МІСКА́Л, міскаль, міткаль, мітсаль,

вагавая, грашова-лікавая і грашовая адзінка араб. краін Паўн. Афрыкі, Б. Усходу, Сярэдняй Азіі і мангола-татарскіх краін. У розных краінах М. меў розную масу. Як вагавая адзінка М. выкарыстоўваўся пры ўзважванні высакародных металаў (золата, серабро), каштоўных камянёў, ружовага масла і інш. Грашова-лікавы М. раўняўся залатому дынарыю. Як грашовая адзінка М. з’явіўся ў 7 ст. ў араб. краінах, у сваёй аснове меў рымска-візант. солід. У Паволжы манеты на аснове М.-дынарыя чаканіліся ў 2-й пал. 12 ст. У Марока ў 17—19 ст. выкарыстоўваўся як грашовая адзінка, у 1881—1918 — як манета.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 10, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСЮ́К (Мікалай Сямёнавіч) (19.12.1919, г. Котлас Архангельскай вобл., Расія — 13.10.1990),

бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі. Чл. кар. АМН СССР (1969), д-р мед. н. (1957), праф. (1958). Скончыў Ленінградскую ваенна-марскую мед. акадэмію (1942). З 1960 у Мінскім мед. ін-це (да 1989 заг. кафедры). Навук. працы па стэрэатаксічных аперацыях на падкоркавых структурах пры хваробах галаўнога мозга, нейракібернетыцы і прыкладной кібернетыцы, механізмах мозга.

Тв.:

Корреляционно-регрессионный анализ в клинической медицине. М., 1975 (разам з А.​С.​Мастыкіным, Г.​П.​Кузняцовым);

ЭВМ в диагностике нервных болезней. Мн., 1978;

Неотложная помощь в невропатологии. Мн., 1979 (разам з А.​М.​Гурленем, М.​С.​Дроніным).

М.С.Місюк.

т. 10, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЛЬЧАНКА (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 19.8.1947, г. Гомель),

дзяржаўны дзеяч Беларусі, журналіст. Канд. гіст. н. (1994). Скончыў БДУ (1974), Мінскую ВПШ (1981). З 1974 працаваў у БелТА, з 1979 у Саўміне БССР, на дыпламат. рабоце ў В’етнаме. З 1983 нам. нач., з 1990 нач. Гал. архіўнага ўпраўлення пры СМ БССР, з 1992 старшыня Дзярж. к-та па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь. Чл. Нац. камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА (з 1997). Адзін з аўтараў кн. «Ордэны на сцягу рэспублікі» (1985, з Я.​І.​Бараноўскім), зб-каў «Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР» (1990), «Дапаможнік па справаводству» (1993) і інш.

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЦІН (Марк Барысавіч) (5.7.1901, г. Жытомір, Украіна — 20.1.1987),

савецкі філосаф. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Ін-т чырвонай прафесуры ў Маскве (1929). Гал. рэдактар час. «Под знаменем марксизма» (1930—44), «Вопросы философии» (1960—67), дырэктар ін-та Маркса-Энгельса-Леніна пры ЦК КПСС (1939__44). з 1967 у АН БССР. Работы па дыялектычным і гіст. матэрыялізме, сац. філасофіі, бурж. і рэвізіянісцкай ідэалогіі. Дзярж. прэмія СССР (1943).

Тв.:

Гегель и теория материалистической диалектики. М., 1932;

Философия и современность. М., 1960;

Проблемы современной идеологической борьбы: Критика социолог. и социально-полит. концепций. М., 1976;

Философия и социальный прогресс: Анализ современ. буржуаз. концепций социал. прогресса. М., 1979.

т. 10, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́МАНТ СІ́ЛЫ,

фізічная велічыня, якая характарызуе вярчальны эфект сілы пры ўздзеянні яе на цвёрдае цела; адно з асн. паняццяў механікі.

Адрозніваюць М.с. адносна цэнтра (полюса) і адносна восі. М.с. адносна цэнтра O выражаецца вектарным здабыткам M→ = r→ × F→ , дзе r→ — радыус-вектар, праведзены з цэнтра O у пункт прыкладання сілы F→. М.с. адносна восі z — скалярная велічыня, роўная праекцыі на z вектара M→, вызначанага адносна любога пункта восі z. Калі сістэма сіл мае раўнадзейную, яе момант адносна полюса роўны геам. суме момантаў складальных сіл, адносна восі — алг. суме адпаведных праекцый момантаў гэтых сіл. Адзінка М.с. ў СІ — ньютан-метр. Гл. таксама Вярчальны момант, Вярчальны рух.

т. 10, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЦАРТЭ́УМ, Міжнародная ўстанова Моцартэум (Internationale Stiftung Mozarteum),

музычна-навуковае таварыства ў г. Зальцбург (Аўстрыя); цэнтр моцартазнаўства. Засн. ў 1880. Пры т-ве арганізаваны аркестр (з 1958 дзярж.), канцэртнае бюро і музей, публічная муз. школа (з 1914 кансерваторыя, у 1953 вылучылася з М. як Акадэмія музыкі і сцэн. мастацтва «Моцартэум», з 1971 — Вышэйшая школа музыкі і сцэн. мастацтва «Моцартэум»). У 1931 на базе М. засн. Цэнтр. ін-т моцартазнаўства. Выдаюцца поўны збор твораў В.​А.​Моцарта (з 1955), «Паведамленні...», «Моцартаўскія штогоднікі» (абодва з 1966) і інш. Штогод арганізуе летнія дырыжорскія і муз. курсы (з 1937 працуе Міжнар. летняя акадэмія), да 1920 удзельнічаў у правядзенні Зальцбургскіх фестываляў.

т. 10, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЦХЕ́ТА,

горад, раённы цэнтр у Грузіі, пры ўпадзенні р. Арагві ў р. Кура, на Ваенна-Грузінскай дарозе. 9,9 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя. Прам-сць: з-д «Прамсувязь», трыкат. ф-ка, харч. прам-сць. ГЭС.

Засн. ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. Да канца 5 ст. н.э. сталіца ўсх.-грузінскай дзяржавы Картлі (Іберыі). Раскопкамі ў 1870-я г. і з 1937 выяўлены рэшткі гар. кварталаў, рэзідэнцый, могільнікі, датаваныя ад энеаліту да позняга сярэднявечча. Захаваліся храм-манастыр Джвары (6—7 ст.), сабор Светыцхавелі (11 ст.) і інш. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Кисель В.П. Памятники всемирного наследия. Мн., 1998. С. 71—72.

т. 11, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШ’ЯКАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у малекулах якіх ёсць сувязь мыш’як — вуглярод (As—C). Сінтэзаваны ў 1760 Л.​Кадэ дэ Гасікурам.

Найпрасцейшыя М.з. — арганаарсіны з агульнай ф-лай RnAsH3-n (R — арган. радыкал, n=1—3) — вадкасці (метыларсін CH3AsH2 — газ), раствараюцца ў арган. растваральніках, устойлівыя пры награванні. З інш. М.з. найб. даследаваныя алкіл- і арыларсонавыя к-ты агульнай ф-лы RAs(O)(OH)2, крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе і этаноле. Выкарыстоўваюць М.з. як лек. сродкі (напр., асарсол 3-ацэтаміна-4-гідроксіфенілорсонавая к-та процісіфілісны сродак), рэагенты ў аналіт. хіміі. Многія М.з. і іх вытворныя атрутныя рэчывы (напр., адамсіт, люізіт).

т. 11, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБЛІ́ЖАНАЕ ВЫЛІЧЭ́ННЕ,

атрыманне набліжаных рашэнняў розных матэм. задач (напр., задач, якія ўзнікаюць пры матэматычным мадэліраванні рэальных працэсаў і з’яў). Выкарыстоўваецца ў ядз. фізіцы, касманаўтыцы, машынабудаванні і інш.

Найб. пашыраныя задачы Н.в.: рашэнне алг. і трансцэндэнтных ураўненняў, а таксама сістэм такіх ураўненняў; набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый, набліжанае дыферэнцаванне, набліжанае інтэграванне і інш. Для рашэння пэўнай матэм. задачы выбіраецца (ці будуецца) адпаведны лікавы метад — алгарытм (распрацоўваецца і вывучаецца ў тэорыі лікавых метадаў). Для Н.в. шырока выкарыстоўваюцца ЭВМ (алгарытмы рашэнняў задач, якія найб. часта ўзнікаюць на практыцы, уваходзяць у іх матэматычнае забеспячэнне). У інж. разліках часта карыстаюцца графічнымі вылічэннямі і намаграмамі. (Гл. таксама Вылічальная матэматыка.)

Л.​А.​Яновіч.

т. 11, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ЛЬНЫЯ ВАГА́ННІ,

уласныя (свабодныя) гарманічныя ваганні лінейных дынамічных сістэм з пастаяннымі параметрамі, дзе адсутнічаюць страты энергіі ці яе прыток ад знешніх крыніц. Характарызуюцца пэўным значэннем частаты, з якой вагаюцца элементы сістэмы, і формай (размеркаваннем амплітуд і фаз па элементах сістэмы).

Дыскрэтныя сістэмы, якія складаюцца з Ν звязаных гарманічных асцылятараў (напр., мех. маятнікаў, вагальных контураў), маюць роўна Ν Н.в. Размеркаваныя сістэмы (напр., струна, мембрана, рэзанатар) маюць бясконцае злічонае мноства Н.в. Адвольны свабодны рух сістэмы можна выявіць як суперпазіцыю Н.в., а поўная энергія руху распадаецца на суму парцыяльных энергій асобных Н.в. Пры знешнім узбуджэнні сістэмы Н.в. ў значнай ступені вызначаюць яе рэзанансныя ўласцівасці (гл. Рэзананс).

т. 11, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)