ОТАРЫНАЛАРЫНГАЛОГІЯ
Развіццё отарыналарынгалогіі на Беларусі распачаў у 1906 урач Магілёўскай губ. К.Ю.Канановіч, які набыў спецыялізацыю ў С.-Пецярбургу. Першыя навук. даследаванні зроблены М.Ф.Цытовічам у дысертацыі «Да пытання аб дыхальных і пульсатарных рухах барабаннай перапонкі» (1907). У пач. 20 ст. отарыналарынгалагічную дапамогу насельніцтву аказвалі М.В.Камоцкі, М.Л.Кацнельсон, М.А.Паўтаў, А.З.Яхнін і інш. Даследаванні па отарыналарынгалогіі актывізаваліся з арганізацыяй кафедры і клінікі хвароб вуха, горла і носа (1925) у Мінскім мед. ін-це (С.М.Бурак). У даваенны час вывучалася склерома дыхальных шляхоў (С.М.Алукер, Р.Х.Карпілаў, І.А.Лапотка, Я.І.Яраслаўскі). Распрацаваныя на Беларусі метады дыягностыкі і лячэння склеромы выкарыстоўваліся ва ўсіх рэспубліках СССР. У 1927 арганізавана секцыя отарыналарынгалогіі пры Мінскім навукова-практычным таварыстве ўрачоў (з 1933 Бел. навукова-практычнае таварыства). У 1928 адбыўся 1-ы Усебел. з’езд отарыналарынголагаў, на якім абмяркоўваліся праблемы склеромы і глуханематы. У пасляваенныя гады створаны новыя схемы тэрапіі склеромы (М.П.Кніга, М.В.Мякіннікава, М.Ц.Яўстаф’еў). У апошнія дзесяцігоддзі навукова-даследчая работа бел. отарыналарынголагаў вядзецца на кафедрах хвароб вуха, горла, носа ў Бел., Віцебскім, Гродзенскім, Гомельскім мед. ун-тах, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у аддзелах отарыналарынгалогіі Бел. НДІ: анкалогіі і мед. радыялогіі; неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі; экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы інвалідаў. Удасканалены метады прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння хранічных гнойных атытаў, танзілітаў, дабраякасных і злаякасных пухлін, стэнозаў гартані, прыроджаных заган, арганізацыі барацьбы з захворваннямі вуха, горла і носа. Распрацаваны пытанні хірургічнай рэабілітацыі слыху пры хранічных гнойных сярэдніх атытах, отасклерозе, прафесійных захворваннях, гнойных параназальных сінусітах (М.І.Аўсяннікаў, В.А.Быстрэнін, В.Я.Гапановіч, І.М.Кароль, В.Ф.Мельнік, У.Дз.Мяланьін, В.П.Сітнікаў, А.Г.Хораў, П.А.Цімашэнка, С.Р.Чабанаў); эпідэміялогіі, дыягностыкі і лячэння дабраякасных і злаякасных новаўтварэнняў (А.В.Вакер, І.А.Склют, Г.М.Смердаў, Л.Р.Пятрова).
Літ.:
Крючок Г.С. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;
Гапанович В.Я. Аспекты истории развития оториноларингологии в Белоруссии // II съезд оториноларингологов Белоруссии. Мн., 1984;
Тимошенко П.А. Состояние и перспективы слухоулучшающей хирургии в Республике Беларусь // Здравоохранение Беларуси. 1994. №9;
Timoschenko P.A., Gapanovich V.J. The development of ENT in Belarus between 1880 and 1920 // Laringo-Rhino-Otologie. 4th European Congress of Oto-Rhinolaryngology Head and Neck Surgery. Abstracts. Berlin (Germany). 13—18 May 2000. Berlin, 2000.
П.А.Цімашэнка, А.П.Цімашэнка.
т. 18, кн. 2, с. 578