умоўная назва стылявога кірунку ў рус. архітэктуры канца 17 — пач. 18 ст. Паходзіць ад прозвішча баяраў Нарышкіных, у чыіх маёнтках і на заказ якіх у Маскве і Падмаскоўі будавалі невял. сядзібныя храмы, а таксама буйныя гар. цэрквы яруснага тыпу. Паводле кампазіцыі Н.б. — традыц. васьмярык на чацверыку, ускладнены дэкарацыямі і карункавай арнаментыкай. Характэрныя рысы пабудоў, падкрэсленая сіметрычнасць, яруснасць, адпаведнасць арх. форм канструкцыям; аздабленне ярусаў калонкамі па вуглах у завяршэнні карнізнымі паясамі; магутныя валюты, карнізы, якія моцна выступаюць, авальныя і шматвугольныя аконныя праёмы, сістэма спалучэння чырвоных цагляных сцен і белакаменных разных дэкар. дэталей. Сярод узораў Н.б.: цэрквы Пакрова ў Філях (1690—93), Тройцы ў Троіцкім-Лыкаве (1698—1704; абедзве цяпер у межах Масквы), Успенскі сабор у Разані (1693—99, арх. Я.Бухвостаў) і інш. Рысы Н.б. ўласцівы таксама грамадз. і жылым пабудовам (Сухарава вежа, 1692—95, арх. М.Чаглакоў, не захавалася).
Г.А.Лаўрэцкі.
Да арт.Нарышкінскае барока. Царква Пакрова ў Філях (цяпер у межах Масквы). 1690—93.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЕ МАСТА́ЦТВА,
мастацтва сярэдніх вякоў і Адраджэння (т.зв. старанідэрландская школа), якое ўзнікла і склалася на тэр. сучасных Бельгіі, Нідэрландаў, Люксембурга і паўн.-ўсх. Францыі. У архітэктуры 12—13 ст. развіваліся раманскі стыль і готыка, часам іх рысы спалучаліся (сабор у Турнэ), у 13—14 ст. — грамадз. архітэктура (гандл. рады і ратуша ў Бруге і інш. гарадах). У 16 ст. горадабудаўніцтва імкнулася да рэнесансавай ансамблевай забудовы цэнтр. плошчаў, важнае месца займалі гар. ратушы — у Бруселі, Антверпене (арх. К.Флорыс). У выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве ў 12—13 ст. развіваліся маст. ліццё і ювелірнае мастацтва (рэлікварый у Кёльнскім саборы). У 14—16 ст. высокага маст. ўзроўню дасягнулі кніжная мініяцюра (браты Лімбург) і жывапіс (Пітэр Артсен, Дз.Баўтс, Х.Босх, П.Брэйгель, Р. ван дэр Вэйдэн, Х. і Я. ван Эйкі і інш.). Пра развіццё мастацтва фламандскай і галандскай школ гл. ў арт.Бельгія, Нідэрланды.
Б.А.Зярноў.
Да арт.Нідэрландскае мастацтва. Х.Босх. Спакушэнне св. Антонія.Да арт.Нідэрландскае мастацтва. П.Брэйгель. Сляпыя. 1568.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ЙО́РКСКАЯ ГАРАДСКА́Я О́ПЕРА (New York City Opera). Засн. ў 1943 у Нью-Йорку ў будынку Гар.цэнтр. тэатра. З 1966 працуе ў будынку Т-ра штата Нью-Йорк у Лінкальн-цэнтры. Адкрыта ў 1944 спектаклем «Тоска» Дж.Пучыні. У рэпертуары творы амер. кампазітараў
сусв. класікаў («Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева, «Воцак» А.Берга, «Юлій Цэзар» Г.Ф.Гендэля, «Каранацыя Папеі» К.Мантэвердзі, «Кармэн» Ж.Бізэ, «Чароўная флейта» В.А.Моцарта, «Травіята» Дж.Вердзі і інш.). З 1984 неангламоўныя творы суправаджаюцца цітрамі на англ. мове («бягучы радок» над прасцэніумам). У т-ры працуюць (2000): спевакі Э.Бертан, С.Паўэл; дырыжоры Дж.Мэнахан, Л.Мейджар; рэжысёры Дж.Робінсан, М.Ламас; маст. кіраўнік П.Келаг.
Я.У.Новікаў.
«Нью-Йоркскі гарадскі балет». Сцэна са спектакля «Антычныя эпіграфы». Балетмайстар Дж.Робінс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯБА́БА (Марцін) (?, г. Карастышаў Жытомірскай вобл., Украіна — 26.6.1651),
чарнігаўскі палкоўнік казацкага войска ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. У 1648 пасланы Б.Хмяльніцкім на Пд Беларусі, дзе аб’яднаўся з паўстаўшымі сялянамі і гар. нізамі. Авалодаў Лоевам, Гомелем і інш. У 1651 на чале чарнігаўскага і нежынскага палкоў (15 тыс.чал.) пасланы для аховы лоеўскіх перапраў цераз Дняпро, каб не дапусціць на Украіну войскі ВКЛ на чале з гетманам польным ВКЛ Я.Радзівілам. Частку войска ён накіраваў пад Гомель (гл.Гомеля аблога 1651), а атрад у 3 тыс.чал. — на ахову лоеўскіх перапраў. 6.7.1651 частка войска ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім (2500 чал.) разбіла казацкую «старожу» каля перапраў. З намерам знішчыць атрад Мірскага Н. рушыў да Лоева, куды падышло ўжо войска Радзівіла. У час бітвы (гл.Лоеўская бітва 1651) некалькі тысяч казакоў, у т. л. і Н., былі забіты. У знак павагі да мужнасці Нябабы Радзівіл загадаў «над яго магілай зрабіць вялікі насып».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЬШТЫН (Olsztyn),
горад на Пн Польшчы, у Вармінска-Мазурскім ваяводстве. Каля 180 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: шынная, харч., мэблевая, машынабудаўнічая. Арх. помнікі 14—16 ст. Паблізу, на Пд ад О. — месца Грунвальдскай бітвы 1410.
Узнік вакол паселішча каля замка Вармінскай капітулы, згадваецца з 1348. У 1353 атрымаў гар. права (ням. назва Аленштайн). У 1440—54 уваходзіў у Прускі саюз (аб’ядноўваў апазіцыйныя Тэўтонскаму ордэну гарады). У 1454 разам з Вармінскім біскупствам далучаны да Польшчы. У 1516—19 адміністратарам уладанняў капітулы быў М.Капернік, які ў 1521 у час польска-крыжацкай вайны кіраваў абаронай замка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. у складзе Прусіі. У канцы 19 ст. пачалася германізацыя насельніцтва. Па выніках плебісцыту 1920 горад застаўся ў межах Германіі. Пасля ўсталявання фаш. дыктатуры А.Гітлера ў О. пачалася новая хваля германізацыі і дэпартацыі польскага насельніцтва. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны. Вызвалены 22.1.1945, увайшоў у склад Польшчы. У 1946—99 цэнтр Альштынскага ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РСА-РАМА́НА (Ала Аляксандраўна) (н. ў 1936, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.),
грамадскі і культ. дзеяч бел. дыяспары ў ЗША, амер. вучоны-хімік. Д-рхім.н. (1967). З 1944 у Германіі, дзе вучылася ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945—49). У 1949 разам з бацькамі пераехала ў ЗША. Скончыла гарадскі (1957) і політэхнічны ун-ты ў Нью-Йорку. З 1971 выкладчык, потым праф. кафедры біяхіміі Нью-Йоркскага гар. ун-та. Старшыня Бруклінскага аддзела Амер.хім.т-ва, чл.Амер. крышталеграфічнай асацыяцыі і Амер.к-та па хіміі. У 1956—92 кіраўнік бел.танц. ансамбля «Васілёк» (Нью-Йорк). Прапагандуе ў ЗША бел. культуру і гісторыю. Актывістка Бел. аўтакефальнай правасл. царквы за мяжой. Чл.Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку і інш. грамадскіх арг-цый беларусаў у ЗША. Аказвае дапамогу пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аўтар навук. прац па даследаванні крышт. структуры арган. злучэнняў у нізкіх тэмпературах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ВІЧ (Альберт Францавіч) (11.11. 1875, Мінск — 17.3.1951),
бел. паэт-гумарыст, драматург. Скончыў 4-класнае гар. вучылішча ў Мінску (1894). Працаваў ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі. Жыў у Мінску. З 1932 у Маскве, на Урале, з 1945 у Курску. Займаўся жывапісам, вышываў дываны. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 19 ст., у бел. друку выступіў у 1907 (газ. «Наша ніва»), Друкаваўся ў альманаху «Маладая Беларусь», час. «Лучынка» і інш. Выдаў зб. вершаў «Снапок» (1910), драму «Васількі» (1919). У лірычных вершах гучалі патрыят. матывы. Творчасць П. цесна звязана з фальклорам. Найб. вядомымі і папулярнымі былі яго вершаваныя гумарыст. апавяданні, жартоўныя сцэнкі, пераказы бел.нар. анекдотаў («Пан і акуляры», «Ракі», «Шчодрая ахвяра», «Маладая гаспадынька» і інш.). Аўтар арт. «Забытае» (да гісторыі тэксту «Гутаркі Данілы са Сцяпанам», 1925), «Сялянка» В.Дуніна-Марцінкевіча на мінскай сцэне» (1929). На бел. мову перакладаў творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, М.Канапніцкай, У.Сыракомлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НЗА,
горад, цэнтр Пензенскай вобл. ў Расіі. На Прыволжскім узв., на р. Сура (прыток Волгі). Нас. 534,6 тыс.ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (з-ды: дызельны, кампрэсарны, вылічальных электронных машын, гадзіннікавы, хім., тэкст. машынабудавання, веласіпедны і інш.), харч., лёгкая, дрэваапр., папяровая. Ф-ка піяніна, з-дмед. прэпаратаў. 5 ВНУ. 2 тэатры. Музеі: краязн., нар. творчасці, карцінная галерэя. Батанічны сад.
Засн. ў 1663 як вартавы пункт на паўд. ускраіне Рас. дзяржавы. Неаднойчы на горад нападалі татары і нагайцы. У 1670 узята атрадамі С.Разіна. З 1719 цэнтр Пензенскай правінцыі ў складзе Казанскай губ. У 1723 засн.гар. магістрат (да 1866). У жн. 1774 праз П. прайшла армія Е.Пугачова. З 1780 цэнтр намесніцтва, з 1796 — губерні. У 1797—1801 павятовы, з 1801 губ. горад Саратаўскай губ. У 1874 праз П. прайшла Сызрана-Вяземская чыгунка. З 1928 цэнтр Пензенскай акругі Сярэдняволжскага краю, з 1930 раённы цэнтр Сярэдняволжскага, потым Куйбышаўскага краю, з 1937 — Тамбоўскай вобл., з 1939 цэнтр Пензенскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРУ́ЦЫ ((Pemzzi) Бальдасарэ) (хрышчаны 7.3.1481, г. Сіена, Італія — 6.1.1536),
італьянскі архітэктар і жывапісец. Супрацоўнічаў з Д.Брамантэ і Рафаэлем. У творчасці спалучаў прынцыпы Высокага Адраджэння з ранне-маньерыстычнымі тэндэнцыямі. Раннім пабудовам уласцівы лірычнасць і вытанчаная лёгкасць форм, больш познім — кантрасты нясучых і нясёных элементаў, напружана-дынамічная сувязь кампазіцыі з гар. асяроддзем. Сярод пабудоў: віла Фарнезіна (1509—11) і Палацца Масіма але Калоне (1536) у Рыме, партал царквы Сан-Франчэска (1519) у Сіене, палац Фарнезе (1535) у Капрароле і інш. З 1520 кіраваў буд-вам сабора св. Пятра ў Рыме. Аўтар манум. размалёвак, якія вызначаюцца тонкім дэкаратывізмам, часам ілюзіяністычнымі эфектамі: фрэскі ў царкве Сант-Анофрыо (каля 1503), на віле Фарнезіна (з 1511), у капэле Панцэці царквы Санта-Марыя дэла Пачэ (1516—17) у Рыме, у царкве Фантэджуста (1528), на віле Белькара (1530) у Сіене і інш. Афармляў спектаклі і феерыі, паўплываў на развіццё перспектыўнай тэатр. дэкарацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАРАЛІ́НСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у в. Каралін (цяпер у межах г. Пінск Брэсцкай вобл.). Пабудаваны ў традыцыях новаітальян. фартыфікацыйнай сістэмы. У плане — падоўжаны чатырохвугольнік (75 × 37 × 46 × 75) з бастыёнамі на вуглах. Курціны і чатырохвугольныя з брустверамі бастыёны былі вымураваны з каменю (з боку поля бастыёны значна большыя). З ПдУ замак ахоўвалі стромкі бераг і воды р. Піна. Унутры валоў ішоў падземны скляпеністы праход вышынёй 2,1 м і шырынёй 90 см. У 2-й пал. 17 ст. замкам валодаў маршалак ВКЛ Ян Дольскі, потым — кн. Вішнявецкія. У ліп. 1660 у час аблогі П.К.з. разбураны рас. войскамі, у 1704 — войскамі шведскага караля Карла XII. У пач. 19 ст. яшчэ былі цэлыя 2 бастыёны і курціна. Пазней замак знік пад гар. забудовай. Рэшткі П.К.з. адлюстраваны на планах Пінска канца 18 ст., на малюнках Н.Орды 19 ст.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991. С. 159—160.
М.А.Ткачоў.
Руіны Пінскага Каралінскага замка 3 малюнка Н.Орды. 19 ст.