ІНДЫ́КТ,

парадкавы нумар года ў 15-гадовым цыкле — індыктыёне. Летазлічэнне па І. існавала ў Рымскай імперыі, у краінах Еўропы ўжывалася поруч з інш. сістэмамі да 19 ст. На Беларусі выкарыстоўвалася ў 15—17 ст. разам з пазначэннем гадоў «ад нараджэння Хрыста».

т. 7, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́ЦІСТАЯ КІСЛАТА́,

аднаасноўная слабая няўстойлівая кіслата, HNO​2. Існуе толькі ў разбаўленых водных растворах, яе солі і эфіры наз. нітрытамі. Утвараецца разам з азотнай кіслатой пры растварэнні NO2 У вадзе. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў.

т. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСЛА́ЕЎ (сапр. Бутэнка) Аляксандр Мікалаевіч

(11.4.1894, г. Міргарад, Украіна — 12.8.1976),

артыст цырка, дрэсіроўшчык ільвоў. Нар. арт. Расіі (1963). У 1929 стварыў паветраны атракцыён «Палёт на санках з-пад купала цырка» (разам з І.М.Бугрымавай). У 1940—63 працаваў з драпежнікамі. Аўтар успамінаў «Запіскі дрэсіроўшчыка ільвоў» (1965).

т. 3, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВУАЗЬЕ́ (Lavoisier) Антуан Ларан (26.8.1743, Парыж — 8.5.1794),

французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай хіміі і заснавальнік тэрмахіміі. Чл. Парыжскай АН (1772). Скончыў Парыжскі ун-т (1763). У 1775—91 — дырэктар Упраўлення порахаў і салетраў, з 1768 член «Кампаніі водкупаў»; у час Вял. франц. рэвалюцыі разам з інш. адкупшчыкамі пакараны смерцю паводле прыгавору рэв. трыбуналу. Навук. працы Л. садзейнічалі ператварэнню хіміі ў навуку, заснаваную на дакладных вымярэннях: у хім. даследаваннях выкарыстоўваў колькасныя метады, у прыватнасці ўзважванне. Даказаў складаны састаў атм. паветра (1774—77), растлумачыў ролю кіслароду ў працэсах гарэння і акіслення. Стварыў кіслародную тэорыю гарэння (1780). Распрацаваў разам з К.Л.Бертале і інш. хім. наменклатуру і класіфікацыю цел (1786—87), напісаў «Пачатковы падручнік хіміі» (1789).

Літ.:

Дорфман Я.Г. Лавуазье. 2 изд. М., 1962;

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІ́НЫ,

у беларусаў і інш. слав. народаў сямейна-быт. свята, якім урачыста адзначаецца нараджэнне дзіцяці. У старажытнасці Р. мелі магічнае значэнне — яны павінны былі забяспечыць парадзісе і яе дзіцяці шчасце, здароўе, доўгі век; з’яўляліся святам прыняцця ў грамадства новага прадаўжальніка роду. Пасля прыняцця хрысціянства Р. былі звязаны з абрадам хрышчэння (хрэсьбіны). Бабка-павітуха купала дзіця, потым, трымаючы яго на руках, разам з кумамі абыходзіла 3 разы вакол стала, на якім ляжаў хлеб, які яны за кожным разам цалавалі. Пасля гэтага кумы з нованароджаным адпраўляліся ў царкву. Калі кумы з дзіцем вярталіся — збіраліся госці (толькі жанатыя мужчыны і замужнія жанчыны), гаспадар запрашаў усіх за стол. Пад канец святочнага абеду падавалі бабіну кашу. Р. суправаджаліся радзіннымі песнямі, рознымі абрадамі. Вял. значэнне на Р. меў абмен падарункамі, ручнікамі, наміткамі, палатном, хлебам. Пашыраны і ў наш час.

Т.​І.​Кухаронак.

т. 13, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙЛ (Ryle) Марцін (27.9.1918, г. Брайтан, Вялікабрытанія — 14.10.1984),

англійскі радыёастраном. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1952), Нац. АН ЗША (1975). Замежны чл. Каралеўскай Дацкай акадэміі навук і л-ры (1968), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1970), АН СССР (1971). Скончыў Оксфардскі ун-т (1939). З 1945 у Кембрыджскім ун-це (з 1957 праф.), у 1957—82 дырэктар Малардскай радыёастр. абсерваторыі. У 1972—82 на пасадзе Каралеўскага астранома. Навук. працы па вывучэнні радыёвыпрамянення Сонца, ідэнтыфікацыі квазараў, статыст. аналізе радыёкрыніц у Сусвеце, касмалогіі. Стварыў першы радыёінтэрферометр (1946, разам з Дж.​Позі). Пры дапамозе пабудаванага ім двухантэннага радыётэлескопа даследаваў вял. ўчастак неба і адкрыў 5 тыс. радыёкрыніц (1957). Прапанаваў метад апертурнага сінтэзу. Нобелеўская прэмія 1974 (разам з Э.Х’юішам).

Тв.:

Рус. пер. — Радиотелескопы с большой разрешающей силой // Успехи физ. наук. 1975. Т. 117, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

М.Райл.

т. 13, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛКАЧО́Ў Яўген Аркадзевіч (н. 5.8.1945, г. Мазыр Гомельскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (2000). Скончыў Маскоўскі ун-т (1969). З 1974 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па квантавай тэорыі, гісторыі і метадалогіі навукі, праблемах выкладання фізікі. Высветліў ролю тапалагічных эфектаў у дынаміцы класічных і квантавых сістэм на аснове алг. і геам. метадаў. Даследаваў заканамернасці працэсу ўспрымання новых ведаў рознымі сац. аб’ектамі і механізм пранікнення фіз. ведаў у агульнаадук. сферу на розных яе ўзроўнях. Адзін з аўтараў эксперым. навуч. камплекта для сярэдняй школы і агульнаадук. стандарта па фізіцы.

Тв.:

Кватернионы в релятивистской физике. Мн., 1989 (разам з А.​В.​Бярэзіным, Ю.​А.​Курачкіным);

Формирование адекватного образа науки как необходимый элемент гуманитарного образования. Мн., 1996 (разам з В.​І.​Дыніч. Л.​М.​Тамільчыкам).

А.​І.​Болсун.

т. 15, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ШЧАНКА Віктар Елісеевіч (н. 15.3.1927, в. Бярозкі Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1968), праф. (1971). Засл. дз. нав. Башкірыі (1970). Засл. дз. нав. Расіі (1971). Скончыў Львоўскі політэхн. ін-т (1951) і Маскоўскі нафтавы ін-т (1956). З 1951 на гасп.-эканам. рабоце ў Сібіры. З 1960 заг. кафедры Уфімскага нафтавага ін-та. У 1983—95 заг. кафедры Гомельскага ун-та. Навук. працы па праблемах арганізацыі, планавання і павышэння эфектыўнасці вытв-сці ў нафтавай, газавай і нафтаперапр. прам-сці.

Тв.:

Повышение производительности труда в добыче нефти. М., 1976 (разам з Э.​А.​Зайнетдзінавым);

НОТ и техническое нормирование на нефтяных предприятиях. 2 изд. М., 1986 (у сааўт.);

Программно-целевое планирование линейного строительства. Мн., 1987 (разам з В.​Р.​Карпавым);

Организация и планирование нефтегазоразведочных работ с основами АСУ. 4 изд. М., 1990.

т. 17, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́РМАШ Мікалай Адамавіч (8.6.1933, в. Востранка Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1992). Скончыў Ленінградскі электратэхн. ін-т (1956). З 1960 у Ін-це матэматыкі (заг. лабараторыі), з 1965 у Ін-це тэхн. кібернетыкі (у 1970—83 нам. дырэктара) Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі і метадах стварэння аўтаматызаваных інфарм. сістэм. Распрацаваў тэарэт. асновы аўтаматызацыі інфарм. забеспячэння працэсаў праектавання ў машынабудаванні, шэраг тэхн. прылад і прыстасаванняў для ЭВМ, спосабы запісу і счытвання галаграм, відарысаў, пошуку інфармацыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Автоматизация информационного обеспечения процессов проектирования. Мн., 1984;

Методология проектирования АИС конструкторско-технологического назначения. Мн., 1986 (разам з Н.​А.​Доўнар, Т.​Г.​Зёмай);

Моделирование интеллектуальных процессов в инженерных информационных системах. Мн., 1996 (разам з С.​Ф.​Ліпніцкім).

М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРО́Н,

састаўная квазічасціца, якая рухаецца ў крышталі; адно з асн. паняццяў электроннай тэорыі праводнасці паўправаднікоў і дыэлектрыкаў з іоннай рашоткай. Складаецца з электрона праводнасці (ці дзіркі), што рухаецца разам з выкліканай ім дэфармацыяй крышт. рашоткі (фанонам). Дае магчымасць апісаць многія эл., фотаэл. і аптычныя з’явы ў рэчывах.

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)