наўмысны сумесны ўдзел дзвюх ці больш асоб ва ўчыненні наўмыснага злачынства. Саўдзельнікамі злачынства побач з выканаўцамі прызнаюцца арганізатары, падбухторшчыкі і памагатыя. Выканаўцам прызнаецца асоба, якая арганізавала злачынства або кіравала яго ўчыненнем, або асоба, якая непасрэдна ўчыняе злачынства або непасрэдна ўдзельнічае ў ім сумесна з інш. асобамі, або ўчыняе злачынства праз выкарыстанне інш. асоб, якія не падлягаюць паводле закону крымін. адказнасці або ўчынілі злачынства па неасцярожнасці. Арганізатарам (кіраўніком) прызнаецца асоба, якая арганізавала злачынства або кіравала яго ўчыненнем, або асоба, якая стварыла арганізаваную групу (злачынную арг-цыю) ці кіравала імі. Падбухторшчыкам прызнаецца асоба, што схіляла інш. асобу да ўчынення злачынства. Памагатым прызнаецца асоба, якая садзейнічала ўчыненню злачынства парадамі, указаннямі, прадстаўленнем інфармацыі або прылад і сродкаў учынення злачынства, устараненнем перашкод або аказаннем інш. дапамогі, або асоба, якая загадзя абяцала схаваць злачынцу, сляды злачынства або прадметы, набытыя злачынным шляхам, або асоба, якая загадзя абяцала набыць ці збыць такія прадметы. Адказнасць арганізатара, падбухторшчыка і памагатага настае па тым жа арт. Асаблівай часткі Крымін. кодэкса Рэспублікі Беларусь, што і выканаўцы. За дзеянні, што ўчынены выканаўцам і не ахопліваюцца намерам саўдзельнікаў, інш. саўдзельнікі крымін. адказнасці не нясуць. Саўдзельнікі нясуць павышаную адказнасць, калі злачынства ўчынена групай асоб, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў яго ўчыненні, або арганізаванай групай, або злачыннай арг-цыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ЖУРНАЛІ́СТАЎ БЕЛАРУ́СІ.
Беларускі саюз журналістаў, добраахвотная грамадская арганізацыя прафес. работнікаў перыяд. друку, тэлебачання, радыёвяшчання, інфарм. агенцтваў, выдавецтваў. Створаны ў 1959 як С.ж.Б. З 1995 наз.Бел. саюз журналістаў. Гал. задачы саюза — павышэнне прафес. майстэрства журналістаў, іх кругагляду і абагульненне лепшага вопыту. Арганізоўвае творчыя семінары, стажыроўку маладых журналістаў, прэс-канферэнцыі, творчыя конкурсы, выстаўкі. Членамі саюза могуць быць журналісты, фотакарэспандэнты, мастакі, рэдактары, якія працуюць у друку, на радыё і тэлебачанні, у інфарм. агенцтвах не менш як 3 гады і валодаюць высокім прафес. майстэрствам. Вышэйшы орган — рэсп. з’езд. Паміж з’ездамі дзейнасцю саюза кіруе сакратарыят і рада. З’езды адбыліся ў 1959, 1962, 1966, 1971, 1977, 1982, 1987, 1990, 1995, 2000. Дзейнасць С.ж.Б. распаўсюджваецца на тэр. Рэспублікі Беларусь. У абласцях створаны абласныя журналісцкія арг-цыі, у рэдакцыях — пярвічныя. Уваходзіць у склад Міжнар. канфедэрацыі журналісцкіх саюзаў. Яго прадстаўнікі ўдзельнічаюць у міжнар. сустрэчах і сімпозіумах журналістаў, арганізоўваюць аналагічныя мерапрыемствы на Беларусі, спрыяюць умацаванню супрацоўніцтва і абмену вопытам паміж сродкамі масавай інфармацыі розных краін свету. Выдае газ. «Вдохновение». Старшыні С.ж.Б.: Ф.Я.Кляцкоў (1959—71), У.В.Мацвееў (1971—73), А.А.Тоўсцік (1973—87), І.П.Макаловіч (1987—90), Л.С.Екель (з 1990). На 1.9.2001 аб’ядноўвае 2500 чл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СД (ням. SD скарачэнне ад Sicherheitsdienst des Reichsführers SS служба бяспекі рэйхсфюрэра СС),
служба бяспекі і паліт. разведкі (шпіянажу) унутры СС, якая дзейнічала ў межах Нацыянал-сацыялісцкай партыі (НСДАП) у час дыктатуры гэтай партыі ў Германіі. Засн. ў 1931 Г.Гімлерам як служба разведкі (узначальваў Р.Гайдрых), з вер. 1932 наз. СД. Напачатку служыла для збору інфармацыі пра паліт. праціўнікаў і апазіцыянераў унутры НСДАП. З 1933 парт. ведамства з уласнай арг-цыяй на ўсёй тэр. дзяржавы па ажыццяўленні паліт. кантролю над насельніцтвам, з 1934 адзіная разведвальная служба нацысцкай партыі. У 1939 разам з паліцыяй бяспекі падпарадкавана Гал. ўпраўленню імперскай бяспекі (РСХА). Дзейнічала праз штатных і няштатных агентаў, мела архівы (картатэкі), афіц. канторы; выканаўчую ўладу ажыццяўляла гестапа. З СД рэкрутаваліся кіруючыя кадры для паліцыі бяспекі, якія дзейнічалі ў 2-ю сусв. вайну (са студз. 1943 СД узначальваў Э.Кальтэнбрунер) як кіраўнікі т. зв. айнзацгруп у акупіраваных краінах, у т. л. на Беларусі (айнзацгрупы «A» і «B»). Яны арганізоўвалі забойствы паліт. праціўнікаў фашызму, яўрэяў і інш. У падпарадкаванні Мінскага СД знаходзіўся Трасцянецкі лагер смерці. У лют. 1944 да СД перайшлі гал. функцыі органа ваен. разведкі і контрразведкі Абвера. На Нюрнбергскім працэсе пасля 2-й сусв. вайны СД прызнана злачыннай арг-цыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАМБУ́ЛЬСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых і буйнейшых ун-таў Турцыі. Засн. ў 1453 (паводле інш. звестак у 1321) у г. Стамбул як мусульм. вышэйшая школа. З 1846 ун-т; першая свецкая ВНУ у Турцыі. Ун-т некалькі разоў быў закрыты. У 2001/02 навуч.г. ў С.у. 25 374 студэнты, у т. л. 1928 замежных; 4812 выкладчыкаў; ф-ты: мед.; мед. імя Джэрахпашы; стаматалагічны; вет.; пед. імя Хасана Алі Юджэл; юрыд.; багаслоўскі; прыродазнаўчых навук; фармацэўтычны; сувязі; паліт. навук; лесаводства; л-ры; эканам.; кіравання гаспадараннем; інжынерны; воднай гаспадаркі. У складзе ун-та аддзяленні (інфармацыі; мастацтваў; фізкультуры і спорту; па вывучэнні турэцкай мовы, замежных моў), вышэйшыя школы (кансерваторыя; аховы здароўя Бакыркой, Шышлі; мед. сясцёр; мед. абслугоўвання; фізіятэрапіі і рэабілітацыі; грамадскіх навук; тэхн. навук; права; фізкультуры і спорту; транспарту; кіравання лесагаспадаркай), ін-ты (кардыялагічны; дзіцячага здароўя; туберкулёзу і захворванняў лёгкіх; неўралогіі; эксперыментальнай медыцыны; суд. медыцыны; анкалагічны; грамадскіх навук; прыродазнаўчых навук; аховы здароўя; марскіх навук і кіравання; прынцыпаў Атацюрка і гісторыі рэвалюцыі; кіравання эканомікай; еўраазіяцкай археалогіі; бухгалтэрыі); цэнтры даследавання (дэрматалогіі; малекулярнай анкалогіі і гемапаталогіі; медыцыны Джэрахпашы, выкарыстання медыцыны; выкарыстання нар. медыцыны; гепатапанкрэаталагічных хвароб; традыц. лекавых сродкаў; лекаў з раслін; выкарыстання генетыкі; біятэхнікі і генетычнага інжынерынгу; праблем навакольнага асяроддзя; беспрытульных дзяцей; выкарыстання камп’ютэрных навук; жаночых праблем; еўрапейскай супольнасці; лінгвістычны; правоў чалавека; прыродных багаццяў; абсерваторыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНЦАВА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,
у шырокім сэнсе — музыка для суправаджэння танца, а таксама муз. творы, якія захоўваюць прыкметы танц. жанраў, але прызначаны для слухання; у вузкім сэнсе — лёгкая музыка, якая суправаджае бытавыя танцы, састаўная частка эстр. і джазавай музыкі. Для Т.м. характэрны дамінаванне метра, тыповыя рытмавыя формулы, акрэсленасць кадэнцый, перавага інстр. жанраў (не выключаецца і вакал).
Т.м. — адзін са стараж. відаў музыкі. Першапачаткова Т.м. — вакальная, а першыя муз. інструменты — ударныя; падзялялася на нар. і прафес. (палацавая, цырыманіяльная, тэатралізаваная). На працягу развіцця Т.м. і некат. муз. жанры ўплывалі адзін на адзін. Да Т.м. адносяцца творы прафес. аўтараў з самаст.маст. каштоўнасцямі, якія маюць жанрава-танц. аснову (вальсы і мазуркі Ф.Шапэна, «Славянскія танцы» А.Дворжака, «Арагонская хота» М.Глінкі). У гэтых творах элементы Т.м. спалучаюцца з танцавальнасцю як асаблівым эстэт. прынцыпам. У агульнамаст. плане танцавальнасць уласціва значнай колькасці твораў прафес. музыкі самых разнастайных жанраў. З 20 ст. Т.м. — найб. пашыраны від муз. мастацтва, што належыць да масавай культуры (гл.Поп-музыка). Сваёй папулярнасцю і уніфікаванасцю Т.м. абавязана сродкам масавай інфармацыі. Сярод традыц. і сучаснай Т.м. 20 ст.найб. папулярныя вальс, танга, рок-н-рол, брэйк-данс інш.
Літ.:
Ефименкова Б. Танцевальные жанры в творчестве замечательных композиторов прошлого и наших дней. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУРАЛАГІ́ЧНЫ ФІЛЬМ,
неігравы фільм, прысвечаны тэмам гісторыі, культуры, мастацтва; жанрава-тэматычная мадэль сусв. кінамастацтва. Сфарміраваўся на стыку дакумент. і навук.-папулярнага кінематографа як абагульненае культуралагічнае даследаванне з вобразным асэнсаваннем інфармацыі; у ім суадносяцца маст. і навук. пачаткі.
У сусв. кінамастацтве ўзнік у Францыі на аснове фільмаў пра выяўл. мастацтва «д’ар»; з цягам часу тэматыка мастацтвазнаўчых фільмаў пашыралася.
У бел. кіно К.ф. развіваецца з сярэдзіны 1980-х г., калі бел. кінематаграфісты звярнуліся да стварэння бел.нац. экраннай гіст.-культ. анталогіі. Першыя фільмы структурна і стылістычна нагадвалі кіналекцыі («Цішка Гартны», «Быў. Ёсць. Буду», абодва 1988, рэж. Ю.Цвяткоў; «Ефрасіння Полацкая», 1989, рэж.
В.Моракава; «Гетман найвышэйшы», 1992, рэж. В.Каралёў; «Дзядзька Уласаў», 1992, рэж. Ю.Лысятаў; «Ян Чачот», 1993, рэж. В.Сукманаў), асн. ўвага аддавалася слоўнаму каментарыю і ілюстрацыйнасці. Паступова сфарміравалася жанравая мадэль, якая спалучае асв. і эстэт. мэты; у фільмах апрача слоўнага каментарыя сталі выкарыстоўвацца разнастайныя маст. сродкі. Сярод найб. значных К.ф.: «Рэха збройнага чыну», «Вянок цярновы васількоў» (рэж. абодвух С.Гайдук), «Магдэбургскае права» (рэж. Сукманаў, усе 1992), «Успамін пра Міколу Равенскага» (1993, рэж. М.Жданоўскі), «Паланэз для касінераў» (1994, рэж. Р.Ясінскі), «Жыві ў свабодзе» (1997, рэж. С.Пятроўскі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНЫ КОД,
адзіная сістэма «запісу» спадчыннай інфармацыі ў малекулах нуклеінавых кіслот у выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў, што ўваходзяць у склад генаў. Уласцівы ўсім жывым арганізмам (у т. л. вірусам) і заснаваны на індывід. адрозненні ў наборах і ўзаемаразмяшчэнні чатырох азоцістых асноў (адэніну, гуаніну, цытазіну, урацылу) у малекулах ДНК або РНК. Адзінкай генетычнага кода служыць кадон, або трыплет (трынуклеатыд). Генетычны код, запісаны ў малекуле ДНК, вызначае парадак размяшчэння амінакіслот у бялковай малекуле, ад якога залежыць уласцівасць самога бялку. Зыходзячы з таго, што малекула ДНК складаецца з дзесяткаў тысяч нуклеатыдаў, практычна дапускаецца неабмежаваная колькасць спалучэнняў азоцістых асноў і магчымасць кадзіравання ўсіх бялкоў у арганізме.
Сутнасць генетычнага кода, прынцыпы будовы і асн. ўласцівасці (універсальнасць, здольнасць да выраджэння, трыплетнасць) эксперыментальна выявілі ў 1961—65 амер. вучоныя Ф.Крык і С.Брэнер, М.Нірэнберг, С.Ачоа, Х.Карана і інш. Рэалізацыя генетычнага кода ў жывых клетках ажыццяўляецца ў працэсе сінтэзу матрычнай РНК на ДНК гена (транскрыпцыя) і сінтэзу бялку (трансляцыя), пры якім паслядоўнасць нуклеатыдаў гэтай РНК пераводзіцца ў адпаведную паслядоўнасць амінакіслот бялковай малекулы. 61 кадон з 64 кадзіруюць пэўныя амінакіслоты, 3 адказваюць за заканчэнне сінтэзу бялку. Некалькі кадонаў могуць кадзіраваць адну і тую ж амінакіслату (выраджальнасць генетычнага кода), але адзін і той жа кадон адпавядае толькі адной амінакіслаце. За рэдкім выключэннем генетычны код універсальны — аднолькавы для ўсіх арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАКА́ЦЫЯ,
адшукванне, вызначэнне месцазнаходжання, параметраў руху і распазнаванне падводных аб’ектаў з дапамогай гідраакустычных сігналаў. Грунтуецца на законах гідраакустыкі. Бывае актыўная і пасіўная.
Актыўная гідралакацыя заснавана на выпраменьванні акустычных сігналаў у воднае асяроддзе і прыёме (рэгістрацыі) і аналізе адбітых ад аб’екта рэхасігналаў. Дазваляе вызначыць прасторавыя каардынаты і параметры руху выяўленага аб’екта, яго памеры і інш. характарыстыкі. З’яўляецца асн. спосабам атрымання інфармацыі аб падводных аб’ектах, якія не ствараюць уласнае акустычнае поле (напр., донныя і якарныя міны, патанулыя судны). Ажыццяўляецца з дапамогай розных тыпаў гідралакацыйных станцый (гідралакатараў) і прылад (рэхалотаў), рэхаледамераў і інш.). Пасіўная гідралакацыя заснавана на прыёме і апрацоўцы акустычных сігналаў (шумаў), якія звычайна ненаўмысна ствараюцца самім аб’ектам (напр., падводнай лодкай). Дазваляе выявіць такі аб’ект, распазнаць яго, вызначыць напрамак на яго, скорасць і інш. элементы яго руху. Выкарыстоўвае рознага тыпу шумапеленгатары і тракты шумапеленгавання гідраакустычных комплексаў. Метады і сродкі гідралакацыі выкарыстоўваюцца ў марской справе (выяўленне падводных перашкод — рыфаў, скал, айсбергаў), рыбнай прам-сці (пошук касякоў рыбы), ваеннай справе (выяўленне падводных лодак, навядзенне іх на пэўны аб’ект) і інш.
На Беларусі пытанні тэорыі і практыкі гідралакацыі распрацоўваюцца ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.Н.Сеўчанкі.
Літ.:
Бурдик В.С. Анализ гидроакустических систем: Пер. с англ.Л., 1988.
В.І.Вараб’ёў.
Схема гідралакацыі: 1 — выпраменьвальнік рэхалота; 2 — гідраакустычная станцыя; 3 — антэна гідраакустычнай станцыі; 4 — міна; 5 — падводная лодка.Гідралакацыя з дапамогай малагабарытнага гідралакатара (для вадалазаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФАЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел матэматыкі, які вывучае аб’екты на аснове геаметрычнага падыходу. Асн. паняцце графаў тэорыі — граф: мноства пунктаў (вяршынь) і мноства сувязей (рэбраў, дуг), што злучаюць некаторыя (або ўсе) пары вяршынь. Напр., сетка чыгунак, аўтамаб. (або інш.) дарог з пазначэннем на дугах адлегласцей паміж населенымі пунктамі або іх прапускных здольнасцей. Выкарыстоўваецца ў тэорыі перадачы інфармацыі, тэорыі трансп. сетак, камп’ютэрнай графіцы, аўтаматызацыі праектавання і інш.
Першыя задачы графаў тэорыі былі звязаны з рашэннем галаваломак і матэм. забаўляльных задач (напр., задачы аб Кёнігсбергскіх мастах, аб расстаноўцы ферзей на шахматнай дошцы, аб перавозках, кругасветным падарожжы, задача 4 фарбаў і інш.). Адным з першых вынікаў у графаў тэорыі быў крытэрый існавання абходу графа без паўтораў рэбраў (Л.Эйлер, 1736). У 19 ст. з’явіліся работы, у якіх пры рашэнні практычных задач атрыманы важныя вынікі ў графаў тэорыі (задачы пабудавання эл. ланцугоў, падліку хім. рэчываў з рознымі тыпамі малекулярных злучэнняў і інш.). У 20 ст. задачы, звязаныя з графамі, з’явіліся ў тапалогіі, алгебры, тэорыі лікаў, тэорыі імавернасці і інш.Найб. развіццё графаў тэорыя атрымала з 1950-х г. у сувязі са станаўленнем кібернетыкі і развіццём выліч. тэхнікі.
На Беларусі даследаванні па графаў тэорыі вядуцца ў БДУ (уплыў розных параметраў на ўласцівасці графаў), Ін-це матэматыкі (розныя прадстаўленні графаў, алгарытмічныя аспекты графаў тэорыі), Ін-це тэхн. кібернетыкі (графы ў задачах аптымальнага ўпарадкавання) Нац.АН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДРУ́ЖБЫ І КУЛЬТУ́РНАЙ СУ́ВЯЗІ З ЗАМЕ́ЖНЫМІ КРАІ́НАМІ,
добраахвотная грамадская арг-цыя, якая садзейнічае развіццю дружбы і супрацоўніцтва бел. народа з народамі іншых краін. Створана 7.4.1926 як Т-ва культурных сувязяў Сав. Беларусі з заграніцай. Каля вытокаў яго былі Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот і інш. дзеячы бел. культуры. У 1952—58 наз.Бел.т-ва культурнай сувязі з заграніцай. Сучасная назва і статут, прынятыя 17.12.1978, пацверджаны і ўдакладнены ў кастр. 1993 на рэсп. канферэнцыі т-ва. У склад т-ва ўваходзяць грамадскія арг-цыі, творчыя саюзы, калектывы работнікаў прамысл. прадпрыемстваў, калгасаў, навуч. і навук. устаноў і інш.Асн. задачы: знаёміць грамадскасць замежных краін з набыткамі культуры бел. народа, са знешняй палітыкай Беларусі, садзейнічаць умацаванню міру, міжнар. супрацоўніцтва, папулярызаваць на Беларусі дасягненні навукі і культуры замежных краін, арганізоўваць аказанне дапамогі жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аддзелы: садзеяння сац.-эканам. развіццю Беларусі і ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай трагедыі; па ўзаемадзеянні з замежнымі краінамі; культуры і інфармацыі; секцыі л-ры і мастацтва, работы з моладдзю і інш. У 1991 у сувязі з абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь пачата стварэнне самаст. т-ваў дружбы з асобнымі замежнымі краінамі; на 1.1.1995 створана 30 такіх т-ваў.
А.М.Ваніцкі.
Будынак Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі ў Мінску.