НА́РВА, Няцеч,

рака ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 157 км². Пачынаецца за 700 м на ПнЗ ад в. Брындзяняты, упадае ў Нёман каля в. Дакудава. На працягу 12 км каналізаваная. Каля в. Дуброўня створана сажалка. У сярэднім цячэнні прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ МАСТА́К СССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета СССР найб. выдатным дзеячам сав. выяўл. мастацтва, за асаблівыя заслугі ў развіцці жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар. і прыкладнога мастацтва. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 16.7.1943. Існавала да 1991.

Народныя мастакі СССР у Беларусі

1973. З.​І.​Азгур.

1978. М.​А.​Савіцкі.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРАЛІЗА́ЦЫЯ (франц. naturalisation ад лац. naturalis прыродны, сапраўдны, законны) у біялогіі, поўнае ўжыванне новага для дадзенага біяцэнозу віду; выпрацоўка або замяшчэнне ім экалагічнай нішы ў згуртаванні. Суправаджаецца ўзнікненнем новых адаптацый, абумоўлена мяжой нормы рэакцыі арганізма. Генет. структура папуляцыі або віду пры гэтым не змяняецца. Звязана з акліматызацыяй і інтрадукцыяй.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРЫ́ТАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

мелкаводная прыбярэжная ч. мора. Размешчана пераважна ў межах шэльфа ад узроўню макс. адліву да верхняй мяжы мацерыковага схілу (200—400 м). Для Н.в. характэрны вял. рухомасць вады, зменлівасць т-ры, значнае пранікненне сонечнага святла, вял. колькасць кіслароду, разнастайнасць флоры і фауны. У межах Н.в. намнажаюцца пераважна абломкавыя ўтварэнні (гл. Нерытавыя адклады).

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІНБО́,

горад на У Кітая, у прав. Чжэцзян. Каля 500 тыс. ж. (1998). Марскі порт у вусці р. Юнцзян, за 26 км ад Усх.-Кітайскага м. (вываз чаю, бавоўны, рыбы). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (суднабудаванне, зборка трактароў), нафтахім., тэкст., харч., металургічная, электраэнергет., буд. матэрыялаў. Кнігасховішча Цяньічэ, храм Цяньтунсы і інш.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫ АФО́Н,

кліматычны курорт у Абхазіі (Грузія), на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Пас. горнага тыпу, ж.-д. станцыя за 18 км на ПнЗ ад г. Сухумі. Засн. ў 1922. Асн. лячэбны фактар — субтрапічны мяккі клімат. Лечаць хваробы нерв., сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў дыхання нетуберкулёзнага характару і інш. Санаторый, пансіянаты, турбазы, лячэбны пляж. Кіпарысавыя алеі. Новаафонская пячора.

т. 11, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́СТРА (ад італьян. nostro conto наш рахунак),

рахунак, які банк мае ў свайго банка-карэспандэнта, дзе ўлічваюцца ўсе яго расходы і паступленні. Для банка, які мае рахунак, носіць актыўны характар, таму што адлюстроўвае размяшчэнне сродкаў у форме банкаўскага дэпазіту; для інш. банкаў — пасіўны характар і адлюстроўвае прыцягнутыя рэсурсы і па даручэнні банкаў-карэспандэнтаў (лора рахунак).

т. 11, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУРА́,

рака ў Казахстане. Даўж. 978 км, пл. басейна 60,8 тыс. км². Цячэ ў межах Казахскага драбнасопачніка. Упадае ў бяссцёкавае воз. Тэнгіз. Сярэдні расход вады за 369 км ад вусця 19,5 м³/с. Летам у верхнім цячэнні перасыхае, зімой прамярзае. На Н. — вадасховішчы Самаркандскае (для водазабеспячэння гарадоў Караганда і Тэміртау) і Самарскае (для ліманнага арашэння).

т. 11, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РГАН (ад грэч. organon прылада, інструмент),

1) частка расліннага ці жывёльнага арганізма, якая выконвае пэўную функцыю (напр., корань, сцябло ў раслін; сэрца, печань у жывёл і чалавека).

2) Установа, арганізацыя, што выконвае пэўныя функцыі ў розных сферах грамадскага жыцця (напр., заканадаўчы, судовы, фінансавы О.).

3) Перыядычнае друкаванае выданне.

4) У пераносным сэнсе — сродак чаго-небудзь.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУЦІ́ННЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

органы некаторых павукападобных, якія выдзяляюць павуціну. Размешчаны ў галавагрудзях (несапраўдныя скарпіёны), педыпальпах (павуцінныя кляшчы), брушку (павукі). Кожны тып П.з. выпрацоўвае асобы сорт павуціны (для яйцавых коканаў, лоўчай сеткі і інш.). Прадукцыйнасць П.з. павукоў адносна высокая, напр., ад крыжавіка можна атрымаць адразу да 500 м ніткі, за некалькі дзён — да 1000 м.

т. 11, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)