СВЯРДЛО́Ў Якаў Міхайлавіч (4.6.1885, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 16.3.1919),

савецкі паліт. і дзярж. дзеяч. З сям’і рамесніка-гравёра, ураджэнца г. Полацк. Чл. РСДРП з 1901, бальшавік з 1903. З 1904 прафес. рэвалюцыянер. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07 на Урале. За рэв. дзейнасць 14 разоў арыштаваны, 12 гадоў прабыў у турмах і ссылках. Чл. ЦК і Рус. бюро ЦК (з 1912), сакратар ЦК партыі (з 1917). Адзін з кіраўнікоў кастр. ўзбр. паўстання 1917 у Петраградзе (гл. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917). З 8.11.1917, застаючыся сакратаром ЦК партыі, старшыня ВЦВК Саветаў. Адзін з ініцыятараў «чырвонага тэрору» і «расказачвання». На пасяджэнні ЦК КП(б)Б 1.2.1919 абвясціў пастанову ЦК РКП(б) аб неабходнасці стварэння адзінай Літ.-Бел. Сацыяліст. Рэспублікі, на 1-м Усебел. з’ездзе Саветаў (2—3.2.1919) абвясціў пастанову Прэзідыума ВЦВК аб прызнанні незалежнасці БССР. Адзін са стваральнікаў Камуністычнага Інтэрнацыянала.

т. 14, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІ́ЦЫН Аляксандр Андрэевіч (26.8.1858, г. Яранск Кіраўскай вобл., Расія — 17.9.1931),

расійскі археолаг. Чл.-кар. АН СССР (1929). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). З 1892 чл. Археалагічнай камісіі, з 1919 чл. Рас. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры. Вывучаў і сістэматызаваў усх.-слав. старажытнасці, адзін з першых пачаў спалучаць археалогію з гісторыяй. Абагульніў і апублікаваў матэрыялы археал. раскопак, якія праводзілі ў бас. Нёмана В.​А.​Шукевіч, Ф.​В.​Пакроўскі і Э.​А.​Вольтэр. У 1893 на 9-м археал. з’ездзе ў Вільні выступіў з дакладам аб каменных магілах і курганах Беларусі, у 1926 на 1-м з’ездзе даследчыкаў бел. археалогіі і археаграфіі — аб сучасным становішчы бел. археалогіі Аўтар прац: «Магчымыя літоўскія курганы VIII—IX ст.» (1896), «Магчымыя старажытнасці Чорнай Русі» і «Рассяленне старажытнарускіх плямён па археалагічных даных» (1899), «Літоўскія старажытнасці» (1925) і інш.

В.​У.​Скалабан.

т. 15, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛСТО́Й Дзмітрый Андрэевіч (13.3.1823, Масква — 7.5.1889),

граф, рас. дзярж. дзеяч, гісторык. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1843). З 1848 служыў у дэпартаменце духоўных спраў Мін-ва ўнутр. спраў, з 1853 — у Марскім мін-ве. З 1861 сенатар, з 1866 чл. Дзярж. савета. У 1865—80 обер-пракурор Сінода, з 1866 міністр нар. асветы. Правёў рэформы сярэдняй адукацыі (1871), гар. вучылішчаў (1874), духоўных навуч. устаноў пры Сінодзе (1867, 1869). У 1882—89 міністр унутр. спраў Расіі і шэф корпуса жандараў, Прыхільнік «моцнай» улады, адзін з лідэраў паліт. рэакцыі 1880-х г. З дапамогай А.​Дз.​Пазухіна распрацаваў праекты «контррэформ»: «Закон аб земскіх участковых начальніках» (1889), «Палажэнне аб земскіх установах» (1896). З 1882 прэзідэнт Акадэміі навук. Аўтар прац «Гісторыя фінансавых устаноў Расіі з часоў заснавання дзяржавы да смерці імп. Кацярыны II» (1848), «Рымскі каталіцызм у Расіі» (1876).

Дз.​У.​Караў.

т. 15, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕАГУ́ЛЬНАЯ ПРАЦО́ЎНАЯ ПАВІ́ННАСЦЬ,

мерапрыемствы сав. улады па абавязковым прыцягненні да працы ўсіх працаздольных грамадзян сав. Расіі, якія праводзіліся ў 1918—20. Мела на мэце забеспячэнне рабочай сілай патрэб гаспадаркі і абароны ва ўмовах грамадз. вайны і інтэрвенцыі; цесна звязана з палітыкай «ваеннага камунізму». У.п.п. абвешчана ў Дэкларацыі правоў працоўнага і эксплуатуемага народа (студз. 1918), дэкрэтам СНК РСФСР ад 5.10.1918 уведзена для прадстаўнікоў буржуазіі, Кодэксам законаў аб працы ад 10.12.1918 — для ўсяго працаздольнага насельніцтва. Дэкрэты СНК ад 12.4.1919 і 27.4.1920 забаранялі самавольны пераход на іншую працу і сурова каралі за прагулы. Паводле дэкрэта СНК ад 29.1.1920 «Аб парадку ўсеагульнай працоўнай павіннасці» ствараліся Гал. (старшыня Ф.Э.Дзяржынскі) і мясц. к-ты па правядзенні У.п.п., усё працаздольнае насельніцтва, незалежна ад пастаяннай работы, прыцягвалася да выканання розных прац. заданняў. З увядзеннем новай эканамічнай палітыкі У п.п. спыніла дзеянне. На тэр. Беларусі скасавана ў 1922.

т. 16, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХАДЖЭ́ННЕ БАГАРО́ДЗІЦЫ ПА ПАКУ́ТАХ»,

помнік стараж.-рус. перакладной літаратуры апакрыфічнага жанру (гл. Апокрыфы). Трапіла на Русь праз паўд.-слав. пасрэдніцтва; зместам блізкае да візант. тэксту помніка. Найб. стараж. рус. спіс датуецца 12 ст. У творы апавядаецца пра падарожжа гал. гераіні па замагільным свеце. Апокрыф прасякнуты рэліг. канцэпцыяй аб суровасці, але справядлівасці боскага суда, паводле якой душа чалавека асуджаецца пасля яго смерці на пакуты за зямныя грахі.

Тэндэнцыя запалохвання немінучымі пякельнымі жахамі за парушэнне прынцыпаў хрысціянства, боскіх запаведзяў некалькі змякчаецца ў творы спачуваннем грэшнікам, суперажываннем за іх пакуты. Гэта ідэя ўвасоблена ў вобразе Багародзіцы — чулай жанчыны, заступніцы людзей. Моцна ўражаная ўбачаным у пекле, яна звяртаецца да Бога з просьбай злітавацца над грэшнікамі і палегчыць ім пакуты. Незвычайнасць зместу твора, важнасць закранутых праблем, гуманіст. ідэя спачування чалавеку спрыялі папулярнасці твора сярод чытачоў. Бел. рэд. твора — «Аб дванаццаці пакутах».

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 16, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТРАПАЛЯ́ЦЫЯ (ад экстра... + лац. polire рабіць гладкім),

пашырэнне вывадаў, атрыманых пры вывучэнні адной часткі якой-н. з’явы, працэсу, на яго другую частку, на будучы час. 1) У статыстыцы Э. — пашырэнне выбарачных звестак вывучэння часткі з’явы на папуляцыю ў цэлым; пры гэтым паказчыкі даследаванай часткі разглядаюцца як набліжэнне да паказчыкаў па сукупнасці ў цэлым (напр., праекцыя росту насельніцтва па даных з мінулага часу).

2) У логіцы Э. — перанясенне і пашырэнне якасных характарыстык, заканамернасцей з адной прадметнай вобласці або аднаго віду аб’ектаў на інш. вобласць або від (напр., вывад аб узроўні культуры якой-н. сац. групы па назіраннях за асобнымі яе прадстаўнікамі або аб перспектывах культуры па тэндэнцыях у мінулым).

3) У матэматыцы — знаходжанне прыбліжаных значэнняў функцыі 𝑓(x) у пунктах, якія не належаць адрэзку [x0, xn], па яе значэннях у пунктах x0, x1, ..., xn. Гл. таксама Інтэрпаляцыя і экстрапаляцыя.

т. 18, кн. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАЛО́ГІЯ (ад гема + ...логія),

сукупнасць звестак аб каштоўных і вырабных камянях. Вывучае фіз. ўласцівасці, асаблівасці хім. саставу, дэкаратыўна-маст. вартасці, мінерагеніі радовішчаў, а таксама тэхналогіі апрацоўкі. Устанаўлівае адрозненні прыродных каштоўных камянёў (рубін, сапфір, ізумруд, жэмчуг і інш.) ад іх сінт. аналагаў і імітацый.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ГЕРМА́НСКАЯ ДЭКЛАРА́ЦЫЯ 1938 аб ненападзенні.

Падпісана 30 вер. ў Мюнхене брыт. прэм’ер-міністрам Н.​Чэмберленам і А.​Гітлерам адразу пасля заключэння Мюнхенскага пагаднення 1938. Фактычна ўзмацніла пазіцыі фаш. Германіі, давала ёй поўную свабоду дзеянняў, чым садзейнічала развязванню 2-й сусв. вайны.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАРКАЦЫ́ЙНАЯ ЛІ́НІЯ,

1) лінія (паласа), якая размяжоўвае ваюючыя бакі на час перамір’я (лінія спынення агню).

2) Лінія, якая падзяляе на зоны тэрыторыю пераможанай дзяржавы.

3) Лінія (паласа), якая ўстанаўліваецца часова на тэрыторыі, што аспрэчваецца суседнімі дзяржавамі, да вырашэння пытання аб пастаяннай граніцы.

т. 6, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛА ПАМПО́НІЙ (Pomponius Mela),

рымскі географ 1-й пал. 1 ст. н.э. Родам з г. Тынгентэр (Іспанія). Каля 44 н.э. напісаў трактат у 3 кнігах «Аб будове Зямлі», дзе абагульніў звесткі ант. свету пра кантыненты і акіян, Міжземнамор’е і інш. прыбярэжныя краіны.

т. 10, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)