СЯНКЕ́ВІЧ (Sienkiewicz) Генрык (5.5.1846, в. Воля-Акшэйска Мазавецкага ваяв., Польшча — 15.11.1916),
польскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1869—71). У 1872—87 працаваў у перыяд. друку. На яго светапогляд і творчасць паўплываў «варшаўскі пазітывізм», які прапагандаваў ідэю супрацоўніцтва ў імя эканам. ўзвышэння Польшчы. Дэбютаваў аповесцю «Дарэмна» (1872). Тэмы ранніх аповесцей, апавяданняў і навел, у т. л. «Эскізы вугалем» (1877), «Цераз стэпы» (1879), «Па хлеб» (1880), «Бартак-пераможца» (1882) — жыццё польскага сялянства, лёс дзяцей, трагедыі польскіх эмігрантаў; іх вызначае патрыят. пафас у спалучэнні з трагічным светабачаннем. Шырокую вядомасць прынесла С. гіст. трылогія «Агнём і мячом» (1883—84), «Патоп» (1884—86), «Пан Валадыёўскі» (1887—88), прысвечаная гіст.-сац. асэнсаванню мінуўшчыны Польшчы 17 ст. У сац.-псіхал. раманах «Без догмату» (1889—90), «Сям’я Паланецкіх» (1893—94) праблемы жыцця Польшчы, духоўныя пошукі пакалення канца 19 — пач. 20 ст.Рэв. падзеі 1905—07 у Расіі ў рамане «Віры» (1909—10). Раман «Quo vadis» («Кама градзешы», 1895—96) — гісторыя супрацьстаяння хрысціянства і язычніцтва. Лепшы гіст. раман — «Крыжакі» (1897—1900) — эпапея барацьбы славян супраць Тэўтонскага ордэна на мяжы 14—15 ст.; ён вылучаецца псіхалагізмам, веданнем гіст. рэалій, маст. вобразнасцю. Аўтар прыгодніцкай аповесці «У пустыні і пушчы» (1910—11), незавершанага рамана пра напалеонаўскія войны «Легіёны» (1913—14, выд. 1918), літ.-крытычных прац «Пра гістарычны раман» (1889), «Леў Талстой» (1908) і інш. Творы С. неаднаразова экранізаваны. На бел. мову яго асобныя творы перакладалі П.Бітэль, М.Кенька, М.Машара, П.Татарыновіч, М.Фальскі. Нобелеўская прэмія 1905.
Тв.:
Dzieła T. 1—60. Warszawa. 1948—55;
Бел.пер. — Янка-музыкант Мн., 1938;
Апавяданні. Мн., 1955;
Здарэнне ў гарах // Далягляды, 87 Мн., 1987;
Крыжакі. Мн., 1997;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—9. М., 1983—85;
Крестоносцы. Мн., 1983.
Літ.:
Горский И.К. Исторический роман Сенкевича. М., 1966;
Лявонава Е.А. Магія таленту: гісторыя і сучаснасць у творчасці Г.Сянкевіча // Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн., 1998;
Krzyżanowski J. Twórczość Henryka Sienkiewicza. Warszawa, 1970;
Bujnicki T. Sienkiewicz i historia. Warszawa, 1981;
Mazan B. «Impresjonizm» «Trylogii» Henryka Sienkiewicza. Lódź, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́РЫК АСТРО́ЖСКІ,
псеўданім бел.-ўкр. пісьменніка-палеміста, грамадскага дзеяча канца 16 ст. Належаў да літ. кола пісьменнікаў Астрожскай школы, куды ўваходзілі А.Курбскі, І.Федаровіч, Г. і М. Сматрыцкія, Д.Налівайка і інш. У навук. л-ры існуюць розныя гіпотэзы адносна асобы К.А.: лічыцца, што пад гэтым псеўданімам пісаў малады М.Сматрыцкі, святар Васілій, пісьменнік Г.Дарафеевіч, невядомы віленскі манах. Найбольш верагодна, што пад гэтым псеўданімам выступаў манах Клеха, як К.А. называе М.Сматрыцкі ў адным са сваіх уніяцкіх твораў. У напісанай у форме памфлета царк.-гіст. аповесці «Гісторыя пра... Фларэнцкі сінод, праўдзіва напісаная...» (1598) К.А. асаблівую ўвагу звяртаў на падзеі Брэсцкай царк. уніі 1596, выкрываў яе ініцыятараў — вышэйшую правасл. іерархію, рэзка крытыкаваў рымскага папу і яго двор, адмоўна ставіўся да любых экуменічных захадаў. У творы шырока цытуецца Біблія, творы айцоў царквы, высокая кніжнасць спалучаецца з фалькл. матывамі, вобразамі, сімваламі. Твор быў шырока вядомы ў Віленскай і Маскоўскай Русі, яго цытавалі амаль усе пісьменнікі-палемісты (ці падтрымлівалі, ці абвяргалі ў залежнасці ад канфесіянальнай прыналежнасці). Пяру К.А. належаць творы «Адказ Іпацію Пацею» (1598), «На другі ліст вялебнага Іпація Пацея... да Канстанціна Астрожскага... пісаны» (1599) ад імя К.К.Астрожскага. Крытыцы тэалаг. і гіст. поглядаў К.А. прысвечана некалькі раздзелаў у «Апалогіі» М.Сматрыцкага.
Тв.:
Исторіа о листрикійском, то ест, о разбойническом, Ферарском або Флоренском Синоде, вкоротце правдиве списаная (1598) // Памятники полемической литературы в Западной Руси. СПб., 1903. Кн. 3.;
Отпис на Лист в Бозе велебного отца Ипатіа, Володимерского і берестейского епископа, до ясне освецоного княжати Костентина Острозского, воеводы киевского. О залецанью и прехвалянью Восточной церкви з Заходным Костелом Унеи або Згоды (1598) // Там жа;
На Другій Лист велебного отца Ипатіа, володымерского и берестейского епископа, до ясне освецоного кнежати Константина Острозского, воеводы кіевского... писаный (1599) // Пам’ятки полемічного письменства кінця XVI і початку XVII ст. Львов, 1906.
Літ.:
Яременко П.К. Памфлети Клірика Острозького — українського письменника-полеміста кінця XVI віку // Наукові записки Дрогобицького педінститута. Питання літератури. Дрогобич, 1962. Вип. 7.;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн. 1968;
Грицай М.С., Микитась В.Л., Шолом Ф.Я. Давня українська література. Київ, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СЦІ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ»,
навуковы часопіс. Выдаецца з 1940 у Мінску ў 7 серыях (у 1942—46 не выходзіў). Напачатку агульны часопіс для ўсіх аддзяленняў АН Беларусі, у 1956 падзелены на серыі: грамадскіх (з 1992 гуманітарных), біял. і фізіка-тэхн.Навук. з 1963 выходзіць серыя с.-г.Навук. з 1965 — фізіка-матэм., хім.Навук. з 1968 — фізіка-энергет.навук. Серыі гуманіт., біял. і с.-г. навук выходзяць на бел. мове, астатнія на бел. і рус. мовах. Серыя гуманіт. навук мае спец. раздзелы: «Гісторыя», «Філасофія і сацыялогія», «Мастацтвазнаўства, этнаграфія, фальклор», «Літаратуразнаўства», «Мовазнаўства», «Права», «Эканоміка». Часопіс асвятляе пытанні развіцця навукі, змяшчае матэрыялы навук. даследаванняў і вынікі работ ін-таў АН Беларусі, н.-д. ін-таў і ВНУ рэспублікі, а таксама рэцэнзіі, хронікі, юбілейныя артыкулы пра вядучых вучоных рэспублікі, інфармацыю пра навук. жыццё АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎФ (Hauff) Вільгельм (29.11.1802, г. Штутгарт, Германія — 18.11.1827),
нямецкі пісьменнік-рамантык. Атрымаў багаслоўскую адукацыю ў Цюбінгенскім ун-це. Зб.сатыр. нарысаў «Мемуары Сатаны» (1826—27) напісаны ў традыцыях «Фауста» І.В.Гётэ і прысвечаны крытыцы філісцёрства, адначасова гэта пародыя на стыль ням. рамантыкаў. Парадыйнасцю пазначаны і раман «Чалавек з Месяца» (1825). У рамане «Ліхтэнштэйн» (1826) адлюстраваў гіст. працэс у яго руху і супярэчнасцях. Выдаў «Казкі для сыноў і дачок адукаваных саслоўяў» (т. 1—3, 1826—28). Звяртаючыся да ням., зах.-еўрап. і ўсх.фалькл. архетыпаў, Гаўф у літ. казцы імкнуўся раскрыць нар. мудрасць і знайсці адказ на хвалюючыя праблемы сучаснасці («Гісторыя пра маленькага Мука», «Халоднае сэрца» і інш.). Яго навелам уласцівы рысы рэалізму («Атэла», «Жабрачка з Pont des Arts», «Яўрэй Зюс» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗІ́ЛА Іосіф, ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст 17 ст. Быў мазырскім харунжым, каралеўскім палкоўнікам і інш. З 1607 знаходзіўся ў лагеры Лжэдзмітрыя II. У 1611—12 удзельнічаў у баявых аперацыях па захопе і ўтрыманні Масквы (адзін з гал. военачальнікаў польск.-літ. гарнізона ў горадзе). Пасля здачы Масквы рус. ваяводу Дз.Пажарскаму сасланы ў Ніжні Ноўгарад, зняволены ў турму (1612—19). Яго дзённік «Гісторыя Дзмітрыя фальшывага» — важная дакумент. крыніца для вывучэння т.зв. смутнага часу. Як літ. помнік вылучаецца вобразнасцю мовы, дынамізмам у апісанні гіст. падзей, яркімі аўтарскімі ацэнкамі, багаццем інфарм. матэрыялу.
Тв.:
Дневник событий, относящийся к Смутному времени (1603—1613 гг.), известный под именем истории ложного Димитрия // Русская историческая библиотека. Т. 1. Памятники, относящиеся к Смутному времени. Т. 1. СПб., 1872.
Літ.:
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977. С. 211—212.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССО́НАЎ Пётр Аляксеевіч (16.6.1828, Масква — 6.3.1898),
рускі гісторык л-ры, фалькларыст, публіцыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1851). З 1879 праф. Харкаўскага ун-та. Выдаў зборнік балгарскіх песень (1855), песень, паданняў і вусных апавяданняў сербаў (1857), песень-літанняў старцаў («Калікі вандроўныя», вып. 1—6, 1861—64; разам з рус. ўвайшлі і бел. творы). У 1864—67 узначальваў Віленскую археаграфічную камісію, бліжэй пазнаёміўся з бел. гісторыяй, культурай, фальклорам. Падрыхтаваў і выдаў «Песні, сабраныя П.В.Кірэеўскім» (вып. 1—10, 1860—74), «Беларускія песні» (1874). У апошні зборнік увайшлі каляндарна-абрадавыя нар. песні — валачобныя, юраўскія, мікольскія, куставыя, купальскія, пятроўскія, калядныя і масленічныя. Падзяляў погляды міфалагічнай школы.
Літ.:
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964;
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973. С. 89—98.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́О (Dario) Рубэн [сапр.Гарсія Сармьента
(García Sarmiento) Фелікс; 16.11.1867, г. Сьюдат-Дарыо, Нікарагуа — 6.2.1916], нікарагуанскі паэт, журналіст, буйнейшы прадстаўнік т.зв. лацінаамер. мадэрнізму. Быў консулам Нікарагуа ў Парыжы (1893—98),
паслом у Іспаніі (1908—10), карэспандэнтам. Вядомасць прынеслі зб-кі «Рыфы» і «Рыфмы» (абодва 1887), «Блакіт» (1888), «Язычніцкія псалмы» (1896). Лірыка Д. вызначаецца пантэісцкім бачаннем свету, культам прыгажосці, музычнасцю і пластычнасцю: зб-кі «Песні жыцця і надзеі» (1905), «Паэма восені і іншыя вершы» (1910) і інш. Яго эсэістыка спрыяла засваенню лацінаамерыканскай еўрап. культуры і ўсведамленню нац. самабытнасці (зб-кі «Сучасная Іспанія», 1901, «Увесь палёт», 1912, і інш.). У вершах і публіцыстыцы адлюстраваліся рэзкае непрыманне каштоўнасцей бурж. грамадства, абарона права на паліт. незалежнасць. Аўтар мемуарнай прозы («Гісторыя маіх кніг», 1913, «Жыццё Рубэна Д., расказанае ім самім», 1915, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ШЫНА,
вёска ў Беларусі, у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнУ ад Навагрудка, 185 км ад Гродна, 46 км ад чыг. ст. Наваельня. 299 ж., 168 двароў (1994). Базавая школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання.
Да 1401 двор Новагародскай зямлі, дзярж. ўласнасць. У 1428 Вітаўт падараваў Асташына сваёй жонцы Юльяне Іванаўне Гальшанскай у якасці вена. З канца 15 ст. ўласнасць Чартарыйскіх, потым Саламярэцкіх, Радзівілаў, Чачотаў. У 1897 — 929 ж., 150 двароў, царква, царкоўнапрыходская школа, хлебазапасны магазін, піцейны дом. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Любчанскай гміны Навагрудскага пав. У Асташына і навакольных вёсках адбылося Асташынскае выступленне сялян 1932. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Любчанскім раёне, з 1956 у Навагрудскім раёне. У 1969 — 730 ж., 248 двароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСА́КАЎ Сяргей Цімафеевіч (1.10.1791, г. Уфа — 12.5.1859),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Казанскім ун-це (1805—07). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1856). З 1843 жыў у маёнтку Абрамцава. Літ. дзейнасць пачаў у 1820-я г. як тэатр. рэцэнзент. Першы маст. нарыс «Буран» (1834). У кн. «Запіскі пра тое, як вудзіць рыбу» (1847), «Запіскі ружэйнага паляўнічага Арэнбургскай губерні» (1852), «Апавяданні і ўспаміны паляўнічага пра розныя паляванні» (1855) выступіў як уважлівы назіральнік паводзін, звычак звяроў, птушак і рыб. Вяршыня творчасці — аўтабіягр. аповесці «Сямейная хроніка» (1856) і «Дзіцячыя гады Багрова-ўнука» (1858), у якіх стварыў шырокую панараму памешчыцкага побыту канца 18 ст. Пісаў артыкулы, рэцэнзіі, нататкі пра л-ру і тэатр, мемуары («Літаратурныя і тэатральныя успаміны», 1856—58, «Гісторыя майго знаёмства з Гогалем», 1852—55, незаконч.; апубл. 1890) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬШЭ́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік беларуска-літоўскага летапісання 16 ст.; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», перакладзены на польскую мову, аналагічны тэксту Кракаўскага (на польскай мове) і Румянцаўскага спісаў (гл.Румянцаўскі летапіс). У 19 ст. захоўваўся ў б-цы А.Хамінскага ў маёнтку Альшэва (ад яго і назва) каля Нарачы (Мядзельскі р-н). Датуецца 1550.
У Альшэўскім летапісе пададзена гісторыяВКЛ ад легендарнага кн. Палемона да сярэдзіны 15 ст.Найб. падрабязна асветлены перыяд княжання Вітаўта, выкладзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». У канцы летапісу змешчана «хронічка» — збор кароткіх датаваных звестак за 1307—1535. Альшэўскі летапіс — самы ранні пераклад на польскую мову бел.-літ. летапісу. Зберагаецца ў Нац. б-цы ў Варшаве. Апубл. С.Пташыцкім асобным выданнем (Вільня, 1907) і ў Поўным зборы рус. летапісаў (т. 17, 1907), перавыдадзены М.М.Улашчыкам тамсама (т. 35, 1980).