АСАЦЫЯТЫ́ЎНЫ СЛО́ЎНІК,

лінгвістычны даведнік, у якім фіксуюцца семантычныя сувязі паміж словамі (з указаннем іх частаты), выяўленыя ў выніку прамога псіхалінгвістычнага апытання носьбітаў мовы (інфармантаў).

Інфармантам даецца слова-стымул і прапануецца адказаць на яго першым словам-рэакцыяй (свабодны асацыятыўны эксперымент) альбо сінанімічнымі, антанімічнымі, тэматычна звязанымі і інш. словамі-рэакцыямі (накіраваны асацыятыўны эксперымент). Вынікі такіх эксперыментаў афармляюцца ў выглядзе розных тыпаў асацыятыўных слоўнікаў. Прамы асацыятыўны слоўнік складаецца з рэестравых слоў-стымулаў і ўсіх выяўленых на іх слоў-рэакцый ці толькі тых, што сустрэліся ў адказах 10 і больш інфармантаў, т.зв. ўстойлівыя асацыяцыі. Адваротны асацыятыўны слоўнік складаецца з рэестравых слоў-рэакцый і ўсіх слоў-стымулаў, што выклікалі іх, ці толькі тых, якія з’яўляюцца ўстойлівай асацыяцыяй. Слоўнік асацыятыўных нормаў сумяшчае рысы прамога і адваротнага асацыятыўных слоўнікаў. Асацыятыўны тэзаўрус на падставе выяўленых сувязяў паміж словамі пэўнай мовы групуе іх у семантычныя палі, вызначае ўзаемаадносіны паміж імі і гэтак далей

На Беларусі выдадзены толькі прамы «Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы» А.​І.​Цітовай (1981).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБО́ВЫЯ, матыльковыя (Fabaceae, Leguminosae),

сямейства двухдольных раслін з парадку бабовакветных. Каля 650 родаў, больш за 18 тыс. відаў. Пашыраны па ўсёй сушы зямнога шара. На Беларусі 20 родаў (найб. вядомыя баркун, вязель, гарох, гарошак, жаўтазель, зяновец, канюшына, куравай, лубін, люцэрна, пералёт, рабінія, рутвіца, чына, эспарцэт) і больш за 80 дзікарослых відаў. Рэдкія віды бабовых занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Адна- і шматгадовыя травы, паўкусты і кусты, ліяны і дрэвы. Лісце пераважна чаргаванае, складанае, з прылісткамі. Кветкі найчасцей у гронка-, коласападобных і галоўчатых суквеццях, звычайна зігаморфныя. Плод — боб. На каранях бабовых утвараюцца клубеньчыкі, у якіх знаходзяцца бактэрыі, здольныя фіксаваць атм. азот. Тэхн., лек., харч., кармавыя, дэкар. і сідэратныя расліны; ёсць ядавітыя, якія маюць алкалоіды і выкарыстоўваюцца як лек. і інсектыцыдныя.

Літ.:

Флора СССР. Т. 11. М.; Л., 1945;

Тахтаджян А.Л. Система и филогения цветковых растений. М.; Л., 1966;

Яго ж. Система магнолиофитов. Л., 1987;

Флора Европейской части СССР. Т. 6. Л., 1987.

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (№131). Створаны ў Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікамі летам 1941 у акупіраваным Бабруйску на тэр. Бабруйскай крэпасці для масавай загубы сав. ваеннапалонных і цывільных грамадзян. Пад канец года ў ім было каля 60 тыс. чал., з іх больш за 20 тыс. трымалі пад адкрытым небам. З-за голаду, холаду, антысанітарных умоў пачалася эпідэмія сыпнога тыфу. У кастр.—ліст. 1941 за суткі памірала 600—800, зімой — да 1 тыс. чал. Цяжкахворых фашысты закопвалі разам з мёртвымі. 7.11.1941 гітлераўцы падпалілі адзін з баракаў. Вязняў, якія выбягалі з падпаленага будынка, расстрэльвалі з кулямётаў. У выніку згарэла і расстраляна больш за 4 тыс. чал. У снеж. 1941 пад выглядам адпраўкі ў Мінск 3200 паўраспранутых вязняў пагрузілі ў таварныя вагоны і на адкрытыя платформы. Усе яны па дарозе замерзлі. Да жн. 1942 загублена каля 40 тыс. чал., да студз. 1944 — усе ваеннапалонныя. Лагер увесь час папаўняўся цывільнымі вязнямі, 5 тыс. з іх вызваліла Чырв. Армія. На магіле ахвяраў фаш. тэрору пастаўлены помнік.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІ́ЛІ́КА (ад грэч. basilikē царскі дом),

выцягнуты, прамавугольны ў плане будынак, падзелены падоўжнымі радамі калон ці слупоў на некалькі (звычайна 3 ці 5) частак (т.зв. караблёў, ці нефаў), якія маюць самастойныя перакрыцці. Сярэдні гал. неф заўсёды вышэйшы за бакавыя, верхняя частка яго сцен, прарэзаная вокнамі, выступае над дахамі бакавых нефаў. Перад уваходам базілікі — папярочны прытвор (нартэкс), а ў процілеглым канцы сярэдняга, большага па шырыні нефа — паўкруглы выступ (апсіда), накрыты паўкупалам. Першапачаткова базілікі мелі драўлянае перакрыцце, якое пазней замянілі мураваным скляпеністым. У Стараж. Рыме базілікі выкарыстоўваліся як судовыя залы, рынкі, біржы і інш. Пазней базіліка стала адным з асн. тыпаў хрысц. храмаў, пашырылася ў візантыйскай, сірыйскай, раманскай і гатычнай архітэктуры, а таксама ў архітэктуры Адраджэння і барока. На Беларусі базілікі з’явіліся ў канцы 16 ст., пашырыліся ў 18 ст. Найчасцей выкарыстоўваліся ў культавых хрысц. будынках (каталіцкіх, праваслаўных і уніяцкіх), зрэдку — у ратушах (Слуцк), сінагогах (Слонім).

Базіліка Санта-Сабіна ў Рыме. 432 г.

т. 2, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭ́РЫІ (ад грэч. baktērion палачка),

група мікраскапічных, пераважна аднаклетачных арганізмаў. Вядома больш за 2000 відаў, якія належаць да пракарыётаў, што не маюць аформленага клетачнага ядра. У сучаснай класіфікацыі на аснове сукупнасці марфалагічных, культуральных і фізіёлага-біяхім. прыкмет усіх бактэрый падзяляюць на эўбактэрыі і архебактэрыі. Бактэрыі маюць палачкападобную (бацылы, кластрыдыі, псеўдаманады), шарападобную (кокі), звілістую (вібрыёны, спірылы, спірахеты) форму: дыяметр 0,1—10 мкм, даўж. 1—20 мкм, а ніткаватыя шматклетачныя бактэрыі — 50—100 мкм. Некаторыя бактэрыі ўтвараюць споры. Многія рухомыя, маюць жгуцікі. Паводле спосабу жыўлення вылучаюць аўтатрофы і гетэратрофы. Залежна ад тыпу дыхання бактэрыі падзяляюць на аэробы і анаэробы. Удзельнічаюць у кругавароце рэчываў у прыродзе, ачышчэнні асяроддзя ад арган. рэшткаў, фарміраванні структуры і ўрадлівасці глебы; падтрымліваюць запасы вуглякіслага газу ў атмасферы. Выкарыстоўваюцца ў харч., мікрабіял., хім. і інш. галінах прам-сці. Патагенныя (хваробатворныя) бактэрыі — узбуджальнікі хвароб раслін, жывёл і чалавека.

Літ.:

Гусев М.В., Минеева Л.А. Микробиология. 3 изд. М., 1992.

Да арт. Бактэрыі: 1 — кокі; 2 — бацылы; 3 — спірылы; 4 — вібрыёны.

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛКА́НСКАЯ КАМПА́НІЯ 1941,

аперацыя ўзбр. сіл фаш. Германіі, Італіі і Венгрыі 6—29.4.1941 па разгроме югасл. і грэч. армій у 2-ю сусв. вайну. Падрыхтавана гітлераўскім камандаваннем пасля няўдач войскаў Мусаліні ў развязанай ім 28.10.1940 вайне супраць Грэцыі (аперацыя «Марыта») і адмовы новага югасл. ўрада ген. Д.​Сімовіча ўступіць у саюз з Германіяй. Наступленне на Югаславію адначасова вялі з тэр. Балгарыі, Венгрыі і Аўстрыі больш за 80 ням., італьян. і венг. дывізій, якія прарвалі абарону югасл. арміі (няпоўных 40 дывізій) і 12 крас. ўвайшлі ў Бялград. 17 крас. Югаславія капітулявала. У Грэцыі былі разбіты 15 грэч. дывізій і Брыт. экспедыцыйны корпус (2 дывізіі і танк. брыгада). 29 крас. грэч. камандаванне падпісала акт аб капітуляцыі. Брыт. флот эвакуіраваў свае сухап. часці з Грэцыі на в-аў Крыт.

Літ.:

Международные отношения и страны Центральной и Юго-Восточной Европы в период фашистской агрессии на Балканах и подготовки нападения на СССР (сентябрь 1940 — нюнь 1941). М., 1992.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКАЯ АКРУГО́ВАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫ́Я ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з мая 1942 да снеж. 1943. Яе ўзначальваў Акруговы бел. антыфаш. к-т Баранавіцкай вобласці. Створана на базе антыфаш. груп Гродзенскай вобласці. Арганізацыйна аформлена 5.5.1942 на міжраённай канферэнцыі кіраўнікоў шэрагу антыфаш. груп, выбраны Акруговы к-т з 6 чал.: Г.​М.​Картухін (старшыня), А.​Ф.​Манкевіч (нам. старшыні, абодва да ліп. 1942), А.​А.​Патапаў (сакратар), Б.​І.​Гардзейчык, П.​В.​Жукоўскі, А.​І.​Іваноў. К-т аб’ядноўваў разрозненыя партыз. і падп. групы, садзейнічаў стварэнню новых груп і арг-цый. Да чэрв. 1942 створаны: 5 дыверсійных груп (125 чал.); Васілішкаўскі, Скідзельскі і Шчучынскі раённыя к-ты, якія ўзначальвалі 35 падп. груп (150 чал.). Да восені 1942 пад кіраўніцтвам К-та барацьбу з акупантамі вялі больш за 260 падпольшчыкаў. Антыфаш. арг-цыі праводзілі паліт. работу сярод насельніцтва і партызанаў, выпускалі лістоўкі. Далейшы рост партыз. руху ў рэгіёне праходзіў у цеснай сувязі з антыфаш. арг-цыямі.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАРЫДО́З,

інвазійная хвароба свіней і чалавека, якая выклікаецца аскарыдамі. Пашкоджваецца тонкі кішэчнік (дарослыя паразіты) і парэнхіматозныя органы (лічынкі). Лічынкі ў кішэчніку выходзяць з яец аскарыдаў, якія заглынаюцца з вонкавага асяроддзя, з крывёй заносяцца ў печань, потым у лёгкія, ротавую поласць і зноў у кішэчнік. Праз 1,5—2 мес яны развіваюцца ў дарослых паразітаў.

У жывёл часцей хварэе маладняк да 6—7 месячнага ўзросту. Павышаецца т-ра цела, пагаршаецца апетыт, пачашчаецца дыханне, паяўляюцца кашаль, ірвота, панос, часам — сутаргі, на скуры можа быць высыпка. У чалавека адрозніваюць 2 стадыі: раннюю — міграцыйную і познюю — кішачную. Першая часцей праходзіць бессімптомна. Пры другой (кішачнай) адзначаюцца моташнасць, недамаганне, болі ў страўніку, слінацячэнне, пагаршэнне апетыту, галаўны боль, галавакружэнне, павышаная стамляльнасць. Пры множнай інвазіі дзеці ў сне скрыгочуць зубамі; у іх можа ўзнікаць бранхіт, астматычнае ўдушша, малакроўе, нервовасць, рассеянасць. Магчымы ўскладненні: гнойны халецыстыт, абсцэс печані, перытаніт, сепсіс, панкрэатыт, апендыцыт; закупорка клубком аскарыдаў прасвету кішэчніка можа выклікаць непраходнасць кішэчніка. Лячэнне праводзіць урач.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,

раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.

Г.​А.​Маслыка.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФЕ́КТАЎ ТЭО́РЫЯ,

музычна-тэарэтычная канцэпцыя, заснаваная на ўяўленні аб музыцы як мастацтве, гал. змест якога адлюстраванне афектаў — пачуццяў, страсцей і эмоцый чалавека. Узнікла на аснове ант. тэорыі муз. этасу. Пашырана ў 17—18 ст. Асн. прынцыпы тэорыі сфармуляваў у 1744 І.​Матэзан; станаўленне звязана з працамі Р.​Дэкарта, Ж.​Ж.​Русо, Ж.​Д’Аламбера, Д.​Дзідро, М.​Мерсена і інш., якія сцвярджалі сувязь акордаў, мелодыкі, рытму, тэмпу, а таксама дысанансу, танальнасці і інш. са светам пачуццяў, разглядалі канкрэтныя спосабы адлюстравання душэўных настрояў сродкамі муз. мовы, пытанні аб пастаянстве і зменах, градацыях і адценнях афектаў. Класіфікацыю афектаў зрабілі А.​Кірхер (8 відаў) і Ф.​В.​Марпург (27 відаў). Афектаў тэорыя была своеасаблівай апазіцыяй музыцы рацыяналістычных тэндэнцый і царк. музыцы. Нягледзячы на пэўны схематызм, яна выявіла новыя эстэт. погляды і часткова прадвызначыла рысы сентыменталізму ў музыцы.

Літ.:

Шестаков В.П. От этоса к аффекту. М., 1975;

Золтаи Д. Этос и аффект: Пер. с нем. М., 1977.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 2, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)