элемент дыялектыкі, што фіксуе адзін з неабходных момантаў развіцця і ўмову змены аб’екта, пры якой некаторыя элементы не проста знішчаюцца, але захоўваюцца ў новай якасці. Віды адмаўлення розныя. Пры зняцці адбываецца ліквідаванне прадмета як пэўнага цэлага, але з захаваннем яго асобных («станоўчых») элементаў. Дэструкцыя азначае разбурэнне, знішчэнне структуры, якую адмаўляюць. Адмаўленне ў выглядзе трансфармацыі мае месца ў выпадках пераходу ад адной стадыі развіцця да другой у рамках той жа самай сістэмы. Адмаўленне сацыяльнае — сукупнасць дзеянняў чалавека па змене наяўных грамадскіх адносін, пры якіх выяўляюцца канкрэтныя суб’екты, аб’екты, мэты, прастора, час, каштоўнасныя арыентацыі і экзістэнцыялы, сродкі, метады. Унайб. рэзкіх формах сац. адмаўленне выяўляецца ў войнах, рэвалюцыях, генацыдзе, злачыннасці, міжнац. канфліктах і інш. Адмаўленне, якое вядзе да сац. прагрэсу, называюць дыялектычным, процілеглае — чыста суб’ектыўным (гл.Нігілізм).
Адмаўленне ў логіцы — мысленнае проціпастаўленне аднаго суджэння другому.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРО́МЕТР (ад гігра... + ...метр),
прылада для вымярэння вільготнасці паветра. Бывае вагавы (абсалютны), валасяны, плёначны, электралітычны, керамічны, кандэнсацыйны і інш.; выкарыстоўваюць таксама псіхрометр. З дапамогай вагавага гігрометра вызначаюць абс. вільготнасць па павелічэнні вагі гіграскапічнага рэчыва пасля паглынання вадзяной пары з вільготнага паветра. Адносную вільготнасць паветра вымяраюць з дапамогай розных тыпаў гігрометраў, з іх найб. пашыраны валасяны (выкарыстоўваюць абястлушчаны чалавечы волас, даўжыня якога большае пры павелічэнні вільготнасці) і плёначны (уякасці адчувальнага элемента выкарыстоўваюць арган. плёнку, якая расцягваецца ў вільготным і сціскаецца ў сухім паветры). Электралітычны гігрометр заснаваны на ўласцівасці гіграскапічнага слоя электраліту (хлорыстага літыю) мяняць эл. супраціўленне ў залежнасці ад вільготнасці паветра. У керамічным гігрометры выкарыстана залежнасць эл. супраціўлення керамікі (сумесі гліны, крэменю, кааліну і інш.) ад вільготнасці паветра. Кандэнсацыйным гігрометрам вызначаюць пункт расы па т-ры, пры якой на метал. люстэрку кандэнсуецца вільгаць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫГА́НАЎ Аляксандр Рымавіч (н. 15.11.1953, г. Горкі Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне аграхіміі і аграэкалогіі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (2003). Д-рс.-г.н. (1996), праф. (1997). Скончыў БДУ (1975). З 1981 уБСГА (з 1984 заг. кафедры, з 1993 прарэктар, з 1995 рэктар). Навук. працы па распрацоўцы прыёмаў і метадаў атрымання экалагічна чыстай прадукцыі раслінаводства, экспрэсных методык аналізу якасці аб’ектаў навакольнага асяроддзя і с.-г. прадукцыі.
Тв.:
Экологические проблемы агрохимии. Мн., 1997 (разам з І.Р.Вільдфлушам, Т.П.Персікавай);
Микроэлементы и микроудобрения. Мн., 1998 (разам з Т.П.Персікавай, С.П.Рэўцкай);
Фосфор в почвах и земледелии Беларуси Мн., 1999 (разам з І.Р.Вільдфлушам, В.В.Лапам);
Биохимические и физиологические аспекты взаимодействия витаминов и биоэлементов. Сергиев Посад, 2002 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСЕКТЫЦЫ́ДЫ,
хімічныя прэпараты для барацьбы са шкоднымі насякомымі; група пестыцыдаў.
Паводле характару пранікнення ў арганізм насякомых падзяляюць на кантактавыя (усмоктваюцца праз вонкавае покрыва пры кантакце з любой часткай цела), кішэчныя (трапляюць з ежай), сістэмныя (пранікаюць у сасудзістую сістэму раслін і робяць іх атрутнымі для насякомых), фуміганты (трапляюць у арганізм насякомага праз органы дыхання). Большасць І. выклікае гібель насякомага ў выніку пранікнення яду некалькімі шляхамі адначасова. Уякасці І. выкарыстоўваюць хім. злучэнні розных груп: пірэтроіды (кантактавыя), карбаматы (кантактава-кішэчныя і сістэмныя), хлорарган. злучэнні (уасн. кантактава-кішэчныя). Адна з важнейшых груп І. — фосфарарганічныя злучэнні, якія вызначаюцца высокай біял. актыўнасцю, шырокім спектрам і хуткасцю дзеяння, малой стойкасцю ў навакольным асяроддзі (раскладаюцца з утварэннем нетаксічных прадуктаў). Вырабляюць І. ў выглядзе парашкоў, гранул, раствораў, эмульсій, суспензій.
Многія І. таксічныя для людзей, жывёл і пры няправільным выкарыстанні небяспечныя для навакольнага асяроддзя, таму іх вытв-сць, продаж і выкарыстанне абмежаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІ́НСКАЯ ДАЎНІНА́», «Минская старина»,
зборнік дакументаў, артыкулаў і дакладаў па гісторыі, археалогіі і этнаграфіі Беларусі. Выдадзены ў 1909—13 Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэтаму 4 выпусках (3-і ў дзвюх частках, у Вільні). Уякасці дадатку да 1-га вып. ў 1909 выйшла «Апісанне рукапіснага аддзела і старадрукаў бібліятэкі Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта» (склад. А.К.Снітка). Большасць матэрыялаў прысвечана гісторыі правасл. царквы і духавенства. Змяшчае інфармацыю і нататкі пра гісторыю стварэння і асн. кірункі дзейнасці к-та, апісанне архіўных збораў некат. манастыроў і цэркваў Мінскай епархіі, артыкулы і даследаванні пра дзейнасць правасл. духоўных асоб і католікаў-рэнегатаў. Апублікаваны і дакументы з царк. і свецкіх архіваў, падрыхтаваныя да друку Дз.І.Даўгялам, Сніткам і інш.У зб-ку змешчаны таксама звесткі пра сац.-эканам. развіццё Мінскай губ., песні, казкі, паданні бел. народа, паведамленні пра вынікі археал. раскопак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́НІЙСтарэйшы,
Гай Пліній Секунд (Gaius Plinius Secundus; 23 ці 24, г. Кома, Італія — 24.8.79), старажытнарымскі пісьменнік, вучоны і дзярж. дзеяч. Дзядзька і прыёмны бацька Плінія Малодшага. Карыстаўся падтрымкай рым. імператараў Веспасіяна і Ціта, быў імператарскім пракуратарам у Нарбонскай Галіі і Іспаніі. Загінуў у час вывяржэння Везувія, калі камандаваў флотам у Мізене. П. — аўтар «Натуральнай гісторыі» ў 37 кн., якая напісана на аснове вывучэння 327 грэч. і 146 рым. аўтараў. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя прыродазнаўчых ведаў антычнасці па астраноміі, фіз. геаграфіі, метэаралогіі, этнаграфіі, антрапалогіі, заалогіі, батаніцы, сельскай і лясной гаспадарцы, медыцыне, мінералогіі, металургіі і інш. Да канца 17 ст. выкарыстоўвалася як крыніца ведаў пра прыроду. Гіст. творы П. («Германскія войны» ў 20 кн., «Працяг гісторыі Аўфідыя Васа» ў 31 кн. і інш.) не захаваліся, яны былі выкарыстаны Тацытамуякасці крыніц для «Аналаў» і «Германіі».
Тв.:
Рус.пер. — Естествознание. Об искусстве. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭЛЕКТРАЛІ́ТЫ,
палімеры, макрамалекулы якіх маюць іанагенныя групы. Адрозніваюць полікіслоты, поліасновы і поліамфаліты (маюць кіслотныя і асноўныя групы адначасова). Поліамфалітамі з’яўляюцца бялкі і нуклеінавыя кіслоты. Бываюць лінейныя і прасторава сшытыя (гл.Іонаабменныя смолы).
У растворы макрамалекула П. — полііон, акружаны эквівалентнай колькасцю процііонаў, памеры якіх значна (на некалькі парадкаў) меншыя за памеры полііона. Моцныя П. (напр., полівінілсульфакіслата) у водных растворах цалкам іанізаваныя, зарад слабых П. (напр., поліакрылавай к-ты) залежыць ад pH раствору. Сумарны зарад поліамфалітаў пры змяненні pH раствору можа мяняць знак (значэнне pH, пры якім зарад роўны нулю, наз. ізаэлектрычным пунктам). Наяўнасцю электрастатычных узаемадзеянняў (адштурхоўвання аднайменна зараджаных груп у макрамалекуле і прыцяжэння нізкамалекулярных процііонаў да полііона) абумоўлена адрозненне ўласцівасцей раствораў П. ад уласцівасцей раствораў неіанагенных палімераў і нізкамалекулярных электралітаў. Выкарыстоўваюць П. ў якасці іанітаў, як флакулянты пры абагачэнні мінер. сыравіны, стабілізатары калоідных сістэм ухарч. і парфумернай прам-сці, дабаўкі да паверхневаактыўных рэчываў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НСКІЯ,
род татарскіх царэвічаў уВКЛ. Паходзілі ад царэвіча Енбек-салтана, сына Халек-салтана — пляменніка Шах-Ахмата, апошняга хана Вялікай (Заволжскай) Арды, які ў пач. 16 ст. ў якасці ганаровага палонніка знаходзіўся ў ВКЛ. Енбек-салтан упамінаецца ў попісе войска ВКЛ 1528. У 1542 Жыгімонт I Стары на просьбу «царэвіча Пунскага» аб маёнтку загадаў выдаваць яму штогод замест ранейшых 50 ужо 100 коп грошай. У гэты час Енбек-салтан з сям’ёй атрымаў землі ў Пунскай воласці каля Аліты і маёнтак Калдычэва ў Навагрудскім ваяв. Меў сыноў — Іслама, Цімура і Селіма, якія выкарыстоўвалі і княжацкі тытул. Як і царэвічы Астрынскія, П. не ўваходзілі ў склад татарскіх харугваў, а мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана. Унукі Енбек-салтана захавалі княжацкі тытул, а тытул царэвічаў П. ператварыўся ў прозвішча. У 18 ст. гэты род, верагодна, згас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.) убас. Верхняга Дняпра. Назва ад месцазнаходжання найб. даследаванай стаянкі Горкі на Сажы. Вылучана ў самастойную культуру ў 1960-я г.У.Ф.Ісаенкам па матэрыялах раскопак К.М.Палікарповіча. Паселішчы С.к. размешчаны на берагах рэк на першых і другіх надпоймавых тэрасах, часта паблізу выхаду крамянёвай сыравіны. Асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне. рыбалоўства і збіральніцтва. Адметная рыса помнікаў С.к. — шырокае выкарыстанне ў якасці загатовак для прылад працы адшчэпаў, часта з мелавой скарынкай. Адной з найб. выразных форм прылад з’яўляюцца наканечнікі стрэл з дакладна аграненых ножападобных пласцін. Сярод інш. прылад разцы, скрабкі, свярдзёлкі, праколкі, сякеркі з перахватам, авальныя, трапецападобныя, камбінаваныя і інш. прылады. На думку У.П.Ксяндзова, большасць помнікаў С.к. ўваходзіць у склад днепра-дзяснінскай культуры. На Беларусі вядома каля 14 помнікаў С.к. Найб. даследаваныя Журавель, Новы Быхаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЭ́БСТЭРА СЛО́ЎНІКІ,
тлумачальныя слоўнікі англ. мовы, якія выдаваліся і перавыдаюцца ў ЗША. Першы з іх «Амерыканскі слоўнік англійскай мовы» (т. 1—2, 1828; 2-е дапрацаванае выд. 1841) выдаў амер. лексікограф Н.Уэбстэр. У 1843 пасля яго смерці выдавецкія правы набылі Дж. і Ч.Мерыям і ў 1847 выпусцілі 1-ы поўны слоўнік выд-ва «Мерыям-Уэбстэр» у серыі такіх даведнікаў. Сярод іх: «Поўны амерыканскі слоўнік англійскай мовы» (1864), «Міжнародны слоўнік Уэбстэра» (1890), «Новы міжнародны слоўнік Уэбстэра» (1909; 2-е выд. 1934; 3-е выд. 1961). Выключным па аб’ёме (больш за 450 тыс. слоў) і навук.якасці стаў тлумачальны «Трэці новы поўны міжнародны слоўнік англійскай мовы Уэбстэра» (1961; перавыдаваўся 6 разоў; у перавыданне 1993 уключаны «Дадатак»). На базе гэтага даведніка кампанія «Мерыям-Уэбстэр» выпускае серыю англамоўных слоўнікаў меншых памераў, у т. л. «Універсітэцкі слоўнік Уэбстэра» (9-е выд. 1983), «Слоўнік англійскага словаўжывання Уэбстэра» (1989).