О́СІПАЎ (Сяргей Мікалаевіч) (н. 7.5.1932, г. Харкаў, Украіна),
бел. вучоны ў галіне газа- і тэрмадынамікі. Д-ртэхн.н. (1967), праф. (1968). Скончыў Данецкі індустрыяльны ін-т (1955). З 1980 у БПА (у 1985—96 заг. кафедры). Навук. працы па руднічнай аэралогіі, фізіцы горных парод, выбухапажарабяспецы, цепла- і масаабмене, вентыляцыі жылых і прамысл. будынкаў.
Тв.:
Метановыделение при разработке пологих угольных пластов. М., 1964;
Борьба со взрывами газа в горных выработках. М., 1972;
Взрывчатые свойства и нейтрализация парогазо-пылевых смесей. Киев, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ФНЕТ (Ofnet),
дзве палеаліт. пячоры (Вялікі і Малы О.) на Пд Германіі на ПнЗ ад г. Аўгсбург. Маюць па некалькі культурных пластоў, якія перакрываюць адзін аднаго і належаць да розных стадый позняга палеаліту, мезаліту, неаліту і эпохі металаў. У пячоры Вялікі О. выяўлена мезалітычнае пахаванне чалавечых чарапоў стараж. еўрапеоідаў. У адным паглыбленні 27 чарапоў, у другім — 6. Чарапы тваравымі часткамі павернуты да ўвахода ў пячору і густа пасыпаны вохрай. Побач знойдзены ўпрыгожанні з ракавін і зубоў аленяў. Большасць чарапоў належала жанчынам і дзецям.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАЗРО́НЫ,
асоба, затрыманая па падазрэнні ва ўчыненні злачынства, а таксама асоба, якой абрана мера стрымання да прад’яўлення абвінавачання. Паводле крымін.-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, П. з’яўляецца ўдзельнікам крымін. працэсу, які ўступае ў працэсуальныя адносіны на стадыі ўзбуджэння крымін. справы і папярэдняга следства. У працэсуальным становішчы ён можа знаходзіцца толькі на працягу вельмі кароткага тэрміну (не больш за 3 сутак), пасля чаго павінна быць вырашана пытанне пра прад’яўленне яму абвінавачання і меры стрымання, калі для гэтага будуць законныя падставы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДГРУ́ЗДКІ,
група шапкавых грыбоў сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомыя П.: белы, або сухар (Russula delica), чорна-белы (R. albonigra), чорны, або свіння (R.adusta). У лясах трапляюцца з ліп.па кастрычнік.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 15 см, пукатая, потым лейкападобная, белая, брудна-белая, бурая ці амаль чорная. Пласцінкі зыходныя або прырослыя. Ножка даўж. да 4 см, роўная ці слаба звужаная ў нізе, шчыльная. Мякаць белая, шчыльная. Споры яйцападобныя, бясколерныя. Ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПА́ЛАЎ (Уладзіслаў Паўлавіч) (н. 9.8.1958, в. Імяніны Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне клінічнай медыцыны. Д-рмед.н. (1996). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1975). З 1984 у Віцебскім мед. ун-це (з 1997 прарэктар, з 1999 адначасова заг. кафедры). Навук. працы па сардэчна-сасудзістых захворваннях насельніцтва розных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, радыеахоўных сродках, лекавых зборах.
Тв.:
Развитие дизадаптационного синдрома у населения, проживающего на загрязненных радионуклидами территориях // Здравоохранение Беларуси. 1994. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’Я́ВАРКА, Пад’яворка,
рака ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 226 км². Пачынаецца на зах. ускраіне Навагрудскага ўзвышша на У ад в. Явар, упадае ў Шчару вышэй р. Чарняўка на ПнЗ ад в. Вялікая Воля. Даліна трапецападобная, шыр. 500—800 м, месцамі 1,5 км. Пойма забалочаная, чаргуецца па берагах і двухбаковая, шыр. 50—150 м. Рэчышча на працягу 4,5 м вышэй в. Мельнікі каналізаванае. Каля в. Мядзвінавічы сажалка (пл. 0,09 км²).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯ́К (Мікалай Іванавіч) (н. 10.1.1945, г.п. Іўе Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-рмед.н. (1990). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1974), дзе і працаваў у 1979—91. З 1993 у Мед. цэнтры Мінскага трактарнага з-да (заг. аддзялення). Навук. працы па этыялогіі, патагенезе, лячэнні і прафілактыцы катаракты, глаўкомы, блізарукасці, дыстрафіі сятчаткі і захворванняў зрокавага нерва.
Тв.:
Поляризационные методы исследований в биологии и медицине. Мн., 1988 (у сааўт.);
Возрастная катаракта. Мн., 1997 (разам з Я.В.Баркоўскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЙС ((Pais) Эторэ) (27.7.1856, г. Борга-Сан-Дальмаца, Італія — 28.3.1939),
італьянскі гісторык антычнасці. Вучань Т.Момзена. Праф.стараж. гісторыі ва ун-тах Палерма (1886—89), Пізы (да 1899), Неапаля (да 1904), Рыма (да 1931). Аўтар прац па гісторыі Стараж. Рыма, у якіх крытыкаваў рым. традыцыю, сумняваўся ў гістарычнасці царскага і раннерэспубліканскага перыядаў (да 3 ст. да н.э.) у Рыме. На яго думку, рымляне не ведалі сапраўдных гіст. паданняў, родавых летапісаў, а ранняя рым. традыцыя склалася нібыта пад уплывам грэч.гіст. апавяданняў і рым. драмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЫ́Я ГАРМО́НЫ,
біялагічна актыўныя рэчывы, якія выпрацоўваюцца ў палавых залозах, наднырачнікавых залозах і плацэнце (у час цяжарнасці). Рэгулююць палавую дыферэнцыроўку, развіццё першасных і другасных палавых прыкмет, палавое размнажэнне, палавыя паводзіны. Уплываюць на абмен рэчываў. Пахім. прыродзе — стэроіды ці паліпептыды. Стэроідныя П.г. падзяляюць на мужчынскія (андрагены) і жан. (эстрагены і гестагены), якія ўтвараюцца ў асоб абодвух полаў у розных суадносінах. Поліпептыдныя П.г. прыгнечваюць прадукцыю фалікуластымулюючага гармону ў клетках гіпофіза. Біясінтэз П.г. рэгулюецца ганадатропнымі гармонамі гіпофіза. Прэпараты П.г. выкарыстоўваюць у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ДЗІН (Уладзімір Іванавіч) (23.7.1859, Масква — 3.2.1922),
расійскі батанік і біяхімік, заснавальнік школы фізіёлагаў і біяхімікаў раслін. Акад. Пецярбургскай АН (1914). Вучань К.А.Ціміразева. Бацька А.У.Паладзіна. Скончыў Маскоўскі ун-т (1883). У 1889—1914 праф. Харкаўскага, Варшаўскага і Пецярбургскага ун-таў. Навук. працы па дыханні раслін, ролі ферментаў у гэтым працэсе. Даследаваў утварэнне і каардынацыю дзейнасці раслінных ферментаў, працэсы ператварэння бялкоў. Устанавіў розніцу паміж запаснымі бялкамі і бялкамі пратаплазмы, першаснымі і другаснымі прадуктамі іх распаду. Прапанаваў тэорыю дыхання раслін як сістэму ферментатыўных рэакцый.