ДЗЯЛЯ́ЦІЧЫ вёска ў Любчанскім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Нёман. За 30 км на ПнУ ад Навагрудка, 180 км ад Гродна, 55 км ад чыг. ст. Наваельня. 335 ж., 191 двор (1997).
Вядомы з 2-йпал. 14 ст. як велікакняжацкі двор. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка. У 17—1-йпал. 19 ст. ўласнасць Радзівілаў. У 1652 у Дз. 101 двор, царква, рынак. З 1795 у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. У 1897—1509 ж., 229 двароў, 2 школы, 2 царквы, 2 млыны, карчма, крама. У 1921—39 у Польшчы, у Навагрудскім пав. З 1939 у БССР. У 1940—56 у Любчанскім р-не. З 1956 у Навагрудскім р-не. У 1971—895 ж, 360 двароў. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — царква (19 ст.) і жылы дом (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БЛІНСКІ РУ́КАПІС,
лацінскі зборнік 2-йпал. 13 ст. Уключае розныя творы на лац. мове; вершы, пропаведзі, дыдактычныя трактаты, запавет св. Францыска, прароцтвы Іахіма Флорскага, кароткі ірландскі летапіс, даведзены да 1174, і інш. У пачатку змешчана «Апісанне зямель» — невял. геагр. трактат 3-й чвэрці 13 ст. невядомага аўтара, каталіцкага місіянера, які прапаведаваў у Прыбалтыцы сярод язычнікаў у часы Міндоўга. У ім даецца кароткае геагр. апісанне тагачаснай Еўропы, месцазнаходжанне розных краін, зямель і інш. Трактат — храналагічна самая ранняя гіст. крыніца, у якой упершыню згадваецца Белая Русь (Alba Russia). Паводле кантэксту твора, аўтар меў на ўвазе сумежную з Літвой і Латгаліяй зах. частку тагачаснай Русі, г. зн. тэр. сучаснай Усх. Беларусі. Помнік адкрыў і ўпершыню апублікаваў у арыгінале амер. вучоны М.Колкер. Захоўваецца ў б-цы Англіканскага ун-та ў Дубліне (Ірландыя). Бел. пераклад апублікаваны ў час. «Спадчына» (1993, № 6).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎСКІ Віктар Паўлавіч (15.12.1927, г. Варонеж, Расія — 17.10.1994),
рускі і бел. дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1959), нар.арт. Расіі (1969). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах скрыпкі (1949) і сімф. дырыжыравання (1953). З 1952 працаваў у розных аркестрах Расіі, у т. л. ў Дзярж.сімф. аркестры СССР, Дзярж.акад.рус.нар. аркестры імя Осіпава, сімф. аркестры Смаленскай філармоніі (з 1994 імя Д.). У 1956—62 і 1991—94 гал. дырыжор Дзярж.акад.сімф. аркестра Беларусі. У рэпертуары буйныя творы муз. класікі, сучасных аўтараў. Першы інтэрпрэтатар многіх твораў бел. кампазітараў, у т. л. 5-й сімфоніі М.Аладава, сімф. паэмы «Нарач» У.Алоўнікава, вак.-сімф. паэмы «Вечна жывыя» і «Святочнай уверцюры» Г.Вагнера, фантазіі на тэмы бел.нар. песень В.Залатарова, 2-га канцэрта для скрыпкі з арк. П.Падкавырава, сімф. паэмы «Сказ пра Палессе» У.Будніка, 8-й сімфоніі Дз.Смольскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІЯ БАІ́ 1942, 1944,
баі партызан брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. (адбыліся 9.8.1942) і 27-й імя Чапаева брыгады (29.6.1944) з ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Капыль у Вял.Айч. вайну. Да восені 1942 амаль уся тэр. Капыльскага р-на была ахоплена партыз. рухам. Частка гітлераўцаў схавалася ў добра ўмацаваным гарнізоне ў Капылі. Вечарам 9.8.1942 партызаны брыгады імя Варашылава атакавалі гарнізон, бой працягваўся 3 гадз. Партызаны занялі ўскраіны пасёлка, аднак пераадолець супраціўленне ворага, які засеў у мураваных будынках у цэнтры Капыля, партызанам не ўдалося, і яны адступілі, забраўшы з сабой захопленыя ў баі зброю, боепрыпасы, прадукты. 29.6.1944 партызаны 27-й імя Чапаева брыгады вялі бой за вызваленне Капыля. Камандаваў боем камбрыг М.А.Шастапалаў. Партызаны (каля 1500 чал.) разграмілі гарнізон праціўніка, які налічваў каля 700 салдат і афіцэраў, і ўтрымлівалі гар. пасёлак і ўчастак чыгункі Слуцк—Баранавічы да падыходу 1.7.1944 часцей Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІЯ АБАРО́НЧЫЯ ЎМАЦАВА́ННІ,
комплекс драўляна-земляных умацаванняў Клецка ў 11—18 ст. Складаліся з дзядзінца (Высокага замка) і вакольнага горада (Дольнага замка). Пляцоўка першапачатковага дзядзінца мела форму, блізкую да круга, была ўмацавана валам, з боку поля — ровам. Мела драўляную сцяну ў выглядзе састаўленых клецей (адсюль назва горада). Дзядзінец збудаваны, відаць, у сярэдзіне 11 ст., узмоцнены ў 1-йпал. 13 ст., меў мураваны склеп і цэйхгауз са зброяй. Вакольны горад пабудаваны ў 12—13 ст. Складаўся з землянога вала з драўлянай сцяной і рова, мостам злучаўся з дзядзінцам. У сярэдзіне 13 ст. ўмацаванні разбураны, у 1503 спалены крымскімі татарамі, потым адбудаваны. На тэр. вакольнага горада ў 1-йпал. 17 ст. размяшчаўся асабісты двор Радзівілаў. На працягу 17—18 ст. усе ўмацаванні разбурыліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАПА́ТКІН Аляксей Мікалаевіч (29.3.1848, б. маёнтак Шашурына, Таропецкі р-н Цвярской вобл., Расія — 16.1.1925),
расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1901). Скончыў Акадэмію Генштаба (1874). Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78 і заваявання Сярэдняй Азіі, адзін з памочнікаў ген. М.Дз.Скобелева. У 1890—97 нач. Закаспійскай вобл. У 1898—1904 ваен. міністр. У руска-японскую вайну 1904—05 камандаваў Маньчжурскай арміяй і ўсімі рас. войскамі на Д. Усходзе; пасля няўдалай Мукдэнскай бітвы 1905 зняты з пасады і прызначаны камандуючым 1-й арміяй. Чл.Дзярж. савета (з 1906). У 1-ю сусв. вайну камандаваў корпусам, 5-й арміяй, Паўн. фронтам; у 1916—17 туркестанскі ген.-губернатар. З 1917 на радзіме, настаўнічаў у сярэдняй і заснаванай ім с.-г. школах. Аўтар прац «Алжырыя» (1877), «Дзеянні атрадаў генерала Скобелева ў Руска-турэцкую вайну 1877—78 гадоў. Лоўча і Плеўна» (ч. 1—2, 1885), дзённіка (1923) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ДОМ ГУБЕРНА́ТАРА Існаваў у 2-йпал. 18—1-йпал. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1778 на б. Губернатарскай пл. ў стылі класіцызму. З’яўляўся рэзідэнцыяй магілёўскіх губернатараў
(у 1872—93 А.С.Дамбавецкага). Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак, завершаны вальмавым дахам. Гал. фасад вылучалі 3 рызаліты (цэнтральны з нязначным выступам завершаны трохвугольным франтонам, бакавыя аздоблены вуглавымі пілястрамі),
падзелены карнізным поясам на 2 ярусы. 1-ы ярус аздоблены рустам. Рытм фасадаў стварала сетка прамавугольных аконных праёмаў, завершаных у 2-м ярусе плоскімі сандрыкамі, на цэнтр. рызаліце — трохвугольнымі франтончыкамі. Двор быў абнесены каменнай сцяной, да якой прыбудаваны стайня, свірны і інш.гасп. пабудовы. Уваход у двор афармляла манум. брама ў выглядзе плоскага 4-калоннага порціка з арачным праездам у цэнтры, яна злучала дом з Магілёўскім губернскага праўлення будынкам, утвараючы адзіны ансамбль. У 1944 узарваны ням.-фаш. захопнікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛІ́ШЧАНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліп. 1941 — чэрв. 1942 на базе Сакалішчанскага знішчальнага атрада на тэр. Віцебскай вобл. Налічвала 10 груп (49 чал., арганізатары і кіраўнікі П.А.Куксёнак, Л.А.Папкоўскі); у вёсках Аляксееўцы і Пярэкі (кіраўнік І.Р.Конышаў), Боркавічы (І.Р.Каваленка), Буракова (Я.П.Кураш), Залессе (С.Р.Казачонак) Дрысенскага, вёсках Дубініна (В.В.Гушчанка), Латышова (П.А.Саўчанка), Лунёва (П.С.Шчадроў), Сакалішча (Л.Ф.Гатоўскі), Царкавішча (цяпер Кульнёва, тут знаходзіўся штаб падполля; Ф.А.Кухаронак) Расонскага і в. Кацельна (П.М.Казлоў) Полацкага р-наў. Мела сувязь з Расонскім патрыятычным падполлем, партыз. 1-й і 2-й Дрысенскімі брыгадамі, спец. атрадам «Баявы». Падпольшчыкі праводзілі агітработу сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і звесткі Саўінфармбюро, збіралі зброю, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад. У барацьбе з ням. фашыстамі загінула 19 чал. У в. Боркавічы Верхнядзвінскага р-на падпольшчыкам пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАІ́СТЫ САЮ́З 1882 (ням. Dreibund),
ваенна-паліт. блок Германіі, Аўстра-Венгрыі і Італіі, які існаваў да 1 -йсусв. вайны. Склаўся на аснове аўстра-германскага дагавора 1879. Аформлены сакрэтным пагадненнем аб абароне (падпісаны 20.5.1882 у Вене на 5 гадоў) паміж Аўстра-Венгрыяй, Герм. імперыяй і Італіяй. Прадугледжваў узаемную ваен. падтрымку бакоў у выпадку магчымага нападу на адзін з іх Францыі ці Расіі, абавязацельствы не ўдзельнічаць у саюзах, скіраваных супраць аднаго з удзельнікаў дагавора, і інш. Быў важным элементам у сістэме знешнепаліт. саюзаў О. фон Бісмарка. У 1887 і 1891 дагавор прадоўжаны і дапоўнены палажэннямі на карысць Італіі. У процівагу яму ў 1904—07 утварылася Антанта. Т.с. часткова страціў значэнне пасля заключэння ў 1902 італа-франц. дагавора аб нейтралітэце, канчаткова ён распаўся на пач. 1-йсусв. вайны, калі Італія абвясціла свой нейтралітэт (1914), а потым уступіла ў вайну на баку Антанты (1915).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАТЛА́НДСКАЯ ШКО́ЛА,
кірунак у філасофіі Вялікабрытаніі 2-йпал. 18—1-йпал. 19 ст. Заснавальнік — Т.Рыд. Яе прадстаўнікі (Дж.Освальд, Дж.Біты, Д.Сцюарт, Дж.Макінташ, У.Гамільтан) імкнуліся стварыць філасофію «цвярозага розуму» ў якасці альтэрнатывы саліпсізму Д.Юма і суб’ектыўна-ідэаліст. суджэнням Дж.Берклі. У процівагу абстрактна-тэарэт. вучэнням гэтых філосафаў яны абвясцілі асн. катэгорыяй філасофіі «цвярозы розум» як пэўную суму непарушных ісцін, крыніцай якіх з’яўляецца непасрэдная унутр. верагоднасць, што бярэ свой пачатак ад самога Бога, таму што дзякуючы яму яна стала неабходнай часткай чалавечай прыроды. Прадстаўнікі Ш.ш. ставілі пад сумненне навук. характар філасофіі, распрацоўвалі сістэму доказаў існавання Бога, душы, мэтазгоднасці ўсяго існага і адначасова абаранялі ад нападкаў суб’ектыўнай філасофіі філас. палажэнне аб існаванні незалежнага ад свядомасці матэрыяльнага свету. Асн. месца ў іх філас. канцэпцыі належыць сцвярджэнню існавання відавочных рэліг. і маральных ісцін, што крытыкаваліся філосафамі-матэрыялістамі.