ДУ́НІН-МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (Вікенцій Іванавіч; 4.2.1808, фальварак Панюшкавічы, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — 29.12.1884),
паэт, драматург, класік бел. л-ры 19 ст. Лічыцца, што ў 1824 скончыў Бабруйскае пав. вучылішча, працягваў вучобу ў Пецярбургу пад апекай сваяка С.І.Богуш-Сестранцэвіча. З 1828 каморнік Мінскага межавога суда, служачы палаты крымінальнага суда, перакладчык пры каталіцкай духоўнай кансісторыі. У 1840 набыў маёнтак Люцынка (Люцінка, Валожынскі р-н) і пакінуў дзярж. службу. У час паўстання 1863—64 паліцыя прыпісвала Д.-М. аўтарства антыўрадавых выданняў (напр., «Гутаркі старога дзеда»). З кастр. 1864 да снеж. 1865 зняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зняты ў 1872—74, зноў устаноўлены ў 1876), яго дачка Каміла з 1863 адбывала ссылку ў Салікамску. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з гал. роляў. У 1846 апубл.муз.-драм. твор «Сялянка» («Ідылія»), у якім сяляне гавораць па-беларуску. Опера была паст. 9.2.1852 на мінскай сцэне створаным ім тэатр. калектывам (гл.Дуніна-Марцінкевіча тэатр; паўторна паст. ў Мінску ў 1994). Д.-М. выконваў ролю Навума Прыгаворкі (адсюль яго псеўданім). Першыя вядомыя паэт. творы Д.-М. на польск. мове («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») прасякнуты сентыменталізмам і рэліг. матывамі. У 1850-я г. распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдакт. духу («Вечарніцы», «Гапон», 1855, «Купала», 1855, «Шчароўскія дажынкі», 1857, «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума», нап. 1857). У гэтых творах сплавіліся рамант. цікавасць да нар. звычаяў, традыцый і рэаліст. імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы нар. легенд, казак, паданняў. У творчасці Д.-М. сфарміраваўся своеасаблівы метад рамант. этнаграфізму, які адпавядаў пач. этапу развіцця бел. л-ры 19 ст. Адыход ад сентыментальна-ідылічных форм і жанраў выявіўся ў структуры вершаваных твораў, іх вострай канфліктнасці, імкненні вылучыць на першы план маральна-бытавую праблематыку, у спробах асэнсаваць некат. надзённыя з’явы сац.-гіст. рэчаіснасці. У «Стаўроўскіх дзядах» (2-я ч. «Вечарніц») побач са звычаёвымі рэаліямі выразна гучаць агульнагуманіст. і сац. матывы. Ідэя маральнай чысціні народа выяўлена ў вершаванай аповесці «Купала». З пазіцый нар. этыкі зыходзіў аўтар і ў паэме «Гапон», паказаўшы барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сац.-псіхал. з’явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феад. грамадства. Этнагр.-бытавая праблематыка вызначальная і для вершаванай аповесці «Шчароўскія дажынкі», вершаванага апавядання «Быліцы, расказы Навума», балады «Травіца брат-сястрыца» і інш. У іх асн. матывіроўкай паводзін і ўчынкаў сталі нар. крытэрыі працавітасці і сумленнасці чалавека. Паэтызацыя земляробчай працы, узвышэнне чалавека з народа — сведчанне сувязі творчасці пачынальніка бел. л-ры з перадавымі традыцыямі слав. л-р, глыбокага дэмакратызму яго эстэтыкі. У «Быліцах, расказах Навума» п’янства, маральная разбэшчанасць матывуюцца адмоўным уплывам феад. культуры. Ідэя абнаўлення жыцця на больш гуманных, дэмакр. прынцыпах выразна выяўлена ў «Халімоне на каранацыі» (нап. 1857, апубл. 1946). Твор праўдзіва адлюстраваў супярэчнасці ў свядомасці сял. масы напярэдадні рэформы 1861: нягледзячы на расчараванне спадарожнікаў Халімона пасля каранацыі, у іх усё ж застаецца вера ў «добрага» цара. У распрацоўцы жанру балады паэт апіраўся на багатыя традыцыі рамантызму слав. л-р, яе вытокі бачыў у нар. творчасці. Пра шырыню і плённасць творчых інтарэсаў Д.-М. сведчаць яго вершаваныя апавяданні на польскай мове, прысвечаныя актуальным з’явам грамадскага жыцця («Благаславёная сям’я», 1856), гіст. падзеям («Славяне ў XIX стагоддзі», 1856, «Люцынка, або Шведы на Літве», нап. 1857). Пра арыентацыю на здабыткі А.Міцкевіча і яго рамант. школы сведчаць і творы на польск. мове, і пераклад Д.-М. на бел. моду «Пана Тадэвуша» (1859), забароненыя царскай цэнзурай (выйшлі толькі 2 «быліцы»). У камедыі «Пінская шляхта» (аўтарскае вызначэнне: фарс-вадэвіль, нап. 1866, апубл. 1918) аўтар выкрывае паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва. Тут многа камедыйна-бытавых сцэн, дзеянне часта суправаджаецца песнямі і танцамі, але вядучыя прынцыпы — сатыр. выкрыццё «чыноўных п’явак». Высмейваецца каставая абмежаванасць пінскай шляхты. Сатыр. камедыя «Залёты» (нап. 1870, апубл. 1918) напісана ў традыцыях двухмоўя і прысвечана праблеме расслаення парэформеннай вёскі. У цэнтры п’есы вобраз вясковага гандляра Антона Сабковіча, асн. прынцыпы якога індывідуалізм, цынічны разлік, эгаізм. Творчае станаўленне Д.М. складанае. Ён паэтызаваў жыццё і побыт селяніна як носьбіта высокіх маральных і эстэт. каштоўнасцей, што садзейнічала нараджэнню новых дэмакр. ідэй у бел. л-ры. Вял. заслуга Д.-М. ў развіцці бел.літ. мовы, сілабічнага вершаскладання, у выпрацоўцы новых жанрава-стылістычных форм (ідылія, вершаванае апавяданне і аповесць, балада, камедыя). Імя пісьменніка прысвоена Магілёўскаму абл. тэатру драмы і камедыі ў Бабруйску.
Тв.:
Творы. Мн., 1984.
Літ.:
Купала Я. Памяці Вінцука Марцінкевіча // Зб.тв.Мн., 1973. Т. 2;
Багдановіч М. Белорусское возрождение // Поўны зб.тв.Мн., 1995. Т. 2;
Семянов і ч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;
Яго ж. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча: Спроба навук. сістэматызацыі дак. і матэрыялаў. Мн., 1988;
Грынчык М.М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн.. 1969;
Пачынальнікі: З гісторыка-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.Мн., 1981;
Янушкевіч Я.Я. Беларускі Дудар: Праблема слав. традыцый і ўплываў у творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1991;
Створаны ў 1933 у Мінску як Дзярж.т-р оперы і балета БССР на базе Беларускай студыі оперы і балета. З 1940 — Вялікі, з 1964 — акадэмічны. З 1996 сучасная назва, у складзе творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Адкрыты ў будынку БДТ-1 спектаклем «Кармэн» Ж Бізэ (гал. ролю выконвала Л.Александроўская). Напачатку дзейнасць т-ра была скіравана на асваенне класічнага, найперш рус. рэпертуару: «Яўген Анегін» (1933) і «Пікавая дама» (1934) П.Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава (1933), «Князь Ігар» А.Барадзіна (1934), «Русалка» А.Даргамыжскага (1938). Значнымі падзеямі ў гісторыі т-ра сталі пастаноўкі бел.нац. опер «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (лібр. П.Броўкі), «У пушчах Палесся» А.Багатырова (лібр. Я.Рамановіча паводле аповесці Я.Коласа «Дрыгва»; абедзве 1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940, лібр. В.Барысевіч, Броўкі і П.Глебкі паводле драмы М.Чарота «На Купалле»), Яны адметныя пошукамі нац. спецыфічных сродкаў муз. стылістыкі, заснаванай на нар.-песенным меласе, сцэн. выразнасцю і арыгінальнай рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй.
У Вял.Айч. вайну значная частка калектыву працавала ў г. Горкі, потым у г. Каўроў (Уладзімірская вобл., Расія), дзе ў канцэртным выкананні паказаны оперы «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1943), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні і новая бел. опера «Алеся» Цікоцкага (лібр. Броўкі; абедзве 1944). Пастаноўкай «Алесі» (у гал. ролі Александроўская) у канцы 1944 т-р аднавіў сваю дзейнасць у вызваленым Мінску. У пасляваен. гады разам з рэпертуарным узбагачэннем удасканальваліся рэжысура і сцэн. вырашэнне спектакляў. Плённа працавалі рэжысёры Б.Пакроўскі («Алеся», «Кармэн», 1945) і Б.Мардвінаў («Пікавая дама»; «Рыгалета» Дж.Вердзі, абедзве 1948; «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны і «Князь Ігар», 1949; «Іван Сусанін» М.Глінкі, 1950), сцэнограф Нікалаеў. Нац. рэпертуар папоўніла опера «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (1947, лібр. М.Клімковіча), дзе ў гал. партыі выступіў М.Сярдобаў. У 1950-я г.асн. лінію дзейнасці т-ра вызначала фарміраванне нац. рэпертуару пад кіраўніцтвам Александроўскай. Пастаўлены оперы «Дзяўчына з Палесся» Цікоцкага (новы варыянт оперы «Алеся», 1953), «Надзея Дурава» Багатырова (1956, лібр. І.Келера), у якой рэалізаваны выканальніцкія магчымасці К Кудрашовай, Л.Галушкінай, М.Ворвулева, паўторна паказана опера «Міхась Падгорны» (1957), дзе акцёрскім дасягненнем стаў вобраз Бабы-Лапатухі, створаны Т.Ніжнікавай. Народнасцю меласу і значнай драматургічнай роляй хароў вылучалася опера «Яснае світанне» Туранкова (1958, лібр. А.Бачылы). Створаны першы нац. оперны спектакль для дзяцей «Марынка» Р.Пукста (1955, лібр. Э.Агняцвет). Класічны рэпертуар узбагацілі «Мазепа» і «Іаланта» Чайкоўскага (абедзве 1952; у гал. ролі Т Шымко), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Трубадур» Вердзі (1955), «Садко» М.Рымскага-Корсакава (1957). Лепшай рэжысёрскай работай Александроўскай стала «Аіда» (1953) Вердзі, якую вызначалі прадуманасць рэжысуры і выдатны акцёрскі ансамбль (Друкер, Кудрашова, Ворвулеў, М.Зюванаў, Лазараў). Падзеяй стала першая ў СССР пастаноўка камічнай оперы С.Манюшкі «Страшны двор» (1952, лібр. ў перакладзе на бел. мову М.Танка).
У 1950—60-я г. пастаўлены шэраг муз. камедый і аперэт: «Карневільскія званы» Р.Планкета (1959), «Цыганскі барон» (1960) і «Лятучая мыш» (1961) І.Штрауса. У 1960-я г. вызначальная роля належала маст. кіраўніку і гал. рэжысёру т-ра Дз.Смолічу. Яго пастаноўку оперы Вердзі «Атэла» (1963) вылучае бліскучае муз. (дырыжор І.Абраміс) і акцёрскае ўвасабленне (З.Бабій, Н.Ткачэнка, І.Сарокін). Дасягненнем калектыву стала пастаноўка оперы С.Танеева «Арэстэя» (1963) пад кіраўніцтвам дырыжора Т.Каламійцавай. Сярод інш. пастановак тых гадоў оперы «Чыо-Чыо-сан» Пучыні (1953), «Пікавая дама» Чайкоўскага (1960), «Баль-маскарад» (1961) і «Трубадур» (1964) Вердзі, «Джаконда» А.Панк’елі (1962), «Любоўны напітак» Г.Даніцэці (1965), «Багема» Пучыні (1968), а таксама, складаная ў адносінах драматургіі опера С.Пракоф’ева «Заручыны ў манастыры» (1962). Героіка Вял.Айч. вайны ўвасоблена ў пастаноўцы «Брэсцкай крэпасці» К.Малчанава (1967). Бел. оперны рэпертуар папоўнілі камедыйныя творы Ю.Семянякі «Калючая ружа» (1960), з эфектнымі муз. фрагментамі і яскравымі сцэн. знаходкамі, і «Калі ападае лісце (1968; лібр. абедзвюх Бачылы). У 1945—60 у трупе працавалі спевакі Р.Асіпенка, Л.Бражнік, Ворвулеў, Галушкіна, А.Генералаў, У.Глазаў, Н.Гусельнікава, Г.Дзмітрыеў, Зюванаў, Кудрашова, Ніжнікава, Н.Нікеева, Б.Нікольскі, Т.Пастуніна, І.Сайкоў, Сярдобаў, Шымко, Р.Яўраеў; дырыжоры Абраміс, А.Брон, Каламійцава, Л.Любімаў, У.Пірадаў; рэжысёры Александроўская, А.Маралёў, Мардвінаў, Ю.Ужанцаў, У.Шахрай; мастакі Нікалаеў, П.Масленікаў, хормайстар М.Прысёлкаў.
У 1960-я г. вылучыліся спевакі новага пакалення В.Бруй, Л.Ганестава, В.Ганчарэнка, В.Глушакоў, В.Гур’еў, С.Данілюк, М. і П.Дружыны, Л.Златава, В.Кірычэнка, Сарокін, А.Саўчанка, В.Чарнабаеў, І.Шыкунова; дырыжоры Г.Дугашаў, К.Ціханаў, мастак Я.Чамадураў; хормайстры Т.Арлова, А.Кагадзееў; гал. канцэртмайстар С.Талкачоў. У 1970—80-я г., побач з узбагачэннем рэпертуару творамі опернай класікі і бел. кампазітараў, адбывалася актуалізацыя традыц. школы опернага мастацтва. Пачатак гэтага перыяду азнаменавала пастаноўка А.Дадышкіліяні «Хаваншчыны» М.Мусаргскага (1970; вобраз Марфы выканала Данілюк). Вял. роля ў абнаўленні тэатр. традыцый належыць рэж. С.Штэйну. які паставіў шэраг яскравых спектакляў. Маштабнасцю і глыбінёй муз. і рэж. інтэрпрэтацыі вызначалася яго сумесная з Я.Вашчаком работа над пастаноўкай «Барыса Гадунова» Мусаргскага (1974; у гал. партыі М.Зданевіч і Я.Пятроў). Пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» (1971) і «Снягурачка» (1981) Рымскага-Корсакава, 2 новыя інтэрпрэтацыі «Пікавай дамы» Чайкоўскага (1972, 1983), «Дон Жуан» (1973) і «Вяселле Фігара» (1980) В.А.Моцарта, дзе выразна раскрыліся вак. майстэрства і сцэн. абаяльнасць Саўчанкі. Творчай удачай т-ра стала пастаноўка «Лаэнгрына» Р.Вагнера (1977, рэж. К.Г.Фіртэль, ГДР; у гал. ролях Данілюк, А.Дзедзік, Л.Шамчук, Сарокін). У нац. традыцыях увасоблена польск. рэж. Б.Янкоўскім «Галька» Манюшкі (1975). Выявілася цікавасць т-ра да італьян. оперы: «Сельскі гонар» П.Масканьі (1973), «Дон Паскуале» Даніцэці (1977; у гал. ролі Чарнабаеў), «Дон Карлас» (1979) і «Рыгалета» (1981) Вердзі, «Служанка-пані» Дж.Пергалезі (1981). Пастаноўка М.Ізворска-Елізар’евай «Дона Карласа» вызначалася ансамблевасцю, высокай сцэн. і пеўчай культурай (Пятроў, Н.Казлова, Н.Губская, Данілюк і Н.Галеева). Нац. рэпертуар папоўнілі оперы «Андрэй Касценя» М.Аладава (лібр. Глебкі), «Зорка Венера» Семянякі (лібр. Бачылы; абедзве 1970). Філас.-абагульненае ўвасабленне рэчаіснасці, паказ падзей мінулага ў жывой сувязі з нашым часам уласцівы спектаклю «Джардана Бруна» С.Картэса (1977, лібр. У.Халіпа; дырыжор Вашчак, рэж. Штэйн, мастак Я.Лысік). Асн. рысы кампазіцыі і стылістыкі оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага (1978, лібр. У.Караткевіча) характарызаваў псіхалагізм вак. партый (Дзедзік, Шыкунова, Сарокін). Драм. экспрэсіяй адметная пастаноўка оперы «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера (1980, лібр. А.Вярцінскага і Штэйна паводле аповесці В.Быкава «Воўчая зграя»), У 1970-я г. калектыў т-ра папоўнілі салісты Ю.Бастрыкаў, А.Кеда, Л.Колас, Пятроў, А.Рудкоўскі, В.Скорабагатаў, В.Цішына, У.Экнадыёсаў; дырыжор У.Машэнскі; мастакі Я.Ждан, В.Левенталь. 1980-я г.т-р адзначыў шэрагам прэм’ер. Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Коласа пастаўлена опера «Новая зямля» Семянякі (1982, лібр. А.Петрашкевіча паводле аднайм. паэмы Я.Коласа) — спроба сінтэзу фалькл.т-ра і класічнай оперы. У 1989 пастаўлены адзін з лепшых нац. твораў — «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (лібр. С.Клімковіч паводле аднайм.аповесці Караткевіча; дырыжоры Вашчак і А.Анісімаў, рэж. В.Цюпа, мастак Э.Гейдэбрэхт; у гал. партыях Н.Кастэнка, Скорабагатаў, Экнадыёсаў; Дзярж. прэмія Беларусі 1990). Сярод інш. оперных прэм’ер «Вайна і мір» (1985, дырыжор Г.Праватораў, рэж. Штэйн, мастак Гейдэбрэхт) і першая ў СССР пастаноўка оперы «Мадалена» (1989) Пракоф’ева.
Музыкальнасцю і дынамізмам адзначаны спектакль «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1980, дырыжор Каламійцава; у гал. ролях Экнадыёсаў, Бастрыкаў, Колас, Кастэнка). Упершыню на Беларусі пастаўлены оперы «Кавалер руж» Р.Штрауса і «Чароўная флейта» Моцарта (1987), адноўлены оперы «Баль-маскарад» (1981), «Пікавая дама» (1983), «Іван Сусанін» (1984), «Севільскі цырульнік» (1986), «Яўген Анегін» (1986). У складзе трупы: спевакі Т.Глаголева, М.Гулегіна, М.Жылюк, Н.Залатарова, Л.Златава, Т.Кучынская, Г.Лукомская, М.Майсеенка, Э.Пелагейчанка, Пятроў, Н.Руднева, М.Рысаў, Цішына, мастакі Л.Ганчарова, Гейдэбрэхт, хормайстар Кагадзееў. У 1990-я г. рэпертуар т-ра ўзбагацілі нац. оперы «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992, лібр. В.Іпатавай паводле п’есы Л.Пракопчыка; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (1992, лібр. аўтара і Л.Глебавай паводле аднайм. рамана М.Булгакава) і «Візіт дамы» Картэса (1995, лібр. Халіпа паводле п’есы «Візіт старой дамы» Ф.Дзюрэнмата; дырыжор Праватораў, рэж. М.Пінігін, мастак З.Марголін; у гал. партыях Руднева і Пелагейчанка). У 1994 адбылася прэм’ера оперы Дз.Шастаковіча «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (лібр. А.Прэйса паводле аднайм.аповесці М.Ляскова), пастаноўка якой вылучалася экспрэсіўнай муз. стылістыкай у спалучэнні з дзейснай рэжысурай і сцэнаграфіяй (дырыжор Анісімаў, рэж. Ізворска-Елізар’ева, мастак В.Окунеў; у гал. партыях Залатарова і Т.Цівунова, В.Кавальчук). Сярод новых пастановак таксама камічная опера «Шлюбны вэксаль» Расіні (1998). Асаблівасць дзейнасці т-ра гэтага часу — выкананне зах.-еўрап. опер на мове арыгінала. Створаны новыя версіі спектакляў «Тоска» Пучыні (1991), «Іаланта» Чайкоўскага (1993), «Рыгалета» (1994), «Травіята» Вердзі (1997), «Паяцы» Р.Леанкавала (1999), «Кармэн» Бізэ (1995), «Князь Ігар» Барадзіна (1996). Т-р практыкуе форму канцэртна-сцэн. паказу: оперы «Барыс Гадуноў» Мусаргскага (1998), «Лючыя ды Ламермур» Даніцэці (у гал. партыі В.Курбацкая) і «Набука» Вердзі (1999; Бастрыкаў, Глаголева, А.Мельнікаў у гал. партыях), «Турандот» Пучыні (2000). Калектыў т-ра неаднаразова выступаў у Вял. т-ры ў Маскве і за мяжой. З 1990 г. на базе т-ра працуе Дзіцячы муз. тэатр-студыя, дзе пастаўлены шэраг спектакляў для дзяцей. У т-ры працавалі: гал. дырыжоры Гітгарц (1933—36), Грубін (1938—41), Брон (1944—48), Пірадаў (з 1948), Любімаў (1951—64), Дугашаў (1966—68), Ціханаў (з 1969), Вашчак (1972—80), Г.Праватораў (з 1984), А.Анісімаў (1980—84 і з 1989); гал. рэжысёры Златагораў (1939—40), Мардвінаў (з 1947), Александроўская (1951—60), Смоліч (1962—69), Дадышкіліяні (1972—76); гал. хормайстры Г.Пятроў (1933—37, 1945—50), А.Сцяпанаў (1937—41), М.Прысёлкаў (1951—59), Кагадзееў (1960—93); гал. мастакі Нікалаеў (з 1938), Чамадураў (1959—76), Лысік (1979—81), Э.Гейдэбрэхт (1984—90).
У складзе трупы (на 2000): нар.арт.СССР Саўчанка, нар. артысты Беларусі Бастрыкаў, Я.Пятроў, Руднева, Чарнабаеў, нар. арт Расіі Пелагейчанка, засл. арт. Расіі М.Майсеенка, засл. артысты Беларусі Галеева, Губская, М.Дружына, Жылюк, Казлова, Мельнікаў, У.Пятроў, Скорабагатаў, В.Стральчэня, майстры сцэны Т.Варапай, А.Гардынец, Глаголева, М.Грыгорчык, Кавальчук, Курбацкая, С.Франкоўскі; канцэртмайстры засл. артысты Беларусі Г.Карант, Л.Талкачова, засл. арт. Бураціі Ж.Габа, артысты аркестра — засл. артысты Беларусі М.Баркоўскі, У.Тарашкевіч; дырэктар — маст. кіраўнік т-ранар.арт. Беларусі Картэс, гал. дырыжор — засл. дз. маст. Расіі Анісімаў, дырыжоры засл. дзеячы маст. Беларусі М.Калядка, Л.Лях; рэж. С.Цырук, гал. хормайстар — засл. дз. маст. Беларусі Ламановіч, мастак Ганчарова, мастак па касцюмах Э.Грыгарук. Працуе ў адным будынку з Нацыянальным акадэмічным тэатрам балета Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Смольский, Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963;
Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;
Мастацтва Беларусі. 1983. № 10;
Музычны тэатр Беларусі. [Кн. 2—3]. Мн., 1993—96.
Б.С.Смольскі, А.В.Казлоўская.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Тоска» Дж.Пучыні. 1991.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна з оперы «Кармэн» Ж.Бізэ. 1945.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага. 1974.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана. 1989.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Візіт дамы» С.Картэса. 1995.
польскі пісьменнік, гісторык, публіцыст, грамадскі дзеяч; пачынальнік польскай рэаліст. прозы. Брат К.Крашэўскага. Чл. Польскай АН у Кракаве (1872), Ганаровы чл. Чэшскай АМ (1873). У 1827—29 вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, у 1829—30 — у Віленскім ун-це. У 1830—32 за ўдзел у канспіратыўным гуртку зняволены ў турму. З 1833 жыў у маёнтку Доўгае каля Пружан (Брэсцкая вобл.), з 1837 на Валыні. Заснавальнік і рэдактар віленскага час.«Атэнэум» (1841—51). З 1859 у Варшаве. З 1863 у эміграцыі, дзе выдаваў публіцыстычны штогоднік «Rachunki» («Рахункі», 1866—70), часопісы. У 1884 асуджаны герм. ўладамі за супрацоўніцтва з франц. разведкай. Напісаў больш за 600 тамоў твораў; 223 раманы і аповесці, навук. працы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, літ.-знаўстве, філасофіі і інш. Наватарская канцэпцыя чалавека-працаўніка ў цыкле аповесцей «Уляна» (1843), «Хата за вёскай» (1855), «Гісторыя калка ў плоце» (1860) і інш. Вострая крытыка шляхты і арыстакратыі ў сац.-быт. раманах «Чарадзейны ліхтар» (1843—44), «Два светы» (1856), «Morituri» (1874) і інш. Падзеі паўстання 1863—64 адлюстраваны ў раманах «Дзіця Старога Горада» (1863), «Мы і яны» (1865), «Дзядуля» (1869) і інш. Для раманаў «Апошняя з слуцкіх князёў» (1841), «Сеймавыя сцэны» (1875), «Кунігас» (1882), «Маці каралёў» (1883), «Кароль у Нясвіжы 1784» (1887) і інш. характэрны зварот да мінуўшчыны Беларусі, дакументальнасць. Сярод лепшых гіст. раманаў — саксонская трылогія «Графіня Козель» (1874), «Бруль» (1875), «З часоў Сямігадовай вайны» (1876), а таксама «Старое паданне» (1876) — першы твор з цыкла 29 раманаў, прысвечаных гісторыі Рэчы Паспалітай. Аўтар зб-каў «Паэзія» (т. 1—2, 1838) і «Гімны смутку» (1857), паэт. трылогіі з гісторыі Літвы «Анафеляс» (1840—45), 20 драм. твораў, у т. л. камедый з дзеяннем у Нясвіжы «Кастэлянскі мёд» (1860), «Пане Каханку» (1867). У падарожных нарысах «Пінск і Піншчына» (1837), «Успаміны пра Палессе, Валынь і Літву» (1840), «Карціны з жыцця і падарожжаў» (1841—42), «Друскенікі» (1848), этнагр. нарысе «Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына, Пружан» (1860) апісаў бел. мясціны і жыхароў Беларусі. Аўтар гіст. прац «Вільня ад яе пачатку да 1750 г.» (т. 1—4, 1840—42), «Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песні...» (1847—50), «Барысаў» (1848), «Польшча ў час трох падзелаў» (т. 1—3, 1873—75) і інш.Прафес. мастак, музыкант. Паўплываў на творчасць Э.Ажэшкі, Б.Пруса, Г.Сянкевіча, Я.Купалы. На бел. мову творы К. перакладалі Я.Купала, П.Бітэль, В.Сёмуха.
Тв.:
Бел.пер. — Хата за вёскай. Мн., 1989;
Апошнія хвіліны князя ваяводы (Пане Каханку) // Крыніца. 1998. № 3;
Рус.пер. — Графиня Козель;
Брюль. Мн.. 1993;
Из времен Семилетней войны. Мн., 1994.
Літ.:
Малюковіч С.Дз. Беларускія старонкі нарысаў Ю.І.Крашэўскага // Веснік БДУ. Сер. 4 1989. № 1;
Danek W. Józef Ignacy Kraszewski. Warszawa, 1976;
Burkot S. Józef Ignacy Kraszewski. Warszawa, 1988;
Jarowiecki J. O powieści historycznej Józefa Ignacego Kraszewskiego. Kraków, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЙКА (Алег Антонавіч) (н. 1.5.1931, г. Слонім Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, крытык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1989). Д-рфілал.н. (1969), праф. (1971). Скончыў БДУ (1953), працуе ў ім (з 1985 заг. кафедры бел. л-ры). З 1996 адначасова выкладае ва ун-це ў г. Седльцы (Польшча). Друкуецца з 1943. Паэзіі Л. ўласцівы рамантычна-ўзнёслае светабачанне, мяккі гумар, сувязь з фальклорам, сцвярджэнне маральных прынцыпаў народа, роздум над складанымі праблемамі часу (зб-кі «На юначым шляху», 1959; «Блакітнае азерца», 1965; «Дзівасіл», 1969; «Шчырасць», 1973; «Няроўныя даты», 1983; «Грайна», 1986; «Талая вясна», 1990; «Трэці золак», 1993, і інш.). Распрацоўвае гіст. тэматыку: паэмы «Белая вежа» (1969), «Лясун» (1971) і інш. Тэме Вял.Айч. вайны прысвечаны паэмы «Хлопец над вогненным плёсам» (1963), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1985), драматызаваная паэма «Вяселле — заўтра» (1993) і інш. Развівае жанр балады (зб. «Балады вайны і міру», 1988). У дакумент.-маст. рамане «Як агонь, як вада...» (1984, 2-я рэд. 1992; пад назваю «Янка Купала» выдаваўся ў серыі «Жыццё выдатных людзей» у 1982) стварыў рамантызаваны, псіхалагічна праўдзівы вобраз нар. песняра. Жыццю і дзейнасці бел. першадрукара прысвечаны інтэлектуальна-філас. раман-эсэ «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае» (1990; пад назваю «Скарына» выдаваўся ў серыі «Жыццё выдатных людзей» у 1989, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1990), аповесць «Скарына на Градчанах» (1990). Аўтар аповесці «Кельты не ўміраюць...» (1997). Даследуе сучасную паэзію («Сустрэчы з днём сённяшнім», 1968; «Паэзія і час», 1981), праблемы рэалізму і рамантызму, фалькларызму паэзіі, заканамернасці развіцця бел. лірыкі і эпасу, літ. сувязі. Выдаў дапаможнік для ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (ч. 1—2, 1977——80, 2-е выд. 1989), адзін са складальнікаў хрэстаматыі «Беларуская літаратура XIX ст.» (1971, 2-е выд. 1988). Піша для дзяцей (зб-кі «Як Тоня рэха шукала», 1962; «Каля млына», 1972; «Дзе хто начуе?», 1977; «Кніжка Надзейкі», 1987, і інш.). Пераклаў на бел. мову творы П.Верлена (зб. «У месяцавым ззянні», 1974), І.В.Гётэ (зб. «Спатканне і ростань», 1981), Ф.Шылера (зб. «Улада песняспеву», 1997), рус., укр., польск., літ. і інш. паэтаў.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1992;
Калі ў дарозе ты...: Выбранае. Мн., 1971;
Скрыжалі: Выбранае. Мн., 1981;
Пралескі ў акопах. Мн., 1987;
Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.Мн., 1963 (разам з Н.Перкіным);
«Новая зямля» Якуба Коласа. Мн., 1961;
Максім Багдановіч. Мн., 1966;
Беларуская паэзія пачатку XX ст.Мн., 1972;
Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд.Мн., 1982 (разам з В.Чамярыцкім, А.Коршунавым).
Літ.:
Кароткая Л. Жывое, роднае... Мн., 1989. С. 61—84;
Сіненка Г. Насуперак канону. Мн., 1997;
Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 141—152;
Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982. С. 187—205;
Саламевіч Я. У славу Янкі Купалы // Маладосць. 1985. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд. група). Вядома таксама пад назвамі серб(ск)ахарвацкая (харвацка-сербская), што з’яўляецца адлюстраваннем асаблівасцей гіст. і сац.-паліт. развіцця паўд. славян у 19—20 ст.: прыняцце сербамі і харватамі на хвалі нац.-вызв. барацьбы 19 ст. агульных асноў літ. мовы на базе сербскіх штокаўскіх гаворак, а пазней — выкарыстанне ў дзяржаве Югаславія (1918—91) агульнай мовы сербаў, чарнагорцаў, харватаў і мусульманскай часткі жыхароў Босніі і Герцагавіны (нашчадкаў этн. славян, якія ў час турэцкага панавання прынялі іслам). З 1991 за харвацкім і сербскім варыянтамі заканадаўча замацаваны статус харвацкай мовы (Рэспубліка Харватыя) і С.м. (Саюзная Рэспубліка Югаславія). Ужываецца ў Венгрыі, Румыніі, Германіі, Швецыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш.
У аснове С.м. — штокаўскі дыялект з трыма асн. тыпамі гаворак (екаўскі/іекаўскі, экаўскі і ікаўскі). С.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць доўгіх і кароткіх галосных, адсутнасць рэдукцыі ненаціскных галосных, у пэўных пазіцыях гук р словаўтваральны, з 25 зычных 5 мяккія (љ, њ больш мяккія, чым бел. [ль], [нь]), [х] менш актыўны, чым бел. [х] (у многіх гаворках страчаны ці замяняецца санорнымі [в] і [ј]), націск політанічны ці музычны (4 тыпы); у марфалогіі — 3 асн. тыпы скланення назоўнікаў, клічны склон у адз.л., марфал. выражэнне катэгорыі адушаўлёнасці толькі ў назоўніках адз.л. м.р., адсутнасць скланення ў колькасных лічэбніках пасля 5, складаная сістэма спрагальных і неспрагальных форм дзеяслова, займеннікавыя і дзеяслоўныя энклітыкі, суіснаванне інфінітыва і канструкцыі «да + форма цяперашняга часу», якая яго змяняе; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў у сказе, рэгламентуецца толькі месца і паслядоўнасць ужывання энклітык.
Першыя пісьмовыя помнікі: кірылічныя Міраславава і Вуканава евангеллі (канец 12 — пач. 13 ст.), Грамата бана (баснійскага правіцеля) Куліна 1198. Развіццё пісьменства і літ. мовы затармазілася нашэсцем туркаў (канец 14 ст.) і шматвяковым турэцкім прыгнётам. Пісьмовая традыцыя развівалася толькі на свабодных ці часткова незалежных тэрыторыях і ў суседніх землях (у 1494 у Чарнагорыі іераманах Макарый надрукаваў слав. кірылічную кнігу, у 15 ст. ў рукапісах распаўсюджвалася па Русі «Сербская Александрыя», у 16 ст. на Беларусі зроблены пераклад-пераказ з сербскага перакладу «Аповесці пра Баву Каралевіча»). Сучасная літ. С.м. сфарміравалася ў 1-й пал. 19 ст. на базе наваштокаўскіх гаворак. У яе фарміраванні вызначальнай была дзейнасць В.Караджыча. Рэфармаваны ім сербскі кірылічны алфавіт (вуковіца) адлюстроўвае спецыфіку гукавой сістэмы С.м., у т. л. за кошт увядзення спец. графічных знакаў для перадачы спецыфічных сербскіх зычных. Выкарыстоўваецца і лацінка (асабліва ў побытавай сферы).
Літ.:
Толстой Н.И. Литературный язык у сербов в конце XVIII—начале XIX в. // Национальное возрождение и формирование славянских литературных языков. М., 1978;
Леонова Л.В. Сербскохорватский язык. Мн., 1988;
Сокаль Н.И., Зайцева С.В., Вукович Б. Сербский язык. СПб., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Максім Іванавіч) (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац.маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ.«Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ.«Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.
Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел.літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб.тв. У.І.Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1973;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1984—1986;
Творы. Мн., 1990.
Літ.:
Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;
Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;
Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;
Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;
Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;
Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;
Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;
Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛО́Ў (Іван Андрэевіч) (13.2.1769, паводле інш. звестак 1766 або 1768, Масква ? — 21.11.1844),
рускі байкапісец, драматург, журналіст. Чл.Рас. акадэміі (з 1811), ардынарны акад. Пецярбургскай АН (з 1841). З 1782 у Пецярбургу, выдаваў сатыр.час. «Почта духов» (1789), «Зритель» (1792, з П.Плавільшчыкавым і А.Клушыным), дзе змяшчаў свае сатыр. «пахвальныя прамовы», артыкулы, аповесці са з’едлівай крытыкай грамадскіх заган. У 1791 адзін з заснавальнікаў кнігавыдавецкай кампаніі «Крылоў з таварышы». У 1794—1805 жыў у Маскве (у 1801—03 у Рызе). З 1806 зноў у Пецярбургу, з 1812 пам. бібліятэкара, з 1816 бібліятэкар Публічнай б-кі. Першы літ. твор — камічная опера «Кафейніца» (нап. 1782, выд. 1869). У 1780-я г. напісаў трагедыі «Клеапатра» (1785, не захавалася) і «Філамела», камічную оперу «Шалёная сям’я», камедыі «Вершаплёт у прыхожай» (усе нап. 1786) і «Свавольнікі» (нап. 1787—88), камічную оперу «Амерыканцы» (нап. 1788, паст. 1800). У жарце-трагедыі «Падшчыпа, або Трыумф» (нап. каля 1800, выд. 1859) высмейваў «нямецкую» цывілізацыю, патрыярхальныя норавы, сцвярджаў раўнапраўе кніжнага стылю і прастамоўя. У п’есах «Модная крама» (паст. 1806), «Урок дочкам» (паст. 1807) высмейваў дваранскія норавы, а сац. заганы трактаваў як праяўленне спрадвечных людскіх слабасцей, але выкрыццё іх замяніў філас. асэнсаваннем. Першыя байкі К. — пераклады з Ж.Лафантэна (1806). Яго ўласныя байкі з’явіліся ў друку ў 1808 («Варона і лісіца», «Воўк і ягня»). Першы зб. — «Байкі» (1809). Усяго выдаў 9 зборнікаў, у якія ўвайшло каля 200 баек. Амаль усе яны напісаны з пэўнай нагоды: сатыра на ўрадавыя ўстановы («Квартэт»), на Аляксандра I («Выхаванне льва»), Мікалая I («Вяльможа»), на пэўныя падзеі дзярж., грамадскага і літ. жыцця, на падзеі вайны 1812—14 («Булат», «Кошка і салавей», «Воўк на псярні», «Абоз»). У жанр байкі унёс філас.-гіст. змест, вызваліў яе ад абстрактнага маралізатарства; у аснову многіх сюжэтаў клаў рэальныя ўзаемаадносіны людзей. Сатыр. смеласць яго баек, іх апазіц. гучанне вынікалі з сутнасці іроніі К., якая апіралася на нар. разуменне ісціны і справядлівасці. Свабодна выкарыстоўваў прастамоўе, якое процістаяла «мове прыстойнага грамадства» і кніжнай мове. Многія яго афарыстычна дакладныя вызначэнні сталі крылатымі выразамі, прыказкамі і прымаўкамі. Творчасць К. значна паўплывала на развіццё жанру байкі ў бел. л-ры. На Беларусі яго творы былі вядомы яшчэ пры жыцці іх аўтара. У канцы 19 ст. Ф.Багушэвіч, А.Абуховіч зрабілі першыя пераклады яго твораў на бел. мову; М.Косіч выдала «Пералажэнні некаторых баек Крылова на беларускую гаворку» (1903). Пазней байкі К. перакладалі Я.Купала, М.Клімковіч, В.Таўлай, К.Крапіва, Я.Брыль, М.Лужанін, М.Танк і інш.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—3. М., 1945—46;
Соч.Т. 1—2. М., 1969;
Басни: Сатир. произв.;
Воспоминания современников. М., 1989;
Бел.пер. — Байкі. Мн., 1950.
Літ.:
Степанов Н.Л. Крылов. М., 1969;
И.А.Крылов: Пробл. творчества. М., 1975;
Гордин М., Гордин Я. Театр Ивана Крылова. М., 1983;
Гордин М.А. Жизнь Ивана Крылова. М., 1985;
Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973. С. 25—48.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́СЬМЕННАСЦЬ,
1) сукупнасць пісьмовых помнікаў якога-небудзь народа ў пэўную гіст. эпоху. Адлюстроўвае сферы чалавечай дзейнасці, найважн. з якіх справаводства, культура, навука, рэлігія. Класіфікуецца паводле сістэм пісьма, якімі карысталіся, напр., грэч., лац., стараслав., стараж.-рус. П. Мае вял. значэнне для вывучэння гісторыі, культуры, л-ры і мовы народаў. У залежнасці ад часу ўзнікнення падзяляецца на старую і маладую П.
Старабел. П., як старарус. і стараўкр., — непасрэднае прадаўжэнне стараж.-рускай. Выступала як самастойная сістэма з 14 ст.Літ.-пісьмовая старабел. мова выконвала ролю агульнадзярж. у ВКЛ. Паводле жанрава-стылявых разнавіднасцей падзяляецца на дзелавую, свецкую і рэлігійную. У помніках дзелавой П. шырэй, чым у інш. жанрах старабел. л-ры, адбілася жывая моўная стыхія свайго часу. Гэта шматлікія граматы і дагаворы, актавыя кнігі і дакументы гар. упраў, магістратаў, гродскіх, земскіх і інш. судоў, розныя інвентары, вопісы і рэвізіі, складзеныя на тэр. Беларусі. Асабліва вядомымі былі Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 (адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных зводаў законаў па ўсіх галінах тагачаснага права), Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 і Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Свецкая П. уключала творы літ.-маст. характару арыгінальныя спісы бел. летапісаў (Супрасльскі летапіс, Віленскі летапіс, Слуцкі летапіс, Румянцаўскі летапіс), хронікі і хранографы (Хроніка Быхаўца, Баркулабаўская хроніка, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Вялікая хроніка»), творы мемуарнага жанру («Дзённік» Ф.Еўлашоўскага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), перакладныя аповесці («Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана», «Гісторыя пра Атылу», «Александрыя», «Троя»), Помнікі рэліг. П. — пераклады на бел. мову біблейскіх кніг, жыціі, і апокрыфы, царк. і манастырскія статуты, тлумачальныя, прапаведніцкія і палемічныя творы (гл.Палемічная літаратура), творы гамілетычнай л-ры. Яны пашыраліся ў рукапіснай і друкаванай форме («Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Біблія» Ф.Скарыны, «Катэхізіс» С.Буднага, «Евангелле» В.Цяпінскага, «Казанне святога Кірылы» С.Зізанія, «Апакрысіс» Хрыстафора Філалета, «Казанне двое...» Л.Карповіча, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», палемічныя творы І.Пацея і інш.). Найб. помнікаў старабел. П. (у рукапісах і ў друкаванай форме) прыпадае на 16—пач. 17 ст. У мінулым на Беларусі, апрача старабел., бытавалі царк,слав., польская, лац., араб., яўрэйская П. Пасля Брэсцкай уніі 1596 з прычыны інтэнсіўнага выцяснення бел. мовы са сферы грамадскага і культ. ўжытку і забароны яе (паводле сейма 1697) у якасці дзярж. паменшала колькасць твораў, напісаных кірыліцай. У канцы 17—18 ст. створаны толькі паасобныя помнікі бел. П. традыц. тыпу.
Новая бел. П. пачала складвацца ў пач. 19 ст. на аснове пераважна лацінскага алфавіта, на змену якому прыйшоў рус.грамадзянскі шрыфт. У 19 ст. ў неспрыяльных культ.-гіст. умовах яна развівалася слаба, запаволена. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 культ.-грамадскія і стылістычныя функцыі бел. П. значна пашырыліся. У наш час найб. актыўнымі сферамі яе ўжытку з’яўляюцца маст., грамадска-публіцыстычная і навук.л-ра.
2) Сукупнасць пісьмовых сродкаў зносін, якая ўключае графіку, алфавіт і арфаграфію пэўнай мовы або групы моў, аб’яднаных адной сістэмай пісьма, ці адным алфавітам.
Літ.:
Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд.Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́МАНАЎ (Канстанцін) (Кірыла) Міхайлавіч (28.11.1915, С.-Пецярбург — 28.8.1979),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1938). У Вял.Айч. вайну ваен. карэспандэнт газ. «Красная звезда», удзельнік абароны Магілёва. У 1938, 1950—53 гал. рэдактар «Литературной газеты», у 1946—50, 1954—58 — час. «Новый мир». У 1946—54 нам.ген. сакратара, у 1954—59 і 1967 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. Друкаваўся з 1934. Асэнсаванне тэмы патрыятызму ў зб. вершаў «Сапраўдныя людзі» (1938), гіст. паэмах «Пераможца» (1937), «Лядовае пабоішча» (1938), «Сувораў» (1939), п’есе «Хлопец з нашага горада» (1941, Дзярж. прэмія СССР 1942). Пра гераізм народа ў барацьбе з фашызмам у зб-ках «Лірычны дзённік», «З табою і без цябе», «Франтавыя вершы» (усе 1942), п’есах «Рускія людзі» (1942, Дзярж. прэмія СССР 1943) і «Так і будзе» (1944), аповесці «Дні і ночы» (1943—44, Дзярж. прэмія СССР 1946). Нарысы і артыкулы С. блізкія да маст. апавяданняў. Падзеям вайны прысвечаны раман «Таварышы па зброі» (1952), трылогія «Жывыя і мёртвыя», «Салдатамі не нараджаюцца» і «Апошняе лета» (1959—71, Ленінская прэмія 1974), аповесць «З запісак Лапаціна» (1965). З твораў пра лёс асобных герояў створана шырокая панарама вайны, летапіс гісторыі народа ў змаганні з фашызмам. Праблемы барацьбы за мір, за прадухіленне новай вайны ў п’есах «Рускае пытанне» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Пад каштанамі Прагі» (нап. 1946), «Чужы цень» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), кнізе вершаў «Сябры і ворагі» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949). Выступаў як публіцыст, літ. крытык, перакладчык. Успаміны «Вачыма чалавека майго пакалення: Роздумы пра І.В.Сталіна» (апубл. 1988) — лірыка-філас. аповед пра жыццё чалавека і лёс краіны. Па сцэнарыях С. пастаўлены фільмы: «Хлопец з нашага горада» (1942), «Чакай мяне» (1943), «Дні і ночы» (1943—44), «Бессмяротны гарнізон» (1956), «Нармандыя — Нёман» (1960, з Ш.Спаакам і Э.Трыяле), «Жывыя і мёртвыя» (сер. 1—2, 1964) і інш. У лірыцы, раманах, нарысах, дзённікавых запісах «Розныя дні вайны» (1975) С. шырока адлюстравана Беларусь. Першыя два рэпартажы з фронту зрабіў каля Барысава і Оршы (чэрв. 1941), трэці — «Гарачы дзень» — пад Магілёвам (прысвечаны яго абаронцам), дзе на Буйніцкім полі знішчылі 39 ням. танкаў. Абаронцы Магілёва і інш. населеных пунктаў Беларусі — прататыпы многіх вобразаў твораў С., у т. л. верша «Ты памятаеш, Алёша, дарогі Смаленшчыны...». У пасляваен. гады С. часта прыязджаў на Беларусь — у Магілёў (неаднаразова), Брэст, Чавусы, Крычаў і інш. гарады. На рус. мову пераклаў паэму В.Таўлая «Таварыш». На бел. мову вершы С. перакладалі М.Аўрамчык, С.Дзяргай, М.Калачынскі, У.Паўлаў, М.Ракітны, Я.Семяжон, К.Цвірка, У.Шахавец, аповесць «Дні і ночы» — А.Кудравец. На сцэнах бел. т-раў ставіліся яго п’есы «Хлопец з нашага горада», «Рускія людзі», «Чацьвёрты» і інш. На Буйніцкім полі ўстаноўлены мемарыяльны знак С.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—12. М., 1979—87;
Бел.пер. — Дні і ночы. Мн., 1979.
Літ.:
Вишневская И.Л. Константин Симонов: Очерк творчества. М., 1966;
Лазарев Л. Военная проза Константина Симонова. М., 1975: Константин Симонов в воспоминаниях современников. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДНЯ́К»,
штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1923—32 у Мінску на бел. мове. Рэдактары: М.Кудзелька (М.Чарот), А.Ажгірэй (А.Вольны), М.Арэхва, У.Ігнатоўскі, М.Зарэцкі, М.Адзінец, А.Дудар, І.Барашка, П.Галавач, А.Звонак, В.Каваль, А.Моркаўка, А.Сянкевіч і інш.
На 1-м этапе (1923 — сярэдзіна 1926) часопіс арыентаваўся на масавую камсамольска-маладзёжную аўдыторыю, імкнуўся згуртаваць маладых пісьменнікаў і публіцыстаў, дзеячаў мастацтва і навукі вакол праграмы сацыяліст.буд-ва і развіцця бел. культуры. Друкаваў творы старэйшых пісьменнікаў (Ц.Гартны, З.Бядуля, А.Гурло), маладнякоўцаў (М.Чарот, К.Чорны, А.Дудар, А.Вольны, А.Александровіч, А.Бабарэка, У.Дубоўка, К.Крапіва, Я.Пушча, П.Трус, А.Якімовіч), пачынаючых аўтараў, селькораў і рабкораў. Упершыню апубл. верш Я.Купалы «Арлянятам» (1923, № 1; 1924, № 2—3), алегарычную казку Я.Коласа «Што яны страцілі» (1924, № 2—3). Змяшчаў выступленні А.Чарвякова, М.Галадзеда, даследаванні і навук.-папулярныя нарысы вучоных С.Вальфсона, М.Гарэцкага, Ю.Дрэйзіна, Ігнатоўскага, М.Каспяровіча, У.Пічэты, С.Скандракова, А.Шлюбскага і інш. Дапускаў пралеткультаўскае проціпастаўленне «матываў грамадзянскай барацьбы, матываў рабочых, матываў гарадскіх» і «новых камсамольскіх матываў» («маладнякізму») традыцыям бел. дэмакратычнай л-ры («адраджанізму»). Фармальна прапагандаваў ідэйна-эстэт. праграму аднайменнай літ. арг-цыі — ажыццяўленне ў бел. л-ры «ідэй матэрыялізму, марксізма і ленінізма», па сутнасці развіваў нац.-адраджэнскую традыцыю ў л-ры. У арт. Бабарэкі «Вясну радзіла восень» (1925, № 7) абгрунтавана маладнякоўская канцэпцыя гісторыі бел. л-ры і яе тагачаснага стану.
Пасля выхаду ў маі 1926 з яго складу групы «Узвышша» «М.» аб’ядноўваў пісьменнікаў другога «маладнякоўскага прыліву» (З.Бандарына, Барашка, Я.Бобрык, П.Броўка, А.Вечар, Галавач, К.Губарэвіч, І.Гурскі, У.Жылка, А.Звонак, В.Каваль, А.Куляшоў, М.Лынькоў, Ю.Лявонны, Б.Мікуліч, Моркаўка, М.Нікановіч, А.Салагуб, Я.Скрыган, Ю.Таўбін, Я.Туміловіч, У.Хадыка, М.Хведаровіч, С.Хурсік, Н.Чарнушэвіч, С.Шушкевіч). Кіруючую ролю ў «М.» захоўвалі М.Чарот, А.Дудар, Зарэцкі, якія ў канцы 1927 разам са старэйшымі пісьменнікамі стварылі аб’яднанне «Полымя». Часопіс адмовіўся ад ілюстрацый, увёў аддзелы паэзіі, прозы, крытыкі і публіцыстыкі, друкаваў пераклады. Аднак яго крытычны аддзел прэтэндаваў на манаполію ў вызначэнні паліт. і эстэт. лініі бел. л-ры і дапускаў вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі ў асвятленні бягучага літ. працэсу, асабліва ў арт. Т.Глыбоцкага (А.Дудара). З сярэдзіны 1928 «М.» (пераважна ў крытыка-публіцыстычнай частцы) перайшоў на спрошчаную пазіцыю Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У арт. А.Гародні, Галавача, Р.Мурашкі, Барашкі, У.Бухаркіна, С.Васілёнка беспадстаўна абвінавачваліся бел. пісьменнікі і літ.-знаўцы, асабліва тыя, хто прымыкаў да «Узвышша» і «Полымя». З’яўляліся і аб’ектыўныя арт. Я.Барычэўскага, П.Бузука, Гарэцкага, А.Некрашэвіча, М.Піятуховіча і інш., вершы і паэмы Броўкі, Куляшова, В.Маракова, Хадыкі, апавяданні, аповесці і раманы З.Астапенкі, Галавача, Ц.Гартнага, Мікуліча, Э.Самуйлёнка, нарысы Скрыгана. У 1932 як орган Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР дубліраваў функцыі Час. «Полымя» і ў пэўнай ступені скампраметаваў сябе вульгарна-сацыялагічнай крытыкай (Л.Бэцдэ, А.Кучар і інш.).