дае магчымасць рашаць задачы практычнай астраноміі. вызначаць час і азімуты ўсходу і захаду Сонца, Месяца, зорак, геагр. каардынаты месца назірання і інш.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 15, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)