АЎСКУЛЬТА́ЦЫЯ

(ад лац. auscultatio слуханне, выслухванне),

метад даследавання ўнутраных органаў выслухваннем. Робіцца вухам ці спец. апаратамі — стэтаскопам або фанендаскопам. Пры аўскультацыі лёгкіх выслухваюць дыхальныя шумы, хрыпы, характэрныя для запаленчых працэсаў у бронхах або лёгачнай тканцы. Па змене тону, шумах у сэрцы мяркуюць пра стан сардэчнай дзейнасці. Артэрыі выслухваюць для вызначэння артэрыяльнага ціску. Аўскультацыя жывата выяўляе наяўнасць перыстальтыкі страўніка і кішэчніка, у цяжарных — сэрцабіцце плода. Аўскультацыяй карыстаюцца і ў ветэрынарыі.

т. 2, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРО́НІКАЎ (Андронікашвілі) Іраклій Луарсабавіч

(28.9.1908, С.-Пецярбург — 11.6.1990),

рускі пісьменнік, літаратуразнавец. Засл. дз. маст. РСФСР (1959). Д-р філал. н. (1956). У літ.-знаўчых працах даследаваў творчасць М.Ю.Лермантава. У напаўбелетрыстычных творах («Загадка Н.Ф.І.», 1938; «Тагільская знаходка», 1956, і інш.) расказваў пра архіўныя і тэксталагічныя пошукі. Выступаў з уласнымі вуснымі апавяданнямі, у якіх ствараў партрэты пісьменнікаў, артыстаў. Дзярж. прэмія СССР 1967.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1980—81.

т. 1, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРУШЭ́ВІЧ Ян

(пач. 16 ст. — 1567 ?),

рэлігійны і дзярж. дзеяч ВКЛ, паэт-лацініст. Канонік у Вільні, біскуп у Кіеве і Луцку. Аўтар дыдактычна-рэліг. паэмы «Lens Lituana olim...» (каля 1543) пра легендарнае забойства ў Вільні 14 францысканскіх манахаў у перыяд княжання Альгерда (1345—77). Гал. змест і пафас паэмы ў апалагетычна-хрысц. тэндэнцыйнасці, дыдактызме, асуджэнні братазабойстваў.

Літ.:

Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЕ́СКУ (Antonescu) Іон

(14.6.1882, г. Пітэшты, Румынія — 1.6.1946),

дзяржаўны і ваенны дзеяч Румыніі, маршал (1941). У 1933—34 нач. Ген. штаба, у 1937—38 міністр абароны. З вер. 1940 дыктатар Румыніі. У ліст. 1940 падпісаў пагадненне пра далучэнне Румыніі да восі Берлін—Рым—Токіо, у саюзе з фаш. Германіяй пачаў вайну супраць СССР. У час нар. паўстання 1944 арыштаваны. Як ваенны злачынец пакараны смерцю паводле прыгавору нар. трыбунала Бухарэста.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМА́ТАВА Раіса Салтамурадаўна

(н. 30.12.1928, г. Грозны),

чэчэнская паэтэса. Нар. паэтэса Чэчні (1977). Старшыня Вярх. Савета Чэчэна-Інгушскай АССР (1963—85). Піша на чэч. і рус. мовах. У зб. вершаў «Рэспубліка родная» (1958), «Бі мне, вецер, у твар» (1959), «Іду да цябе» (1960), «Ля крыніцы» (1969), «Дабрыня» (1973), «Чынара, якая спявае» (1976), «Сустрэча» (1978) і інш. піша пра Радзіму, апявае каханне, сям’ю, дружбу; стварыла вобраз сучаснай жанчыны-гаранкі.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧ Ірына Эрнстаўна

(н. 30.4.1956, г. Ліда Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса, літ.-знавец, крытык. Канд. філал. н. (1985). Скончыла Гомельскі ун-т (1978). З 1983 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1973. У зб. «Чаравікі маленства» (1985), «Фрэскі» (1989), «Вялікдзень» (1993) паэтычны роздум пра родны край, яго гісторыю і культуру, няпростыя клопаты і турботы сучаснікаў. Даследуе бел. паэзію (манаграфія «Янка Купала і рамантызм», 1989).

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́БРЫК Янка

(Іван Іванавіч; 21.7.1905, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 25.8.1942),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1929). Быў навук. супрацоўнікам Дзярж. акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе, працаваў у Белдзяржкіно, Упраўленні па справах мастацтваў Ленінградскага гарвыканкома. Друкаваўся з 1924. Выдаў зб. вершаў «Пунсовае ранне» (1926, з А.Звонакам і Я.Туміловічам). Аўтар паэмы «Галіна» (1930) пра жыццё вясковай інтэлігенцыі. Загінуў у блакадным Ленінградзе.

Літ.:

Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986. С. 160—163.

т. 3, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРСА́К (Barsacq) Андрэ

(24.1.1909, г. Феадосія, Украіна — 3.2.1973),

французскі рэжысёр, тэатр. мастак, драматург. Вучыўся ў Школе дэкарацыйных мастацтваў у Парыжы (1924—26). У 1928—30 мастак у т-ры «Атэлье» (Парыж), з 1940 узначальваў яго. Аўтар дэкарацыйнага афармлення і рэжысёр спектакляў: «Хітрыкі Скапэна» Мальера, «Эўрыдыка» Ж.Ануя, «Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага і інш. Працаваў як мастак і ў кіно. Аўтар камедыі «Агрыпа, ці Шалёны дзень», некалькіх інсцэніровак літ. твораў, артыкулаў пра тэатр.

т. 2, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́С НА ВА́РЦЕ»,

часопіс. Выдаваўся ў ліст. 1943 — чэрв. 1944 у Мінску на бел. мове пад кантролем герм. акупац. улад. Прызначаўся для беларусаў, якія знаходзіліся на службе ў фаш. і нацыяналістычных вайсковых і ваенізаваных фарміраваннях (паліцыі, атрадах СС, СД і інш.). Усхваляў гітлераўскіх акупантаў і іх паслугачоў, прапагандаваў ідэі нацыяналізму, заклікаў беларусаў да ўзбр. барацьбы супраць сав. улады. Друкаваў артыкулы, нарысы, апавяданні пра барацьбу з партызанамі. Выйшла 10 нумароў.

С.У.Жумар.

т. 2, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛУНАН (Alunāns) Адольф

(11.10.1848, г. Елгава, Латвія — 5.7.1912),

латышскі акцёр, рэжысёр, драматург; заснавальнік нац. т-ра і драматургіі. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1866. Працаваў у ням. т-рах у Тарту, Таліне, Пецярбургу. Выконваў пераважна камедыйныя ролі. Арганізатар, кіраўнік і рэжысёр першага нац. т-ра (Рыга, 1870—85), перасоўнай трупы ў Елгаве (1885—1904). Аўтар п’ес: «Дамарослы», «Радасць і гора», «Нашы продкі» і інш., артыкулаў пра тэатр. мастацтва, успамінаў.

т. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)