агульная назва шэрагу двухбаковых мірных дагавораў, якія разам з Раштацкім мірам 1714 завяршылі ў Еўропе вайну за іспанскую спадчыну. Падпісаны ў г. Утрэхт (Нідэрланды) у ходзе міжнар. кангрэса: 11 крас. — паміж Францыяй і яе праціўнікамі (Вялікабрытанія, Галандыя, Прусія, Савоя, Партугалія), 13 ліп. — паміж Іспаніяй і Вялікабрытаніяй, Іспаніяй і Савояй (пазней адпаведна 26.6.1714 і 6.2.1715 паміж Іспаніяй і Галандыяй, Іспаніяй і Партугаліяй). За Філіпам V Бурбонам прызнана права на Іспанію і яе заакіянскія ўладанні, пры ўмове адрачэння яго і яго нашчадкаў ад правоў на франц. карону. Іспанія страціла ўладу над Сіцыліяй, Манферата, ч. Міланскага герцагства (на карысць Савоі), ч. Верхняга Гелдэрна і інш. землямі (на карысць Прусіі). Францыя прызнала тытул «караля прускага» за курфюрстам Брандэнбурга. Найб. выгадныя ўмовы міру былі для Вялікабрытаніі, пад уладу якой ад Іспаніі перайшлі Гібралтар і порт Маон (в-аў Менорка), а ад Францыі — шэраг уладанняў у Паўн.Амерыцы (землі вакол Гудзонава заліва, в-аў Ньюфаўндленд і інш.). У.м. спрыяў зацвярджэнню гандл. і калан. панавання Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭ́СТ (Crossularia),
род кустовых раслін сям. агрэставых. Больш за 50 відаў, пашыраных у Паўн.Амерыцы, Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі культывуецца агрэст адхілены (G. reclinata). Каля 10 відаў інтрадукаваны Цэнтр.бат. садам АН Беларусі як ягадныя і дэкар. расліны.
Агрэст адхілены вядомы з 11 ст. Родапачынальнік большасці культурных сартоў. Выш. кустоў 60—120 см. Цвіце ў 1-й пал. Мая. Плады — несапраўдныя ягады, голыя або апушаныя, белыя, жоўтыя, зялёныя, чырвоныя, пурпурныя. Маюць цукру 5—12%, арган.к-т 1—2%, пекцінавыя рэчывы, вітамін С, карацін. Пладаносны пачынае на 3-і год. Размнажаецца насеннем, чаранкамі, атожылкамі. Лепш расце на дастаткова вільготных угноеных сугліністых глебах. Ураджайнасць 10—15 т/га. Сарты, пашыраныя на Беларусі: Яравы, Куршу дзінтарс, Беларускі, Малахіт, Шчодры. Ягады спажываюцца свежыя і перапрацаваныя (джэм, варэнне, мармелад, сок). Агрэст мае радыепратэктарныя ўласцівасці (садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне. Асн. шкоднікі: пільшчыкі, агрэставы пядзенік: хваробы: сфератэка, іржа, антракноз, септарыёз.
Літ.:
Бурмистров А.Д. Ягодные культуры. 2 изд. Л., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТАЎКА (Melampyrum),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн.Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найчасцей трапляюцца братаўка дуброўная, або Іван-ды-Мар’я (M. nemorosum), братаўка польская (M. polonicum) і братаўка лугавая (M. pratense); растуць у лясах, хмызняках, на палянах, лугах і балотах. Больш рэдкія віды: братаўка грабеньчатая (M. cristatum), трапляецца на поймавых лугах і ў хмызняках; братаўка лясная (M. sylvaticum) — у лясах пераважна ў паўн. і зах. раёнах; братаўка палявая (M. arvense) — рэдкая занесеная расліна, расце каля дарог і на палях.
Аднагадовыя травяністыя паўпаразітныя расліны з прамастойным простым або разгалінаваным сцяблом і слаба развітым коранем, на якім размешчаны гаўсторыі. Лісце супраціўнае ці амаль супраціўнае, ад лінейнага да лінейна-яйцападобнага, суцэльнае і суцэльнакрайняе. Кветкі жоўтыя, ружовыя або белаватыя, размешчаны па адной у пазухах буйных лістападобных, часта ярка афарбаваных прыкветкаў, сабраны ў канцавыя гронка- ці коласападобныя суквецці. Плод — сціснутая з бакоў каробачка з 2 створкамі. Дэкар., лек., меданосныя і ядавітыя (насенне мае ядавітыя алкалоіды і гліказід рынанцін) расліны; некаторыя віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯНЁЎСКІ (Beniowski) Маўрыцы Аўгуст (1746?, Вербаў, Славакія — 23.5.1786),
польскі падарожнік і мемуарыст. З венг. шляхецкай сям’і. Выхоўваўся ў Венскай ваен. акадэміі, вывучаў марскую справу ў Гамбургу. З 1768 у Польшчы, падтрымліваў сувязі з удзельнікамі Барскай канфедэрацыі. У 1770 трапіў у рас. палон, сасланы на Камчатку. У 1771 арганізаваў бунт ссыльных і на захопленым караблі дабраўся да Макао (Аамынь). З 1772 у Францыі, у 1773 адпраўлены на в-аў Мадагаскар з мэтай заснаваць там франц. калонію. Абраны жыхарамі ўладаром часткі вострава, але ў 1776 пакінуў яго. У 1778 на службе ў аўстр. арміі. Неаднаразова падарожнічаў у Амерыку, удзельнічаў у вайне за незалежнасць у Паўн.Амерыцы. У 1784 арганізаваў экспедыцыю на Мадагаскар, дзе збіраўся заснаваць уласную дзяржаву. Забіты ва ўзбр. сутычцы з французамі. Вёў дзённік, стылізаваны пад авантурны раман.
Літ.:
Давидсон А.Б., Макрушин В.А. Зов дальних морей. М., 1979. С. 143—202;
Orłowski L. Maurycy August Beniowski. Warszawa, 1961;
Sieroszewski A. Maurycy Beniowski w literackiej legendzie. Warszawa, 1970;
Kajdański E. Tajemnica Beniowskiego: Odkrycia, intrygi, fałszerstwa. Warszawa, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́ВАР (Bolívar) Сімон (24.7.1783, г. Каракас, Венесуэла — 17.12.1830),
адзін з кіраўнікоў барацьбы за незалежнасць ісп. калоній у Амерыцы, ваенны і дзярж. дзеяч Паўд. Амерыкі. Адукацыю атрымаў у Еўропе. Актыўна ўдзельнічаў у звяржэнні ісп. панавання ў Венесуэле (1810) і абвяшчэнні яе рэспублікай (1811). Пасля яе разгрому стварыў у жн. 1813 2-ю Венесуэльскую Рэспубліку. У 1814 пацярпеў паражэнне і пакінуў радзіму. У 1815 надрукаваў «Ліст з Ямайкі» — праграму вызвалення Лац. Амерыкі і стварэння незалежных лацінаамер. дзяржаў. У 1816 вярнуўся ў Венесуэлу. Адмена рабства (1816) і дэкрэт пра надзяленне салдатаў вызв. арміі зямлёй (1817) забяспечылі яму падтрымку шырокіх масаў. У 1819 аб’яднаў Новую Гранаду і Венесуэлу ў федэрацыю Вялікая Калумбія і стаў яе прэзідэнтам. У 1822 далучыў правінцыю Кіта (сучасны Эквадор), у 1824 вызваліў Перу, у 1825 узначаліў рэспубліку ў Верхнім Перу, якую ў яго гонар назвалі Балівіяй. У 1826 распрацаваў Канстытуцыю для Балівіі. Прыхільнік ідэі стварэння Вялікай Федэрацыі лацінаамер. дзяржаў, якую не здолеў рэалізаваць на кангрэсе ў Панаме (1826). Сепаратысцкія выступленні прывялі да звяржэння ўлады Балівара ў Перу і Балівіі. На пач. 1830 пайшоў у адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Амазонія,
найбуйнейшая на Зямлі нізіна ў Паўд.Амерыцы, у бас.р.Амазонка, пераважна ў Бразіліі, а таксама ў Калумбіі, Эквадоры, Перу. Пл. больш за 5 млн.км². Слаба заселеная. Распасціраецца з З на У на 3200 км ад Андаў да Атлантычнага ак. паміж Гвіянскім і Бразільскім пласкагор’ямі. Размешчана ў вобласці тэктанічнага прагіну (Амазонская сінекліза) Паўд.-Амерыканскай платформы, запоўненага ў асн. палеазойскімі марскімі і меза-кайназойскімі кантынент. адкладамі. Пераважае плоскі рэльеф пластавых раўнін з неглыбокімі шырокімі рачнымі далінамі. Карысныя выкапні: нафта, марганцавыя і жал. руды, золата, алмазы і інш. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны, сярэднія т-ры 24—28 °C, ападкаў 1500—3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя. Разнастайная расліннасць вільготных экватарыяльных лясоў (сельвас) уключае 80 тыс. відаў дрэў (шмат каштоўных парод). Жывёльны свет разнастайны — 3 тыс. відаў сухапутных пазваночных (малпы, ляніўцы, малы мураўед, браняносцы, тапіры, пекары і інш.). Шмат птушак, паўзуноў, грызуноў, земнаводных, рыб (2 тыс. прэснаводных відаў), тэрмітаў, мурашак. Праз трапічныя лясы пракладзена Трансамазонская шаша (1970-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАМА́ЛІЯ (грэч. anōmalia),
1) адхіленне ад нормы, ад агульнай заканамернасці, ненармальнасць.
2) У біялогіі і медыцыне — адхіленне ў будове ці функцыях асобнага органа або ўсяго арганізма, абумоўленае парушэннямі яго эмбрыянальнага развіцця. Могуць быць звязаны з ускладненай спадчыннасцю, пашкоджаннем зародка пад уплывам мех., інфекц., таксікагенных, радыяцыйных і інш. фактараў. Напр., шасціпальцасць, парок сэрца, заечая губа, альбінізм, гемафілія. Крайняя форма анамаліі — пачварнасць.
3) У метэаралогіі — адхіленне велічыні пэўнага метэаралагічнага элемента ў пэўным месцы ад нормы. Адрозніваюць адхіленне ад шматгадовай сярэдняй велічыні (напр., сярэдняй т-ры месяца за асобны год) і шматгадовай сярэдняй велічыні таго ж элемента для ўсяго шыротнага круга, дзе знаходзіцца гэтае месца (напр., для 55°паўн. ш.). Размеркаванне анамаліі вывучаецца з дапамогай картаў ізанамал (лініі, што злучаюць пункты з аднолькавымі велічынямі). Анамаліі бываюць адмоўныя, калі велічыня меншая за сярэднюю шматгадовую, і дадатныя, калі велічыня большая. На Беларусі (Мінск) адмоўная анамалія сярэднямесячнай т-ры паветра 6,3 °C, дадатная 5,5 °C. Асабліва вял. тэмпературныя анамаліі ўласцівы мацерыкам Паўн. паўшар’я (напр., зімой у Верхаянску адмоўная анамалія складае 26 °C, у Паўн.Амерыцы — 16 °C).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЛО́ПЫ,
групы жывёл атр. парнакапытных сям. пустарогіх за выключэннем быкоў, буйвалаў, казлоў і бараноў. Пашыраны ў Афрыцы, Еўразіі, Паўн.Амерыцы. 30 родаў, каля 80 відаў. Да роду антылоп (Antilope) належыць толькі індыйская антылопа гарна. У стэпах і саваннах Афрыкі жывуць буйныя каровіны антылопы — гну і бубалы, горная антылопа (Hippotragus niger). Паўпустыні і пустыні Афрыкі насяляюць конскія антылопы (Hippotragus), орыксы, адакс (Addax nasomaculatus). У пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі жывуць газелі, да якіх належаць джэйран і дзерэн. Спосаб жыцця стадны. Многія занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Выш. ў карку ад 25 см (карлікавыя антылопы — Neotraginae) да 180 см (антылопа Кана — Taurotragus oryx), маса ад 8 кг да 1000 кг. Рогі прамыя і кароткія (ад 1,5 см) або доўгія (да 150 см) і выгнутыя ў выглядзе дугі або штопара. Афарбоўка ад светлай жоўта-пясчанай да шэра-блакітнай або амаль чорнай. Нараджаюць 1—3 цялят. Кормяцца травяністай расліннасцю, радзей лісцем дрэў. Аб’екты палявання; выкарыстоўваюцца мяса, скура, рогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́СІНДЖЭР (Kissinger) Генры Альфрэд (н. 27.5.1923, г. Фюрт, Германія),
дзяржаўны дзеяч ЗША, дыпламат, палітолаг. Д-р філасофіі (1954). У 1938 з бацькамі эмігрыраваў у ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1950), выкладаў у ім (1951—69). Адначасова кансультант па знешнепаліт. і ваен.-паліт. праблемах Аб’яднанага к-та начальнікаў штабоў (1956—60), Савета нац. бяспекі ЗША (1961—62), Агенцтва па кантролі над узбраеннямі і раззбраенні ЗША (1961—68), дзярж. дэпартамента ЗША (1965—69). У 1969—75 пам. прэзідэнта ЗША па нац. бяспецы. У 1973—77 дзярж. сакратар ЗША. Садзейнічаў спыненню вайны ЗША у В’етнаме 1964—73. З 1977 выкладчык Джорджтаўнскага ун-та ў Вашынгтоне, навук. супрацоўнік Гуманітарных даследаванняў Аспена інстытута, кансультант па знешнепаліт. пытаннях шэрагу карпарацый і н.-д. цэнтраў ЗША. З 1983 кіраўнік Нац. двухпарт. камісіі па Цэнтр.Амерыцы. Аўтар кніг «Ядзерная зброя і знешняя палітыка» (1956), «Патрывожанае партнёрства: пераацэнка Атлантычнага саюза» (1965), «Гады ў Белым доме» (1979), «Гады зрухаў» (1982) і інш. Нобелеўская прэмія міру 1973 (разам з Ле Дык Тхо).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУДАНІ́ЗМ,
кірунак грамадска-паліт. думкі, тэарэт. асновай якога з’яўляецца філас.-сацыялагічная канцэпцыя франц. філосафа П.Прудона. Для П. характэрны вульгарная інтэрпрэтацыя гегелеўскай дыялектыкі і звядзенне яе да тэзы аб наяўнасці ў кожным прадмеце ці з’яве добрага і дрэннага; тлумачэнне развіцця грамадства барацьбой ідэй; сцвярджэнне магчымасці вырашэння грамадскіх супярэчнасцей шляхам ураўнаважання дзеючых у грамадстве сац. сіл. Эканам. пасылкі П. ўключаюць; асуджэнне буйной капіталіст. уласнасці, абарону дробнай прыватнай уласнасці, адмаўленне грашовай сістэмы, ідэю аб арганізацыі «справядлівага абмену» паміж асобнымі таваравытворцамі. Для П. характэрны некат. анархісцкія тэндэнцыі: адмаўленне дэмакратыі, нігілістычныя адносіны да паліт. партый, пропаведзь ліквідацыі дзяржавы і замены яе федэрацыяй супольнасцей вытворцаў. Паліт. праграма П. грунтавалася на палажэннях аб ажыццяўленні сацыяліст. рэвалюцыі мірным шляхам і паступовым рэфармаванні грамадства, неабходнасці рэалізацыі ідэі сац. справядлівасці і маральнага ўдасканалення асобы. Прадстаўнікі П. адмоўна ставіліся да ўдзелу жанчын у прамысл. працы і грамадскім жыцці. Некаторыя палажэнні П. выкарыстаны прадстаўнікамі анархізму (М.А.Бакунін), сацыял-дэмакратыі (Э.Бернштэйн), а яго антыдэмакр. ідэі знайшлі адбітак у ідэалогіі фаш. рухаў у Італіі, Францыі, Германіі, Іспаніі, Лац.Амерыцы.