«СВАБО́ДНЫЯ АФІЦЭ́РЫ».

тайная афіцэрская арг-цыя ў Егіпце ў 1940-я — пач. 1950-х г. Яе ядро (Г.​А.​Насэр, М.​А.​Садат і інш.) узнікла ў 1942, арганізацыйна аформілася ў 1949. Да 1952 налічвала каля 1 тыс. членаў, якія займалі розныя пасады ва ўсіх звёнах ваен. і дзярж. кіраўніцтва Егіпта. Ставіла за мэту ажыццяўленне шырокіх сац., паліт. і эканам. рэформ, незалежнай знешняй палітыкі краіны. 23.7.1952 узначаліла ваен. пераварот, які адхіліў ад улады караля Фарука, пасля чаго выканком «С.а.» ператвораны ў Савет кіраўніцтва рэвалюцыяй (старшыня М.​Нагіб), які ўзяў на сябе ўсю ўладу ў краіне.

т. 14, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕДЗЬ,

рака ў Калінкавіцкім, Светлагорскім і Рэчыцкім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 49 км. Пл. вадазбору 625 км². Пачынаецца за 1,5 км на Пд ад в. Падлукі Калінкавіцкага р-на, вусце за 3 км на У ад в. Сведскае Рэчыцкага р-на. Цячэ па паўн. частцы Гомельскага Палесся. Даліна невыразная, у сярэднім цячэнні месцамі трапецападобная, шыр. 1—3 км. Схілы выш. 5—7 м, спадзістыя. Пойма двухбаковая, шыр. 0,5—1 км, моцна перасечаная меліярацыйнымі каналамі. Рэчышча шыр. 10—20 м, каналізаванае, акрамя невялікага ўчастка каля вусця.

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІНАКРО́П,

шпергель (Spergula), род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і трапічных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 5 відаў С.: буйны (S. maxima), веснавы (S. vernalis), звычайны (S. vulgaris), ільняны (S. linicola), пасяўны (S. sativa). Трапляюцца ў хваёвых лясах, на ўзлесках, лугах, палях, агародах.

Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 20—30 см. Сцёблы прамастойныя ці прыўзнятыя, галінастыя, як і лісце, залозіста-апушаныя. Лісце ніткападобнае, даўж. да 5 см, у несапраўдных кальчаках. Кветкі правільныя, дробныя, белыя, у паўпарасоніках. Плод — каробачка. Кармавыя расліны, часта пустазелле збожжавых і прапашных культур.

А.​М.​Скуратовіч.

Свінакроп палявы.

т. 14, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІРЭ́ПА (Barbarea),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, як заноснае — паўсюдна ў нетрапічных краінах. На Беларусі 2 віды С.: звычайная (B. vulgaris) і прамая (B. stricta). Трапляюцца на вільготных лугах, па берагах рэк, на палях, у пасевах.

Двух- або шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см. Сцёблы прамастойныя, галінастыя. Ніжняе лісце лірападобнае, верхняе суцэльнае. Кветкі жоўтыя. Плод — стручок. Насенне ядавітае для свойскай жывёлы і птушак. Зімовы крэс (B. vema) культывуюць у Зах. Еўропе як салату. Харч., тэхн., меданосныя расліны, часта — пустазелле.

А.​М.​Скуратовіч.

Свірэпа звычайная.

т. 14, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ГЕРС ((Seghers) Херкюлес Пітэрс) (1589 або 1590, г. Харлем, Нідэрланды — каля 1638),

галандскі мастак. Да 1606 вучыўся ў Г. ван Конінксла ў Амстэрдаме. Працаваў у Харлеме, Амстэрдаме, Утрэхце, Гаазе (з 1632 або 1633). Яго жывапісныя пейзажы («Від Рэнена», «Раўнінны пейзаж», «Дамы і вёска ў рачной даліне», «Горны пейзаж») і выкананыя ў тэхніцы каляровага афорта («Пейзаж з вялікім дрэвам», «Вялікія караблі», «Марская бура») вылучаюцца шырынёй і манументальнасцю, схаваным драматызмам светлавых і фактурных эфектаў, у гравюрах — выразнасцю дынамічнага ломкага штрыха. Значна паўплываў на творчасць Рэмбранта, Я. ван Ройсдала і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Х.Сегерс. Горны пейзаж.

т. 14, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙСМІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,

установа для бесперапыннай рэгістрацыі ваганняў зямной паверхні пры землетрасеннях, выбухах і інш. з дапамогай сейсмографаў. Вылучаюць апорныя С.с. (рэгіструюць сейсм. сігналы на адлегласці да эпіцэнтра больш за 2 тыс. км) і рэгіянальныя С.с. (на адлегласці да 2 тыс. км). С.с. свету рэгіструюць землетрасенні па адзіным часе — сярэднім Грынвіцкім. У сусв. сетцы С.с. больш за 2 тыс. стацыянарных, у т. л. ў СНД — каля 350 станцый (адзіная сістэма назіранняў). На Беларусі — 1 апорная С.с. «Мінск» у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі і 3 рэгіянальныя: «Нарач», «Гомель» (в. Чонкі) і «Салігорск».

В.​Я.​Клюц.

т. 14, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЯЗЁНКА,

няпарны парэнхіматозны орган лімфоіднай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека. Размешчана ў левай падрэбернай вобласці брушной поласці, каля страўніка, на ўзроўні 9—11 рэбраў. Даўж. С. ў дарослага чалавека 12 см, шырыня — 7—8 см, маса 150—200 г. «Дэпо» крыві, выконвае імуналагічную, ахоўную функцыі. С. як біял. фільтр (праз яе за 1 мін працякае 750—800 мл крыві) забяспечвае выдаленне з крыві антыгенаў.

У філагенезе С. звязана са стрававальным трактам. У кругларотых і дваякадыхальных рыб прадстаўлена вял. колькасцю лімфоіднай тканкі кішэчніка або страўніка. У інш. пазваночных С. адасабляецца ад страўніка ў самаст. орган.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-КІ́ЛДА (Saint Kilda),

біясферны рэзерват у Вялікабрытаніі, на аднайм. астравах, за 70 км на З ад Гебрыдскіх астравоў. Адзін са старэйшых у свеце (першыя ахоўныя меры ўведзены вікінгамі каля 1000 гадоў назад). Пл. 852 га. Архіпелаг утвораны са стромкіх скал (выш. да 430 м), як вынік разбурэння вулкана. Флора складаецца з беднай скальнай расліннасці. Найбольшыя ў Паўн. Атлантыцы калоніі марскіх птушак (глупышоў, олушаў, тупікаў, качурак і інш.). У выніку геагр. ізаляцыі ўзнік шэраг унікальных эндэмічных форм і відаў жывёл. У 1986 С.-К. ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.

В.​П.​Кісель.

т. 14, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-ЛУ́ІС (Saint Louis),

горад у цэнтр. ч. ЗША, у штаце Місуры. Засн. ў 1764. 339,3 тыс. ж., з прыгарадамі каля 2,5 млн. ж. (2000, частка прыгарадаў у штаце Ілінойс). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Місісіпі, ніжэй за ўпадзенне ў яе р. Місуры. Буйны прамысл., гандл.-фін. цэнтр і трансп. вузел Сярэдняга Захаду ЗША. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: авіяц., ракетна-касм., радыёэлектронная, эл.-тэхн., металаапр., аўтазборачная, нафтаперапр., хім., харчасмакавая, гарбарна-абутковая, паліграф., ваенная. Чорная і каляровая металургія, вытв-сць чыг. вагонаў. 7 ун-таў. Маст. музей. У С.-Л. адбыліся III летнія Алімп. гульні (1904).

т. 14, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРВЭ́ ((Servais) Адрыен Франсуа) (6.6.1807, каля г. Брусель — 26.11.1866),

бельгійскі віяланчэліст. кампазітар, педагог. Вучыўся ў Брусельскай каралеўскай кансерваторыі (1831—34), з 1848 праф. у ёй. Іграў у арк. «Тэатр дэ ла Манэ». Канцэртную дзейнасць пачаў у 1834 у Парыжы. З 1836 гастраліраваў у краінах Еўропы, неаднаразова ў Расіі (з 1839). Выступаў таксама ў ансамблі з А.​В’ётанам і Ю.​Леанарам, сумесна з якімі напісаў шэраг інстр. ансамбляў. Аўтар 2 канцэртаў, 16 фантазій для віяланчэлі. Яго мастацтва вызначалася віртуознасцю выканання, тэмпераментам. Сярод вучняў: яго сын Жазеф С., А.​Германоўскі, Я.​Карловіч і інш.

т. 14, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)