МЕРЫДЫЯ́Н ЗЯМНЫ́ (лац. meridianus паўдзённы),
мерыдыян геаграфічны, лінія сячэння паверхні зямнога шара плоскасцю, праведзенай праз які-н. пункт зямной паверхні і зямную вось. Усе пункты зямной паверхні, якія ляжаць на адным М.з., маюць аднолькавую даўгату геаграфічную. Мерыдыян пачатковы — мерыдыян, ад якога вядзецца адлік геагр. даўгаты; у міжнар. практыцы за пачатковы прыняты Грынвіцкі мерыдыян.
т. 10, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СА (позналац. missa ад лац. mitto пасылаю, адпускаю),
галоўнае богаслужэнне ў каталіцкай царкве. Уключае чытанне малітваў, песнапенні ў суправаджэнні аргана, заканчваецца абрадам прычашчэння. Паводле рашэння II Ватыканскага сабора (1962—65) дазволена праводзіць М. на нац. мове, прычашчаць недухоўных асоб хлебам і віном, уключаць элементы нац. музыкі, адноўлена агульная малітва ў царкве і інш.
т. 10, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЁРТВЫ ЛЁД»,
маса нерухомага ледавіковага лёду, якая адарвалася ад крыніцы свайго жыўлення. Трапляецца каля ніжняга краю актыўнага ледавіковага языка і часта не мае выразнай мяжы з ім. Таўшчыня да некалькіх дзесяткаў метраў. У гарах «Мл.» звычайна ўкрыты магутным слоем марэны, што служыць прычынай яго працяглага захавання. Пры дэградацыі плейстацэнавых ледавікоў узнікалі значныя масы «Мл.».
т. 10, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НДЭЛЬСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ, міндэль (назва ад р. Міндэль, прытока Дуная, на тэр. Германіі),
раннеплейстацэнавае зледзяненне ў Альпах. Уключае 2 зледзяненні. Тэрмін М.з. пашыраны і для скандынаўскага зледзянення. На тэр. Зах. і Сярэдняй Еўропы адпавядае англійскаму і эльстэрскаму, Польшчы — санскаму, Расіі — окскаму, Паўд. Амерыкі — канзаскаму зледзяненням, на тэр. Беларусі — бярэзінскаму зледзяненню.
А.Ф.Санько.
т. 10, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСТЭ́РЫІ (ад грэч. mystērion тайна, таінства),
тайныя рэліг. абрады (шэсці, заклінанні, оргіі і інш.), у якіх удзельнічалі толькі пасвячоныя — місты. Звычайна ілюстравалі пашыраныя міфы пра багоў і багінь. У Стараж. Егіпце адбываліся М. Ісіды і Асірыса, у Вавілоне — Тамуза, у Стараж. Грэцыі — Элеўсінскія, Арфічныя, Самафракійскія, у Стараж. Рыме — Вакха (Дыяніса), Атыса і інш.
т. 10, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА.
У Іванавіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Ясельда (цячэ праз возера) за 20 км на Пн ад г. Іванава. Пл. 1 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 2 м. Пл. вадазбору 3588 км². Схілы катлавіны выш. да 6 м, часткова разараныя. Берагі нізкія. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае.
т. 10, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ХАВА,
возера ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл., на пойме р. Дняпро, за 6 км на ПнЗ ад г.п. Лоеў. Пл. 0,42 км², даўж. 2,6 км, найб. шыр. 190 м, даўж. берагавой лініі больш за 5,6 км. Старычнае. Схілы катлавіны выш. да 3 м, на У параслі хмызняком, на З пад лугам.
т. 10, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ (?—1069),
полацкі князь, сын кіеўскага вял. кн. Ізяслава Яраславіча, адзін з кіраўнікоў задушэння Кіеўскага паўстання 1068—69. На чале сваёй дружыны ўварваўся ў горад, загадаў пакараць смерцю найб. актыўных паўстанцаў, а некат. асляпіць. У 1069, пасля перамогі над кн. Усяславам Брачыславічам, атрымаў ад бацькі княжацкі прастол у Полацку, дзе неўзабаве і памёр.
т. 10, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЗЫ (ад грэч. musai),
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дочкі Зеўса і Мнемасіны; спачатку багіні спеваў, пазней паэзіі, мастацтваў, навук. М. было 9: Кліо — апякунка гісторыі, Талія — камедыі, Мельпамена — трагедыі, Еўтэрпа — лірычнай паэзіі, Эрато — любоўнай эратычнай паэзіі, Тэрпсіхора — танцаў, Палігімнія — гімнаў, Каліопа — эпічнай паэзіі і навукі, Уранія — астраноміі. У пераносным сэнсе М. (муза) — творчае натхненне.
т. 11, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАЛА́ЧНЫЯ СМО́ЛЫ, навалакі,
тэрмапластычныя фенола-фармальдэгідныя смолы. Шклопадобныя рэчывы (кавалкі, гранулы) ад светла-жоўтага да цёмна-чырвонага колеру, шчыльн. каля 1200 кг/м³. Раствараюцца ў спіртах, кетонах, фенолах, водных растворах шчолачаў. У вадзе набракаюць і размякчаюцца. Ацвярджэнне адбываецца толькі ў прысутнасці ацвярджальнікаў (пераважна гексаметылентэтраміну). Выкарыстоўваюць у вытв-сці прэс-матэрыялаў, ліцейных форм, лакаў, пенапластаў.
т. 11, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)