ДЭВО́НСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), дэвон,

чацвёртая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае чацвёртаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі сілурыйскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі каменнавугальнай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 400 млн. гадоў назад, доўжылася больш за 50 млн. гадоў. Тэрмін уведзены англ. даследчыкамі Р.​І.​Мурчысанам і А.​Седжвікам (1839). Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі) — ніжні, сярэдні, верхні (ранняя, сярэдняя, позняя эпохі) і 7 ярусаў (вякоў) — лохкаўскі, пражскі, эмскі (ніжні аддзел); эйфельскі, жывецкі (сярэдні); франскі, фаменскі (верхні аддзел). На Беларусі гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы (1981, 1990) дэвонскіх адкладаў. На падставе характэрных комплексаў выкапнёвых брахіяпод, астракод, канадонтаў і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты: баршчоўскі, чарткоўскі, віцебскі, адроўскі, асвейскі, гарадоцкі, касцюковіцкі, полацкі (старааскольскі), ланскі, саргаеўскі, сямілуцкі, рэчыцкі, варонежскі, яўланаўскі, лівенскі, даманавіцкі, задонскі, ялецкі, петрыкаўскі, лебядзянскі, арэскі, стрэшынскі, палескі.

Арганічны свет Д.с. быў багаты і разнастайны. Марскія басейны насялялі амаль усе тыпы марскіх беспазваночных жывёл (прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, плечаногія, членістаногія, малюскі, канадонтаносьбіты і інш.), з раслін — водарасці; у лагунах, азёрах і рэк панавалі бяссківічныя і рыбы. На сушы былі пашыраны прымітыўныя расліны — псілафіты, з’явіліся папарацепадобныя, дзеразовыя і хвашчовыя, першыя голанасенныя. Некат. групы жывёл (каралы, страматапоры і інш.) і раслін (вапняковыя водарасці) адыгрывалі важную ролю ва ўтварэнні адкладаў, месцамі ў морах стваралі арганагенныя пабудовы (біястромы, біягермы, рыфы). Найб. важныя для расчлянення дэвонскіх адкладаў групы фауны — ганіятыты, каралы, брахіяподы, малюскі, астракоды, канадонты, рыбы; флоры — рэшткі раслін (споры).

Адклады Д.с. вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформеннага чахла большасці платформ Паўн. і Паўд. паўшар’яў, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках. Пашыраны таксама ў складкавых сістэмах Урала, Паміра, Апалачаў, Кардыльераў і інш. Большая ч. сушы ў дэвоне была ўкрыта морамі, дзе пераважна намнажаліся тэрыгенныя і карбанатныя асадкі, у лагунах — каменныя солі, гіпсы, ангідрыты. У дэвоне пачалася герцынская складкавасць, якая суправаджалася актыўнай вулканічнай дзейнасцю і ўтварэннем магутных тоўшчаў вулканагенных парод. На ўсіх кантынентах з адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў.

На Беларусі адклады Д.с. пашыраны на б. ч. (каля 60%) тэр. і прадстаўлены ўтварэннямі ўсіх ярусаў, акрамя пражскага. Залягаюць на глыбінях ад 100 да 1500 м і толькі месцамі па р. Дняпро ў г. Орша, Зах. Дзвіна каля Віцебска, Сар’янка каля г. Верхнядзвінск выходзяць на паверхню. На ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна, Валынская манакліналь) глініста-карбанатныя адклады лохкаўскага яруса магутнасцю да 80 м, у цэнтры і на ПнУ (Аршанская ўпадзіна, Латвійская седлавіна) тэрыгенныя, карбанатныя і эвапарытавыя адклады эмскага, эйфельскага, жывецкага і часткова франскага ярусаў агульнай магутнасцю да 500 м. Да франскага яруса адносяцца вулкана-магматычныя ўтварэнні дыятрэм (трубак выбуху) Жлобінскай седлавіны. Найб. поўны разрэз дэвону (да 3—3,5 тыс. м) ускрыты свідравінамі на ПдУ (Прыпяцкая ўпадзіна), дзе ўтварэнні эйфельскага, жывецкага, франскага і фаменскага ярусаў складзены з магутных тоўшчаў тэрыгенных, карбанатных, саляносных і вулканагенных парод. З адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў: нафты (Рэчыцкае, Давыдаўскае, Вішанскае і інш.), солей каменных (Мазырскае) і калійных (Старобінскае, Петрыкаўскае), гаручых сланцаў (Тураўскае, Любанскае), даламітаў (г.п. Руба, Віцебскі р-н), расолаў і мінер. вод.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996;

Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Девонская система. Л., 1990.

С.​А.​Кручак.

т. 6, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ЯПО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1945,

ваенныя дзеянні 9.8—2:9.1945 савецкіх узбр. сіл па разгроме войск Японіі на Д.​Усходзе ў час 2-й сусв. вайны; працяг Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45. Пасля нападу фаш. Германіі на СССР Японія, нягледзячы на наяўнасць дагавора аб нейтралітэце (падпісаны 13.4.1941) дапамагала Германіі (на граніцы з Сав. Саюзам мела вял. групоўку войск, што вымушала СССР трымаць на Д.​Усходзе значныя вайск. сілы, парушала граніцу, перашкаджала сав. суднаходству). Пасля разгрому фаш. Германіі ў маі 1945 яе саюзніца Японія працягвала вайну супраць Кітая, ЗША, Вялікабрытаніі і інш. 5.4.1945 Сав. Саюз дэнансаваў сав.-яп. дагавор аб нейтралітэце і, выконваючы саюзніцкія абавязацельствы ў адпаведнасці з рашэннямі Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945, пасля адмовы Японіі выканаць патрабаванні саюзнікаў СССР па антыфаш. кааліцыі аб безумоўнай капітуляцыі 8.8.1945 абвясціў вайну Японіі. У ноч на 9 жн. войскі Забайкальскага (Маршал Сав. Саюза Р.​Я.​Маліноўскі), 1-га (Маршал Сав. Саюза К.​А.​Мерацкоў) і 2-га (ген. арміі М.​А.​Пуркаеў) Далёкаўсходніх франтоў, караблі Ціхаакіянскага флоту (адмірал І.​С.​Юмашаў) і Амурскай ваен. флатыліі (контр-адм. А.​В.​Антонаў), а з 10 жн. таксама войскі Манг. Нар.-Рэв. Арміі (Маршал Х.​Чайбалсан) пад агульным кіраўніцтвам Маршала Сав. Саюза А.​М.​Васілеўскага пачалі наступленне. Сав. войскі налічвалі больш за 1,5 млн. чал., 26 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 5500 танкаў і самаходна-артыл. установак, каля 3800 самалётаў, Ціхаакіянскі флот і Амурская флатылія — каля 600 караблёў і падводных лодак і больш за 1500 самалётаў. Ім процістаялі яп. сілы ў Маньчжурыі, Карэі, на Паўд. Сахаліне і Курыльскіх а-вах (1,2 млн. чал., каля 1200 танкаў, 5400 гармат і каля 1800 самалётаў). Сав. войскі атакавалі праціўніка па ўсёй граніцы з Маньчжурыяй і ўзбярэжжы Паўн. Карэі. Да 14 жн. Забайкальскі і 1-ы Далёкаўсходні франты прасунуліся ўглыб на 150—450 км, у Маньчжурыі расчлянілі Квантунскую армію японцаў, штаб якой адмаўляўся ад капітуляцыі. 19 жн. яп. войскі пачалі капітуляцыю (гл. Маньчжурская аперацыя 1945), але сав. войскі працягвалі наступленне: вызвалены 11—25 жн. Паўд. Сахалін, 18 жн.—1 вер. Курыльскія а-вы (гл. Паўднёва-Сахалінская аперацыя 1945, Курыльская дэсантная аперацыя 1945). 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі. Страты сав. боку: 36 456 чал., у т. л. незваротныя (забітыя, памерлыя ад ран) 12 031 чал.; з яп. боку 803 269, у т. л. незваротныя 83 717. Скончылася 2-я сусв. вайна. СССР вярнуў Паўд. Сахалін, яму адышлі і Курыльскія а-вы. За баявыя подзвігі ў С.-я.в. 87 воінам прысвоена званне Герояў Сав. Саюза, сярод якіх беларусы М.​У.​Барташоў, Г.​С.​Здановіч, В.​А.​Кот, М.​А.​Ласкуноў, Ц.​А.​Пачтароў.

Літ.:

История Великой Отечественной войны Советского Союза, 1941—1945 гг. Т. 5. М., 1963;

Финал: Ист.-мемуарный очерк о разгроме империалистической Японии в 1945 году. 2 изд. М., 1969;

Яковлев Н.Н. 3 сентября 1945. М., 1971;

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 11. М., 1980;

По дорогам Китая, 1937—1945: Воспоминания. М., 1989. С. 281—361;

Хаттори Т. Япония в войне, 1941—1945: Пер. с яп. [2 изд.] СПб., 2000.

Ю.​В.​Бажэнаў, В.​А.​Юшкевіч.

Да арт. Савецка-японская вайна 1945. Жыхары кітайскага г. Далянь (Дальні) вітаюць савецкіх воінаў. Жнівень 1945.

т. 14, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІНАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі, развядзенне свіней на мяса, сала і інш. прадукты. Свініна — каштоўны харч. прадукт, са скуры свіней робяць абутак і інш. рэчы, з крыві — каўбасы, альбуміны, крывяную муку, са шчаціння — шчоткі і пэндзлі, з касцей — касцявую муку, кішкі ідуць у каўбасную вытв-сць і на выраб струн. Свінні рана дасягаюць палавой спеласці, ужо ў гадавым узросце могуць мець прыплод. Высокая пладавітасць (10—12 парасят за апарос) разам з кароткім эмбрыянальным перыядам даюць магчымасць атрымліваць ад кожнай свінаматкі да 2,5 т свініны ў жывой масе за год. Рэалізацыйнай жывой масы 100—120 кг свінні дасягаюць за 5—7 месяцаў пры сярэднясутачнай прывазе 600—300 г (а пры збалансаваных рацыёнах кармлення да 1000—1200 г) пры спажыванні на 1 кг прыбаўлення ў масе 3,5—4,5 кг у кармавых адзінках. Свінні маюць высокую забойную масу (да 75—85% ад жывой масы), у ёй да 52% мяса і да 32% падскурнага тлушчу. З мяса свіней гатуюць разнастайныя харч. прадукты, многія з якіх вытрымліваюць працяглае захоўванне. У мясным балансе Беларусі свініна складае 47,7% (2000).

Гадоўляй свіней людзі пачалі займацца ў неаліце (5—3-е тыс. да н.э.). У развітых антычных краінах (Егіпет, Грэцыя, Рым) ужо існавалі іх пароды. У краінах феад. Зах. Еўропы С. была прымітыўная. Яе развіццё звязана з ростам гарадоў і попыту на мяса. У 19 ст. пачалася інтэнсіўная праца па паляпшэнні мясц. і фарміраванні новых парод, у выніку з’явіліся высокапрадукцыйныя, многія з якіх (асабліва буйная белая, выведзеная ў Англіі) не страцілі значэння да нашага часу. Найб. развіццё С. атрымала ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы. Амаль палова сусв. пагалоўя ў краінах Азіі (найб. Кітай, Японія, Індыя, В’етнам), каля 25% у Еўропе (Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, Расія, Украіна, Польшча) і каля 10% у ЗША. Па рэліг. матывах С. не атрымала развіцця ў мусульманскіх краінах. У сусв. гандлі свінінай гал. месца займаюць Нідэрланды, Бельгія, Данія, Кітай і Канада.

На Беларусі да пач. 20 ст. С. была адной з развітых галін жывёлагадоўлі. Гадаваліся пераважна мясц. пароды, у памешчыцкіх гаспадарках — палепшаныя пароды. У 1916 было 2,4 млн. свіней. Племянная і таварная С. пачала развівацца ў 1920-я г. У час калектывізацыі ўзніклі таварныя свінагадоўчыя фермы (больш за 4 тыс. ў 1934). На пач. 1941 мелася 2,5 млн. свіней. З 1970-х г. С. пераводзілася на прамысл. аснову. Пабудаваны буйныя высокамеханізаваныя комплексы і ўкаранёна паточна-цэхавая сістэма вытв-сці на фермах калгасаў і саўгасаў. На Беларусі (2000) 100 свінагадоўчых комплексаў і больш за 1 тыс. ферм трох тыпаў: з закончаным абаротам статка, рэпрадукцыйных і адкормачных. Буйныя комплексы на 108 тыс. галоў гадавога адкорму свіней і сярэднія на 54 тыс. галоў — у дзярж. уласнасці. Асн. пароды: буйная белая, чорна-белая, беларуская мясная, эстонская беконная, ландрас і інш. Племянную работу праводзяць спецыялізаваныя заводы, саўгасы, раённыя племянныя станцыі; навук. даследаванні — Бел. НДІ жывёлагадоўлі, лабараторыі пры ВНУ. Колькасць свіней 3,6 млн. галоў, у т. л. 1,3 млн. ў насельніцтва (2000). Эфектыўнасць С. апошнія гады паніжана ў сувязі з высокімі выдаткамі корму (каля 6,6 кг у кармавых адзінках на 1 кг прывагі, у т. л. каля 6 кг у кармавых адзінках канцэнтратаў).

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Свінагадоўля. Свінагадоўчы комплекс у саўгасе-камбінаце «Сож» Гомельскага раёна.

т. 14, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОСТ,

збудаванне, якое пракладвае шлях над перашкодай. Узводзяць цераз рэкі і інш. вадацёкі (уласна М.), цераз дарогі (пуцеправоды), яры і цясніны (віядукі), а таксама замест насыпаў і плацін (эстакады). Паводле прызначэння адрозніваюць пешаходныя, аўтадарожныя, чыгуначныя масты, сумешчаныя, для водазабеспячэння (акведукі), пропуску водных шляхоў (М.-каналы), газа- і нафтаправодаў; паводле працягласці бываюць малыя (да 25 м), сярэднія (25—100 м), вялікія (больш за 100 м), пазакласныя (больш за 500 м, у якіх ёсць пралёты болей за 100 м); паводле канструкцыі — арачныя, бэлечныя масты, вантавыя масты, вісячыя масты, рамныя масты, камбінаваныя. Асобную групу ўтвараюць наплаўныя масты, развадныя масты, зборна-разборныя, а таксама масты ваенныя.

М. падзяляюць таксама на: адно-, двух- і шматпралётныя; з яздой па версе, па нізе, па сярэдзіне; нізка- і высакаводныя; жалезабетонныя, стальныя, сталежалезабетонныя, бетонныя, драўляныя (пераважна часовыя). М. звычайна складаецца з пралётных канструкцый і апор (прамежкавых быкоў і канцавых устояў). Апоры М. бываюць масіўныя, ражавыя, па́левыя, на па́левых абалонках, апускных калодзежах і кесонах; устоі спалучаюць М. з земляным палатном дарогі. На пралётнай канструкцыі размяшчаюць праезную ч., пешаходныя праходы, трубаправоды. Асн. параметры М.: агульная даўжыня, даўжыня пралётных канструкцый, шырыня праезнай ч. і тратуараў, падмаставы габарыт. Будуюць па тыпавых або індывід. праектах, выпрабоўваюць на статычныя і дынамічныя нагрузкі. Будаваць М. (драўляныя і каменныя) пачалі са стараж. часоў, на Русі — з 10 ст. драўляныя (пераважна наплаўныя), з пач. 16 ст. — каменныя. Першы метал. (чыгунны) М. пабудаваны ў Англіі ў 1779, у Расіі — у 1784 у Пецярбургу; вял. ланцуговы М. — у 1847—53 у Кіеве. З пач. 20 ст. значнае пашырэнне набылі жалезабетонныя М. З пач. 19 ст. пачалі будаваць вісячыя масты, пралёты іх хутка павялічваліся. У 1937 цераз праліў у Сан-Францыска (ЗША) пабудаваны унікальны вісячы М. з пралётам 1281 м. У тэорыю і практыку мостабудавання значны ўклад зрабілі працы рас. і сав. вучоных М.​А.​Белялюбскага, Дз.​І.​Жураўскага, С.​В.​Кербедза, Л.​Ф.​Нікалаі, Я.​А.​Патона, Р.​П.​Перадзерыя, Л.​Дз.​Праскуракова, Ф.​С.​Ясінскага; Э.​Фрэйсінэ (Францыя), Р.​Маяра (Швейцарыя) і інш.

Многія М. з’яўляюцца помнікамі дойлідства і інж. мастацтва. М. стараж.-рым. дасягнулі адзінства архітэктуры і інжынерыі: выразная архітэктоніка масіўнай шматарачнай канструкцыі, амаль пазбаўленай дэкору, надавала ім выгляд суровай магутнасці (М. Алькантара цераз цясніну р. Таха ў Іспаніі, 98—106 н.э., будаўнік Гай Юлій Лацэр). Найб. пашыраныя да сярэдзіны 19 ст. каменныя М. мелі масіўныя ўстоі і пралёты, што стварала ўражанне ўстойлівасці і надзейнасці. Метал. М. сталі менш грувасткімі і набылі ажурнасць сілуэта (М. цераз р. Дору ў г. Порту ў Партугаліі, 1881—85, інж. А.​Г.​Эйфель). Яны паўплывалі на стылістыку М. 20 ст. Вял. пластычнай выразнасцю адметныя жалезабетонныя М. Іх дынамічнасць і зрокавая лёгкасць форм надаюць буйным збудаванням своеасаблівую элегантнасць (М. цераз р. Арв у Швейцарыі, 1936, інж. Р.​Маяр). Арыгінальныя сілуэты М. істотна ўплываюць на арх. аблічча горада (напр., М. ў Празе, Будапешце, Пецярбургу, Кіеве і інш.).

Сярод найб. значных і прыгожых М.: цераз р. Дзебед каля манастыра Санаін у Арменіі (1192), цераз р. Эльба ў г. Дрэздэн (Германія; 1260), Карлаў М. у Празе (1357), Санта-Трыніты ў Фларэнцыі (Італія; 1567), вісячы Бруклінскі М. у Нью-Йорку (1869—83), Таўэрскі ў Лондане (1886—94), чыг. арачны Мюнгстэнскі цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген (Германія; 1897, выш. каля 107 м), цераз р. Св Лаўрэнція ў г. Квебек (Канада; 1899—1917, пралёт 549 м), Вял. Маскварэцкі ў Маскве (1938), Патона ў Кіеве (1951), цераз праліў Басфор (Турцыя; 1973), цераз эстуарый Хамбер на У Вялікабрытаніі (даўж, 1410 м, 1981). Шэдэўрам цяслярнага мастацтва з’яўляюцца драўляныя рыштаванні і кружала Чортавага М. на аўтамагістралі Гера—Іена ў Германіі (1937). Самыя высокія М.: у свеце — на выш. 321 м перасякае Каралеўскі каньён у штаце Каларада, ЗША (пралёт 218 м, 1929), у Еўропе — М. «Еўропа» (выш. 190 м, даўж. 820 м) цераз р. Зіль у г. Інсбрук, Аўстрыя (1959—63). Найб. колькасць М. у г. Гамбург (Германія) — 2,5 тыс., у С.-Пецярбургу — каля 800, у т. л. М. Анічкаў, Банкаўскі, Ільвіны мосцік і інш. У Еўропе захавалася некалькі забудаваных М.: Лонданскі цераз р. Тэмза (1209; да 14 ст. ўяўляў сабой своеасаблівы гар. квартал з 5-павярховымі дамамі), у Парыжы на М. Мянялаў асталяваліся банкіры; М. Понтэ-Векіо ў Фларэнцыі (Італія) з ювелірнымі крамамі; М. крамнікаў у г. Эрфурт (Германія) пабудаваны ў 1325 цераз р. Гера, дзе абапал яго стаяць 34 адрэстаўрыраваныя 2- і 3-павярховыя фахверкавыя дамы. Сярод вядомых стваральнікаў М.: у Англіі Т.​Тэлфард, А.​Дэрбі, Дж.​Уілкінсан, Р.​Стэфенсан, у Францыі Эйфель, у Італіі Л.​Б.​Альберці, Б.​Аманаці, у Швейцарыі І.​У.​Грубенман, у ЗША В.​Роблінг і яго сын Дж.​А.​Роблінг, Дж.​Фінлей, на Украіне Я.​А.​Патон.

На Беларусі драўляныя М. вядомы з 10—11 ст. Іх будавалі цераз рэкі, каналы, балоты, замкавыя равы і інш. Яны мелі 2 асн. апорныя канструкцыі — на палях і ізбіцах. Замкавыя М. падымаліся на спец. ланцугах (узводах). У 1567 у Гродне цераз Нёман пабудаваны драўляны М. з каменнымі падпорамі. У 18—19 ст. узведзены каменныя арачныя М. ў Брэсце, Віцебску і інш. Шэраг чыг. М. пабудаваны з пракладкай Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі (участак Парэчча—Гродна ўведзены ў эксплуатацыю ў 1862) і ўчастка Смаленск—Брэст (у 1871). У 1950—80-я г. пабудаваны: М. цераз р. Зах. Дзвіна ў Віцебску, цераз р. Дняпро ў Магілёве і Рэчыцы (усе арх. В.​Ладыгіна), цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны і вул. М.​Багдановіча ў Мінску, пуцеправоды цераз яр Дзебра ў Магілёве і чыгунку станцыі Мінск-Пасажырскі ў Мінску і інш. На Беларусі больш за 4600 аўтадарожных і каля 2000 чыг. М. (1999). Найб. М. цераз р. Прыпяць каля г. Мазыр Гомельскай вобл. даўж. 947 м пабудаваны ў 1995.

Літ.:

Кётэ Р. Мосты: Пер. с нем. [М., 1991].

І.​І.​Леановіч, Т.​Р.​Мартыненка (архітэктура).

Карлаў мост у Празе. 1357.
Таўэрскі мост у Лондане. 1886—94.
Мюнгстэнскі чыгуначны арачны мост цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген. Германія. 1897.
Драўляныя рыштаванні і кружала «чортавага» моста на аўтамагістралі Гера—Іена. Германія. 1937.
Мост цераз р. Заходняя Дзвіна ў Віцебску. 1953—55.

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІЛО́НІЯ,

старажытная дзяржава на Пд Месапатаміі (тэр. сучаснага Ірака) у 19−6 ст. да н.э. Назва ад яе сталіцы — Вавілона. Засн. каля 1894 да н.э. пасля пранікнення ў Месапатамію качавых плямён амарэяў. Старававілонская дзяржава (1894—1595 да н.э.) дасягнула магутнасці ў час праўлення 6-га цара 1-й Вавілонскай (Амарэйскай) дынастыі Хамурапі

[1792—1750 да н.э.],

мела рысы стараж.-ўсх. дэспатыі. На чале яе стаяў цар, які валодаў заканад., выканаўчай, суд. і рэліг. уладай і абапіраўся на армію; воіны атрымлівалі ад дзяржавы зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лініі і былі неадчужальныя. Асн. масу насельніцтва складалі дробныя вытворцы і ўласнікі. Грамадства падзялялася на паўнапраўных грамадзян, юрыдычна свабодных, але непаўнапраўных мушкенумаў, якія працавалі ў царскай гаспадарцы, і рабоў. Былі развіты ірыгацыйнае земляробства, садаводства, рамёствы, знешні і ўнутр. гандаль (гандл. цэнтры Вавілон, Ніпур, Сіпар, Ларса, Ур). Сын Хамурапі Самсуілуна [1749—1712 да н.э.] каля 1742 да н.э. адбіў уварванне касітаў. З канца 17 ст. да н.э. Вавілонія перажыла ўнутр. крызіс. Уварванне хетаў у 1595 да н.э. і захоп Вавілона іх царом Мурсілі I у 1594 да н.э. спынілі праўленне старававілонскай дынастыі. Каля 1518 да н.э. заваявана касітамі, якія панавалі да 1150-х г. да н.э. (сярэдневавілонскі ці касіцкі перыяд). Пры апошнім касіцкім цару Эліль-надзін-аху [1159—1157 да н.э.] Вавілонія трапіла пад уладу Элама. Вызвалілася пры Навухаданосару I [1126—1105 да н.э.], які перанёс сталіцу з г. Ісін у Вавілон. У 9 ст. да н.э. паўд. ч. Вавілоніі занялі халдзеі. Пасля захопу Вавілона асірыйскім царом Тыглатпаласарам III у 729 да н.э. дзяржава страціла незалежнасць, аднак захавала статус асобнага царства ў складзе Асірыі. Зноў стала незалежная ў час праўлення халдзейскага правадыра Набапаласара [626—605 да н.э.], які заснаваў халдзейскую (новававілонскую) дынастыю. Эканам. росквіту і культ. адраджэння дасягнула пры Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля яго смерці знаць і жрацы ўмешваліся ва ўладу. Рэліг. рэформа (вылучэнне на першы план культу бога Месяца Сіна замест культу вярх. вавілонскага бога Мардука) апошняга цара (арамея па паходжанні) Набаніда [556—539 да н.э.] выклікала канфлікт са жрацамі, яго актыўная знешняя палітыка (войны ў Аравійскай пустыні) аслабіла армію. У 539 да н.э. Вавілонія заваявана персамі.

Літ.:

Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.

У.​Я.​Калаткоў.

Да арт. Вавілонія. Партрэтная галава, магчыма, цара Хамурапі з Сузаў. 18 ст. да н.э.

т. 3, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГІМО́НТ III Ваза

(20.6.1566, Грыпсхальм, Швецыя —30.4.1632),

вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1587—1632], у ВКЛ Жыгімонт IV; кароль Швецыі [1592—99]. Сын караля Швецыі Юхана (Яна) III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога. Абраны на трон Польшчы і ВКЛ пасля смерці Стафана Баторыя. Каб замацаваць свае пазіцыі сярод бел.-літ. магнатаў і шляхты, Ж. III выдаў 28.1.1588 у Кракаве прывілей, які зацвярджаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці бацькі ў 1592 заняў шведскі трон. Палітыка Ж. III па аднаўленні пазіцый каталіцкай царквы ў Швецыі правалілася, у 1599 пратэстанты скінулі яго з трона. Да канца жыцця рабіў намаганні вярнуць швед. карону, пачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але быў вымушаны паспрыяць прыняццю пастаноў сеймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўным. Прапаноўваў планы далучэння Маскоўскай дзяржавы да Рэчы Паспалітай як члена федэрацыі разам з Польшчай і ВКЛ. Падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, Ілжэдзмітрыя II. Пасля запрашэння царом Васілём Шуйскім швед. корпуса для барацьбы з войскамі Лжэдзмітрыя II Ж. III пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У выніку разгрому рас. арміі каля Клушына (1610) Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, маскоўскія баяры і гараджане абвясцілі царом сына Ж. III — каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча (гл. Уладзіслаў IV Ваза). Да Дэулінскага перамір’я 1618 Ж. III дапамагаў сыну як «маскоўскаму цару». Намаганні Ж. III увесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона (а не выбары караля), зменшыць ролю палаты дэпутатаў (пасольскай ізбы), выклікалі ў 1606 рокаш (легальны мяцеж шляхты), які ўзначаліў гетман надворны каронны М.​Зебжыдоўскі. У ліп. 1607 каля Гузава ракашане пацярпелі паражэнне. Рокаш скончыўся кампрамісам. Сейм абвясціў амністыю, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў для кантролю за яго дзеяннямі. Ж. III праводзіў актыўную палітыку ў паўд. напрамку. З-за свайго ультракаталіцызму падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў яго барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі, што выклікала пастаянныя напады на Украіну і паўд. Польшчу крымскіх татар і туркаў, саюзнікаў Трансільваніі. У 1620 польск. войска было разбіта туркамі каля Цацоры. Рэванш, атрыманы ім у 1621 пад Хацінам, не быў выкарыстаны з-за нерашучасці Ж. III. Шмат у чым палітыка Ж. III прывяла да далейшага заняпаду дзяржавы і змяншэння яе ролі ў еўрап. паліт. жыцці 17 ст.

Літ.:

Podhorodecki L. Wazowie w Polsce. Warszawa, 1985;

Wisner H. Zygmunt III Waza. Wrocław etc., 1991.

А.​П.​Грыцкевіч.

Жыгімонт III Ваза.

т. 6, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГЛЯ́НСКІ РАЁН,

на ПнЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, двойчы скасаваны (1931, 1951) і адноўлены (1935, 1966). Пл. 0,9 тыс. км². Нас. 19,4 тыс. чал. (1998), гарадскога 42%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п. Круглае, 152 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Комсеніцкі, Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Рубежскі, Цяцерынскі, Шапялевіцкі.

Раён размешчаны ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны і Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня хваліста-раўнінная, пераважаюць выш. 180—200 м, найвыш. пункт 223 м (каля в. Баканава). Карысныя выкапні: торф. пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз. -7,6 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 626 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. З Пн на Пд цэнтр. ч. перасякае р. Друць з прытокамі Бярозаўка, Асліўка з Рутай, Каменка, Гнілка, Вабіч; на З р. Можа з Бярозкай. Азёры: Яложынскае, Безыменнае, або Палыкаўскае (на мяжы са Шклоўскім р-нам). На р. Друць Цяцерынскае вадасх. Глебы дзярнова-падзолістыя (60,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28.6%) і інш. Пад лесам 26% тэр. раёна, з іх 19,8% штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Асн. лясныя масівы на З, пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Пл. балот 3,8%, найб. балота Шчыток. Заказнікі мясцовага значэння гідралагічныя: Шчыток, Баравуха, Забароўскае, у пойме р. Друць. Помнікі прыроды мясцовага значэння: возера Хатомля каля в. Шапялевічы, крыніцы каля в. Прыгані, Цяцерын.

На 1.1.1998 агульная пл. с.-г. угоддзяў 55,5 тыс. га, з іх асушана 11,3 тыс. га. У раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, 29 фермерскіх гаспадарак, закрытае акц. т-ва «Рыбгас Азёрны», Цяцерынская лесапаляўнічая гаспадарка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн.-раг. жывёла, свінагадоўля); ільнаводства. Вырошчваюць збожжа, кукурузу, лён, бульбу, буракі, рапс. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў; пач. апрацоўкі лёну, харч. прам-сці, Цяцерынская ГЭС. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з Магілёвам, Талачыном, Шкловам, Бялынічамі. У раёне 6 сярэдніх, 2 базавыя, 4 пач. школы, тэрытарыяльна-школьны комплекс у в. Філатава (сярэдняя школа, дзіцячы сад, філіял дзіцячай школы мастацтваў, аддзяленне раённай юнацка-дзіцячай спарт. школы). 3 комплексы з сярэдняй школай і дзіцячым садам, 4 комплексы з пач. школай і дзіцячым садам, цэнтр пазаўрочнай дзейнасці вучняў, школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця, 11 дзіцячых садоў, 8 дамоў культуры, 22 клубы, 23 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, 2 амбулаторыі, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры — цэрквы: Пакроўская (2-я пал. 19 ст.) у в. Дудаковічы, Мікалаеўская (1833) у в. Тубушкі. Выдаецца газ. «Сельскае жыццё».

Літ.:

Памяць: Круглянскі р-н. Мн., 1996.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 8, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ,

спецыяльныя месцы, якія ствараліся гітлераўцамі на акупіраваных тэрыторыях у 2-ю сусв. вайну для масавай загубы грамадзян захопленых краін, выкарыстання іх на прымусовай працы. Былі арганічнай часткай акупацыйнага рэжыму, палітыкі генацыду. Паводле афіц. прызначэння падзяляліся на лагеры для ваеннапалонных (дулагі, шталагі, афлагі), цывільнага насельніцтва (працоўныя лагеры СД, перасыльныя лагеры СС, штрафныя, жаночыя, гета) і інш. У большасці выпадкаў размяшчаліся на адкрытай прасторы, абгароджанай калючым дротам, з прыстасаванымі ці наспех абсталяванымі памяшканнямі барачнага тыпу, часта проста землянымі норамі або акопамі. Ахову лагераў і знішчэнне вязняў праводзілі падраздзяленні вермахта, СД і СС. У Л.с. праводзілася знішчэнне зняволеных голадам, холадам, катаржнай працай, катаваннямі, расстрэламі, спальваннем, злачыннымі эксперыментамі ўрачоў-садыстаў і г.д. Толькі на тэр. Беларусі было больш за 260 Л.с., іх філіялаў і аддзяленняў, ахвярамі якіх сталі больш за 1.4 млн. чал. Адзін з першых Л.с. створаны ў в. Дразды пад Мінскам для ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва, дзе ў чэрв.—ліп. 1941 утрымлівалася каля 140 тыс. чал.; пасля вызвалення ў 1944 тут у яме-траншэі выяўлены астанкі каля 10 тыс. расстраляных (паўторныя пошукі і раскопкі выявілі новыя масавыя пахаванні закатаваных). Па колькасці ахвяр пасля Асвенціма і Майданака найбуйнейшым лічыцца Трасцянецкі лагер смерці. Адным з самых вял. гар. Л.с. было мінскае гета, створанае 19.7 1941, дзе загублена каля 100 тыс. чал. Жудаснымі па жорсткасці былі лагеры, якія ствараліся гітлераўцамі ў прыфрантавой паласе: напярэдадні адступлення за калючы дрот і мінныя загароды фашысты зганялі непрацаздольных грамадзян і размяшчалі сярод іх інфекцыйных хворых у разліку на хуткае і масавае распаўсюджванне захворванняў сярод насельніцтва і сав. вайск. часцей (гл. Азарыцкія лагеры смерці). Бяспрыкладнымі па садызме былі Л.с., у якіх гітлераўцы абяскроўлівалі дзяцей і падлеткаў для патрэб арміі (у в. Скобраўка Пухавіцкага р-на загінулі 1500 дзяцей-донараў). На тэр. Беларусі Л.с. выкарыстоўваліся захопнікамі і для знішчэння грамадзян з краін Зах. Еўропы, акупіраваных Германіяй. Найб. Л.с. былі Бабруйскі, Беразвецкі, Калбасінскі, Калдычэўскі, Лупалаўскі, Ляснянскі, Маладзечанскі, Масюкоўшчынскі (гл. адпаведныя арт.), Бронная Гара. Адступаючы з Беларусі, захопнікі ў 1944 правялі масавую акцыю знішчэння вязняў, якія яшчэ засталіся, спрабавалі замесці сляды злачынстваў, маскіруючы пахаванні. Створаная ў 1944 камісія садзеяння Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў сабрала доказы, якія цалкам выкрылі крывавыя злачынствы гітлераўцаў. На месцах л.с. ў памяць пра тых, хто загінуў у іх, пастаўлены помнікі, кожны Л.с. ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе Хатынь.

Літ.:

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995.

У.​С.​Пасэ.

т. 9, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛАПАНЕ́СКАЯ ВАЙНА́ 431—404 да н.э., вайна паміж аб’яднаннямі стараж.-грэч. полісаў — Дэлоскім саюзам (на чале з Афінамі) і Пелапанескім саюзам (на чале са Спартай). У гіст. л-ры П.в. падзяляюць на 3 перыяды: Архідамава вайна (431—421 да н.э.), Сіцылійская вайна (420—413 дан.э.) і Дэкелейская вайна (413—404 да н.э.). Выклікана паліт. процістаяннем дэмакр. Афін і алігархічнай Спарты, барацьбой за паліт., эканам. і ваен. гегемонію ў Грэцыі. Пачалася ўварваннем у Атыку (крас. 431 да н.э.) войск Пелапанескага саюза на чале са спартанскім царом Архідамам II. Афіняне мелі вял. запасы грошай, крапасныя ўмацаванні, магутны флот і спадзяваліся на хуткую перамогу. У 429 да н.э. яны на чале з Фарміёнам блакіравалі Карынфскі заліў і атрымалі 2 перамогі над спартанскім флотам. Эпідэмія чумы ў 430—429 да н.э. нанесла ўдар па дасягненнях афінян. Грашовыя запасы хутка вычарпаліся, штогадовыя ўварванні спартанцаў наносілі вял. страты эканоміцы Атыкі. У 426 да н.з. афіняне атрымалі шэраг перамог у сярэдняй Грэцыі; у 425 да н.э. іх флот на чале са стратэгам Дэмасфенам захапіў Пілас і ўзяў у палон спартанцаў на в-ве Сфактэрыя. У 424 да н.э. спартанскі военачальнік Брасід заняў афінскія калоніі ў Фракіі. У 421 да н.э. варагуючыя бакі заключылі т.зв. Нікіеў мір, які фактычна замацаваў даваеннае становішча. У 418 да н.э. спартанскі цар Агіс II у бітве каля Мантынеі перамог саюзныя войскі Аргаса, Эліды і Афінаў. У 416 да н.э. афіняне арганізавалі ваен. экспедыцыю на Сіцылію, якая скончылася разгромам афінскага флоту і сухапутных сіл. У 414 да н.э. ўзнавіліся ваен. дзеянні. У 412 да н.э. Спарта пры падтрымцы персаў пабудавала флот і пачала аспрэчваць гегемонію Афін на моры. Частка афінскіх саюзнікаў пакінула марскі саюз і далучылася да Спарты. У 411 да н.э. ў Афінах адбыўся алігархічны пераварот, і алігархі пачалі перагаворы аб міры. Але афінскія стратэгі з ваен. эскадры на Самасе адмовіліся выконваць іх загады і інспіравалі дэмакр. пераварот у Афінах. У 406 да н.э. афіняне разбілі пелапанескі флот каля Аргінускіх а-воў, але ў 405 да н.э. спартанскі флатаводзец Лісандр захапіў афінскія караблі каля Эгаспатамаў. Ад Афін адышлі апошнія саюзнікі. У 405—404 да н.э. Афіны абложаны і захоплены спартанскімі войскамі. У Афінах усталяваўся алігархічны рэжым «трыццаці тыранаў», Афінскі марскі саюз распушчаны, гегемонія ў Грэцыі перайшла да Спарты.

Літ.:

Фукидид. История: Пер. с греч. М., 1993.

А.​У.​Казленка.

т. 12, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РМСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПнУ Усх.-Еўрапейскай раўніны і на зах. схілах Паўн. і Сярэдняга Урала, у Расійскай Федэрацыі. Утворана 3.10.1938. Пл. 160,6 тыс. км². Нас. 2989 тыс. чал. (1997), гарадскога 77%. Цэнтр — г. Перм. Найб. гарады: Беразнікі, Салікамск, Чайкоўскі, Кунгур, Лысьва, Краснакамск, Чусавой. У складзе П.в. Комі-Пярмяцкая аўтаномная акруга. Цэнтр. ч. вобласці займае раўніна з далінай р. Кама, на З Верхнякамскае ўзв., на ПнЗ Паўн. Увалы, на У хрыбты Паўн. Урала (выш. да 1469 м) і Сярэдняга Урала. Пашыраны карставыя формы рэльефу, у т. л. Кунгурская пячора. Радовішчы нафты, калійна-магніевых солей, каменнага вугалю, храмітаў, кухоннай солі, буд. матэрыялаў і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 да -18 °C, ліп. 16—18 °C. Ападкаў ад 450 мм на ПдЗ да 800 мм на ПнУ. Гал. р. Кама з прытокамі Чусавая, Косьва, Вішара і інш. Камскае і Воткінскае вадасх. на р. Кама. Глебы пераважна падзолістыя і дзярнова-падзолістыя. Пад лесам каля 60% тэр. (піхтава-яловыя і мяшаныя лясы). На тэр. П.в. запаведнікі Басегі і Вішарскі. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне (вытв-сць абароннай прадукцыі, у т. л. ракетна-касм. тэхнікі, нафтапрамысл. і горна-шахтавага абсталявання, газавай апаратуры, буксіраў-плытаводаў, навігацыйнага абсталявання, турбагенератараў, электра- і авіярухавікоў, электрапомпаў, электрапіл, валачна-тралёвачных машын, пральных машын, магнітафонаў, тэлефонаў, веласіпедаў і інш.), хім. і нафтахім. (вытв-сць мінер. угнаенняў, каўстычнай і кальцыніраванай соды, пластмасы, пральнага парашку, лакаў і фарбаў, гумава-тэхн. прадукцыі), лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (вытв-сць фанеры, мэблі, кардону, шпалер, піхтавага алею). Развіты чорная (біметалы, сталь, пракат) і каляровая (тытанавая губка, метал. магній і яго сплавы) металургія, вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шкло і інш.), лёгкая (шаўковая, трыкат., абутковая), паліграф. і харч. прам-сць. Здабыча нафты, каменнага вугалю, алмазаў, золата, буд. матэрыялаў і інш. Вытв-сць электраэнергіі на Камскай і Воткінскай ГЭС, Пермскай і Яйвінскай ДРЭС і інш. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых культур і малочна-мясной жывёлагадоўлі. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 3 млн. га, пераважна на Пд вобласці. Пасевы збожжавых (жыта, ячмень, пшаніца, авёс) і кармавых культур. Бульба- і агароднінаводства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз. Даўж. чыгунак 1,5 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 8 тыс. км. Суднаходства па рэках Кама (гал. парты — Перм, Салікамск, Беразнікі), Чусавая, Вішара. Развіта сетка газа- і нафтаправодаў. Курорты Усць-Качка і Ключы.

т. 12, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)