1) тайнапіс, спосаб пісьма, які ўжываецца для таго, каб зрабіць напісанае зразумелым толькі для паінфармаваных, або разлічаны на разгадванне. Розныя спосабы К. вядомы са старажытнасці (упамінаюцца Герадотам, Плутархам і інш.). Надпіс ці дакумент, зроблены крыптаграфічным спосабам, наз. крыптаграмай. У Беларусі крыптаграмы вядомы з сярэдневякоўя. Найб. часта выкарыстоўваліся для зашыфроўкі тэкстаў: ваен., дыпламат., рэліг., у т. л. ерэтычных, гандл.-фінансавых. У стараж. рукапісах нярэдка трапляецца разлічанае на разгадванне крыптаграфічнае напісанне імён перапісчыкаў ці розных запісаў быт., гумарыст. характару. Найб. пашыраныя спосабы К.: выкарыстанне чужых, малавядомых алфавітаў (напр., у стараж.усх.-слав. рукапісах замена кірылічных літар на глагалічныя, грэч. і лацінскія) або алфавітаў, спецыяльна створаных для мэт К.; напісанне слоў у адваротным,парадку — ад канца да пачатку (вядома гумарыст. крыптаграма перапісчыка 16 ст. Марціна з Гальшан «ъшорг ан ъшург мад умат ътётчорп еіс отк» — «кто сіе прочтёть, таму дам грушъ на грошъ»); спец. змены, у прыватнасці недапісванне літар; замена адных літар алфавіта іншымі, у адпаведнасці са спецыяльнымі, іншы раз вельмі складанымі ключамі і кодамі (асабліва часта ўжываўся ў ваен. і дыпламат. перапісцы); замена літар лічбамі або групамі літар, якія маюць у суме тое ж лічбавае значэнне, што і заменная літара; размяшчэнне літар шыфраванага надпісу ў пэўным умоўным парадку паміж інш. літарамі, якія ствараюць надпіс інш. зместу (прасцейшая разнавіднасць — акраверш). У сучасных ваен. і дыпламат. шыфрах таксама выкарыстоўваюць розныя складаныя камбінацыі некалькіх спосабаў К. Пры гэтым шыфроўка робіцца з дапамогай спец. апаратаў (згадка аб такім апараце, які ўжывалі спартанцы, ёсць у Плутарха).
2) Галіна палеаграфіі, што вывучае тайнапіс. Адзін з кірункаў К. — расшыфроўка забытых пісьмён старажытнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБА́К, абака
[ад грэч. abax (abakos) дошка],
1) дошка для арыфм. вылічэнняў, якой карысталіся ў Стараж. Грэцыі і Рыме, пазней у Зах. Еўропе (да 18 ст.). Першапачаткова гладкая дошка, пасыпаная пяском і падзеленая на палосы, у якіх размяшчаліся лічыльныя маркі (каменьчыкі, косці, манеты). У краінах Д. Усходу карысталіся кіт. абакам — суанпанам,
у Расіі — лічыльнікамі.
2) У намаграфіі абакі — спец. лічыльныя намаграмы.
3) У архітэктуры — плоская, квадратная ў плане пліта, на якую апіраецца антаблемент; верхняя частка капітэлі. Як элемент класічнага арх.ордэра з’явіўся ў Стараж. Грэцыі. У розных тыпах ордэра набываў своеасаблівую маст. апрацоўку: прафіляванне і арнаментыку ў выглядзе іонікаў у іанічным, ляпныя разеткі ў карынфскім і кампазітным ордэрах. Пашыраны пераважна ў манум. мураваных і драўляных палацавых і грамадскіх збудаваннях класіцызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАНІ́ТЫ,
сумесевыя выбуховыя рэчывы брызантнага дзеяння, у састаў якіх як акісляльнік уваходзіць аміячная салетра NH4NO3. Паводле тыпу гаручага кампанента падзяляюцца на ўласна аманіты — сумесі NH4NO3 з выбуховымі нітразлучэннямі (трынітраталуол, дынітранафталін і інш.) і дынамоны — сумесі з невыбуховым гаручым (торфам, драўніннай мукой, тэхн. маслам, парашком металаў). Біпарныя сумесі NH4NO3 з трынітраталуолам наз. аматоламі, аманіты з дамешкамі алюмінію — аманаламі. У якасці сенсібілізатараў дэтанацыі ўводзяць магутныя выбуховыя рэчывы (нітрагліцэрын, гексаген і інш.), для надання водаўстойлівасці і стабільнасці — спец. дабаўкі (мел, даламіт, крухмал, стэараты некаторых металаў). Выпускаюцца ў выглядзе парашкоў і гранул. Асобная група — воданапоўненыя аманіты, змяшчаюць насычаны водны раствор NH4NO3, які ператвараецца ў гель (акватолы, акваніты). Аманіты малаадчувальныя да мех. уздзеянняў, адносна бяспечныя пры вытв-сці, захоўванні і выкарыстанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,
аспектны даведнік, які апісвае пары і групы амонімаў. У артыкулах амонімаў слоўніка падаюцца семантычныя, граматычныя, спалучальныя, стылістычныя і інш. адрозненні паміж словамі ў аднолькавых парах і групах амонімаў (у адрозненне ад інш. слоўнікаў, дзе загаловачнае слова-амонім толькі пазначаецца надрадковай арабскай лічбай). Напр., «Слоўнік амонімаў беларускай мовы» В.Дз.Старычонка (1991) змяшчае 1265 аманімічных пар і груп слоў у асн. частцы і больш як 750 у раздзеле «Субстантыўная аманімія». Для практычнага вырашэння праблем міжмоўнай аманіі (і параніміі) створаны спец. слоўнік дыферэнцыяльнага тыпу: «Кароткі дыферэнцыяльны руска-беларускі слоўнік» у кн. «Беларуская мова для небеларусаў» А.А.Крывіцкага, А.Я.Міхневіча і А.І.Падлужнага (3-е выд., 1990), «Міжмоўныя амонімы і паронімы. Спроба руска-беларускага слоўніка» С.М.Грабчыкава (1980), «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІСО́ВІЧ (Генадзь Анатолевіч) (н. 25.8.1932, Мінск),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Акад.АН Беларусі (1984, чл.-кар. 1972), д-ртэхн. н. (1970), праф. (1981). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў БПІ (1955). З 1960 у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі, з 1970 дырэктар Магілёўскага аддз. гэтага ін-та, з 1992 — Ін-та тэхналогіі металаў АН Беларусі (Магілёў). Навук. працы па тэхналогіі металаў, цеплафізіцы ліцейных працэсаў, цеплавых асновах тэхналогіі металаў пры фазавых пераўтварэннях. Распрацаваў метады вызначэння тэрмафіз. уласцівасцяў металаў, сплаваў і фармовачных сумесяў, новыя спосабы атрымання адлівак і загатовак з чорных і каляровых сплаваў у спец. відах ліцця (намарожваннем, у какіль і інш.).
Тв.:
Охлаждение отливки в комбинированной форме. М., 1969 (разам з М.П.Жмакіным);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭРЫЯ́ЛЬНЫ ЦІСК,
ціск крыві ўнутры аорты і буйных артэрый. Узнікае ад нагнятальнай дзейнасці сэрца, супраціўлення сасудаў і абумоўлены гідрастатычнымі сіламі. Найб. супраціўленне цёку крыві ў аорце і артэрыях. Артэрыяльны ціск у перыяд скарачэння (сісталы) жалудачкаў сэрца наз. сісталічным, у час расслаблення (дыясталы) — дыясталічным. Вымяраецца ў мм рт. сл.Макс. ўзроўню (верхні) дасягае ў перыяд скарачэння (сісталы), мінім. (ніжні) — у час расслаблення (дыясталы). Велічыня артэрыяльнага ціску залежыць ад віду жывёл, стану сэрца і сасудаў, колькасці крыві, узросту, індывід. асаблівасцяў арганізма і інш. У буйных артэрыях чалавека сісталічны ціск у норме складае 110—130, а дыясталічны — 60—80 мм рт. сл. З узростам артэрыяльны ціск крыху павышаецца. Існуюць 2 метады вымярэння артэрыяльнага ціску: прамы (крывавы) і ўскосны (бяскроўны) з дапамогай спец. прыладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭСТА́ЦЫЯ,
1) службовая — вызначаны заканадаўствам парадак праверкі кваліфікацыі і дзелавых якасцяў работнікаў праз перыядычную ацэнку іх ведаў, вопыту, навыкаў і здольнасцяў да выканання канкрэтных абавязкаў па дадзенай спецыяльнасці ці пасадзе. Праводзіцца не радзей як 1 раз у 3—5 гадоў атэстацыйнай камісіяй, прызначанай вышэйстаячымі органамі ці адміністрацыяй, узгодненай з прафсаюзамі. Па выніках атэстацыі камісія можа прапанаваць адміністрацыі заахвоціць работніка, змяніць службовы аклад, уключыць у рэзерв на больш высокую пасаду, панізіць на пасадзе ці звольніць. Канчатковае рашэнне прымае кіраўнік адміністрацыі не пазней як праз 2 месяцы пасля атэстацыі.
2) атэстацыя рабочых месцаў — праверка рабочых месцаў на адпаведнасць нарматыўным параметрам.
3) атэстацыя прадукцыі — афіцыйнае вызначэнне якасці прадукцыі з выдачай спец. дакумента.
4) У бухгалтэрыі — аўдытарскае заключэнне, якое пацвярджае дакладнасць фін. справаздач (гл.Аўдыт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАКАСМІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ, дыстанцыйныя метады,
метады вывучэння наземных аб’ектаў і касм. целаў на значнай адлегласці (з ніжняй атмасферы ці космасу). Уключаюць здымку зямной паверхні і касм. аб’ектаў, фотаграмметрычную (гл.Фотаграмметрыя) апрацоўку здымкаў, агульнае і спец.дэшыфраванне аэрафотаздымкаў. Залежна ад тыпу носьбіта апаратуры адрозніваюць аэракасмічныя метады самалётныя, верталётныя, аэрастатныя, ракетныя, спадарожнікавыя, паводле тыпу прыёмніка выпрамянення — візуальныя, фатаграфічныя, радыеметрычныя і радыёлакацыйныя. У геолага-геафіз. даследаваннях выкарыстоўваюцца аэрафотаздымка, аэрафізічная разведка (здымка), касмічная здымка. Аэракасмічныя метады бываюць актыўныя (вывучаецца адбітае аб’ектамі выпрамяненне пасля іх штучнага апрамянення) і пасіўныя (выкарыстоўваецца ўласнае выпрамяненне целаў або адбітае сонечнае). Па спектральных характарыстыках розных дыяпазонаў эл.-магн. спектра распазнаюцца аб’екты, вызначаецца іх памер, шчыльнасць, хім. састаў, фіз. ўласцівасці і стан. Найб. поўныя і дакладныя звесткі дае адначасовае выкарыстанне некалькіх дыяпазонаў спектра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛГА́РСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд. група). Пашырана ў Балгарыі (дзярж. мова) і сярод балгараў, што жывуць у Югаславіі, Румыніі і інш. суседніх дзяржавах. Мае 2 асн. групы дыялектаў: усходні і заходні.
У фанетычнай сістэме балгарскай мовы 6 галосных (у т. л. спецыфічна балг. гук «ъ») і 37 зычных фанем. Граматычныя асаблівасці вызначаюцца яе прыналежнасцю да балканскага моўнага саюза: страта катэгорыі склону (па гэтай прыкмеце балгарскую мову адносяць да аналітычных моў), наяўнасць катэгорыі азначальнасці імені (назоўнік з постапазіцыйным артыклем — «жената», «градът») і спец. пераказвальнага ладу, страта інфінітыву, разгалінаваная сістэма з 9 часоў дзеяслова і інш.
Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца 10 ст. Сучасная літ. мова сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. на аснове паўн.-ўсх. гаворак. Графіка балгарскай мовы ўзыходзіць да кірыліцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́Н (ад імя стараж.-рус. спевака-казачніка Баяна),
язычковы пнеўматычны клавішны муз. інструмент, удасканалены храматычны гармонік (дыяпазон 4—5 актаў). Найб. пашыраны ў Расіі, папулярны на Беларусі. Бываюць баяны «гатовыя» (з падрыхтаванымі стандартнымі акордамі ў басе) і «гатова-выбарныя» (клавіятура левай рукі мае кнопкі для здабывання ўсіх гукаў храматычнай гамы і кнопкі «гатовых» акордаў). Папярэднікі баяна — 4-радовы пецярбургскі і 3-радовы «венскі» гармонік. У распрацоўцы канструкцыі баяна ўдзельнічалі рус. і ням. майстры. Тэрмін «баян» уведзены ў 1907 рус. майстрамі. Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Клас баяна існуе ў спец.муз.навуч. установах рознага ўзроўню. На Беларусі баяны вырабляла Маладзечанская ф-камуз. інструментаў.
Літ.:
Басурманов А.П. Справочник баяниста. 2 изд. М., 1987.