АРТАПЕДЫ́Я [ад арта... + грэч. pais (paidos) дзіця],
галіна медыцыны, якая вывучае прадухіленне, распазнаванне і лячэнне захворванняў, дэфармацый і вынікаў пашкоджанняў апорна-рухальнай сістэмы. Разам зтраўматалогіяй складае адзіную ўрачэбную спецыяльнасць.
Заснавальнік навук. артапедыі — франц. ўрач Н.Андры (N.André), які ў 1741 увёў гэты тэрмін. Класічныя апісанні пашкоджанняў і захворванняў органаў апоры і руху і рэкамендацыі па іх лячэнні трапляліся яшчэ ў працах Гіпакрата і Ібн-Сіны. У пач. 16 ст.франц. ўрач А.Парэ распрацаваў метады ампутацыі канечнасцяў і прапанаваў апараты для выкарыстання іх пры артапедычных захворваннях. Прагрэсу артапедыі ў Расіі садзейнічалі працы Я.В.Мухіна (1806) пра асновы лячэння пераломаў і вывіхаў, М.І.Пірагова (1840), які распрацаваў вучэнне аб працэсах рэгенерацыі пасля аперацыі ахілавага сухажылля, увёў нерухомую гіпсавую павязку і інш. Працы М.П.Нікольскага (1870), М.Ф.Руднева (1880) садзейнічалі прагрэсу касцёва-пластычнай хірургіі, працы В.І.Разумоўскага, М.І.Студэнцкага, В.М.Шаўкуненкі (канец 19 — пач. 20 ст.) — развіццю артапедычных аперацый пры артрадэзіі, астэаміі, касалапасці. Пад кіраўніцтвам заснавальніка сістэмы артапедычнай дапамогі ў краінах б.СССР М.М.Прыёрава створаны Лячэбна-пратэзны ін-т (1921), метадычны цэнтр па артапедыі і траўматалогіі.
На Беларусі асобныя пытанні артапедыі пачалі вывучаць у 19 — пач. 20 ст. У ліку першых у Еўропе К.І.Гібенталь выкарыстаў гіпс для фіксацыі зламанай канечнасці (1812). Сістэматычныя даследаванні па артапедыі вядуцца з 1930-х г. у Бел.НДІ траўматалогіі і артапедыі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, на адпаведных кафедрах мед. ін-таў. Развіццю артапедыі садзейнічалі працы М.Н.Шапіры, Б.Н.Цыпкіна, В.А.Маркса, Р.Х.Мінінай, І.Р.Варановіча, А.С.Крука, А.У.Руцкага, С.С.Навумовіча, А.А.Губко, А.М.Сакалоўскага і інш.Асн. кірункі даследаванняў: прафілактыка і лячэнне артапедычных захворванняў і траўмаў, распрацоўка метадаў і сродкаў мед. рэабілітацыі хворых і інвалідаў з прычыны ўскладненых пашкоджанняў касцей і суставаў, хірургічнага лячэння пухлін, ліквідацыі вынікаў дэгенератыўна-дыстрафічных працэсаў у касцях і суставах, эндапратэзаванне, удакладненне пытанняў дыягностыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛАКІ,
сістэмы завіслых у атмасферы прадуктаў кандэнсацыі вадзяной пары — кропелек вады, крышталікаў лёду або іх сумесей. Сукупнасць воблакаў называецца воблачнасцю. Утвараюцца воблакі пры кандэнсацыі вадзяной пары ў стане насычэння на ядрах кандэнсацыі. Дыяметр кропель — каля некалькіх мікронаў, маса вады ў 1 м³ паветра воблакаў — ад долі грама да некалькіх грамаў. Каля зямной паверхні яны ўтвараюць туман. Узбуйненне прадуктаў кандэнсацыі выклікае ападкі атмасферныя (дождж, снег, град).
Узнікненне воблакаў — вынік адыябатычнага ахалоджвання паветра пры яго пад’ёме, радзей — вынік ахалоджвання ад подсцільнай зямной паверхні і турбулентнага перамешвання паветра. Пад’ём паветра, неабходны для ўтварэння воблакаў, адбываецца пры канвекцыі ў атмасферы (канвекцыйныя воблакі), пры ўзыходзячым слізгальным пад’ёме паветра на франтах атмасферных (франтальныя воблакі), пры хвалевых рухах у атмасферы і інш. Большая ч. воблакаў засяроджана ў трапасферы, але зрэдку назіраюцца ў стратасферы (пераважна перламутравыя воблакі) і ў мезасферы (серабрыстыя воблакі). Па міжнар. класіфікацыі воблакі ў залежнасці ад іх ніжняй мяжы адносяцца да аднаго з трох ярусаў — верхняга, сярэдняга або ніжняга. Паводле знешняй будовы і размяшчэння на ярусах воблакі маюць 10 асн. формаў: у верхнім ярусе перыстыя воблакі, перыста-слаістыя воблакі і перыста-кучавыя воблакі (на выш. больш за 6 км), у сярэднім — высокакучавыя воблакі і высокаслаістыя воблакі (на выш. 2—6 км), у ніжнім — слаіста-кучавыя воблакі, слаістыя воблакі і слаіста-дажджавыя воблакі (выш. іх ніжняй мяжы менш за 2 км). Вылучаюць таксама воблакі вертыкальнага развіцця — кучавыя воблакі і кучава-дажджавыя воблакі з вертыкальнымі памерамі аднаго парадку з гарызантальнымі, іх асновы звычайна знаходзяцца ў ніжнім ярусе, а верхнія ч. могуць дасягаць сярэдняга ці верхняга яруса. Воблакі ўкрываюць каля паловы нябеснай сферы на Зямлі і змяшчаюць каля 109т вады. На працягу года розныя тыпы воблакаў маюць розную паўтаральнасць. Воблакі ўплываюць на фарміраванне надвор’я і ападкаў, на цеплавы рэжым паветра, сушы і мора, з’яўляюцца звяном кругавароту вады на Зямлі. Яны могуць перамяшчацца на тысячы кіламетраў, пераносіць і пераразмяркоўваць вялізныя масы вады. На Беларусі зімой пераважае нізкая воблачнасць слаістых формаў, у цёплае паўгоддзе — воблачнасць вертыкальнага развіцця.
І.Я.Афнагель.
Высокаслаістыя воблакі над воз. Шо ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл.Слаіста-кучавыя і кучавыя воблакі.Высока-кучавыя воблакіпад крылом самалёта.Кучава-дажджавыя воблакі.Кучавыя воблакі добрага надвор’я.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Утворана 6.1.1954. Пл. 24,1 тыс.км². Нас. 1249 тыс.чал. (1997), гарадскога 63%. Цэнтр — г.Ліпецк. Найб. гарады: Ялец, Гразі, Данкоў, Лебядзянь, Усмань.
Прырода. Л.в. знаходзіцца ў цэнтр.ч.Усх.-Еўрап. раўніны, у бас. верхняга цячэння р. Дон. На З — ускраіна Сярэднярускага ўзв. (выш. да 262 м), паверхня хвалістая, парэзана ярамі і лагчынамі; на У — Окска-Данская раўніна (выш. 150—170 м). Карысныя выкапні: жал. руда, вапнякі, даламіты, гліны, пяскі, торф. Крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -10 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. Гал. рака — Дон з прытокамі Красівая Меча, Сасна (справа), Варонеж з прытокам Матыра (злева). Вобласць размешчана ў зоне лесастэпаў. Глебы пераважна чарназёмныя (тыповыя і вышчалачаныя), па далінах і лагчынах — лугава-чарназёмныя, трапляюцца цёмна-шэрыя і шэрыя лясныя глебы. Пераважаюць мяшаныя лясы (7% тэрыторыі). Варонежскі запаведнік (паўн. частка) і запаведнік Галічча Гара.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., харчовая. Прадпрыемствы чорнай металургіі працуюць пераважна на жал. рудзе Курскай магнітнай анамаліі, выпускаюць чыгун, сталь, пракат, трубы, ферасплавы. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю трактароў, рухавікоў, станкоў, ліцейнага абсталявання, электратэхн. вырабаў, сантэхнікі, хім.-азотных угнаенняў (на базе коксахім. вытв-сці), гумава-пластмасавых вырабаў, лакаў, смалы, клею. Вытв-сць электраэнергіі на ЦЭЦ (найб. Ліпецкая). Харч.прам-сць (цукр., масласыраробная, мясная, кансервавая, харч. канцэнтратаў, тытунёвая) перапрацоўвае мясц. сыравіну. Развіта прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, сілікатнай цэглы, жалезабетонных канструкцый і вырабаў). Ёсць прадпрыемствы лёгкай (швейныя, трыкат. і скургалантарэйныя ф-кі) і дрэваапр. (мэблевыя ф-кі) прам-сці. Нар.маст. промыслы: Ялецкія карункі (у г. Ялец), дыванаткацтва (с. Баравое). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці збожжа, малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, авечкагадоўлі. Падс.-г. ўгоддзямі 1960 тыс.га, у т. л. ворныя землі займаюць 1640 тыс.га (1996). Вырошчваюць пшаніцу, жыта, ячмень, цукр. буракі, сланечнік, бульбу, агародніну, а таксама махорку. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак мяса-воўнавага кірунку. Птушкагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Данбас, Масква—Растоў-на-Доне, Рыга—Валгаград, аўтамагістраль Масква—Ялец—Варонеж. Газаправод Стаўрапаль—Масква. Курорт Ліпецк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАРНА́К Барыс Леанідавіч (10.2.1890, Масква — 30.5.1960),
рускі пісьменнік. Сын Л.В.Пастарнака. Вучыўся ў Марбургскім ун-це (1912) у Т.Когена. Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). Друкаваўся з 1913. Першы зб. вершаў — «Блізня ў хмарах» (1914). Уваходзіў у літ. групу «ўмераных» футурыстаў «Цэнтрыфуга», у ЛЕФ (да 1927). У ’паэт. зб-ках «Паверх бар’ераў» (1917), «Сястра мая — жыццё» (1922), «Тэмы і варыяцыі» (1923), «Другое нараджэнне» (1932), «На ранніх цягніках» (1943), цыкле вершаў «Калі разгуляецца» (нагі. 1956—59) філас. роздум пра «вечныя» тэмы: жыццё і смерць, сэнс чалавечага існавання, вера і нявер’е, прырода, каханне, лёс паэта, мастацтва, культура. Паэзіі П. ўласцівы метафарычнасць, асацыятыўнасць, парушэнне звыклых сінтакс. сувязей, дынамічнасць, жывапіснасць, музычнасць. Раман «Доктар Жывага» (апубл. за мяжой 1957, у Расіі 1988; Нобелеўская прэмія 1958, ад якой П. пад пагрозай высылкі зСССР адмовіўся; дыплом уручаны яго сыну ў 1990; экранізаваны ў 1965, рэж. Д.Лін) пра лёс рас. інтэлігенцыі ў пераломную эпоху. У цыкле «Вершы Юрыя Жывага», змешчаным у канцы рамана, асэнсаванне гісторыі чалавецтва ў святле хрысціянскага ідэалу. Аўтар паэм «Дзевяцьсот пяты год» (1925—26, цалкам апубл. 1927), рамана ў вершах «Спектарскі» (1931), кн. прозы «Паветраныя пуцявіны» (1933), аўтабіягр.кн. «Ахоўная грамата» (1931), п’есы «Сляпая прыгажуня» (апубл. 1969, незавершана), рэцэнзій на кнігі М.Асеева, Г.Ахматавай, У.Маякоўскага, артыкулаў па праблемах перакладу і інш. Майстар паэт. перакладу (трагедыі У.Шэкспіра, 2 часткі «Фауста» І.В.Гётэ, вершы Дж.Байрана, П.Верлена, Р.М.Рыльке, Р.Тагора, Т.Шаўчэнкі, груз. паэтаў і інш.). У 1936 выступіў на 3-м пленуме Саюза сав. пісьменнікаў у Мінску. Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, А.Александровічам, высока ацэньваў іх творчасць. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі В.Аколава, Р.Барадулін, Ю.Свірка, апавяданне «Паветраныя пуцявіны» М.Стральцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТАПО́ГЛЯД,
сістэма абагульненых поглядаў на прыродны і сацыяльны свет, на месца ў ім чалавека і яго адносіны да асяроддзя, да самога сябе і інш. людзей, а таксама асн. жыццёвыя пазіцыі, каштоўнасныя арыентацыі, перакананні і ідэалы, абумоўленыя гэтымі поглядамі. Носьбітамі С. з’яўляюцца асобы і сац. супольнасці. Інфармацыйны бок С. складаюць веды пра свет і чалавека. Перакананні з’яўляюцца стрыжнем С. і сведчаць пра сталасць С. асобы ці сац. супольнасці. У структуру С. ўваходзяць таксама ідэалы, якія выяўляюць вызначальныя мэты, накіраваныя ў будучыню. Ад характару С. залежыць арыентацыя чалавека ў розных сферах жыццядзейнасці: сац.-паліт., прававой, маральнай, рэліг., філас., навукова-тэарэтычнай. Змест С. залежыць ад таго, якой сферы дзейнасці чалавек аддае перавагу. Паводле зместу і грамадскай значнасці адрозніваюць паслядоўна-навук. і ненавук., атэістычны і рэліг., прагрэсіўны і рэакцыйны С., якія па-рознаму ўздзейнічаюць на нормы паводзін, адносіны чалавека да працы, да інш. людзей, побыт, густы, інтарэсы. Сярод тыпаў С. вылучаюць данавуковы (звычайны), які фарміруецца з дзяцінства ў працэсе набыцця жыццёвага вопыту пад уздзеяннем непасрэдных умоў жыцця і функцыянуе ў форме стыхійных, тэарэтычна -не аформленых традыц. уяўленняў пра свет, і агульнакультурны, які ўключае міфалагічны, рэліг., філас., навукова-тэарэт. С., што дамінуюць на пэўных гіст. этапах. Міфалагічны С. характарызуецца антрапамарфізмам, ачалавечваннем навакольнага асяроддзя, адушаўленнем сіл прыроды і выяўляецца ў паданнях пра багоў і герояў, злых духаў і інш., а таксама ў міфічных абрадах (гл.Міфалогія). Рэлігійны С. звязаны з верай у звышнатуральны сусв. пачатак (гл.Рэлігія). С. новага і навейшага часоў характарызуецца спалучэннем рэліг., філас. і навукова-тэарэт. тыпаў. Філасофскі С. тэарэтычна абагульняе духоўны і практычны вопыт у форме агульных паняццяў — катэгорый і стварае катэгарыяльныя мадэлі свету. Тэарэт. аснова С. — філасофія. Яна абагульняе дасягненні навук аб прыродзе і грамадстве, садзейнічае пераадоленню фрагментарнасці ведаў і дасягненню цэласных уяўленняў аб свеце. Цэнтр. праблема С. — суадносіны свету і чалавека — разглядаюцца як пытанне суадносін матэрыі і свядомасці. Навукова-тэарэтычны С. узаемадзейнічае зфілас. С., абагульняе прыродазнаўчыя, тэхн., сац.-эканам. і культ.-гіст. веды і стварае адзіную навук. карціну свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУР Юрый Мікалаевіч (н. 4.3.1937, Мінск),
бел. тэатральны мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1962). У 1964—70 і ў 1973—94 працаваў у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі (у 1974—89 гал. мастак), у 1970—73 — у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача. У дэкарацыях арганічна спалучае зрокавыя вобразы, жывапіс і асвятленне з характарам падзей спектакля. У рус. т-ры аформіў спектаклі: «Куды ідзеш, Сяргей?» А.Маўзона і «Дзеці сонца» М.Горкага (1965), «Шчыт і меч» паводле В.Кажэўнікава (1967), «Дзеля жыцця» («Першы ўрок») К.Губарэвіча і «Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі (1968), «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага (1974), «Васіль Цёркін» паводле А.Твардоўскага і «Энергічныя людзі» В.Шукшына (1975), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта (1976), «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча і «Лазня» У.Маякоўскага (1977), «Пайсці і не вярнуцца» (1978) і «Знак бяды» (1985) паводле В.Быкава, «Сінія коні на чырвонай траве» («Рэвалюцыйны эцюд») М.Шатрова (1979), «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава (разам з Я.Волкавым) і «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1981), «Гамлет» У.Шэкспіра і «Бабскае царства» Ю.Нагібіна (1984), «Апошні наведвальнік» У.Дазорцава (1986), «Ноч анёла» А.Розанава і «Начныя карлікі і Антыгона» («Дарагая Алена Сяргееўна») Л.Разумоўскай (1987), «І быў дзень» («Злом») А.Дударава і «Доўгае падарожжа ў ноч» Ю.О’Ніла (1988), «Курыныя галовы» Дз.Шапіры і «Тут жывуць людзі» А.Фугарда (1989), «Свабодны шлюб» Д.Фо, Ф.Рашэ (1994). У т-ры юнага гледача аформіў спектаклі: «Том — вялікае сэрца» С.Багамазава і С.Шатрова (1962), «Бялее ветразь адзінокі» В.Катаева (1970), «Несцерка» В.Вольскага (1971), «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.Махнача, «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...» паводле Я.Купалы і М.Чарота, «З любімымі не расставайцеся» А.Валодзіна (усе 1972), у Брэсцкім абл.драм. т-ры — «На бойкім месцы» А.Астроўскага (1972), «Таблетку пад язык» А.Макаёнка (1973), «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1974); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Пяць рамансаў у старым доме» У.Аро (1982), «Блытаныя сцежкі» («На вастрыі») К.Крапівы (1983); у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага (1978), «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера (1980), балет «Курган» Я.Глебава (1982).
П.А.Карнач.
Ю.Тур. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Дзеці сонца» М.Горкага. 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІ́МІРСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап.ч.Рас. Федэрацыі. Утворана 14.8.1944. Пл. 29 тыс.км². Нас. 1604 тыс.чал.
(2000),
гарадскога 80%. Цэнтр — г.Уладзімір. Найб. гарады: Каўроў, Мурам, Гусь-Хрустальны, Аляксандраў, Кальчугіна, Вязнікі.
Паверхня — слабахвалістая раўніна. На ПнЗ Смаленска-Маскоўскае ўзв., якое пераходзіць ва Уладзімірскае Аполле (выш. да 236 м). На Пд і У забалочаныя Мяшчорская і Нерльская нізіны. Карысныя выкапні: вапнякі, гліны, кварцавыя пяскі, торф і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -11 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 480—550 мм за год. Рэкі бас. Волгі — Ака з Клязьмай, прытокі Клязьмы — Шарна, Кіржач, Пекша, Нерль, Судагда. Глебы падзолістыя, дзярнова-падзолістыя, на аполлі шэрыя лясныя і цемнаколерныя карбанатныя, па далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам (хвоя, бяроза, асіна, елка) каля 42% тэр.Нац. парк Мяшчора.
У.в. — індустр.-аграрны рэгіён Расіі. У структуры валавой прадукцыі на долю прам-сці і буд-ва прыпадае 42,8%, сельскай гаспадаркі 11,3%, сферы паслуг 45,9%. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (41,7% кошту прамысл. прадукцыі), харчасмакавая (16,5%), электраэнергетыка (11,2%), лёгкая (5,8%), хім. (5,7%). Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць трактароў і дэталей да іх, экскаватараў, цеплавозаў, электравозаў, электрарухавікоў, аўта- і радыёвымяральных прылад, станкоў, стралковай зброі, матацыклаў, тэлевізараў, абсталявання для тэлефонных станцый, тэкст. прам-сці і інш.), харчасмакавая (малочная, мясная, кансервавая, лікёра-гарэлачная і інш.).
Вытв-сць электраэнергіі 1,9 млрд.кВт∙гадз (1999), пераважна на ЦЭС. У лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (баваўняная, ільняная), швейная, трыкат., абутковая галіны. Развіта хім. (гумаватэхн. і пластмасавыя вырабы, смолы, шкловалакно), шкляная (тэхн. шкло, хрусталь, посуд), каляровая металургія (пракат, посуд), дрэваапр. (піламатэрыялы, мэбля), вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Маст. промыслы (вышыўка, ювелірныя вырабы, лакавая мініяцюра). Сельская гаспадарка малочна-мяснога кірунку з развітым бульбаводствам. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1 млн.га, пасяўныя пл. — 0,5 млн.га (1999). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, жыта, ячмень, авёс), тэхн. (лён), бульбу і агародніну, кармавыя культуры. У раёнах Уладзімірскага Аполля — садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, коней (уладзімірская цяжкавозная парода). Даўж. чыгунак 929 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5522 км (2000). Гал. чыгункі Масква—Уладзімір—Ніжні Ноўгарад, Масква—Мурам—Казань, Масква—Аляксандраў—Іванава. Суднаходства па рэках Ака і Клязьма (у ніжнім цячэнні). Па тэр. У.в. праходзіць газаправод, які злучае Цэнтр. і Волжскую газаправодныя сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСТЭТЫ́ЧНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
фарміраванне ў чалавека здольнасці ўспрымаць, тварыць і ацэньваць эстэтычнае ў рэчаіснасці і мастацтве. Зыходзячы з таго, што аснову эстэтычнага складае пачуццёвая дасканаласць, то вынікам паспяховага Э.в. можа служыць выпрацоўка ў чалавека высокага ўзроўню развіцця эстэт. патэнцыялу асобы, гал. кампанентамі якога выступаюць эстэт. патрэбнасць, пачуццё эстэтычнае, узровень эстэт. перажывання, густ эстэтычны, ідэал эстэтычны. Э.в. садзейнічае выяўленню творчых патэнцый і развіццю творчых здольнасцей чалавека ва ўсіх сферах дзейнасці, спрыяе ўнясенню эстэт. пачатку ў грамадска карысную працу, духоўна ўзвышае чалавека, упрыгожвае яго побыт, садзейнічае фіз. ўдасканаленню асобы, яе здольнасці да творчага і гуманнага пераўтварэння свету і чалавечых адносін.
Э.в. грунтуецца на эст. каштоўнасці (высокадухоўнай па сваёй сутнасці), таму і абумоўлівае здольнасці чалавека ў разуменні і перажыванні ўсяго спектра з’яў рэчаіснасці і чалавечай свядомасці — прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнагаі г.д. Э.в. звязана змаст. выхаваннем, якое зыходзіць са здольнасці чалавека ўспрымаць маст. каштоўнасці. У сав. час падкрэслівалася мэтанакіраванасць працэсу Э.в., пад якой разумелася сац. адаптацыя моладзі да грамадскіх, у т. л.эстэт. ідэалаў соцыуму. Сав. сістэма Э.в. мела шэраг дасягненняў. Сярод практыкаў і тэарэтыкаў Э.в. вызначаліся Дз.Б.Кабалеўскі. М.І.Кіяшчанка, А.У.Лармін, А.С.Макаранка, Б.М.Неменскі, У.Ф.Суна, А.М.Сямашка, В.А.Сухамлінскі і інш.
На Беларусі тэарэт. пытанні Э.в. распрацоўваюць М.І.Крукоўскі, А.Б.Ладыгіна, У.Ф.Мартынаў, Э.І.Нядзведская, В.А.Салееў і інш.пед. аспекты — Я.Д.Грыгаровіч, І.І.Рыданава, В.Л.Грачова, Н.Н.Грышановіч, Н.Д.Мінц, В.Ф Галанцава, В.П.Коцікава, Н.М.Якаўлева. З 1980-х г. сістэматычна праводзяцца навук.-практ. і тэарэт. канферэнцыі па актуальных пытаннях Э.в.
Літ.:
Крюковский Н.И. Homo pulcher — Человек прекрасный. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕСЦІ́НА,
гістарычная вобласць у Зах. (Пярэдняй) Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора.
Тэр. П. заселена чалавекам з палеаліту і з’яўляецца адным з асяродкаў стараж. земляробства. Першым дакладна вядомым насельніцтвам П. былі ханаанеі (3—2-е тыс. да н.э.), якія стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, у т. л.Іерыхон. Рэлігія ханаанеяў зрабіла моцны ўплыў на іудаізм, а праз яго — на хрысціянства і іслам. У розныя часы П. ўваходзіла ў склад вял. дзяржаў стараж. свету. З канца 3-га тыс. да н.э. яна апынулася пад кантролем Егіпта. У 2-м тыс. да н.э. сюды ўрываліся амарэі, хеты, хурыты. У 13 ст. да н.э. значная ч.тэр. П. заваявана плямёнамі яўрэяў, частка — філістымлянамі (адсюль назва краіны). Каля 1000 да н.э. цар яўрэяў Давід перамог філістымлян і заснаваў Ізраільска-Іудзейскае царства, якое дасягнула найб. магутнасці пры яго сыне Саламоне. Пасля смерці Саламона ў 922 да н.э. адзіная дзяржава распалася на Ізраільскае царства на Пн і Іудзейскае царства на Пд П. У 722 да н.э. Асірыя знішчыла Ізраільскае царства, у 586 Вавілон — Іудзейскае. У 539—333 да н.э. П. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 4—2 ст. да н.э. — дзяржаў Аляксандра Македонскага, Пталамеяў і Селеўкідаў.
У сярэдзіне 2 ст. да н.э. ў выніку паўстання яўрэяў на чале зМакавеямі створана Нова-Ізраільскае царства. З канца 1 ст. да н.э. П. ў складзе Рымскай, з 4 ст.н.э. — Візантыйскай імперый. У 7 ст. заваявана арабамі, у 11 ст. — крыжакамі, у канцы 12 ст. — егіпецкімі султанамі. З 1516 у складзе Асманскай імперыі. У 1-ю сусв. вайну акупіравана брыт. войскамі (1917). У 1922—48 падмандатная тэр. Вялікабрытаніі, у гэты час адбывалася масавая іміграцыя ў П. яўрэяў з дыяспары, якія ставілі мэтай стварэнне яўр. дзяржавы. 29.11.1947 Ген. асамблея ААН прыняла рэзалюцыю пра скасаванне брыт. мандата на П. і стварэнне там 2 дзяржаў: арабскай і яўрэйскай. 14.5.1948 створана дзяржава Ізраіль. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 Ізраіль далучыў да сваёй тэрыторыі б.ч. зямель, прызначаных для араб. дзяржавы, адтуль выгнана каля 800 тыс. арабаў. Заходні бераг ракі Іардан быў уключаны ў склад Іарданіі, а сектар Газы апынуўся пад кантролем Егіпта. У 1967 Ізраіль акупіраваў Зах. бераг р. Іардан і сектар Газы. Барацьбу супраць ізраільскай акупацыі ўзначаліла Арганізацыя вызвалення Палесціны (АВП), якая была прызнана ААН як адзіны прадстаўнік інтарэсаў палесцінскага араб. народа. 31.7.1988 Іарданія адмовілася ад прэтэнзій на Зах. бераг р. Іардан. 15.11.1988 Нац. савет П. (палесцінскі парламент у выгнанні) абвясціў пра стварэнне на акупіраваных у 1967 Ізраілем тэр. дзяржавы П., прэзідэнтам якой у сак. 1989 абраны Я.Арафат. У вер. 1993 прадстаўнікі АВП і Ізраіля падпісалі сумесную Дэкларацыю аб прынцыпах самакіравання палесцінцаў. Паводле Каірскага пагаднення ў маі 1994 створана Палесцінская аўтаномія. У ліст.—снежні 1995 Ізраіль вывеў свае войскі зб.ч.араб. населеных пунктаў, але дагэтуль працягвае акупацыю 3/4тэр.Зах. берага. У студз. 1996 адбыліся выбары ў Палесцінскі заканад. савет, кіраўніком Палесцінскай адміністрацыі абраны Арафат. Вядуцца перагаворы пра далейшае палесціна-ізраільскае ўрэгуляванне.
Першыя помнікі мастацтва П. вядомы з эпохі мезаліту. У 7—6-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Іерыхона. Ад 5-га тыс. да н.э. захавалася кераміка з гравіраваным або размаляваным геам. арнаментам. Да 4-га тыс. да н.э. адносяцца рэшткі т.зв. апсідальных жытлаў гарадзішчаў у Бейсане, Мегіда (Тэль-эль-Мутэселім), падземных жытлаў у раёне Беершэбы, размаляваная і глянцаваная (чырвоная і шэрая) кераміка, статуэткі са слановай косці, ювелірныя вырабы, насценныя размалёўкі ў будынках Тэлейлат-Гасула. У 3—2-м тыс. да н.э. развіваліся паселішчы гар. тыпу з абарончымі пабудовамі з каменю ці цэглы-сырцу (планіроўкай блізкія да сірыйскіх і фінікійскіх каменных храмаў), з водаправоднымі тунэлямі: Іерусалім, Іерыхон, Бейсан, Мегіда, Лахіш (Тэль-эд-Дувейр). Захаваліся рэльефы, скульптура, дробная пластыка, зааморфныя керамічныя пасудзіны. У 2-й пал. 10—6 ст. да н.э. пашырыліся культавае буд-ва (храм Саламона ў Іерусаліме, 10 ст. да н.э., не захаваўся), гліптыка (пячаткі з зааморфнымі выявамі і інш.). З эліністычнага і рым. перыяду вядомы грабніцы з размалёўкамі ў пахавальных памяшканнях (у Марысе і інш.), рэшткі храмаў (Дыяніса ў Бейсане і інш.), т-раў (у Бейсане, Цэзарэі), акведукаў, жылых дамоў, часта ўпрыгожаных мазаікамі і скульптурай, мармуровыя саркафагі з надмагільнымі бюстамі і рэльефамі. У 2—4 ст.н.э. будавалі сінагогі, якія спалучалі рысы мясцовай, рым. і сірыйскай архітэктуры [сінагога ў Капернауме (Кфар-Нахуме) і інш.]. Ад візант. часу захаваліся базілікі, манастыры, храмы, умацаванні. З 7 ст. арабы прыўнеслі новыя тыпы будынкаў: мячэці, медрэсэ і інш. (мячэці Кубат ас-Сахра і аль-Акса ў Іерусаліме, замак-рэзідэнцыя Хірбет аль-Мафджар). У 11—13 ст. будаваліся пераважна замкі і крэпасці крыжаносцаў (у Цэзарэі і інш.). Зарх. помнікаў 16—19 ст. вылучаюцца сінагога ў Сафедзе (сярэдзіна 16 ст.) і мячэць у Яфе (1810). З канца 19 ст.яўр. перасяленцы прынеслі ў культуру П. маст. традыцыі розных краін. Архітэктура развівалася ў духу эклектызму, пазней у рэчышчы зах.-еўрап. стыляў. У мастацтве пашырыўся т.зв.яўр. стыль (сюжэты зяўр. гісторыі і л-ры). У 1-й пал. 20 ст. прыток архітэктараў і мастакоў, якія атрымалі адукацыю ў розных краінах свету, абумовіў суіснаванне самых розных плыняў і кірункаў. У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка нац. самавызначэння арабаў П. (Т. Абд аль-Аль, Т. аль-Акхаль, С.Мансур, Н.Сумі, У.Тамары, І.Шамут, М.Хаграс і інш.). У традыц.нар. мастацтве пашыраны выраб касцюмаў з даматканай тканіны з вышыўкай і аплікацыяй, муз. інструментаў, твораў з керамікі, металу, шкла, перламутру, аліўкавага дрэва, ювелірныя вырабы. Гл. таксама ў арт.Іарданія, Ізраіль.
Літ.:
Бердников А.Ф., Сердюк Е.А. Современное искусство арабского народа Палестины. М., 1982.
У.С.Кошалеў (гісторыя).
Да арт.Палесціна. У.Тамары. Жывыя карані. 1974.Да арт.Палесціна. Н.Сумі. Ліст з серыі «Сведчыць Тэль аз-Заатар». 1977.Да арт.Палесціна. С.Мансур. З палесцінскай спадчыны. 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ МАСТА́ЦКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР (МХАТ). Засн. ў 1898 К.Станіслаўскім і У.Неміровічам-Данчанкам як Маскоўскі Мастацкі тэатр
(МХТ) з аматараў Т-ва мастацтва і л-ры і выхаванцаў Муз.-драм. вучылішча Маск. філарманічнага т-ва. З 1919 акадэмічны, з 1932 імя М.Горкага. Ажыццявіў праграму абнаўлення т-ра, у т. л. рэпертуару, акцёрскага мастацтва, рэжысуры. Першы спектакль — «Цар Фёдар Іаанавіч» А.Талстога (1898). Творчую накіраванасць т-ра вызначылі пастаноўкі наватарскіх п’ес А.Чэхава («Чайка», 1898; «Дзядзька Ваня», 1899; «Тры сястры», 1901; «Вішнёвы сад», 1904) і М.Горкага («Мяшчане», «На дне», абодва 1902). Першую трупу склалі акцёры В.Кліпер-Чэхава, І.Масквін, М.Ліліна, М.Андрэева, А.Арцём, У.Меерхольд і інш.; пазней у трупу ўвайшлі В.Качалаў, Л.Леанідаў. Сярод лепшых спектакляў МХТ «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1906),
«Сіняя птушка» М.Метэрлінка (1908), «Месяц у вёсцы» І.Тургенева (1909), «Гамлет» У.Шэкспіра (1911), «Прытворна хворы» Мальера (1913) і інш. У студыях МХТ (1-я з 1913, з 1924 — Маскоўскі Мастацкі тэатр другі; 2-я студыя з 1916; 3-я — з 1920; 4-я — з 1921) падрыхтоўка акцёраў ажыццяўлялася паводле Станіслаўскага сістэмы. У 1920-я г. са студый і інш. тэатраў у трупу прыйшлі акцёры В.Андроўская, М.Балдуман, М.Баталаў, А.Георгіеўская, Б.Дабранраваў, Н.Зуева, М.Кедраў, А.Ктораў, Б.Ліванаў, П.Масальскі, М.Прудкін, В.Станіцын, А.Сцяпанава, А.Тарасава, В.Тапаркоў, М.Тарханаў, М.Хмялёў, К.Яланская, М.Яншын і інш.; рэжысёры Б.Вяршылаў, М.Гарчакоў, І.Судакоў. У 1920—40-я г. ставіліся п’есы М.Булгакава, У.Іванава, К.Транёва, А.Карнейчука, В.Катаева, Л.Лявонава і інш. Новае вытлумачэнне набыла класічная рус. і замежная драматургія. У Вял.Айч. вайну ставіліся п’есы Карнейчука, К.Сіманава, А.Крона. Сярод спектакляў 1950—60-х г. — «Плады асветы» Л.Талстога, «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера, «Залатая карэта» Лявонава, «Мілы лгун» Дж.Кілці і інш. У 1960-я г.т-р знаходзіўся ў крызісе. З 1970 гал.рэж. А.Яфрэмаў. Пастаўлены п’есы «Апошнія» М.Горкага (1971), «Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка (з А.Васільевым, 1973), «Іванаў» (1976), «Чайка» (1980) і «Дзядзька Ваня» (1985) Чэхава, а таксама п’есы А.Гельмана, М.Рошчына, М.Шатрова, А.Мішарына. У т-ры працавалі І.Смактуноўскі, А.Калягін, Т.Дароніна, А.Папоў, А.Мягкоў, Т.Лаўрова, Я.Еўсцігнееў, К.Васільева, А.Табакоў і інш. У 1980-я г.найб. значныя спектаклі пастаўлены рэжысёрамі А.Эфрасам, Л.Додзіным, М.Разоўскім, К.Гінкасам і інш. У 1987 т-р падзяліўся на 2 трупы: падмаст. кіраўніцтвам Яфрэмава (з 1989 МХАТ імя Чэхава) і Даронінай (МХАТ імя М.Горкага). На Беларусі працавалі рэжысёры МХАТ: І.Раеўскі (пастаноўкі ў бел. т-рах імя Я.Коласа і Я.Купалы), Судакоў (гал.рэж.Бел.т-ра імя Я.Купалы ў 1952—55). З 1923 існуе музей МХАТ. З 1943 працуе Школа-студыя імя Неміровіча-Данчанкі.