РОБАТАТЭХНІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць апрацоўчых і інш. машын, прамысловых робатаў, транспартнага і дапаможнага абсталявання, прызначаных для аўтам. выканання тэхнал. аперацый. Звычайна мае сістэму праграмнага кіравання на базе ЭВМ ці мікрапрацэсара, што дае магчымасць яго хуткай пераналадкі на апрацоўку інш. вырабу заменай інструменту або праграмы.

У склад найпрасцейшага Р.к. ўваходзяць адзінка вытв. абсталявання (тэхнал., кантрольна-вымяральнага, выпрабавальнага і інш.), прамысл. робат (робіць загрузку-выгрузку вырабаў) і кіроўная сістэма. Адзін робат звычайна абслугоўвае 2—3 і больш адзінак вытв. абсталявання. Складаныя Р.к. ўключаюць некалькі простых, аўтаматыз. склад загатовак і трансп. сістэму сувязі паміж комплексамі і складам. Яны могуць адначасова апрацоўваць некалькі розных вырабаў або выконваць некалькі розных аперацый на адным вырабе. Кампаноўка Р.к. ў залежнасці ад размяшчэння тэхнал. абсталявання бывае лінейная, кругавая, лінейна-кругавая; кіраванне — цэнтралізаванае (ад ЭВМ або спец. прыстасавання), дэцэнтралізаванае (ад мясц. прыстасаванняў кіравання, звязаных паміж сабой для ўзаемнай каардынацыі) і камбінаванае. Р.к. з’яўляецца першаснай ячэйкай гібкай аўтаматызаванай вытворчасці, апрацоўчым або зборачным гібкім вытворчым модулем. Дазваляе значна павысіць каэф. загрузкі і зменнасці абсталявання. Гл. таксама Рабатызаваны тэхналагічны комплекс.

Літ.:

Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;

Черпаков Б.И., Великович В.Б. Робототехнические комплексы. М., 1989;

Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987.

Г.​І.​Хуцкі.

Робататэхнічны комплекс для свідравання і фасоннага фрэзеравання вырабаў: 1 — гідрафікаваны механізм; 2 — паваротнае прыстасаванне; 3 — панэль, якая апрацоўваецца; 4 — прамысловы робат; 5 — сістэма кіравання; 6 — гідрастанцыя.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДЗЕВІЧ (Часлаў Іванавіч) (20.3.1889, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл.сак. 1942),

бел. тэатр. і грамадскі дзеяч. Брат Л.​І.​Родзевіча. Скончыў Віленскую сярэднюю хіміка-тэхнал. школу (1908), Новачаркаскі політэхн. ін-т. Удзельнік Першай бел. тэатр. вечарыны ў лют. 1910 у Вільні, уваходзіў у Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Першую беларускую трупу І.​Буйніцкага. Адзін з заснавальнікаў Бел. т-ва дапамогі ахвярам 1-й сусв. вайны (1916—18) і Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства ў Петраградзе. У 1918 супрацоўнік Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1918—19 акцёр, камісар Беларускага савецкага тэатра, выкладчык Мінскага бел. пед. ін-та. У час польскай акупацыі 1919—20 чл. Мінскай бел. школьнай рады, заг. аддзела асветы Мінскага магістрата, старшыня Бел. тэатр. камісіі пры Часовым бел. нац. к-це. У 1920-я г. ўдзельнічаў у рабоце Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР, займаўся навук. даследаваннямі ў галіне прыродазнаўства пры Мінскай балотнай станцыі. З 1922 у Інбелкульце, з 1925 навук. сакратар с.-г. секцыі (з 1929 Бел. АН). У ліп. 1930 арыштаваны, асуджаны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы на 5 гадоў у г. Саратаў (Расія). Рэабілітаваны ў 1957. Аўтар працы пра бел. нар. танцы, зб. «Песні з нотамі» (не захаваліся).

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983;

Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. Мн., 1992.

У.​В.​Ляхоўскі, В.​У.​Скалабан.

т. 13, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАБЕ́ЛЬСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА»,

назва Рудабельскай і суседніх валасцей Бабруйскага пав., дзе на працягу ўсяго перыяду акупацыі Беларусі войскамі Германіі (1918) і Польшчы (1919—20) захоўвалася сав. ўлада. Яе ўстанаўленнем кіраваў Рудабельскі вал. рэўком, рэарганізаваны ў час барацьбы з польск. корпусам Доўбар-Мусніцкага (студз.лют. 1918) у штаб па фарміраванні Чырв. гвардыі, а ў час ням. акупацыі — у падраённы к-т РКП(б). Яго члены: А.​Р.​Салавей (старшыня), Л.​Я.​Адзінцоў, М.​А.​Ляўкоў, М.​Ф.​Ус, Н.​Я.​Званковіч. Пазней у Р.«р.» ўвайшлі суседнія воласці Бабруйскага, Мазырскага і Рэчыцкага пав. Партызаны в. Рудобелка і навакольных вёсак ахоўвалі тэр. воласці ад нападаў ням. акупантаў і польскіх легіянераў, і вялі агітацыю сярод мясц. насельніцтва і салдат варожых фарміраванняў. Яшчэ да адступлення немцаў партыз. атрады Салаўя і інш. ўвайшлі ў г. Бабруйск і перашкодзілі акупантам вывезці нарабаваную маёмасць. У час польск. акупацыі дзейнічалі партыз. атрады пад кіраўніцтвам Ляўкова, П.​Дз.​Малаковіча, Ц.​К.​Валадзько, А.​К.​Паланейчыка і інш.

У студз. 1920 польск. камандаванне накіравала супраць рудабельскіх партызан карную экспедыцыю, якая спаліла некалькі вёсак, у т. л. Рудобелку. У 1920 на ўрачыстым сходзе з нагоды вызвалення жыхары Рудобелкі перайменавалі сваю воласць у Акцябрскую. Пра Р.«р.» напісаны кнігі, пастаўлены спектакль, зняты кінафільм.

Літ.:

Грахоўскі С.І. Рудабельская рэспубліка: Дак. аповесць. Мн., 1968.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОГ, багі,

у тэалогіі вярхоўная сутнасць, надзеленая вышэйшым розумам, абсалютнай дасканаласцю і ўсёмагутнасцю, што стварыла Сусвет і кіруе ім. У язычніцкай міфалогіі і політэістычных рэлігійных сістэмах багі — увасабленне касм. сіл і грамадска-культурных функцый. Паводле каталіцкай школы прамонатэізму, ва ўсіх язычнікаў поруч з «ніжэйшымі» багамі была вера ў адзінага найвышэйшага Бога. Прыхільнікі эвалюцыянізму прытрымліваліся эўгемерычнай традыцыі (ад імя стараж.-грэч. філосафа Эўгемера), бачылі ў багах сакралізаваных родапачынальнікаў, продкаў і герояў. З.​Фрэйд і яго паслядоўнікі тлумачылі веру ў багоў сублімацыяй псіхал. перажыванняў, звязаных з вобразамі бацькоў. У развітых міфалогіях на багоў пераносілі функцыі Дэміурга (стваральніка Сусвету) і культ. героя (пачынальніка культуры).

Асноўны догмат монатэістычных рэлігій — іудаізму, хрысціянства, ісламу — вера ў адзінага Бога. Паводле Свяшчэннага Пісання і царк. паданняў, Бог — найвышэйшая трансцэндэнтная (па-за часам і прасторай) істота, Дэміург, уседзяржыцель, літасцівы айцец, спрадвечны і справядлівы суддзя, крыніца жыцця, увасабленне праўды, дабра і красы. У іудаізме Бог існуе ў адзінай асобе, якая ажыццяўляе свае мэты праз асобныя народы і гіст. асоб, пра сябе сведчыць праз анёлаў і прарокаў, утрымлівае Сусвет і кіруе жыццём не прымусова, а паводле свабоднай волі людзей. Гэта багаслоўская канцэпцыя набыла шматграннае развіццё ў хрысціянстве, аднак на аснове догмату Траістасці, паводле якога адзінасутны Бог існуе ў трох асобах-іпастасях — Бога-Айца (спрадвечны стваральнік Сусвету, яго духоўная сутнасць), Бога-Сына (Логаса, або абсалютнага Сэнсу, які ўвасобіўся ў Ісуса Хрыста) і Бога-Святога Духа — жыватворчага пачатку, духоўнай сутнасці ўсіх праяў касм. быцця на яго вышэйшых (анёльскім і людскім) узроўнях. Асноўнымі аргументамі на карысць быцця Бога ў тэалогіі служыць наяўнасць яго тварэння (Сусвету) і магчымасць цудаў як выніку прамога або ўскоснага ўздзеяння бога на зямное быццё, выхаду за межы яго прычынна-выніковых сувязяў. У іудаізме сувязь чалавека з Богам ажыццяўляецца праз анёлаў, у асобных выпадках — «тварам у твар» (сустрэча Майсея-Багавідца з Богам на Сінайскай гары). У хрысціянстве пра Бога сведчаць анёлы, прарокі, Свяшчэннае Пісанне, царк. паданні, тайна богаўвасаблення, нараджэнне і ўваход у зямную гісторыю Ісуса Хрыста. У ісламе асноўны сведка бога, яго звястун — прарок Мухамед. Гісторыя сусв. культуры ведае тры асн. тыпы рэлігійнай свядомасці — тэізм, дэізм, пантэізм, якія аспрэчваюцца разнастайнымі плынямі безрэлігійнай свядомасці (гл. Атэізм).

На Беларусі хрысціянскае богапазнанне сфарміравалася на аснове праваслаўя (Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Клімент Смаляціч, М.​Сматрыцкі, летапісная традыцыя 12—17 ст.), каталіцызму (езуіцкая і асветніцкая школы тэалогіі ў канцы 16 — пачатку 19 ст., А.​Доўгірд), пратэстантызму (С.​Будны), бел. рэлігійнага асветніцтва (Ф.​Скарына, Сімяон Полацкі, А.​Станкевіч), уніяцтва (І.​Пацей, І.​В.​Руцкі, Р.​Корсак, базыльянскі ордэн). У выніку фалькларызацыі біблейскіх сюжэтаў, евангельскай гісторыі і царк. паданняў вобразы Бога, Хрыста і хрысціянскіх святых набылі прыкметы міфалагічных, казачных і літ. персанажаў. У фальклоры Бог уяўляецца ў абліччы «вельмі гожага сівага дзеда». Калісьці ён «хадзіў па беламу свету, бо раней людзі былі вартыя таго; а цяпер надта грэшныя, Бог выракся іх».

Літ.:

Толковая Библия, или Комментарий на все книги... Ветхого и Нового Завета. Т. 1—3. Пб., 1904—13;

Булгаков С.Н. Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991.

У.​М.​Конан.

т. 3, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎСКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (12.4.1823, Масква — 14.6.1886),

рускі драматург і тэатр. дзеяч. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1863). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1840—43). Служыў у маск. судах (1843—50). Літ. дзейнасць пачаў у 1847. Першая камедыя «Свае людзі — паладзім» (1850) пра побыт і норавы купецтва. Супрацоўнічаў у час. «Москвитянин», «Современник», «Отечественные записки». На пач. 1850-х г. зблізіўся са славянафіламі. Пад іх уплывам стварыў сямейна-бытавыя п’есы «Не ў свае сані не садзіся» (1853), «Беднасць не загана» (1854), «Не так жыві, як хочацца» (1855), у якіх ідэалізаваў купецкі побыт і патрыярхальную старасветчыну. Новы этап у яго творчасці звязаны з грамадскім уздымам 1850—60-х г., калі талент Астроўскага ідэйна і эстэтычна пачаў фарміравацца на асновах рэв.-дэмакр. крытыкі і «натуральнай школы». У п’есах «З чужога шалу галава кружыцца» (1856), «Даходнае месца» (1857), «Выхаванка» (1859) паказаў «цёмнае царства» рус. жыцця. У трагедыі «Навальніца» (паст. 1859, выд. 1860) выкрывае грамадскія адносіны, заснаваныя на дзікунскім самавольстве і дэспатызме. У гіст. хроніках «Казьма Захаравіч Мінін-Сухарук» (1862), «Дзмітрый Самазванец і Васіль Шуйскі» (1867) паказаў патрыятызм рус. народа. Сац.-крыт. кірунак у яго творчасці мацнее з канца 1860-х г. У цыкле камедый «На ўсякага мудраца хапае прастаты» (1868), «Гарачае сэрца» (1869), «Лес» (1870), «Ваўкі і авечкі» (1875) сатырычна намаляваў прадстаўнікоў пануючых класаў дваранска-бурж. Расіі. Пра інтэлігенцыю, пошукі шчасця і сэнсу жыцця п’есы «Зароблены хлеб» (1874), «Таленты і паклоннікі» (1882), «Без віны вінаватыя» (1884), казка-утопія «Снягурачка» (1873). Драматургіі Астроўскага характэрны глыбіня і шырыня праблематыкі, народнасць, смелае выкрыццё сац. зла, дынамізм дзеяння, разнастайнасць характараў, выразнасць мовы. Астроўскі творча ўспрыняў і развіў лепшыя традыцыі рус. і сусв. драматургіі, стварыў рус. нац. рэпертуар. З яго імем звязаны росквіт Малога т-ра, які наз. «Домам Астроўскага».

Бел. глядач упершыню пазнаёміўся з творамі Астроўскага ў 1865, калі на сцэне Мінскага т-ра была пастаўлена «Навальніца». У папулярызацыі яго творчасці на Беларусі важную ролю адыгралі рус. акцёры М.​Савіна, В.​Далматаў, Г.​Фядотава, А.​Яблачкіна. Яго п’есы ставілі і бел. аматарскія тэатр. калектывы, у т. л. Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў («Свае людзі — паладзім», «Вір», «Лес» і інш.). З 1936 п’есы Астроўскага трывала ўвайшлі ў рэпертуар бел. тэатраў. Тэатр імя Я.​Купалы ставіў «Ваўкі і авечкі» (1936), «Позняе каханне» (1944), «Таленты і паклоннікі» (1950), «Даходнае месца» (1953), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» (1962), «Лес» (1994); тэатр імя Я.​Коласа — «Беспасажніца» (1936), «Лес» (1940), «Праўда добра, а шчасце лепш» (1950); т-р юнага гледача — «Даходнае месца» (1936), «Не ўсё кату масленіца» (1956). У п’есах Астроўскага выступалі лепшыя майстры бел. сцэны: У.​Уладамірскі, Б.​Платонаў, І.​Ждановіч, А.​Ільінскі, Л.​Ржэцкая, Л.​Рахленка, М.​Захарэвіч, В.​Тарасаў і інш. На бел. мову п’есы Астроўскага перакладалі К.​Чорны, К.​Крапіва, У.​Ягоўдзік.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—16. М., 1949—53;

Бел. пер. — Гарачае сэрца. Мн., 1937;

Не ўсё кату масленіца. Мн., 1937;

П’есы. Мн., 1939.

Літ.:

Няфёд У. Беларускі тэатр. Мн., 1959;

Лабовіч А. А.​М.​Астроўскі ў тэатральным жыцці Беларусі дакастрычніцкага перыяду // Бел. мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3.

А.М.Астроўскі.

т. 2, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМКЕ́ВІЧ (Рамуальд Аляксандравіч) (7.2.1881, Варшава — 1943 ці 1944),

бел. бібліяфіл, бібліёграф, публіцыст, гісторык бел. л-ры, краязнавец, перакладчык. Бацькі родам са Случчыны. Збіраў матэрыялы па гісторыі бел. л-ры і культуры, працаваў у б-ках і архівах Варшавы, Львова, Раперсвіля (Швейцарыя). Жывучы пераважна ў Варшаве, шмат ездзіў, у т. л. па Беларусі. Быў звязаны з бел. нац.-культ. рухам. У 1908 рабіў фальклорна-этнагр. запісы на Барысаўшчыне, у 1913—14 шукаў гісторыка-літ. матэрыялы на Магілёўшчыне. Сабраў калекцыю бел. нар. адзення (у 1918 немцы вывезлі ў Берлін). У 1915—17 жыў у Мінску, працаваў ваен. інжынерам. Часта бываў у Вільні і Пецярбургу як цэнтрах бел. грамадска-культ. руху і выдавецкай справы. Сабраў унікальную б-ку па гісторыі, мовазнаўстве, л-ры, фальклоры Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і інш., вял. калекцыю рукапісаў бел. пісьменнікаў (А.​Рыпінскага, А.​Вярыгі-Дарэўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Лучыны, Ф.​Багушэвіча. Ядвігіна Ш., Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, аўтараў «Нашай долі» і «Нашай нівы» і інш.). Даследаваў бел. бібліяграфію, стараж. бел. л-ру, л-ру 19 ст., этнаграфію, бел. нар. эстэтыку, фальклор, мастацтва. У працах па гісторыі бел. л-ры прывёў невядомыя на той час звесткі пра Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Баршчэўскага, А.​Кіркора, А.​Ельскага, Лучыну, К.​Каганца, Багдановіча і інш., апублікаваў невядомыя іх рукапісы. У 1919 у час. «Беларускае жыццё» (№ 5) упершыню надрукаваў гравіраваны партрэт В.​Цяпінскага 1576, адшуканы ў б-цы К.​Святаполк-Завадскага ў Крошыне. Памагаў матэрыяламі і звесткамі Я.​Карскаму, абменьваўся навук. інфармацыяй з Ельскім, А.​Шлюбскім, даваў свае архіўныя знаходкі, рукапісы і ўспаміны варшаўскаму славісту Ю.​Галомбаку, калі той працаваў над манаграфіяй пра Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў вершы і па-польску. Перакладаў на бел. мову творы ўкр. пісьменніка В.​Стафаніка і франц. А.​Дадэ. У час Вял. Айч. вайны трапіў у гестапа і загінуў у канцлагеры. Рукапісы і лісты З. зберагаюцца ў архівах і б-ках Мінска, Вільнюса, Варшавы, С.-Пецярбурга і інш.

Тв.:

Ян Баршчэўскі — першы беларускі пісьменнік XIX ст. Вільня. 1911;

Адам Ганоры Кіркор: (Біягр.-бібліягр. нарыс у 25-летнюю гадаўшчыну смерці). Вільня, 1911;

Цукраварні на Беларусі. [Мн.], 1918;

Беларуская бібліяграфія: Бел. кнігі XVI—XVIII стст. // Першы беларускі каляндар «Нашае нівы» на 1910 г. Вільня, 1910;

Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыццё і літаратурнае значэнне // Наша ніва. 1910. 25 лістап.;

400-лецце беларускага друку // Вольная Беларусь. 1917. 8 жн.;

Значэнне Францішка Скарыны ў беларускай культуры // Там жа. 11 жн.;

Друк Скарыны і друк сучасны // Там жа. 23 жн.;

Няміга і Менск. Старая беларуская пісьменнасць // Варта. 1918. № 1;

Васіль Цяпінскі // Бел. жыццё. 1919. 14 ліп.;

Стары замак у Менску // Беларусь. 1919. 14—15 лістап.;

Станіслаў Манюшка і беларусы // Бел. жыццё. 1920. 19 студз.;

Гутаркі аб беларускай літаратуры // Новае жыццё. 1923. 3 сак.; Нацыянальнасць у Вінцука Дуніна-Марцінкевіча // Заходняя Беларусь. Вільня, 1924; Аб беларускай народнай эстэтыцы // Маладняк. 1927. № 3; Ян Неслухоўскі (Янка Лучына) і яго няведамыя вершы // Нёман. 1932. № 2; Тарас Шаўчэнка і беларусы // Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура. Мн., 1964; Стары Мінск у беларускіх успамінах // Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст. Мн., 1977.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛІЦА,

адна з дзвюх (разам з глаголіцай) стараж. славянскіх азбук. Створана ў сярэдзіне 9 ст. на аснове грэка-візант. ўстаўнага пісьма. Назва ад імя слав. асветніка Кірылы Філосафа (гл. ў арт. Кірыла і Мяфодзій). Паходжанне К. канчаткова не высветлена. На думку адных вучоных, К. створана Кірылам раней за глаголіцу, ад якой адрознівалася інш. тыпам і больш простай і выразнай формай літар. Паводле другіх вучоных, Кірыла з’яўляўся стваральнікам глаголіцы, што папярэднічала К. Алфавітна-літарны склад К. адпавядаў гукавой сістэме стараславянскай мовы. У 11 ст. мела 43 літары: 24 візант. паходжання, 19 створаны самастойна. 27 літар абазначалі лічбы (літара з цітлай). З 10 ст. К. абслугоўвала ўсе тыпы стараж.-рус. літ. мовы. Паслядоўна існавалі графічныя відазмяненні К.: устаў, паўустаў, скорапісбыт. і дзелавой перапісцы), арнаментальная вязь (у кніжных загалоўках). Ад стараж.-рус. пісьменства К. перайшла ў спадчыну старабел., старарус. і стараўкр. пісьменствам. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары К. Аднак у працэсе развіцця бел. мовы літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах, якія без шкоды для пісьмовых зносін маглі замяняць адна адну, але працягвалі ўжывацца па традыцыі (о–ѡ, е–є–ѣ, і–и–ѵ, у–ꙋ–ѫ, ѩ–ѧ, з–ѕ, ф–ѳ, ѯ–ксі, ѱ–псі), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў [о] пасля мяккіх і [е] пасля цвёрдых зычных. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі новыя графемы э (канец 15 ст.) і й (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца ў гукавым значэнні знакі і, ѵ, ѯ, ѱ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў сталі трапляцца радзей літары ѵ, ѯ, ѱ, ѕ. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне бел. першадрукаром і асветнікам Ф.​Скарынай на аснове паўустава друкарскага варыянта К., што стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Цікавай з’явай у гісторыі бел. кнігадрукавання было вынаходства спец. курсіўнага шрыфту (прапанаваў Грынь Івановіч), які сваёй канфігурацыяй імітаваў скорапіс 2-й пал. 16 ст. Працэс удасканалення К. на Беларусі спыніўся ў 18 ст. з прычыны заняпаду старабел. пісьменства. У Расіі ў выніку рэформы Пятра I у 1708 быў створаны грамадзянскі шрыфт, што пазней стаў асновай сістэм пісьма ўсх.-слав. і некат. інш. народаў, у т. л. і новага бел. пісьменства. Сучасны беларускі алфавіт выпрацаваны ў выніку кантамінацыі рус. грамадзянскага шрыфту са старабел. варыянтам К., вызначаецца большай дакладнасцю. У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў «йо» (ё) і спецыфічнага бел. гуку кароткага «ў», афрыкаты «дж», «дз» перадаюцца дыграфамі, раздзяляльную функцыю выконвае апостраф.

Найб. стараж. кірыліцкія помнікі — надпісы на сценах і плітах у Праславе (9—10 ст., Балгарыя), на глінянай пасудзіне з раскопак курганоў пад Смаленскам (10 ст.) і інш. Першая датаваная кніга, напісаная К., — Астрамірава евангелле (1056—57).

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970.

А.​М.​Булыка.

Кірыліца.

т. 8, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1380, Мамаева пабоішча. Адбылася паміж войскамі Залатой Арды на чале з Мамаем і вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Куліковым полі каля ўпадзення р. Няпрадва ў Дон (цяпер Куркінскі р-н Тульскай вобл. Расіі) 8.9.1380. Пасля паражэння ардынскіх сіл на р. Вожа (1378) Мамай летам 1380 на чале сабранага ім войска (паводле розных падлікаў 40—150 тыс. чал.) з мангола-татараў, генуэзскіх наёмнікаў, чэркесаў, асецінаў і інш. рушыў да р. Ака на злучэнне з сіламі саюзнікаў — вял. кн. ВКЛ Ягайлы і вял. кн. разанскага Алега Іванавіча (выдаў Дзмітрыю Іванавічу планы Мамая і фактычна супраць яго не дзейнічаў). На чале маскоўскіх і саюзных сіл (яраслаўскія, растоўскія, белазерскія, мяшчэрскія, невял. наўгародскі атрад), да якіх пазней далучыліся кн. пскоўскі Андрэй Альгердавіч з атрадам палачан і пскавічоў і кн. старадубскі і трубчэўскі Дзмітрый Альгердавіч з дружынай, Дзмітрый Іванавіч рушыў насустрач праціўніку ў вярхоўі Дона. 8 вер. яго войска (паводле розных падлікаў 70—150 тыс. чал.) пераправілася на правы бераг Дона і размясцілася на Куліковым полі, укрыўшы свае флангі ў непрыдатных для дзеянняў конніцы далінах рэчак Смолка (левы фланг) і Ніжні Дубяк (правы фланг). Адначасова сюды падышоў з войскам Мамай. Уперадзе гал. рус. і саюзных ім сіл размясціўся Вартавы палк на чале з кн. Дзмітрыем Друцкім (паводле некаторых крыніц, ззаду Вартавога стаяў і Перадавы полк), за ім у цэнтры — Вял. полк пераважна з масквічоў, на флангах — палк Правай рукі пад камандаваннем Андрэя Альгердавіча (паводле адной з рэдакцый «Сказання пра Мамаева пабоішча» адным з ваяводаў гэтага палка быў кн. Глеб Друцкі, асоба якога не высветлена) і полк Левай рукі на чале з белазерскімі князямі, у рэзерве — конніца Дзмітрыя Альгердавіча і схаваны ў дуброве за левым флангам конны Засадны полк пад камандаваннем князёў Уладзіміра Андрэевіча Храбрага і Дзмітрыя Міхайлавіча Баброк-Валынскага. Войскі Мамая стаялі разгорнутым фронтам (уперадзе конніца, за ёю наёмная пяхота) і не мелі значных рэзерваў. Бітва пачалася двухбаковым паядынкам воінаў Перасвета і Чэлубея (абодва загінулі). Конніца Мамая разбіла Вартавы палк, намагалася разграміць палкі Правай рукі і Левай рукі і, пацясніўшы апошні, зайшла ў фланг і тыл Вял. палка. Зыход бітвы вырашыў раптоўны ўдар Засаднага палка і адначасовы ўдар коннай дружыны Дзмітрыя Альгердавіча, што прывяло да поўнага паражэння Мамая. У выніку бітвы рус. і саюзныя ім войскі страцілі каля паловы свайго складу, у т. л. «30 паноў літоўскіх» (верагодна, з дружын Альгердавічаў). Пасля яе Дзмітрый Іванавіч атрымаў ганаровае празванне Данскі. Вял. кн. ВКЛ Ягайла спазніўся да бітвы і адступіў у Літву. К.б. аслабіла манг.-тат. панаванне на землях Паўн.-Усх. Русі, садзейнічала ўзмацненню ролі Масквы ў стварэнні Рус. дзяржавы. Пра яе напісаны літ. творы («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.), яна стала тэмай твораў выяўл. і музычнага мастацтваў. На Куліковым полі мемарыял.

Літ.:

Кирпичников А.Н. Куликовская битва. Л., 1980;

Куликовская битва: Сб. статей. М., 1980;

Сказания и повести о Куликовской битве. Л., 1982.

В.​А.​Юшкевіч, М.​Г.​Нікіцін.

Кулікоўская бітва 1380. Мініяцюра канца 16 ст.

т. 9, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСІКАГРА́ФІЯ (ад лексіка + ...графія),

1) раздзел мовазнаўства, які займаецца тэорыяй і практыкай укладання слоўнікаў розных тыпаў.

2) Сукупнасць слоўнікаў, блізкіх паводле свайго тыпу, жанру ці мовы. Вылучаюць тэарэтычную Л. (уключае слоўнікавую лексікалогію і тыпалогію, распрацоўку прынцыпаў пабудовы слоўніка і слоўнікавага артыкула, пытанні арганізацыі слоўнікавай працы, гісторыю Л., навук. крытыку слоўнікаў) і практычную (аб’ядноўвае разнастайныя тыпы і віды лексікаграфічнай дзейнасці па зборы, апрацоўцы і захоўванні слоўнікавых матэрыялаў у выглядзе картатэк, індэксаў, камп’ютэрных баз даных і інш.).

Л. зарадзілася ў розных народаў свету на ранніх этапах развіцця пісьменнасці ў сувязі з неабходнасцю тлумачэння незразумелых слоў, што пранікалі ў тую ці інш. мову з розных крыніц На Усходзе (Шумер) пачатковыя элементы лексікаграфічнай работы засведчаны за 2,5 тыс., у Кітаі — за 2 тыс. гадоў да н.э., у Еўропе — у 5 ст. н.э. («Лексікон, або Гласарый Гесіхія Александрыйскага»), у Расіі — у 11 ст.

У развіцці практычнай бел. Л., як і ў інш. народаў, вылучаюць 3 перыяды. У даслоўнікавы перыяд развіцця Л. кніжнікі пры дапамозе глос тлумачылі незразумелыя словы ў тэксце або на палях. Гэты перыяд бел. Л. звязаны з дзейнасцю Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага і інш. бел. кніжнікаў 16—17 ст. Асн. функцыя ранняга слоўнікавага перыяду — вывучэнне нац. моў. Таму да яго адносяцца і першыя рукапісныя зборнікі глос (гласарыі, азбукоўнікі, лексісы, лексіконы), і першыя друкаваныя слоўнікі (напр., «Лексіс» 1596 Л.​Зізанія), і больш познія поўныя слоўнікі апісальнага тыпу. «Слоўнікам беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870) — адкрываецца перыяд развітой Л. на Беларусі, асн. функцыяй якога з’яўляецца нармалізацыя і кадыфікацыя слоўнікавага складу нац. мовы, павышэнне моўнай культуры яе носьбітаў. Да гэтага перыяду адносяцца бел. слоўнікі, створаныя ў канцы 19—20 ст. Паводле тыпаў і жанраў слоўнікаў, характару моўнай інфармацыі ў іх вылучаюць энцыклапедычную Л. (універсальныя, галіновыя і рэгіянальныя энцыклапедыі, энцыклапедычныя слоўнікі і даведнікі, напр., «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», т. 1—5, 1984—87), нарматыўную Л. (нарматыўныя слоўнікі розных тыпаў, напр., «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне», 1987), дыялектную Л. (дыялектныя, абласныя, краёвыя, рэгіянальныя слоўнікі мясц. лексікі, дыялекталагічныя і лексічныя атласы і інш. працы па лінгвагеаграфіі, напр., «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87), гістарычную Л. (гіст. слоўнікі розных тыпаў: азбукоўнікі, старабел. лексіконы і лексіцы, тлумачальныя і тэрміналагічныя слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага перыяду і інш., напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» у 40 вып., вып. 1—17, 1982—98), перакладную, двухмоўную Л. (бел.-рус., укр.-бел., англа-бел. і інш. слоўнікі агульнага, дыферэнцыяльнага, тэрміналагічнага, школьнага і інш. тыпаў, напр., «Руска-беларускі слоўнік», т. 1—3, 6-е выд., 1995), фразеаграфію, фразеалагічную Л. (рознатыповыя слоўнікі літ. і нар.-дыялектнай фразеалогіі, напр., «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» І.​Я.​Лепешава, ч. 1—2, 1981—93), пісьменніцкая Л. (рознатыповыя слоўнікі мовы пісьменнікаў, напр., «Слоўнік мовы Янкі Купалы», т. 1, 1997) і інш.

Літ.:

Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;

Виноградов В.В. Лексикология и лексикография: Избр. труды. М., 1977;

Гуліцкі М.Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі (XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1978;

Щербин В.К. Вселенная в алфавитном порядке: Словари — вчера, сегодня, завтра. Мн., 1987;

Яго ж. Тэарэтычныя праблемы беларускай лексікаграфіі. Мн., 1996.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 9, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІ́ШЧАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (31.8.1749, Масква — 24.9.1802),

рускі пісьменнік, мысліцель. Вучыўся ў Пецярбургскім пажскім корпусе (1762—66), Лейпцыгскім ун-це (1766—71). У 1771—75 працаваў ў Сенаце, у штабе фінл. дывізіі, з 1777 у Камерц-калегіі (з 1790 кіраўнік Пецярбургскай мытні). У 1790 за выпуск у свет свайго філас.-публіцыст. трактата «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці і прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага ссылкай на 10 гадоў ва ўсх.-сібірскі Ілімскі астрог. У 1797 пераведзены пад нагляд паліцыі ў маёнтак бацькі Нямцова Калужскай губ. У 1801 вярнуўся ў Пецярбург, удзельнічаў у рабоце Імператарскай камісіі па складанні законаў, але яго праекты былі адхілены як небяспечныя для дзяржавы. Як пратэст на пагрозу новай ссылкі скончыў самагубствам. На светапогляд Р. паўплывалі паўстанне Е.​Пугачова, погляды Г.​Лейбніца, І.​Гердэра, К.​Гельвецыя, Д.​Дзідро, І.​Канта, Ж.​Ж.​Русо і інш. У ім арганічна спалучаліся ідэі зах.-еўрап. асветніцтва з айч. духоўнай традыцыяй. Р. сцвярджаў новую свецкую ідэалогію, гуманізм, вальнадумства, каштоўнасць розуму, свабоды асобы, прагрэсу, нар. дабрабыту. Гэта выявілася ў яго творах: «Слова пра Ламаносава» (1780), «Ліст да сябра...» (1782), ода «Вольнасць» (1783, распаўсюджвалася ў спісах, выд. 1906), аповесць «Жыціе Фёдара Васілевіча Ушакова» (1789). Гал. праца — кн. «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» (забаронена, б.ч. тыражу знішчана, распаўсюджвалася ў спісах; выд. 1858 у Лондане, у Расіі з цэнзурнымі папраўкамі ў 1868, поўн. выд. 1905). У ёй узнята шырокае кола ідэй рас. асветніцтва, паказана жыццё народа, рэзкае выкрыццё прыгонніцтва і самадзяржаўя, тэмы нар. бунту і неабходнасці грамадскіх пераўтварэнняў. Аўтар паэм «Бава» (нясконч., канец 1790-х г.), «Песні, што праспяваны на спаборніцтвах у гонар старажытным славянскім бажаствам» (не завершана), «Песня гістарычная» (усе выд. 1807), твораў філас.-публіцыст. «Гутарка пра тое, што ёсць сын айчыны» (1789), «Пра чалавека, пра яго смяротнасць і бессмяротнасць» (1792, выд. 1809), літ.-крыт. «Помнік дактылахарэічнаму віцязю...» (1801, выд. 1811), дзённікаў («Запіскі падарожжа ў Сібір», выд. 1906; «Запіскі падарожжа з Сібіры», выд. 1907) і інш. Як філосаф Р. прызнаваў рэальнасць матэрыяльнага, рэчыўнага. У яго разуменні, калі Бог — духоўны абсалют, усёмагутны ўладкавальнік свету, тады Бог — гэта Прырода, якая ўсёмагутная, абсалютная. Людзі — блізкія ўсяму прыроднаму. Адначасова падкрэсліваў асаблівасці чалавека — розум, распазнавальнасць дабра і зла, бязмежная здольнасць да ўдасканалення, мова, здольнасць да прац. дзейнасці; чалавек фарміруецца ў грамадстве пад уплывам выхавання, прыроды, рэчаў. Грамадскі дабрабыт, паводле Р., звязаны з рэалізацыяй натуральных правоў, у якіх адлюстраваны натуральныя імкненні чалавека, а шлях прагрэсу ён бачыў праз радыкальнае пераўтварэнне грамадства. Ідэі Р. значна паўплывалі на А.​Пушкіна, дзекабрыстаў, рус. паэзію і развіццё рэалізму ў рус. л-ры.

Тв.:

Полное собр. соч. Т. 1—3. М.; Л., 1938—52;

Стихотворения. Л., 1975;

Избр. Куйбышев, 1982.

Літ.:

Шторм Г. Потаенный Радищев. М., 1974;

Кулакова Л.И., Западов В.А. А.​Н.​Радищев «Путешествие из Петербурга в Москву»;

Коммент. Л., 1974;

А.​Н.​Радищев и литература его времени: Сб. ст. Л., 1977;

Шкуринов П.С. А.​Н.​Радищев: Философия человека. М., 1988;

Зеньковский В.В. История русской философии. Л., 1991. Т. 1, ч. 1. С. 96—104.

Л.​В.​Календа.

А.М.Радзішчаў.

т. 13, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)