ВЫ́БАРГСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

адна з завяршальных аперацый у баях за Ленінград (гл. Ленінградская бітва 1941—44) у час Вял. Айч. вайны. Была часткай стратэгічнай аперацыі на паўн.-зах. напрамку ў чэрв. — жн. 1944 з мэтай вываду з вайны Фінляндыі. Праведзена 10—20 чэрв. войскамі правага крыла Ленінградскага фронту (Маршал Сав. Саюза Л.​А.​Говараў) ва ўзаемадзеянні з Балт. флотам (адмірал У.​Ф.​Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліяй (контр-адмірал В.​С.​Чарокаў). Напрамак гал. удару — Белавостраў, Выбарг. Сав. войскі, якія мелі перавагу ў пяхоце ў 2 разы, у артылерыі і танках амаль у 6 разоў, у авіяцыі ў 3 разы, у выніку жорсткіх баёў пераадолелі 3 паласы абарончых умацаванняў праціўніка, прасунуліся на глыб. 110—130 км і 20 чэрв. штурмам авалодалі г. Выбарг. Упершыню ў ваен. гісторыі за кароткі тэрмін прарваны сучасны ўмацаваны раён з сярэднім тэмпам прасоўвання 10—12 км за суткі. Праціўнік быў вымушаны перакінуць на выбаргскі напрамак больш як 5 дывізій, сур’ёзна аслабіўшы сваю групоўку перад Карэльскім фронтам.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БУХ ПАПУЛЯЦЫ́ЙНЫ,

рэзкае шматразовае, адносна раптоўнае павелічэнне колькасці асобін якога-н. біял. віду. Звязана з выключэннем звычайных механізмаў рэгулявання колькаснага складу папуляцый па прыродных або антрапагенных прычынах. Існуюць 4 асн. групы тэорый, якія тлумачаць выбух папуляцыйны: метэаралагічныя (у сувязі з узнікненнем сонечных плям і суадносных змен пагодных умоў); выпадковых флуктуацый (змена комплексу біятычных і абіятычных умоў асяроддзя); узаемадзеяння папуляцый; узаемадзеяння трафічных узроўняў (драпежнік — ахвяра, расліны — траваедныя). Найб. інтэнсіўны выбух папуляцыйны назіраецца ў некаторых выпадках пры інтрадукцыі новых відаў у спрыяльныя ўмовы асяроддзя, найчасцей у збедненых па відавым складзе прыродных і антрапагенных экасістэмах, а таксама пры адсутнасці ворагаў і канкурэнтаў. Пры выбуху папуляцыйным колькасць асобін расце са скорасцю, блізкай да біятычнага патэнцыялу. Вядомы інтэнсіўныя выбухі папуляцыйныя труса ў Аўстраліі, воднага гіяцынту ў Паўн. Амерыцы і Афрыцы, саранчы ў Еўразіі, лемінгаў у Еўропе і інш. На Беларусі як вынік выпадковай інтрадукцыі адзначаны выбух папуляцыйны эладэі канадскай, амер. соміка, каларадскага жука, некаторых інш. шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі.

Т.​А.​Філюкова.

т. 4, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯЛІ́КАЯ КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ»,

зборнікі дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Расіі. Выдадзены ў 10 кнігах (кожная пад сваёй назвай) у 1957—63 у Маскве на рус. мове Ін-там гісторыі АН СССР, Ін-там марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС і Гал. архіўным упраўленнем пры СМ СССР. 1-ы том прысвечаны рэв. руху ў Расіі пасля звяржэння манархіі (лют. 1917), 2-і — Красавіцкаму крызісу 1917, 3-і — Чэрвеньскаму крызісу 1917, 4-ы — Ліпеньскаму крызісу 1917, 5-ы — разгрому Карнілава мяцяжу 1917, 6-ы — рэв. руху ў Расіі ў вер. 1917, 7-ы — падрыхтоўцы ўзбр. паўстання ў кастр. 1917, 8-ы — Кастрычніцкаму ўзбр. паўстанню ў Петраградзе, 9-ы і 10-ы — устанаўленню сав. улады ў Расіі. Большасць дакументаў, якія асвятляюць рэв. падзеі канца 1917 — пач. 1918 на бел. землях, раней былі змешчаны ў зб-ках «Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя на Беларусі» (т. 1—2, 1957), «З гісторыі ўстанаўлення Савецкай улады на Беларусі і ўтварэння БССР» (т. 4, 1954) і інш.

т. 4, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЁЛКА (Phallus),

род грыбоў з групы парадкаў гастэраміцэтаў сям. вясёлкавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў лясных зонах зямнога шара, асабліва ў тропіках і субтропіках. На Беларусі трапляецца вясёлка звычайная (Phallus impudicus). Сапратроф, але можа ўтвараць грыбакорань (мікарызу) з дубам, букам, некат. кустамі (напр., ляшчынай). Расце на глебе адзіночна або невял. групамі ў маладых лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—кастрычніку. Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Пладовае цела спачатку замкнёнае белаватае або жаўтаватае, паўпадземнае яйцападобнае (т.зв. «чортава яйка») дыям. 5—7 см з тоўстым коранепадобным міцэліяльным цяжам каля асновы, укрытае трохслаёвай абалонкай (перыдыем). З узростам абалонка разрываецца, пладовае цела выцягваецца ў шчыльную губчатую пустую ножку (рэцэптакул) даўж. да 30 см з ячэйкавай шапачкай даўж. 3—4 см наверсе, якая ўкрыта слоем аліўкава-зеленаватай слізі з рэзкім пахам падлы, што прываблівае насякомых, якія разносяць споры. Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне («земляное масла») як процірэўматычны і проціпухлінны сродак Малады грыб ядомы.

В.​С.​Гапіенка.

Вясёлка звычайная.

т. 4, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЧЭ́РНЯЯ (ЗМЕ́ННАЯ) АГУЛЬНААДУКАЦЫ́ЙНАЯ ШКО́ЛА,

навучальная ўстанова для прац. моладзі і дарослых; састаўная частка сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі. Створаны ў 1943 для гар. маладзі, у 1944 — для сельскай. Да 1958 наз. школа рабочай моладзі і школа сельскай моладзі. Прымаюцца асобы ва ўзросце ад 15 гадоў. Як правіла, мае 10—12-ы класы — старэйшая ступень з 3-гадовым тэрмінам навучання (у дзённай школе 2-гадовы), аднак могуць стварацца і 9-я класы для асоб, якія заканчваюць базавую адукацыю. Асобныя вячэрнія класы адкрываюцца і пры дзённых агульнаадук. школах. Вячэрняя школа мае вочную, завочную і сесійную (для сельскай мясцовасці) формы навучання. На час экзаменаў даецца аплатны водпуск. У 1995/96 навуч. г. на Беларусі працавалі 82 вячэрнія агульнаадук. школы (20,9 тыс. навучэнцаў), у т. л. 1 для асоб з недахопамі слыху. Пры 127 дзённых школах створаны класы вячэрняга вочнага навучання; працавала група завочнага навучання (гл. таксама Вячэрняе навучанне).

Ю.​І.​Гладкоў.

т. 4, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАГЕНАВЫТВО́РНЫЯ ВУГЛЕВАДАРО́ДАЎ,

клас арганічных злучэнняў, якія маюць атамы галагенаў, звязаныя з вуглевадароднымі радыкаламі.

Большасць галагенавытворных вуглевадародаў бясколерныя вадкасці. У вадзе амаль не раствараюцца, добра раствараюцца ў эфіры, спірце і інш. арган. растваральніках. З вадой і слабымі растворамі шчолачаў утвараюць спірты, з аміякам — аміны, з солямі карбонавых кіслот — складаныя эфіры і г.д. Атам галагену каля вугляроду пры падвойнай сувязі (у т. л. ў араматычных галагенавытворных вуглевадародах) інертны і з цяжкасцю ўступае ў звычайныя для галагенавытворных вуглевадародаў рэакцыі (напр., вінілхларыд, хлорбензол). Пад уздзеяннем канцэнтраваных раствораў шчолачаў галагенавытворныя вуглевадароды утвараюць алкены. Атрымліваюць галагеніраваннем вуглевадародаў, спіртоў (замяшчэнне атамаў вадароду, гідроксігрупы галагенам), ненасычаных арган. злучэнняў (далучэнне галагенаў і галагенавадародаў) і інш. метадамі.

Выкарыстоўваюць як растваральнікі (метыленхларыд, тэтрахлорэтылен, трыхлорэтылен, трыхлорэтаны), холадагенты для халадзільных машын (хладоны), інсектыцыды (гексахлорбутадыен, ДД — сумесь дыхлорпрапанаў і дыхлорпрапенаў, гексахлорцыклагексан), абязбольвальныя сродкі ў медыцыне (хлараформ, этылхларыд, ёдаформ), як антыпірэны, у вытв-сці палімераў (полівінілхларыд, фторапласты) і інш. арган. рэчываў.

К.​Л.​Майсяйчук.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́Т (ад грэч. háls соль),

каменная соль, мінерал класа хларыдаў, хларыд натрыю, NaCl. Мае 39,34% натрыю, 60,66% хлору. Прымесі: бром, марганец, медзь, галій, мыш’як, серабро і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя, радзей актаэдрычныя. Агрэгаты зярніста-крышт., шчыльныя, валакністыя, радзей у выглядзе нацёкаў, скарынак, налётаў, сталактытаў, выцвітаў, друзаў. Бясколерны, прымесямі афарбоўваецца ў розныя колеры. Празрысты. Бляск шкляны, тлусты. Цв. 2. Шчыльн. 2,2 г/см³. Крохкі. Лёгка раствараецца ў вадзе, мае салёны смак. Утвараецца пераважна асадкавым шляхам (крышталізуецца з марской вады ў лагунах і рэліктавых азёрах, якія перасыхаюць), вядомы ў вулканічных вазгонах і экзагенных выцвітах. Гал. тыпы радовішчаў: каменная і калійная солі ў асадкавых горных пародах; самасадачная соль сучасных азёр; саляныя крыніцы. Выкарыстоўваецца ў харч., тэкст., фармацэўтычнай, хім. і энергет. прам-сці, электраметалургіі, халадзільнай справе, у вытв-сці пластмас і інш. Прамысл. радовішчы на Украіне, у Расіі, ЗША, Германіі. На Беларусі прамысл. паклады галіту вядомыя ў дэвонскіх адкладах. Распрацоўваецца Мазырскае радовішча каменнай солі.

У.​Я.​Бардон.

Галіт.

т. 4, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗЕ́ЛЬСКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1413,

заканадаўчы акт, які юрыдычна замацоўваў Гарадзельскую унію 1413, выдадзены ад імя караля Польшчы Ягайлы і вял. кн. ВКЛ Вітаўта. Меў на мэце ўмацаванне і пашырэнне каталіцызму ў ВКЛ. Касцёл і каталіцкі клір набывалі правы і свабоды, як і ў Польскім каралеўстве. Паны і шляхта ВКЛ, якія прымалі каталіцкую веру і атрымлівалі гербы, маглі карыстацца прывілеямі, як і польск. паны і шляхта, набывалі права на свабоднае распараджэнне сваёй маёмасцю і атрыманне спадчыны. Прадугледжвалася ўвядзенне пасад ваяводы і кашталяна ў Вільні, Троках і інш. месцах. Кіруючыя дзярж. пасады маглі займаць выключна феадалы-католікі. Гарадзельскі прывілей замацаваў парадак: пасля смерці Вітаўта паны і шляхта ВКЛ не мелі права выбіраць вял. князя без згоды Ягайлы і польск. феадалаў, а тыя пасля смерці Ягайлы — выбіраць караля без згоды Вітаўта, паноў і шляхты ВКЛ.

Літ.:

Белоруссия в эпоху феодализма: Сб. док. и материалов. Мн., 1959. Т. 1. С. 115—118;

Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права Мн., 1991. С. 32—35.

І.​А.​Юхо.

т. 5, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́, гатычны мінускул,

почыркавая разнавіднасць лацінскага пісьма эпохі сярэдневякоўя (12—15 ст.). Характарызуецца вуглавымі і востраканцовымі формамі. Першыя ўзоры гатычнага пісьма сустракаюцца ў Італіі ў 10 ст. З сярэдзіны 11 ст. прыходзіць на змену круглаватаму мінускульнаму пісьму эпохі Каралінгаў. У 12 ст. ў краінах Зах. Еўропы, якія карысталіся лацінкаю, выпрацаваўся больш-менш адзіны тып гатычнага пісьма. Для яго ўласцівы выцягнутыя літары, шчыльнае напісанне іх адна побач з адной, ламаная лінія контуру. З канца 12 ст. гэты адзіны тып стаў развівацца з улікам нац. асаблівасцей кожнай краіны. У Італіі пачынае пераважаць круглаватая форма літар, т.ч. гатычнае пісьмо знікае ўжо ў 14 ст. У Германіі гатычнае пісьмо атрымала далейшае развіццё і захоўвалася да пач. 20 ст., потым было выцеснена простым лац. шрыфтам (антыквай).

Адрозніваюць 4 віды гатычнага пісьма: тэкстура — вострае пісьмо; фактура — вострае пісьмо з ламанымі абрысамі; швабахер — ламанае пісьмо з акруглымі абрысамі некат. літар; круглагатычнае, пераходны від ад гатычнага да гуманіст. пісьма эпохі Адраджэння.

А.​А.​Кожынава.

Гатычнае пісьмо.

т. 5, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМЕХА́НІКА (ад геа... + механіка),

навука аб механічным стане зямной кары і працэсах, якія адбываюцца ў ёй пад уплывам натуральных і тэхнагенных фактараў. Да натуральных уздзеянняў адносяцца тэрмічныя (павышэнне і паніжэнне т-ры) і мех. (сілы, абумоўленыя гравітацыйным узаемадзеяннем, вярчэннем Зямлі і інш. касм. фактарамі); да тэхнагенных — распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў, прамысл. і грамадз. буд-ва, ядз. выбухі і інш.

Геамеханіка ўзнікла ў пач. 20 ст. як раздзел геафізікі. Яе тэарэт. і эксперым. даследаванні непасрэдна звязаны з інжынернай геалогіяй, газа-, гідра- і тэрмадынамікай, механікай суцэльнага асяроддзя. Геамеханіка вывучае заканамернасці напружана-дэфармаванага стану зямной кары, працэсы фарміравання мех. поля Зямлі, тлумачыць прыродныя з’явы, што ім спадарожнічаюць, прагназуе напрамкі і формы іх працякання. Устанаўлівае заканамернасці фарміравання мех. уласцівасцей горных парод і працякання працэсаў дэфармавання, перамяшчэння і разбурэння асобных дзялянак зямной паверхні.

Літ.:

Цытович Н.А., Тер-Мартиросян З.Г. Основы прикладной геомеханики в строительстве. М., 1981;

Войтенко В.С. Прикладная геомеханика в бурении. М., 1990.

У.​С.​Вайценка.

т. 5, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)